19 верасня 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

Сяргей Навумчык: Быкаў як сумленьне беларускай нацыі

У сацыяльных сетках зьявілася сэрыя публікацый Алеся Чайчыца пад агульным назовам «Лыжка дзёгця пра Васіля Быкава», у якой аўтар падае яго як «абласканага савецкай уладай і яўна зручнага гэтай уладзе пісьменьніка».

«Не рабіце з Быкава, чый талент служыў савецкай прапагандзе, сумленьне нацыі» – піша аўтар і пераконвае, што «захапленьне некаторых беларусаў Васілём Быкавым выглядае як нізкапаклонства перад савецкім мэйнстрымам, савецкай элітарнасьцю».

Яшчэ некалькі цытатаў.

«Васіль Быкаў быў часткай савецкай рэжымнай прапаганды. Тое, што ён служыў ёй сваім геніяльным літаратурным талентам, што ягоная спадчына застаецца бясспрэчна каштоўнай у агульначалавечым вымярэньні, па-за савецкім прапагандысцкім дыскурсам, — усё гэта робіць ягоную ролю ў часы СССР, мабыць, нават больш значнай і небясьпечнай, чым роля якогась карыкатурнага Мікалая Чаргінца пры Аляксандру Лукашэнку».

«Ад таленту творцаў і высокай якасьці твораў прапаганда не перастае быць прапагандай. Наадварот, яна робіцца больш небясьпечнай, прабіраецца ў галовы найбольш разумных і крытычных, і пакідае сваю атруту нават там. Быў Рыбак-Быкаў і былі Сотнікаў – Ларыса Геніюш, Сотнікаў – Лявон Баразна, Сотнікаў – Іван Раманчук (незаслужана малавядомы выбітны герой антысавецкай партызанскай барацьбы). Сотнікаў-Салжаніцын, Сотнікаў-Бродзкі».

Так, Быкаў у савецкія часы ня быў дысыдэнтам – такім, як Зянон Пазьняк ці Яўген Кулік. Ён не сядзеў ў сталінскіх лягерах, як сакратарка Рады БНР Ларыса Геніюш, альбо Алеся і Антон Фурсы ды іншыя сябры «Саюзу беларускіх патрыётаў», якіх за «Пагоню» і Бел-Чырвона-Белы-Сьцяг прысудзілі да расстрэлу, замененага потым дзесяцігодзьдзямі пакутаў.

Ды вось толькі ад Пазьняка і Куліка (аўтара эталёну дзяржаўнага гербу «Пагоня») асабіста я чуў надзвычай высокія ацэнкі Быкава – і як асобы, і як творцы. З Геніюш знаёмы ня быў, але чытаў ейны заклік: “Падтрымайце Быкава! Яго стыхія – гэта бічаваньне бесчалавечнасьці, хамства і нізасьці ў людзях. … Ён – глыбокі аналітык, амаль геніяльны, як само жыцьцё. Не шкадуйце для яго добрых пачуцьцяў і разумнага мужнага слова! Танных і бязважкіх словаў ён ня любіць і ня прыме”.

Аўтар публікацый папракае Быкава залатой зоркай Героя сацыялістычнай працы, ордэнам Працоўнага чырвонага сьцяга, званьнем ляўрэата Ленінскай прэміі, дэпутацтвам у Вярхоўным Савеце БССР.

Што датычна званьняў. Пры ўсёй сутнасьці камуністычнага кіраўніцтва, трэба прызнаць, што яно цаніла найбольш выбітных творцаў, і ў тым выпадку, калі яны наўпрост не змагаліся з уладай, асыпала іх узнагародамі. Выключэньняў з гэтага правіла не было. Быкаў не змагаўся з камуністычнай уладай палітычна. Ён быў сусьветна прызнаным пісьменьнікам, прызнаным за свой талент – як сусьветна прызнаная была балерына Мая Плісецкая (таксама герой сацыялістычнай працы), ці кампазытар Дзьмітрый Шастаковіч (таксама зорка героя).

Так, за шэдэўры балетнага ці тэатральнага мастацтва, за геніяльныя сымфоніі, за выбітныя літаратурныя творы (паўтараю, пры ўмове адсутнасьці наўпроставага змаганьня з рэжымам – але нават без усхваленьня правадыра ці рэжыму як абавязковай умовы) давалі высокія ўзнагароды.

