На тэрыторыі Беларусі больш 300 гарадоў і мястэчак, некалькі тысяч вёсак і хутароў, больш 30 тысяч рэчак, азёраў, вадасховішчаў, урочышчаў, а таксама, соткі раўнінаў, узвышшаў, лясоў, – усё, што сёньня ёсьць багатай прыроднай і матэрыяльнай спадчынай, жыватворнай духовай крыніцай, а таксама патэнцыяльнай асновай унікальнага турыстычнага рэсурсу краіны. Усё гэтае непаўторнае багацьце мае свой канкрэтны адрас у часе, прасторы і геаграфічнай назве. Назвы сваім парадкам маюць сваю гісторыю, вельмі багаты, разнастайны і цікавы пласт гістарычнай і культурнай спадчыны, асабліва, калі мець на ўвазе духоўны досьвед народу, які ніколі выпадковымі словамі нічога не называў. У гэтым сэнсе тапонімы могуць быць своеасаблівай крыніцай цікавай і дадатковай інфармацыі пра тую ці іншую назву, яе паходжаньне і гісторыю, а таксама падмуркам лакальнага патрыятызму.
У беларускай тапанімічнай сістэме за апошнія амаль 200 гадоў адбыліся кардынальныя зьмены і вельмі заганныя ўплывы. Калі не лічыць кароткіх перыядаў нацыянальнага Адраджэньня, найбольш выніковым зь якіх быў перыяд канца 1980-ых – пачатку 1990-ых гадоў, гэты быў час зьнішчэньня, згубных перанайменьняў і наданьня новых, часта абсурдных назваў. Пры тым перанайменьні і новатворы ігнаравалі законы беларускай мовы і элементарную логіку. Адбывалася замена самабытных народных і спрадвечных назваў.
Палітыка, скіраваная на планамернае вынішчэньне тутэйшай ідэнтычнасьці, выявілася ў перайменаваньнях назваў гарадоў, мястэчак, вуліцаў населеных пунктаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага.
Паводле сьцьверджаньня расейскіх ўладаў – гэта было супрацьдзеянне паланізацыі. Абгрунтаваньні гэтаму былі абсалютна імперскімі. Вось яскравая цытата як прыклад такога «абгрунтаваньня»:
«некоторые улицы и переулки носят устаревшие польские названия, лишенные смысла и значения, не сродные русскому духу и не соответствующие значению самых городов, как центров русской администрации».
Агульная палітыка русіфікацыі, пачынаючы ад падзелаў Рэчы Паспалітай, ішла па ўсіх кірунках. Вось толькі найбольш яскравыя яе праявы-прыклады ў розных сферах:
1772 год – На захопленых Расеяй пасьля Першага падзелу Рэчы Паспалітай землях Беларусі скасаваныя Віцебскае, Інфлянцкае, Мсціслаўскае і Полацкае ваяводствы. Яны былі ператвораны ў Магілеўскую і Пскоўскую губерні. (Гэтая і ўсе наступныя адміністрацыйна-тэрытарыльныя рэформы і зьмены мелі на мэце найперш разбурэньне лакальных супольнасьцяў, перадзел уплываў).
1776 год – Пазбаўленне на загад расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ магдэбургскага права (самакіраваньня) гарадоў і мястэчак на далучанай да Расеі беларускай тэрыторыі.
1804 год – Старажытны Гарадзенскі касьцёл (вядомы як фара Вітаўта) гвалтам забраны ў каталікоў і пераасьвечаны ў праваслаўны храм. Гэта толькі адзін яскравы прыклад у гэтым кірунку. Забіраньне каталіцкіх і грэка-каталіцкіх сьвятыняў і перадаваньне іх пад расейскае праваслаўе стала ў 19-ым стагоддзі надзвычай масавым.
1823 – Указам расейскага цара Аляксандра І забаронена жыхарам Беларусі выпраўляць дзяцей на вучобу ў замежныя ўніверсітэты.
