Што такое псеўдапраўныя палажэньні?
Гэта фармальна-юрыдычныя палажэньні, якія выглядаюць як законныя, але па сутнасьці такімі не зьяўляюцца, бо:
– парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, міжнароднае права, базавыя правы чалавека;
– служаць інтарэсам іншай дзяржавы (Расеі), а не беларускаму народу;
– выкарыстоўваюцца для легітымацыі гібрыднага генацыду.
Вось ключавыя прыклады псэўдапраўных палажэньняў:
а) дамовы і дакумэнты адносна «саюзнай дзяржавы» (Беларусі і Расеі)
Юрыдычна выглядае як інтэграцыйны праект, але на самай справе – гэта інструмэнт асіміляцыі і страты суверэнітэту.
Розныя палажэньні пра супольную зьнешнюю палітыку, адзіную абарончую прастору зводзяць беларускую незалежнасьць да фікцыі. Рашэньні аб ваеннай інтэграцыі, аб размяшчэньні расейскіх войскаў на нашай тэрыторыі без грамадскага абмеркаваньня і парламенцкай ратыфікацыі – супярэчаць міжнароднаму праву і Канстытуцыі.
б) пастановы і законы аб роўнасьці моваў на практыцы абмяжоўваюць беларускую мову. Так, няма практычна адукацыі на роднай мове (ад школ да ВНУ), няма справаводства на роднай мове, судовай практыкі і г.д.;
в) легітымізацыя трансьляцыі расейскіх тэлеканалаў, навучальных праграм, падручнікаў фармуюць у насельніцтва прарасейскую сьвядомасць і таксама зьяўляюцца псэўдапраўнымі.
Юрыдычнае замацаваньне такой практыкі, якая падрывае беларускую ідэнтычнасьць – гэта прыкмета генацыду.
Мэта псэўдапраўных палажэньняў:
– прыдаць ім законнасьць;
– зьнішчыць беларускую мову, культуру, ідэнтычнасьць;
– падпарадкаваць палітычныя і эканамічныя інтарэсы Крамлю;
-зрабіць антынацыянальныя палажэньні легітымнымі ў вачах міжнароднай супольнсці.
Такім чынам, псеўдапраўныя палажэньні – гэта юрыдычны фасад генацыду (толькі замест танкаў выкарыстоўваюцца адпаведныя законы, рашэньні, пастановы).
Больш за 200 гадоў Расея праводзіць мэтанакіраванае зьнішчэньне нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці, перапісвае гісторыю, аказвае палітычны, эканамічны і ваенны ціск. Усё гэта спосабы паглынаньня Расеяй беларускай нацыі, якія ўжо прывялі да пераўтварэньня Беларусі ў залежную ад Расеі тэрыторыю без суб’ектнасьці.
І тое, што адбываецца ў нашай краіне пасьля 2020 г. – гэта ўзмацненьне гібрыднага генацыду. Расея зноў пабачыла імкненьне беларусаў да вызваленьня ад маскоўскага панаваньня, бо мільёны людзей выйшлі на вуліцы з бел-чырвона-белымі сьцягамі. Праз лукашэнкаўскі марыянетачны рэжым сталі праводзіцца небывалыя рэпрэсіі. У гэтай барацьбе улады шырока выкарыстоўваюць розныя юрыдычныя палажэньні для перасьледу грамадзян пад выглядам барацьбы са злачыннасьцю.
У сапраўднасьці мы маем справу з наборам палітычных установак, якім зьнешне надаецца форма закону. Гэта не права ў яго сапраўдным разуменьні, а адвольны палітычны акт уладаў.
Але ці гэта нешта новае ў гісторыі Беларусі?
Не. Яшчэ пасля таго, як землі ВКЛ аказаліся ў складзе Расійскай імперыі (канец 18 стагоддзя), ўлады адразу пачалі праводзіць палітыку русіфікацыі: выцясьнялі мову, аказвалі рэлігійны ціск, стварылі міф аб “трыадзіным народзе”.