Канешне, даючы такія ўзнагароды, улады, у пэўным сэнсе, абялялі сябе і перад народам, і перад сусьветнай супольнасьцю.

Але вось з Быкавым у іх не атрымалася тое, што атрымалася з Шолахавым, калі пагадзіцца з тым, што аўтар «Ціхага Дону» – менавіта 23-гадовы хлапец. Геніяльны раман, калі разабрацца, быў хутчэй антысавецкі, чым савецкі. Мелехаў так і не прымацаваўся да камуністаў, і гэта азначала, як ні круці, пэўную калі не заганнасьць, дык сумнеўнасьць камуністычнай ідэі, і Сталін гэта бачыў, і даваў даручэньні ўгававарыць Шолахава скарэктаваць тэкст. Не атрымалася ўгаварыць. Бог ведае, да чаго ён мог яшчэ дапісацца, і тады Шолахава абсыпалі ўзнагародамі, ён выдаў пасрэдны, у параўнаньні з «Ціхім Донам», раман пра калектывізацыю, а ў апошнія дзесяцігодзьдзі ўвогуле нічога не напісаў (затое адзначыўся антысеміцкімі заявамі). Быкава ж купіць не ўдалося.

Так, званьні і рэгалі ў Быкава былі. Але вось што прыкметна: у савецкі час зоркі і званьні меў ня ён адзін, але для тысяч людзей менавіта Быкаў быў увасабленьнем сумленнасьці і праўды. Менавіта ён.

І я на свае вочы бачыў, як ў 1986 годзе віцябляне віталі Быкава ў коласаўсукім тэатры (ён браў удзел у вечарыне Генадзя Бураўкіна), а ў 1988-м – як ўспрынялі зьяўленьне Быкава у Чырвоным касьцёле ўдзельнікі нацыянальнага дэмакратычнага моладзевага руху (да гэтай падзеі я яшчэ вярнуся).

Тое, як слухалі Быкава, не арганізуеш адмыслова – ні загадам Віцебскага гаркаму партыі, ні дамоўленасьцю «нефармальных», як тады казалі, «Талакі» ці «Тутэйшых».

Адмыслова прыгадваю падзеі савецкага яшчэ часу, бо пазыцыя Быкава ў часы пазьнейшыя (падтрымка БНФ і Незалежнасьці) ў аўтара цыклю сумневу не выклікае. У часы ж камуністычныя Быкаў, лічыць аўтар, «быў часткай савецкай рэжымнай прапаганды».

Такое сьцьвярджэньне – і несправядлівае, і не адпавядае рэальнасьці.

Прыкладаў наўпроставай савецкай рэжымнай прапаганды з-пад пяра Быкава (кшталту заклікаў да, умоўна кажучы, выкананьня рашэньняў XXV з’езду КПСС ці ўсхваленьняў «Малай зямлі» Брэжнева) аўтар не прыводзіць – па той простай прычыне, што такіх не было.

Прэтэнзія больш сур’ёзная: «тое, што ён служыў ёй (прапагандзе – С.Н.) сваім геніяльным літаратурным талентам».

Калі сыходзіць з гэтага тэзісу, трэба прызнаць, што чым больш таленавітым быў пісьменнік (ці мастак, ці рэжысэр, ці актор) у савецкай (ці любой іншай аўтарытарнай) сыстэме, тым большую небясьпеку для ідэі гуманізму і чалавечнасьці ён уяўляў. Адпаведна, чым больш шэдэўральны твор – тым больш ён «працуе» на рэжым.

Здаецца – ёсьць ў гэтым лёгіка, але калі пачынаеш аналізаваць, бачыш унутраную супярэчлівасьць тэзісу, і нават яго абсурднасьць.

Давайце паспрабуем паразважаць у такой парадыгме. Вось, скажам, шэдэўр беларускай паэзіі — «Вераніка» Максіма Багдановіча.

Колькі не чытай – ніякай савецкай прапаганды ў ім ня знойдзеш, што зразумела: верш напісаны ў 1913 годзе. Тут усё ў парадку, ніякіх прэтэнзыяў да паэта няма.