1830 – Зруйнаваньне па рашэньні расейскага імператара Мікалая I гістарычнага цэнтра Берасьця на выспах, дзе Мухавец ўпадае ў Буг, перанос горада за 3 вярсты на ўсход, пабудова на месцы старажытнага Берасьцейскага дзядзінца крэпасьці для расейскага гарнізона. У ваенных мэтах яна паслужыла толькі ў 1941 годзе. Гэта яскравы прыклад зьмены ляндшафту, планіроўкі і забудовы гораду.
Асабліва жорская русіфікацыя пачалася пасьля здушэньня вызвольнага паўстаньня 1863 году.
1865 год – Забарона друкаваць беларускія кнігі лацінкай. «Перавод» назваў напісаных лацінкай на кірыліцу часта прыводзіў да істотных скажэньняў тапонімаў і гідронімаў.
Першая хваля масавага перайменаваньня вуліцаў гарадоў і мястэчак была ўжо 1866-1868 гадах. Апроч таго, пераймяноўваліся цэлыя гарады і паселішчы. Прыкладам, Зьдзецел перайменавалі ў Дятлово, Янаў — у Иваново, Ельск – у Николаев, Жытомлю – у Благовещенское, Сабакінцы — у Покровское. Празь няведаньне перадачы літары ё ў лацінцы спалучэньнем «іо» Мёры і Лёзна перайначылі на Миоры і Лиозно.
Некаторыя мясцовыя назвы перакладалі на расейскую мову і потым навязвалі да зваротнага перакладу на іншыя мовы: напрыклад, Шляхецкія вуліцы станавіліся «Дворянскими», Вялікія — «Большими», Рынкі — «Базарными площадями». Апроч таго, некаторыя новыя аб’екты атрымлівалі палітызаваныя або падкрэсьлена каляніяльныя назвы: прыкладам, Каломенская вуліца ў Менску, Мураўёўскі сад, Мураўёўскі завулак і Сувораўскі спуск у Магілёве, Мураўёўская вуліца ў Бабруйску. Пазьней ад «мураўёўскіх» вуліц пазбавіліся, але шматлікія «сувораўскія» засталіся.
Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году малапісьменнымі ідэолагамі для новых паселішчаў прыдумваліся саветызавана-расейскія назвы. Пра іх сутнасьць і «мілагучнасьць» можна меркаваць па такіх яскравых назвах: Адчаянны, Барэц, Барба, Бязбожнік, Герой, Дзвігацель, Дзевятае студзеня, Зара новай жызні, Красная плошчадзь, Луч Сонца, Непабядзімы, Пабядзіцель, Пуцяводная Звязда, Рассветная, Рашыцельны, Спутнік Міра, Труд, Уютны, Шлях Селяніна…
Сярод назваў, якія трапіліпад «зачыстку» можна вылучыць наступныя семантычныя групы:
1) Назвы, якія нагадвалі пра асобаў царскага, імператарскага, панскага паходжаньня; белагвардзейцаў, «апартуністаў» і іншых «ворагаў» савецкай ўлады: Раманава, Гасподы, Троцкае, Панічы, Панскае, Карнілавічы, Юдзенічы і г. д.;
2) Назвы, якія зьвязаныя з рэлігіяй, служыцелямі культу: Багі, Божы Двор, Ігумен, Манастыр, Святоцк, Святы Дух, Царковішча, Папова Лука, Гапоны і іншыя;
3) Назвы, якія ўяўлялі сабой «немілагучныя», абразьлівыя словы (як правіла, мянушкі): Брухачы, Дурневічы, Неўмывакі, Сінябрухі, Халуі. Гэта і тапонімы, якія мелі трапныя сацыяльна-гістарычныя характарыстыкі: Старцы, Махаеды, Сярмяжанка, Сыроваткі, Торбінка, Бясхлебічы і іншыя. Да немілагучных ці абразьлівых была залічана вялікая колькасьць тапонімаў, аманімічных з назвамі жывёлаў, так званыя «аджывёльныя» назвы: Авечкі, Бараны, Быкі, Быкаўка, Кабылічы, Кабыльчыцы, Конскі Бор, Кабаны, Парасятнікі, Сьвіналупы, Каты, Цуцкі, Казадоі;
4) Асобныя найменьні былі заменены дзеля таго, каб увесьці ў сісітэму беларускіх тапонімаў «модныя» і новыя на той час сацыяльна-палітычныя тапонімы: Белае – Азіна, Задобрасьць – Калініна, Іван Бор – Красны Акцябр, Койданава – Дзяржынск, Карпілаўка – Акцябрскі, Слабада-Дзісна – Луначарскае і г. д.;
5) Назвы-этнонімы, а таксама назвы, якія сьведчылі пра моўны ўплыў суседніх народаў: Ляхі, Мазураўка, Палякі, Жандова Вулька, Жыдавічы, Жыдава Буда, Падрасалай, Эрштэрмай і г. д.;
6) Старажытныя назвы, якія ў выніку аманіміі (сугучнасьці) з сучаснымі словамі выклікаюць «нявыгадныя» асацыяцыі: Засьценкі (засьценак – пашыраны некалі ў Беларусі тып пасяленьня, а не астрог) і г. д.