Пасьля 1917 г. гібрыдная вайна Расейскай імперыі трансфармавалася ў савецкую гібрыдную палітыку. Бальшавікі стварылі для расправы рэпрэсіўную машыну – ВЧК, увялі паняцьці “нацдэм”, “кулак”, “вораг народу”, “вредітель”…
Паняцьце “вораг народу” увёў Сталін. Гэты тэрмін адразу вызваляў ад неабходнасьці шукаць доказы вінаватасьці чалавека пры яго ідэйнай нязгодзе з палітыкай улады. Не было ў Крымінальным кодэксе артыкула з тэрмінам “вораг народу”, ці “нацдэм”, але прысуды выносіліся за контррэвалюцыйную дзейнасьць і любы мог стаць “ворагам”, “вредітелем”, “нацдэмам”, мог быць падвергнуты жорсткім рэпрэсіям ці нават расстраляны.
“Нацдэмамі” называлі прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага адраджэньня, якія хацелі бачыць Беларусь як самастойную культурна-палітычную адзінку. У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў за падтрымку мовы і дзяржаўнасьці шмат людзей было арыштавана па сфальсіфікаваных абвінавачваньнях у “буржуазным нацыяналізме” толькі за тое, што яны пісалі па-беларуску ці дасьледвалі гісторыю Беларусі.
Рэпрэсіі мелі катастрафічныя наступствы для Беларусі, асабліва для культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці. Беларусаў масава дэпартавалі ў Сібір і Казахстан, арышты, ссылкі, масавыя растрэлы… Толькі ў Курапатах знойдзены парэшткі тысяч ахвяр найлепшых прадстаўнікоў беларускай эліты.
Пазьнейшыя паняцьці “дармаед”, “тунеядзец” таксама не маюць юрыдычнай асновы, выкарыстоўваюцца сучаснымі ўладамі з парушэньнем прынцыпаў прававой дзяржавы. У часы Савецкага Саюза гэтыя тэрміны ўжываліся супраць дысідэнтаў, творцаў, якія не працавалі па дзяржаўных накірунках.
Многія беларусы памятаюць сумнавядомы Дэкрэт №3 ад 2015 г., які увёў грашовы збор адносна тых, хто не працуе афіцыйна больш за 183 дні ў годзе. Адбываліся масавыя пратэсты супраць Дэкрэта, але ў 2018 г. гэты Дэкрэт замянілі іншым, але таксама недэмакратычным актам. Юрыдычная дакладнасьць адсутнічае, ёсць супярэчнасьць міжнароднаму праву (Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах), бо прымусовая або абавязковая праца міжнародным правам забараняецца.
У міжнародным і нацыянальным праве тэрміны “вораг народу“, “кулак нацдэм”, “дармаед”, “тунеядзец” ніколі не зьяўляліся юрыдычнымі паняццямі. Гэта ўсё ідэалагічныя ярлыкі для апраўданьня палітычных рэпрэсій. Яны не адпавядаюць прынцыпам прававой дзяржавы, бо не маюць дакладнага вызначэньня і дазваляюць трактаваць гэтыя прыдуманыя паняцьці адвольна.
«Экстрэмізм» і «Тэрарызм»
Сучасныя беларускія законы таксама не маюць дакладных юрыдычных вызначэньняў. Прыцягненьне да адказнасьці за «экстрэмізм» і «тэрарызм» у Беларусі ў падаўляючай бальшыні выпадкаў зьяўляецца палітычна матываваным і выкарыстоўваецца для палітычнага перасьледу, а не дзеля рэальнай абароны бясьпекі дзяржавы, яно не адпавядаюць міжнароднаму праву і парушае асноўныя правы чалавека.
Паняцьце «тэрарызм»было ўведзена ў Крымінальны кодэкс Беларусі ў 1999 г. (практычна не было такіх спраў), але з 2021 года былі ўнесены істотныя зьмены ў КК (у тым ліку адносна тэрарызму – арт. 289 КК), якія істотна абмяжоўваюць правы чалавека, шмат людзей прыцягнуты да адказнасці менавіта за тэрарызм. Вось вызначэньне тэрарызму:
ч.1: учыненьне выбуху, падпалу або іншых дзеяння агульнанебясьпечным спосабамў, што ствараюць небясьпеку гібелі людзей, прычыненьня ім цялесных пашкоджаньняў або наступлення іншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказаньня ўздзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, або перашкоды палітычнай або іншай грамадскай дзейнасьці, або запалохваньня насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку (акт тэрарызму)…”
Як бачым, вельмі сур’ёзныя дзеяньні маюцца на ўвазе. Але ці былі яны здзейсьнены людзьмі ў 2020 годзе? Ці ёсць такія рэальныя прыклады? Грамадзяне выходзілі на вуліцы з кветкамі, з балонікамі, з плакатамі. Мірна, без гвалту, безвыбухаў і падпалаў, але псэўдапраўныя палажэньні працавалі!