А вось да Ігара Лучанка, Уладзімера Мулявіна і Леаніда Барткевіча ёсьць прэтэнзіі, і немалыя. На тэкст Багдановіча яны стварылі шэдэўр – і зь ім «Песьняры» аб’езьдзілі ўвесь Савецкі Саюз.

Нехта скажа, што песьня назаўсёды ўвайшла ў залатую скарбонку нацыянальнага мастацтва, і дзясяткі мільёнаў людзей упершыню даведаліся, што ў беларусаў ёсьць свая мова, якая адрозьніваецца ад расейскай – але ж мы не паверым гэтым апраўданьням калябарацыі з камуністычнай уладай: выкананьне песьні служыла савецкай прапагандзе, бо стварала ілюзію творчай свабоды.

З «Песьнярамі» увогуле трэба разабрацца — у 70-я яны зьдзейсьнілі турнэ па ЗША, і ад старэйшых прадстаўнікоў беларускай дыяспары я чуў расповеды пра ўражаньні на канцэрце ў Нью-Ёрку: яны плакалі. А слухалі «Песьняроў» у тым ліку і нязломныя ўдзельнікі Слуцкага паўстаньня ў абарону БНР ды іх дзеці, выхаваныя ў абсалютным непрыманьні камуністычнай ідэалёгіі і акупацыі Беларусі Масквой. Вось як тонка спрацавала савецкая прапаганда! Бо, як адзначае аўтар (праўда, маючы на ўвазе Быкава, а не «Песьняроў»), «ад таленту творцаў і высокай якасьці твораў прапаганда не перастае быць прапагандай. Наадварот, яна робіцца больш небясьпечнай, прабіраецца ў галовы найбольш разумных і крытычных, і пакідае сваю атруту нават там».

Між іншым, плён гэтай «атруты» многія з нас чулі – Данчык кажа, што «Песьняры» шмат паўплывалі на ягоную вакальную творчасьць.

Але тое – далёкая Амэрыка, выступілі там «Песьняры» ды вярнуліся ў СССР, дзе іх кружэлкі выпускаліся мільённымі накладамі — маштаб шкоды можна сабе ўявіць.

Між іншым, пра наклады. Аўтар, выкрываючы Быкава, піша: «у таталітарным СССР толькі прапагандысцкая літаратура магла выдавацца мільённымі накладамі ў жорстка падцэнзурных дзяржаўных выдавецтвах, магла ўключацца ў падцэнзурную стэрыльную школьную праграму і экранізавацца падцэнзурнымі дзяржаўнымі кінастудыямі ў амаль двух дзясятках стужак».

І тут ён робіць памылку. Мільённымі накладамі выходзіла ня толькі прапагандысцкая літаратура (маецца на ўвазе сукупны наклад, бо рэдка які мастацкі твор выдаваўся аднамомантна нават паўмільёнам асобнікаў, стандартным «вялікім» накладам у межах СССР лічылася 100 тысяч асобнікаў). Выдавалася мастацкая літаратура і зусім не ідэалагізаваная.

Паколькі аўтар у сваіх сьцьвярджэньнях спасылаецца на расейскіх пісьменьнікаў, вазьму для прыкладу зусім не «абласканага» савецкай уладай Булата Акуджаву, які ёсьць у маёй хатняй бібліятэцы. Не герой сацпрацы, не дэпутат, ні ляўрэат Ленінскай прэміі. Праўда, кавалер ордэну «Дружбы народаў» – такога ж самага, якім быў узнагароджаны і Ўладзімер Караткевіч.

Зборнік паэзіі «Выбранае», 1984 год выданьня – 50 тысяч асобнікаў. Тады гэта лічыўся добрым накладам для паэзіі (цяпер – увогуле фантастычным). Раман «Падарожжа дылетантаў», 1980 год – 150 тыс., раман «Спатканьне з Банапартам», 1985 год – 200 тысячаў. Ні ў воднай з трох кніг Акуджавы няма словаў «сацыялізм», «камунізм», «кампартыя», «Ленін», дзеяньні раманаў адбываюцца ў XIX стагодзьдзі. А не, хлушу: паэтычны зборнік, як сьведчаць выходныя дадзеныя, надрукаваны з дыяпазытываў Тульскай друкарні, якая месьціцца па адрасе праспэкт Леніна, 109. Ну і ўсе тры кніжкі выйшлі ў выдавецтве «Советский писатель» – лепш бы, канешне «Антисоветский…».