Наўмыснае сьціраньне гістарычнай памяці беларусаў выявілася ў зьнішчэньні спрадвечнай тапанімікі. За савецкім часам адзначаліся масавыя перайменаваньні беларускіх паселішчаў. Савецкія ўлады зьмянілі афіцыйныя назвы наступных местаў і мястэчак: у 1923 годзе — Ігумен на Чэрвень і Вызна на Чырвоная Слабада, у 1932 годзе — Койданаў (Койданава) на Дзяржынск, у 1934 годзе — Качэрычы на Кіраўск, у 1939 годзе — Менск на Мінск, у 1945 годзе — Прапойск на Слаўгарад, у 1954 годзе — Рудабелка на Акцябарскі, у 1961 годзе — Шацілкі на Сьветлагорск, у 1962 годзе — Дрыса на Верхнядзьвінск. Найбольш шырокія перайменаваньні адбываліся ў 1938-1939 гадах, калі зьмянілі назвы 67 паселішчаў, і ў 1964 годзе, калі перайменавалі больш як 300 (!) населеных пунктаў. Заганнай практыкай стала вынішчэньне нашай спрадвечнай назвы «мястэчкі», якія саветы сталі называць «пасёлкамі гарадскога тыпу», а ўжо ў лукашэнкаўскі час – «аграгарадкамі». Зьмянялася ня толькі агульная назва, але і ўся сутнасьць і традыцыі нашага мястэчка.
Перайменаваньні ажыцьцяўляліся з розных прычынаў, аднак часьцей за ўсё гэта быў пошук больш «мілагучных» формаў (найчасьцей з гледзішча расейскай мовы) або зьнішчэньне тапонімаў, што не адпавядалі камуністычнай ідэалёгіі. Новыя назвы населеных пунктаў звычайна ўтвараліся штучна бязь зьвязку зь мясцовай гісторыяй і тапанімікай паводле прынцыпаў расейскай мовы. Трэба зазначыць, што ў афіцыйных савецкіх сьпісах тапонімаў ня быў прастаўлены націск, праз што тапонімы нярэдка прачытваліся памылкова і нават траплялі ў лік абразьлівых (прыкладам, Ма́ртышкі, Холуй, Язва́ і інш.). Характэрны прыклад зьмены націску з Нясьвіжам, які сталі называць Несвіж. Мазы́р сталі называць Мо́зырь і адпаведна нібыта па-беларуску Мо́зыр. Мястэчка Астрына́ з жаночага зьмяніла род на ніякі – Острино́ — і пры зваротным перакладзе – Астрыно́.
Аналагічная сітуацыя з тапонімамі, у назвах якіх літары ё і ў. Часта на шыльдах дагэтуль назвы перадаюцца «зьнявечана»: Азёры – Азеры. Іўе – Іуе.
