29 чэрвеня ў Беларускім Доме адбылася канфэрэнцыя, падрыхтаваная нацыянальна-вызвольным рухам “Вольная Беларусь”.
Было зачытана сем дакладаў у рамках акрэсьленай тэмы канфэрынцыі, пасьля чаго адбылося іх абмерканьне са слухачамі ў залі.

Мерапрыемства распачалося з даклада Паўла Усава “Нэататалітарызм як палітычная рэчаіснасьць Беларусі”, у якім была растлумачана і падмацавана прыкладамі рэчаіснасьць у якой апынуліся беларусы пасьля 2020 года.
У сваім дакладзе “Расейская мэтадалёгія зьнішчэньня Беларусі і нацыянальны супраціў” Зянон Пазьняк грунтоўна апісаў мэтады Расеі па зьнішчэньню дзяржаўнасьці Беларусі і беларускай нацыі. Зянон Пазьняк у сваім паведамленьні прыгадаў гісторыю зьнішчэньне Вялікага Княства Літоўскага, жудасны для беларускай нацыі перыяд праўленьня Кацярыны 2-й, “машэраўшчыну” і, вядома, прамаскоўскі лукашэнаўскі рэжым. Таксама, закранаючы цяперашні стан, Пазьняк прааналізаваў палітыку Эўразьвяза ў дачыненьні да Беларусі: «Трэба ўлічваць, што Эўразьвяз, які падтрымлівае дэмакратыю ў Беларусі, тым ня менш, праводзіць палітыку ізаляцыі Беларусі ад Заходняга сьвету і спрабуе ўплываць у гэтым на Амэрыку. Згаданая палітыка ў геапалітычным і цывілізацыйным сэнсе ёсьць на справе антыбеларуская, яна цалкам адпавядае агрэсіўным інтарэсам Расеі і ідэалёгіі «русского мира».
Завяршаючы свой выступ, палітык пералічыў задачы беларускай эміграцыі ў выжываньні нацыі і здабыцьці свабоды, непазьбежнасьць збройная барацьбы і важнасьць падтрымкі Украіны.

Медыяаналітык Наталья Крывашэй азнаёміла прысутных з тэмай “Выкарыстаньне псэўдапраўных палажэньняў у палітыцы расейскага генацыду беларусаў”.
Паводле Натальлі, адна з самых актуальных і вострых праблем сучаснай Беларусі — гэта праблема ідэалагічнай і інфармацыйнай акупацыі, якую ўяўляе сабой ідэалогія «русского мира».

“Ідэалогія «русского мира» абапіраецца не толькі на сілу зброі, але і на сілу слова, сімвала, гістарычнага міфа, культурнай асіміляцыі. Пад яе ўплывам адбываецца сістэмнае разбурэньне беларускай ідэнтычнасьці: ад перапісвання гісторыі да выцясненьня мовы, ад стварэньня ілжывых вобразаў мінулага да праектаваньня жаданай палітычнай будучыні з цэнтрам у Маскве”.
“Аднак, як паказвае досьвед не толькі Беларусі, але і Украіны, Літвы, Польшчы, эфектыўная супрацьдзеянне такім пагрозам магчымая. Яна патрабуе не толькі абароны, але і ініцыятывы. Не толькі апраўдання сваёй адметнасьці, але яе актыўнага сцвярджэньня ва ўсіх сферах жыцьця — мове, адукацыі, культуры, інфармацыі, міжнародных адносінах”.
Прапаганду можна перамагчы толькі сістэмнай контрпрапагандай, скіраванай не на тое, каб перамагчы ў спрэчцы, а каб сфармаваць альтэрнатыўнае сэнсавое поле — сваё, аўтэнтычнае, эмацыйна і інтэлектуальна насычанае.
Н.Крывашэй лічыць, што беларуская дыяспара, асабліва ў сучасных умовах, мае ўнікальны рэсурс: свабоду дзеяньня, доступ да медыярэсурсаў, магчымасьць культурнай творчасьці і адукацыйнага развіцьця.

Пра тое як Расея зьмяняла беларускую прастору распавёў гісторык і журналіст Уладзімер Хільмановіч у сваім паведамленьні “Палітыка маскоўскай русіфікацыі ў беларускай тапаніміцы, геаграфіі і краязнаўстве”.
Пералічаныя факты перайменаваньняў гарадоў, рэчак, мястэчак і г.д. яскрава сьведчаць аб тым, што русіфікацыя на Белраусі — гэта не стыхійны працэс, а планамерная палітыка.

Галіна Пазьняк “Чарнобыльская катастрофа і барацьба за выжываньне Беларускага народа”
Сп. Галіна, якая ўзначальвала камітэт “Дзеці Чарнобыля – БНФ” у 90-х, падзялілася сваімі ўспамінамі пра дзейнасьць БНФ у гэтым кірунку, таксама пра бяздзейнасьць лукашэнаўскага рэжыму ў справе ратаваньня беларускага народу ад наступстваў катастрофы.
“Для сапраўднага ратаваньня патрэбны быў нацыянальны парлямэнт і ўрад, каб па-дзяржаўнаму вырашыць праблему. Рэжым Лукашэнкі ўбіраўся ў пер’е, нам дапамагалі зусім чужыя і невядомыя Лукашэнку людзі”.

Мастацтвазнаўца Валеры Буйвал падрыхтаваў спавешчаньне на тэму “Змаганьне ірляндцаў за незалежнасьць і выжываньне. Факты і паралелі зь Беларусяй”. Сп.Валер распавёў пра ахвярнае і доўгае змаганьне ірляндцаў за сваю незалежнасьць. Адметна, што істотную ролю ў выжываньні і адраджэньні гэтай нацыі адыграла рэлігія, а не апора на родную мову.
Няўжо ня крыўдна ірляндцам, што ва ўсім сьвеце іх (паводле мовы) сустракаюць як брытанцаў? Гэта ёсьць тое самае акупанцкае “статус кво”, якое беларусам хоча навязаць імпэрская Масква
“Лубянская і квазінавуковая прапаганда выкарыстоўваюць прыклад Ірляндыі, каб пераканаць беларусаў, што “ирландцы и без своего языка живут хорошо”, “русскоязычная Белоруссия – знак прогресса и возрождения”. Вораг спрабуе навязаць нам чужыя стэрэатыпы. Мэта маскоўскага ворага – лінгвіцыд і генацыд нашай нацыі. Мы павінны адкінуць навязьлівую схаластыку маскоўцаў – вялікіх зьнішчальнікаў нацыянальных моў і культур.
У кожнага народа свой шлях. Ірляндыя ня можа быць для нас натхняльным прыкладам. Мы ня маем права здрадзіць сваіх змагарных продкаў і аддаць у рабства “русского мира” сваіх нашчадкаў” – завершыў свой выступ В.Буйвал.
Колішняя адвакат Галіна Пархімчык у сваім дакладзе “Выкарыстаньне псэўдапраўных палажэньняў у палітыцы расейскага генацыду беларусаў” прывяла шакуючыя факты таго, як прамаскаўская ўлада выкарыстоўвае нібыта “юрыдычныя” ці “законныя” аргументы для апраўданьня рэпрэсій, генацыду і гвалтоўнай палітыкі супраць беларускага народу.