Вялікімі накладамі часта выдавалі тое, што магло быць лёгка раскуплена – і нават «сумнеўных» аўтараў. Скажам, братоў Стругацкіх – 100, 200 тысяч асобнікаў.

А вось двухтомнік Міхаіла Зошчанкі – нароўні з Ахматавай, пэрсанажа сумнавядомай пастановы ЦК ВКП (б) «Пра часопісы «Звезда» і «Ленинград», выданьне 1978 года. У той момант пастанова, дзе Ахматава і Зошчанка былі наўпрост прызнаныя ідэалягічна шкоднымі, дзейнічала — на журфаку мы абавязаныя былі яе вывучаць яшчэ ў пачатку 80-х. Па логіцы, ёю павінны былі кіравацца і выдавецтвы. Але двухтомнік выйшаў, і наклад – 100 тысяч асобнікаў.

Прыводжу гэтыя імёны і лічбы, бо маладыя, найхутчэй, іх ня ведаюць.

Вядома, сярод «стотысячнікаў» былі «Строгавы» Маркава ці «Вечны покліч» Іванова, па якіх ставіліся папулярныя сэрыялы, але былі і творы бясспрэчна высокай літаратурнай якасьці, у тым ліку кіргіза Чынгіза Айтматава, грузіна Чабуа Амэрэджэбі, беларусаў Алеся Адамовіча і Васіля Быкава.

І кнігі Адамовіча і Быкава ў кнігарнях не залежваліся не таму, што «пра вайну» (тэма вайны, бясспрэчна, была часткай савецкай прапаганды), а зусім па іншай прычыне. У савецкіх кнігарнях, як памятаю, былі стосы выданьняў «ваенна-патрыятычнай» тэматыкі, мэмуараў розных генэралаў – і іх не раскуплялі гадамі.

Тут мы набліжаемся да галоўнага, як выглядае, аргумэнта, паводле якога Быкаў, на думку аўтара, мусіць быць залічаны ў кола «савецкіх прапагандыстаў» — «ён адзін з цэнтральных ва ўсім СССР літаратурных рамантызатараў “Вялікай перамогі”.

У тым і справа, што ніякага «рамантызатарства» у прозе Быкава няма. Пакуты чалавека – і фізычныя, і духоўныя — ён паказвае з максымальнай праўдай. Так, дзеяньне адбываецца ў ваенныя часы, але вайна – толькі абставіны, умовы, у якіх воляй лёсу апынаецца пэрсанаж. Ня буду паўтараць агульнавядомае пра псыхалягізм, зь якім Быкаў вымалёўвае чалавека ў сітуацыі выбару паміж жыцьцём і сьмерцю, за што літаратурная крытыка (зусім не савецкая) справядліва аднесла яго да найбольш яскравых прадстаўнікоў эўрапейскага экзыстэнцыялізму.

Дзе ж тут «рамантызацыя», ня кажучы ўжо пра «савецкую прапаганду»? Можна, вядома, сказаць, што ў творах дзейнічаюць і камісары, і часам прыгадваецца нават партыйнасьць (праўда, у «Сотнікаве» слова «камуніст» упісанае рукой рэдактара). Але ж ваявалі і камуністы, былі ў Чырвонай арміі камісары, і было б глупствам гэта адмаўляць. У мяне наадварот склалася ўражаньне, што Быкаў сьвядома пазьбягаў у сваіх тэкстах іх прыгадваньня – адрозна ад большасьці іншых «ваенных» аўтараў.

І вось менавіта таму, што Быкаў не рамантызаваў вайну, а пісаў праўду, не ўзносіў ролю кампартыі і генэралітэта ў перамозе (генэралы і асабліва НКВДзісты там, дзе яны зьяўляюцца ў ягонай прозе, не выклікаюць сымпатый, прыгадайце «Ягоны батальён» і «Мёртвым не баліць») – менавіта за гэта Быкава і цкавалі ў 60-я гады ў «Правде», білі вокны ў ягонай гарадзенскай кватэры, і нават зьбілі яго самога («хуліганы» тут жа выбачыліся і далі зразумець, што знаходзяцца «при исполнении»).