У дадатак маюцца яшчэ іншыя артыкулы, зьвязаныя з тэрарызмам:
арт. 290 КК – Пагроза актам тэрарызму; арт. 290-1 – Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці; арт. 290-2 – . Садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасьці; арт. 290-3 – Праходжаньне навучаньня з мэтай здзяйснення тэракту; арт. 290-4 – Стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі або ўдзел у ёй; арт.290-5 – Вербаванне або іншае ўцягваньне ў тэрарыстычную дзейнасьць; арт. 290-6 – Неданясеньне аб тэрарызме.
У 2022 годзе былі прыняты зьмены, якія дазваляюць прымяняць сьмяротнае пакараньне, прычым не толькі за акт тэрарызму, але і за спробу або падрыхтоўку да яго (арт. 289 ч. 3).
Паняцьце «экстрэмізм» у РБ таксама стала шырока трактуемым інструмэнтам для падаўленьня іншадумства.
Паводле арт. 361 экстрэмізмам зьяўляюцца публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу РБ, або здрадзе дзяржаве, або зьдзяйсненьня акту тэрарызму або дыверсіі, або дзеяньніі, накіраваныя па парушэньню тэрытарыяльнай цэласнасьці РБ, або здзяйсненне іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, санкцый у дачыненьні да РБ, фізічных і юрыдычных асоб, або траспаўсюджваньне матэрыялаў, якія зьмяшчаюць такія заклікі…
Таксама не было падчас пратэстаў такіх рэальных дзеяньняў. Ці можна ж трактаваць экстрэмізмам незадаволенасьць людзей тым, што іх права выбару мець іншага Прэзідэнта, іншую ўладу было ў чарговы раз брутальна праігнаравана?
Зьвяртаю ўвагу на тое, што на практыцы суды, пракуратура, Следчы камітэт вельмі свабодна карысталіся тэрмінам “іншыя дзеяньні”, і “падганялі” пад гэта вызначэньне што заўгодна.
Крымінальны кодэкс быў дапоўнены і іншымі артыкуламі для расправы з “іншадумствам”:
арт. 361-1, “экстрымісцкае фармаваньне”, але гэта вельмі расплывістае паняцьце, выкарыстоўваецца для крыміналізацыі грамадзянскай супольнасці, парушае права на выказваньне думак (напрыклад, экстрэмісцкімі фарміраваньнямі былі прызнаны “Белсат”, “Наша Ніва”, ПЦ “Вясна” і інш);.
арт.361-2 фінансаванне дзейнасьці зьвязанай з экстрымізмам – таксама трактуецца шырока;
арт. 361-4 садзейнічанне эксрымісцкай дзейнасьці – паняцьце “садзейнічанне” – аморфнае, можна абвінаваціць за інтэрв’ю, каментар;
арт. 130 – распальваньне варожасьці – “сацыяльная варожасьць” трактуецца шырока: крытыка чыноўнікаў і сілавікоў лічыцца распальваньнем варожасьці.
З 2020 г. ў Беларусі ў рэестры «тэрарыстаў» і «эктрымістаў» зарэгістравана больш за 16 тыс. чалавек, людзі атрымалі вялікія тэрміны пакараньня ў няволі.
Адказнасьць па палітычна-матываваным справам часта прымала абсурдныя формы. Людзей прыцягвалі да адказнасьці проста за выкарыстаньне бел-чырвона-белых колераў у адзеньні, у тым ліку — за шкарпэткі, стужкі, маскі, фіраначкі, хоць такой забароны ў законе няма.