Да вялікай шкоды і нявечаньня сапраўдных назваў прывяла татальная русіфікацыя, якая прынесла нямала бяды беларускаму народу ў розных праявах. Асабліва шмат такога лексічнага псаваньня нарабілася ў часы СССР. Пра гэта добра напісаў Станіслаў Станкевіч у сваёй працы “Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР”, дзе выразна адлюстраваныя згубныя працэсы. Пік “тапанімічнага генацыду” прыйшоўся на 1960-ыя гады. Сумна “рэкордным” стаў 1964-ы год, калі свае спрадвечныя назвы страцілі звыш 300 (!!!) паселішчаў Беларусі. Прыкладам на Гарадзеншчыне у гэты “чорны” год Быкі (Вараноўскі р-н) сталі Миловидной, Вулька Жандовая (Гарадзенскі р-н) – Лесной, Дзякі (Ваўкавыскі р-н) – Родниками. А такая вёска з мілагучнай назвай Трыбушкі на Слонімшчыне стала Мірнай. Зразумела, што бяздумнае перанайменьне праходзіла ў агульным рэчышчы пагардлівага стаўлення да нацыянальнай гісторыі, традыцыйнай культуры і мовы беларускага народу. Зыходзіла гэта таксама ад элементарнага неразуменьня семантыкі беларускай мовы прадстаўнікамі ўлады. Прыкладам, у тым 1964-ым была зменена назва вёскі Мартышкі каля Жодзішак. Для невука гэтая назва атаясамлялася напэўна з малпамі, хоць паходжанне назвы зусім іншае – найверагодна ад імя Мартын, але магчыма і ад адмысловай тэхнічнай прылады – мартышкі.
Такія назвы, як Конскі Бор здаваліся чужынцам “неблагозвучными” – так гэтая вёска каля Солаў на той жа Смургоншчыне ў 1969 годзе стала Бярозавай Рошчай. А вёска Кабыльнікі на Наваградчыне ў 1964-ым стала Клёнамі.
Масавае ўлучэньне ў беларускую тапанімічную сістэму расейскамоўных назваў прывяло да зьмяненьня слоўнікавага складу тапаніміі, які стагоддзямі фармаваўся натуральным шляхам. За савецкі час у сістэму беларускай тапаніміі былі штучна ўведзены тысячы назваў з рэвалюцыйнай сымболікай, “чырвонай” афарбоўкай. Яны ніяк не ўпісваюцца ў нацыянальную тапанімічную сістэму і ўспрымаюцца як экстрасістэмныя чужародныя элементы. Гарадзеншчыне тут пашанцавала крыху больш, чым іншым абласьцям, у сучаснай Гарадзенскай вобласьці няма “Акцяброў” і “Пятилеток” як на ўсходзе Бееларусі. Але і на гэтай тэрыторыі такая заганная практыка была. Прыкладам Сабакінцы (Шчучынскі р-н) у 1954-ым годзе сталі Першамайскай, Кашчыца (Карэліцкі р-н) у 1948-ым – Першамайскім. Тут трэба ўдакладніць, што часта людзі па недасьведчанасці мяркуюць, што спрадвечная беларуская і досыць распаўсюджаная назва Красная (вёскі ў Карэліцкім, Лідскім, Шчучынскім раёнах) таксама вынік русіфікацыі. Безумоўна, гэта не так, бо ў даным разе мы маем справу з чыста беларускім старажытным варыянтам.
Асноўныя формы русіфікацыі тапонімаў і гідронімаў адбываліся ў выніку няправільнага перакладу з расейскай на беларускую мову, зьмены пастановы націску, замены літары ё на е, штучнага надаваньня падвоеных зычных. Сама яскравы прыклад тут – гэта нявечаньне назвы ракі Нёман на Неман. А гэты ж гідронім – візітоўная картка ўсёй Гарадзеншчыны! Добра яшчэ, што вёска Нёман (Мастоўскі р-н) засталася з кропачкамі над “е”.
За што бальшавікі так нішчылі літару “ё” застаецца загадкай. Відаць, без яе лягчэй было набіраць першыя пралетарскія газеты. Але часта страта дзвюх кропачак даводзіць да недарэчнасьцяў. Прыходзіш у якую-небудзь дзяржаўную ўстанову, ідзеш па калідоры і натыкаешся на дзверы з шыльдачкай “Прыемная”. І ўжо не разумееш куды трапіў – у дзяржаўную канцылярыю ці дом зусім іншага прызначэньня. З назвамі мясцовасцяў таксама казусы. Замест Азёраў сталі Азеры. Вось і думай – беларусы тут жывуць ці азербайджанцы!?
Некаторыя назвы страцілі свой ранейшы сэнс. Прыкладам вёска Жабры (Бераставіцкі р-н) з націскам на апошні склад. Відавочна, што яе назва паходзіць ад дзеяслова “жабраваць”. Аднак, цяперашняя моладзь нават гэтага слова не ведае. Вось і чытаюць назву Жабры́ з націскам на першы склад – Жа́бры – ў значаньні “жабры рыбы”. Націскі ж на дарожных указальніках не расстаўляюць. Іншы прыклад – вёсачка Пілкі – радзіма знакамітага краязнаўца, нашага сучасніка Алеся Белакоза, якая фактычна ўжо зьлілася з Гудзевічамі. Правільны націск у гэтым тапоніме на апошні склад, а не на першы.
Яшчэ адзін яскравы прыклад русіфікацыі назвы – вёска Мяшэтнікі (Мастоўскі раён). Зразумела, што гэты тапонім паходзіць ад слова “мех” (“мяхі”, “мяшкі”). Аднак на сучасных мапах можна прачытаць гэтую назву ўжо як “Мішэтнікі” – сутнасьць змянілася карэнным чынам. Яшчэ адзін сумны прыклад – мясцовасьць Цюпішкі непадалёк мястэчка Гальшаны, дзе знаходзіцца знак знакамітай Дугі Струве. На некаторых мапах гэтая назва падаецца вельмі зьменена – як Тупішкі.
Іншая катастрафічная зьява – гэта пастаяннае зьмяншэньне колькасьці населеных пунктаў. Гэты працэс адбываўся ўжо ў 1960-ыя-1980-ыя гады, што яскрава пацьвярджае афіцыйная статыстыка:
1964 – Беларусь – 30 211 населеных пунктаў – Гарадзенская вобласьць – 4 822
1968 – Беларусь – 29 342, Гарадзенская – 4 946
1974 – Беларусь – 27 442, Гарадзенская – 4 708
1981 – Беларусь – 26 299, Гарадзенская – 4 633
Шматлікія урочышчы, ручаіны, хутары, вёскі ў выніку дэмаграфічнай катастрофы і бяздумнай гаспадарчай дзейнасьці папросту зьнікаюць з мапы Беларусі. У мінулым застаюцца мікратапонімы, гідронімы, антрапонімы, тапонімы, якія зьнікаюць незваротна. Месцазнаходжаньне былых паселішчаў праз гады будзе нават цяжка адшукаць, паколькі апошнія 10-15 гадоў уладамі культывуецца заганная практыка руйнаваньня апошніх пабудоваў і хатаў і закопваньне іх у зямлю. На месцы былых сельскіх паселішчаў узьнікаюць засеяныя палеткі.
Паводле афіцыйнай статыстыкі на 1 студзеня 2024 года ў Беларусі было агулам 23 тысячы 191 населены пункт. Зь іх 115 мелі статус гарадоў, 85 – «пасёлкаў гарадскога тыпу», астатнія 22 тысячы 991 – гэта вёскі. Кожны год некалькі дзясяткаў вёсак афіцыйна ліквідоўваюцца і перастаюць існаваць.
Уладзімір Хільмановіч, гісторык, публіцыст
Канфэрэнцыя “Беларусь: выжываньне і адраджэньне нацыі”, Варшава, 29 чэрвень 2025г.