З гэтае прычыны (а не зь якой іншай) творы Быкава былі перакладзеныя на больш чым 50 моваў і выдадзеныя ў дзясятках краінаў (статыстыка на канец 1980-х). І калі нават і адкінуць савецкія рэспублікі ды дзяржавы сацлягеру – застаецца дзясятак заходніх краінаў, у якіх выдаўцы кіраваліся зусім не інтарэсамі савецкай прапаганды, і якім Масква ну ніяк не магла нічога загадаць.

(У дужках заўважу, што, як казаў мне сам Васіль Уладзімеравіч, з замежжа ён альбо зусім ня меў ганарару, альбо нейкія капейкі – усё забірала савецкая дзяржава ў бюджэт. Так што кватэры свае, якія атрымліваў ад дзяржавы і якімі цяпер таксама папракаюць Быкава, ён акупіў не аднойчы. Ну і каб скончыць з кватэрамі: той, хто быў у Быкава на Танкавай, «раскошай» тую трохпакаёўку можа назваць толькі пры наяўнасьці надзвычай вялікай фантазіі. Яно, канешне, лепей бы ён жыў у інтэрнаце, а яшчэ лепей – на вакзале).

За вернасьць праўдзе ў літаратуры і паважалі Быкава людзі пры савецкай уладзе.

Бадай, самы «доўгажывучы» папрок у адрас Быкава – нібыта ягоны подпіс пад лістом супраць Сахарава і Салжаніцына ў 1973 годзе. Праўда, пасьля выступаў сьведак, якія пацьвярдзілі, што Быкаў адмовіўся ставіць подпіс і пачуў сваё імя ўжо ў выпуску тэлевізійных навінаў, узьнікла іншая прэтэнзія: ён своечасова не абверг фальсыфікацыю.

Насамрэч, Быкаў адразу паехаў у Маскву і, не знайшоўшы Салжаніцына (той хаваўся на дачы Растраповіча) напісаў ліст пратэсту і аднёс яго ў прыёмную ЦК КПСС.

Толькі той, хто ня ведае рэаліі таго часу, не разумее сэнсу такога кроку, які мог мець якія заўгодна вынікі – ад поўнай забароны на выданьні да высылкі за мяжу.

Між іншым, мне ніколі не даводзілася чуць ад тых, хто папракае Быкава недастаткова сьмелымі, на іх погляд, дзеяньнямі, ацэнак паводзінаў самога Салжаніцына пасьля ягонага вяртаньня з эміграцыі. Салжаніцын, у чыю падтрымку ў свой час выказваліся сотні людзей, рызыкуючы свабодай, а часам і жыцьцём – ніколі ні слова не сказаў у абарону ахвяраў палітычных рэпрэсій у былых савецкіх рэспубліках (у тым ліку і ў лукашэнкаўскай Беларусі), хаця такія выказваньні яму дакладна нічым не пагражалі, а дапамагчы людзям маглі, і істотна. Быкаў жа ў лукашэнкаўскія часы шматкроць выступаў у абарону тых, каго рэжым падвяргаў рэпрэсіям – у тым ліку і тады, калі яшчэ знаходзіўся ў Беларусі.

Крытыкі Быкава кажуць, што ў 1973-м яму трэба было сабраць прэс-канфэрэнцыю для замежных журналістаў, зрабіць заяву, і тады…

Называюць і варыянты «тады»: Быкаў бы моцна рассварыўся з савецкай уладай, быў бы высланы за мяжу, як той жа Салжаніцын ці пазьней Вайновіч, і ў выніку мог бы атрымаць Нобэлеўскую прэмію; уяўляеце, што азначаў бы для беларусаў Нобэль у якім-небудзь 1982-м?

Уяўляю.

Але яшчэ лепей ўяўляю тое, што азначала б адсутнасьць Быкава (хай і Нобэлеўскага ляўрэата) у Беларусі ў 1988-м.

Па словах тагачаснага рэдактара штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» Анатоля Вярніцскага, публікацыя артыкула Пазьняка пра Курапаты ў чэрвені 1988 была б немагчымай без прадмовы Васіля Быкава, чый подпіс быў падмацаваны тытулам – «ляўрэат Ленінскай прэміі». Гэта Вярцінскі казаў шмат разоў. Прэмія была дадзена Гарбачовым, і ў менскім ЦК вырашылі за лепшае не сварыцца з пісьменьнікам, якога выразна падтрымаў генсак (пэўна, калі б ведалі, якія будуць наступствы артыкула – рызыкнулі б сварыцца).