Так, у студзені 2021г. дзяўчыну ў Менску затрымалі на вуліцы за белыя шкарпэткі з чырвонай палоскай, яна правяла некалькі гадзін у РАУС, на яе склалі пратакол за пікетаваньне па арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства» (да 2024 г. – арт. 23.34); паведамлялася пра затрыманьні людзей за комбінацыі колераў, якія нагадвалі БЧБ-сцяг; за вышыўкі на торбах, чырвона-белыя банцікі, нашыўкі на куртках; грамадзяне атрымлівалі папярэджаньні або штрафы за белыя фіранкі з чырвонай палоскай, кветкі ў вазонах, расстаўленыя ў гэтых колерах, нават пры адсутнасці лозунгаў або заклікаў.
Даходзіла нават да кур’ёзаў. Прыклад: жанчына накіравалася на працу і па дарозе апамятавалася, што “няправільна” апранута: белае паліто, чырвоная сумка і белая шапка. І хоць яна вельмі спяшалася на працу, вымушана была вярнуцца да дому, каб пераапрануцца.
Яшчэ выпадак, калі на нагах былі красоўкі лідскай вытворчасьці – белая падошва з чырвонай палоскай. Міліцыя затрымала чалавека і адвезла ў пастарунак, бо гэта ж можа быць “несанкцыяванае пікетаванне або садзейнічанне экстрэмізму”.
Шмат людзей прыцягнута да адказнасці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», што было простай падпіскай на Telegram-канал.
Беларускія законы не маюць дакладных вызначэнняў экстрэмізму, што супярэчыць прынцыпу юрыдычнай вызначанасьці ў міжнародным праве, маецца падмена паняцьцяў, а таксама размытыя фармулёўкі.
Пракуратура, КДБ і суды ў Беларусі працуюць у межах адной вертыкалі, што выключае эфектыўную абарону правоў грамадзян, да таго ж у Беларусі няма незалежнага канстытуцыйнага кантролю.
Але подобные меры не распаўсюджваюцца на службовых асоб дзяржорганаў ці супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ. У 2023 г. былы палітзняволены Ільля Міронаў падаў заяву ў СК з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу супраць прапагандыста Рыгора Азаронка за «распальванне сацыяльнай варожасьці». Азаронак заяўляў: «Да, я испытываю острую неприязнь, переходящую в ненависть, презрение и омерзение к социальной группе, которую можно обозначить как “змагары, бэчебанутые, либералы, подзападники, предатели, ублюдки, скоты, мрази, сблев белорусского народа, конченые подлые твари”. Але ва ўзбуджэнні справы было адмоўлена.
Міжнародная прававая ацэнка
Міжнародныя арганізацыі, уключаючы ААН, Amnesty International, Human Rights Watch, UN Special Rapporteurs, неаднаразова асуджалі Беларусь за злоўжываньне паняцьцямі «тэрарызм» і «экстрэмізм», за парушэнне Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь падпісала.
Рэзалюцыя Эўрапарламента (2021) адзначае, што «элементы крымінальнага заканадаўства, уключаючы законы аб барацьбе з экстрэмізмам, выкарыстоўваюцца для палітычнага перасьледу». Аб гэтым сьведчыць і даклад Групы экспэртаў па Беларусі ў рамках Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН по правам чалавека.
Але ні міжнароднае асуджэньне, ні міжнародныя рэзалюцыі не прымаюцца да ўвагі, бо Лукашэнку не турбуе лёс краіны. Ён выконвае загады з Крамля, тым самым садзейнічае генацыду беларускага народа. Таму беларусы з’язджаюць… Cем міграцыйных хваль мінулага стагоддзя, па падлікам гісторыкаў, каштавалі Беларусі каля 4 млн. чалавек. І гэта толькі ў дадатак да мільёнаў загінулых падчас вайны і сталінскіх рэпрэсій! З 2020 г. па дадзеным Эўрастата з-за рэпрэсій краіну пакінула каля мільёна чалавек. Ясна, што гэта людзі не згодныя з палітыкай маскоўскага васала – Лукашэнкі, а, значыць, з палітыкай, накіраванай супраць Беларусі і яе ідэнтычнасьці. Прычым гэта працаздольнае, адукаванае і актыўнае, насельніцтва. І чым даўжэй зацягваецца палітычны крызіс, тым меньш шансаў, што яны вернуцца ў Беларусь, асабліва сем’і, пераехаўшыя з дзецьмі. І гэта не можа не выклікаць трывогі.
Галіна Пархімчык