Праўда пра Курапаты зрабілася каталізатарам нацыянальнага абуджэньня, а 19 кастрычніка 1988 тыя, хто выспавядаў ідэі беларускага Адраджэньня і дэмакратыі, сабраліся ў Чырвоным касьцёле.

Кожны, хто быў у залі, пацьвердзіць: менавіта рашучыя паводзіны Васіля Быкава зрабілі магчымым і ўтварэньне «Мартыралёгу Беларусі», і стварэньне Аргкамітэту БНФ.

І, падабаецца гэта ці не, але менавіта «праклятыя» тытулы – герой сацыялістычнай працы, ляўрэат Ленінскай прэміі, народны пісьменьнік БССР, дэпутат Вярхоўнага Савету – прымусілі прадстаўнікоў ЦК у той момант адступіць перад Быкавым.

Ніякая Нобэлеўская прэмія не прымусіла б іх гэта зрабіць (яна ўспрымалася камуністамі як варожая ўзнагарода, за год перад гэтым пасол СССР у Швэцыі дэманстратыўна праігнараваў цырымонію ўзнагароджваньня Бродскага, калі той напярэдадні нэгатыўна ўзгадаў Леніна). Роўна як ніхто, каго можна лічыць набліжаным па ўзроўні таленту да Быкава (Рыгор Барадулін ці Алесь Разанаў) ня быў бы імі ўспрыняты. Талент у той канкрэтны момант ня меў ніякага значэньня. Для іх мелі значэньне тытулы ад вышэйшай улады.

Што праўда, у залі былі і іншыя асобы са званьнямі «народны», з зоркамі героя і дэпутацкімі значкамі. Але яны палічылі за лепшае маўчаць.

Тут адыгралі ролю і быкаўскі аўтарытэт, і быкаўскія тытулы.

Васіль Быкаў стаў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту, духоўным лідэрам нацыянальнага Адраджэньня. Для актывістаў БНФ і падчас змаганьня за Незалежнасьць, і ў гады кароткага пэрыяду нацыянальнага Адраджэньня і стварэньня падмуркаў дзяржаўнасьці, і пазьней, у часы імпэрскага рэваншу – Васіль Уладзімеравіч успрымаўся тым, чыё меркаваньнем было найбольш аўтарытэтнае, чыё слова было самае важкае. І, як у савецкія часы за праўду ў літаратуры, мы любілі і паважалі яго за адданасьць Беларусі і яе народу.

Таму і лічылі яго – сумленьнем нацыі.

Такім ён для нас і застаецца.

Вартае ўвагі

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: НЕ ПУСКАЦЬ НА ПАРОГ

Апошнім часам расейцы і прарасейскі лукашысцкі рэжым ў інфармацыйнай вайне супраць беларусаў ўсё больш выкарыстоўваюць мэтад дэзінфармацыйнага ахайваньня і адміністрацыйнага вынішчэньня імёнаў вялікіх людзей нацыі.

Дзень Беларускай Вайсковай Славы ў Варшаве (Відэа)

8 верасьня ў Беларускім Доме ў Варшаве была праведзена...

Магчымасьць для беларускіх бацькоў і дзетак у эміграцыі

Магчымасьць для беларускіх бацькоў і дзетак у эміграцыі: беларускамоўная...

Апошняе

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: НЕ ПУСКАЦЬ НА ПАРОГ

Апошнім часам расейцы і прарасейскі лукашысцкі рэжым ў інфармацыйнай вайне супраць беларусаў ўсё больш выкарыстоўваюць мэтад дэзінфармацыйнага ахайваньня і адміністрацыйнага вынішчэньня імёнаў вялікіх людзей нацыі.

Дзень Беларускай Вайсковай Славы ў Варшаве (Відэа)

8 верасьня ў Беларускім Доме ў Варшаве была праведзена...

Магчымасьць для беларускіх бацькоў і дзетак у эміграцыі

Магчымасьць для беларускіх бацькоў і дзетак у эміграцыі: беларускамоўная...

Вільня: абстраляныя вокны беларускага храма

Сёння ноччу невядомыя абстралялі з пнеўматычнай зброі вокны памяшкання,...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: