25 лютага 2025

Беларускае нацыянальнае медыя

Аналіз маніпуляцый і прапаганды ў дэмакратычных СМІ

Што такое прапаганда?

Паводле Валерыя Пісарка, прапаганда – гэта сістэматычнае і мэтанакіраванае ўздзеянне на грамадскую думку з мэтай фарміравання пэўных перакананняў і мадэляў паводзін. У сваёй працы “Język służy propagandzie” (“Мова служыць прапагандзе”) ён падкрэслівае, што мова з’яўляецца не проста сродкам камунікацыі, але і магутным інструментам маніпуляцыі, дзякуючы якому прапаганда фармуе патрэбны светапогляд, стварае вобраз ворага, натхняе на дзеянні або, наадварот, схіляе да пасіўнасці.

Асноўная рыса прапаганды, паводле Пісарка, у тым, што яна не імкнецца да аб’ектыўнай перадачы фактаў, а наўмысна дэфармуе рэальнасць дзеля пэўных ідэалагічных мэтаў. Пры гэтым яе метады заснаваныя на выкарыстанні эмацыянальна афарбаваных слоў, падмене паняццяў, паўторах адных і тых жа тэзісаў і стварэнні чорна-белага светаўспрымання. Свет у вачах прапагандыстаў падзяляецца на “сваіх” і “чужых”, на “герояў” і “здраднікаў”, без магчымасці нюансаванага і шматмернага аналізу падзей. Калі чалавека не задавальняе прапанаваная карціна свету, яго пазіцыю могуць прадстаўляць як памылковую, варожую або нават небяспечную для грамадства.

Яшчэ адзін важны аспект прапаганды – выкарыстанне паўтораў, што робіць яе сцвярджэнні больш даступнымі і запамінальнымі для шырокай аўдыторыі. Чым часцей гучыць пэўны лозунг або ідэя, тым больш яна здаецца людзям праўдападобнай. Акрамя таго, прапагандысты нярэдка спасылаюцца на “волю народа”, сцвярджаючы, што менавіта яны адлюстроўваюць сапраўдныя інтарэсы грамадства, тады як усе іншыя погляды называюць шкоднымі або небяспечнымі.

Пісарэк адзначае, што прапаганда не абавязкова з’яўляецца негатыўнай з’явай. Яна можа быць выкарыстана для дасягнення карысных мэт, напрыклад, пры матывацыі грамадства да аховы здароўя або падтрымкі экалагічных ініцыятыў. Аднак асноўная небяспека прапаганды ў тым, што яна пазбаўляе людзей крытычнага мыслення і стварае ілюзію, быццам існуе толькі адна “правільная” пазіцыя.

Такім чынам, Паводле Пісарка, прапаганда – гэта найперш маніпуляцыя мовай, дзякуючы якой грамадству навязваюцца пэўныя ўяўленні і перакананні. Менавіта таму ён падкрэслівае важнасць медыйнай пісьменнасці і ўмення аналізаваць інфармацыю, каб не станавіцца ахвярай ідэалагічных маніпуляцый.

Спроба  аналізу артыкулу  “БХД: Адзін з лідараў партыі Яўген Дудкін прызнаўся, што з’яўляецца даўнім агентам КДБ”

Сённяшні інфармацыйны свет перапоўнены маніпуляцыямі, і адрозніць факт ад прапаганды становіцца ўсё цяжэй. У матэрыялах СМІ можна сустрэць відавочныя прыклады стварэння чорна-белага светаўспрымання, дзе аўдыторыя атрымлівае не ўсю інфармацыю, а толькі яе спецыфічна адабраную частку.

Артыкул “БХД: Адзін з лідараў партыі Яўген Дудкін прызнаўся, што з’яўляецца даўнім агентам КДБ” выразна дэманструе ключавыя рысы прапагандысцкага матэрыялу: выкарыстанне эмацыянальных фармулёвак, стварэнне чорна-белага светаўспрымання і фарміраванне вобразаў ворага і героя.

Яўген Дудкін падаецца не толькі як агент спецслужбаў, але і як асоба, якая мела намер выкарыстаць палітычны рух у сваіх інтарэсах. Яго ўдзел у палітыцы выглядае не як шчырая дзейнасць, а хутчэй як добра разлічаны план, рэалізаваны дзеля асабістых выгод і на карысць уладных структур. Ягоная рыторыка, пазіцыянаванне сябе ў палітычным полі і дзеянні ствараюць уражанне чалавека, які мэтанакіравана прасоўваў уласныя інтарэсы, мімікруючы пад апазіцыянера.

У артыкуле ўзгадваюцца шматлікія факты, якія пацвярджаюць ненадзейнасць Дудкіна. Выкарыстоўваюцца фармулёўкі, такія як “даўні агент КДБ”, “апошнія дні палітык піша ў фэйсбуку метафарычныя допісы на тэму віны і здрады”, “актыўна спрыяў падрыву дэмакратычнага руху”. Гэтая інфармацыя стварае ўстойлівы вобраз чалавека, які сістэматычна і паслядоўна працаваў супраць інтарэсаў беларускай апазіцыі. Пры гэтым не разглядаюцца яго магчымыя станоўчыя дзеянні, бо яны альбо адсутнічаюць, альбо былі элементам ягонай агентурнай гульні.

Артыкул акцэнтуе ўвагу на біяграфічных дэталях Дудкіна, якія выглядаюць асабліва падазронымі. Ён з’ехаў у Польшчу яшчэ ў 2018 годзе не як палітычны ўцякач, а як звычайны эканамічны мігрант, што супярэчыць вобразу “змагара”. Дадаткова ўзгадваецца, што яго кар’ерны рост адбываўся нечакана і без відавочных падстаў – ад працы кіроўцам пагрузчыка да кіраўніка фонду “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

Артыкул падкрэслівае, што Дудкін наўмысна выкарыстоўваў палітычную сітуацыю для ўласнага ўзвышэння і маніпуляцыі грамадскай думкай. Яго выступленні, каментары і дзейнасць выглядаюць як частка добра прадуманай гульні, у якой ён у патрэбны момант мяняў пазіцыі, улічваючы ўласныя інтарэсы. Ён не быў тым, за каго сябе выдаваў, а ягоны шлях у палітыцы можна разглядаць як частку комплекснай інфармацыйнай аперацыі.

Артыкул таксама праводзіць выразнае супрацьпастаўленне “сапраўдных” і “фальшывых” палітыкаў. Святлана Ціханоўская падаецца як адзіны законны лідар беларускай апазіцыі, у той час як яе крытыкі прадстаўляюцца як падазроныя або шкодныя элементы. Асабліва цікавы момант – выкарыстанне прыёму “вінаватасці праз асацыяцыю”. У матэрыяле змяшчаецца фотаздымак, дзе Дудкін знаходзіцца побач з Пазняком і Дзмітруком, што аўтаматычна выклікае думку, што яны дзейнічаюць разам. Гэтая методыка ўспрымаецца як спроба не толькі дыскрэдытацыі Дудкіна, але і ўсіх, хто меў з ім палітычныя сувязі.

Артыкул “Нашай Нівы” не імкнецца да нейтральнасці – ён яскрава выбудоўвае вобраз Дудкіна як чалавека, які дзейнічаў на шкоду беларускай апазіцыі. Яго паводзіны, рыторыка і шлях у палітыцы выглядаюць як частка арганізаванага і свядомага маніпуляцыйнага працэсу, у якім ён выкарыстаў давер грамадства, каб дасягнуць уласных мэт..

Вобраз БХД

Георгій Дзмітрук – негатыўны персанаж праз асацыяцыі

У адрозненне ад Дудкіна, які проста “вораг”, Дзмітрук паказваецца як “чалавек, звязаны з падазронымі”, што ставіць яго пад сумнеў. У артыкуле Дзмітрук звязаны з Дудкіным, што ўжо робіць яго падазронай фігурай у вачах чытачоў. Па логіцы матэрыялу, калі Дудкін супрацоўнічаў з КДБ, то:

  • Уся яго дзейнасць у партыі не мела карысці для апазіцыі, бо падрывала яе знутры.
  • Яго калегі (у тым ліку Дзмітрук) маглі быць падобнымі да яго або быць пад яго ўплывам.

Акрамя таго, партыя Дзмітрука:

  • Аб’ядналася з “Грамадой”, дзе ўжо былі даносчыкі, што нібыта пацвярджае “падазронасць” гэтай структуры.
  • Заняла перадапошняе месца на выбарах у Каардынацыйную раду, што паказвае яе як маргінальную і нікому не патрэбную сілу.
  • Уваходзіць у кааліцыю, якая “аспрэчвае лідарства Ціханоўскай”, што канчаткова ставіць яе ў разрад “няправільнай” апазіцыі.

Такім чынам, Дзмітрук падаецца як несур’ёзны або нават шкодны палітык, які ўдзельнічае ў бязглуздых або падазроных ініцыятывах.

Віталь Рымашэўскі – станоўчы персанаж праз супрацьпастаўленне

Рымашэўскі згадваецца як лідар іншай часткі партыі БХД, што стварае ўражанне, што яго групоўка не мела праблем, звязаных з агентамі КДБ або маргіналізацыяй.

  • Артыкул не крытыкуе яго, не прыводзіць негатыўных асацыяцый, не ставіць пад сумнеў яго палітычную дзейнасць.
  • Ён падаецца як асобны лідар, не звязаны з агентурнымі схемамі, што аўтаматычна выглядае больш прывабна.
  • На кантрасце з Дзмітрукам, яго частка партыі выглядае больш “здаровай” і “нармальнай”.

Такім чынам Дзмітрук паказваецца як фігура, звязаная з агентамі КДБ і сумнеўнымі кааліцыямі, у той час як Рымашэўскі выглядае як “правільны” палітык.

Вобраз Святланы Ціханоўскай

У дадзеным артыкуле Святлана Ціханоўская прадстаўлена ў выключна пазітыўным святле, што дасягаецца праз сістэму ўскосных і наўпроставых кантрастаў, а таксама праз метады аўтаматычнай легітымацыі яе палітычнага статусу. Згодна з прапагандысцкімі прынцыпамі, фармаванне вобразу “правадыра” або “адзінага легітымнага лідара” адбываецца праз адсутнасць крытычнай інфармацыі, фіксацыю на яе лідарстве як факце, які не патрабуе дадатковага тлумачэння, і выкарыстанне вобразу ворага для ўмацавання яе пазіцыі як адзіна правільнага выбару.

Ціханоўская прадстаўлена як адзіны законны лідар беларускай апазіцыі, што дасягаецца праз дыскрэдытацыю ўсіх яе апанентаў. У артыкуле не разглядаюцца магчымыя альтэрнатывы яе лідарству, а тыя палітычныя групы, якія спрабуюць яго аспрэчыць, аўтаматычна маргіналізуюцца: “На выбарах у Каардынацыйную раду кааліцыя БХД і «Грамады» заняла перадапошняе месца. Цяпер яны аб’ядналіся з тымі, хто стаў увогуле апошнім, і ўтварылі блок «Мемарандум», які аспрэчвае лідарства Святланы Ціханоўскай”.

Дадатковы наратыў, які ўзмацняе пазітыўны вобраз Ціханоўскай, заключаецца ў стварэнні адмоўнага вобразу яе крытыкаў. Адзін з ключавых механізмаў прапаганды – гэта стварэнне кантрасту паміж “сваімі” і “чужымі”, і гэты прыём выразна праяўляецца ў дадзеным матэрыяле. Асобы, якія ставяць пад сумнеў яе аўтарытэт, аўтаматычна прадстаўлены ў негатыўным святле. Яўген Дудкін падаецца як агент КДБ, а значыць, любая яго крытыка пазбаўляецца легітымнасці, бо яна апрыёры разглядаецца як частка падрыўной дзейнасці спецслужбаў. Гэтаксама і Зянон Пазняк, які нібыта знаходзіцца ў тым жа палітычным лагеры, што і Дудкін, прадстаўлены не як аўтарытэтны дзеяч, а як радыкальны і маргінальны палітык, што спрабуе стварыць уласны цэнтр уплыву, але не мае рэальнай сілы.

У артыкуле няма ніводнага моманту, дзе б разглядаліся магчымыя палітычныя памылкі Циханоўскай, рознагалоссі ў яе камандзе або складанасці, з якімі яна сутыкнулася. Гэта адпавядае прынцыпу прапаганды, дзе адмоўная інфармацыя пра ключавую фігуру свядома прапускаецца, каб стварыць ідэалізаваны вобраз. Калі Дудкін і Пазняк падаюцца як супярэчлівыя або нават падазроныя фігуры, то пра Ціханоўскую гаворыцца толькі ў кантэксце таго, што яна з’яўляецца галоўным цэнтрам палітычнай вагі, які аспрэчваць бессэнсоўна.

Вобраз Зянона Пазняка

У дадзеным артыкуле вобраз Зянона Пазняка фармуецца з выкарыстаннем шэрагу прапагандысцкіх прыёмаў. Яго фігура прадстаўлена не ў якасці незалежнага палітычнага дзеяча або аўтарытэтнага лідара, а як маргінальная і радыкальная постаць, звязаная з сумнеўнымі асобамі і ініцыятывамі.

Адным з асноўных спосабаў стварэння негатыўнага вобразу з’яўляецца вінаватасць праз асацыяцыю. У артыкуле ён згадваецца ў адным кантэксце з Яўгенам Дудкіным, які ўжо дэманізаваны праз сувязь з КДБ. Гэта аўтаматычна выклікае негатыўную асацыяцыю: калі Дудкін – агент спецслужбаў, то ягоны саюзнік Пазняк таксама можа быць звязаны з нейкімі падазронымі схемамі. Такім чынам, аўтар матэрыялу не абвінавачвае Пазняка наўпрост, але фармуе ў чытача падсвядомую сувязь паміж імі, што пазбаўляе яго палітычнай самастойнасці і ператварае ў яшчэ аднаго “маргінала”, які аб’яднаўся з несур’ёзнымі або варожымі для апазіцыі людзьмі.

Для абгрунтавання сваёй пазіцыі выданне выкарыстоўвае фатаздымак, на якім Яўген Дудкін, Зянон Пазняк і Георгій Дзмітрук. Гэта візуальная маніпуляцыя, якая падмацоўвае ідэю, што яны дзейнічаюць адзіным фронтам і належаць да аднаго палітычнага лагера. У гэтым кантэксце фота не проста ілюструе факт іх прысутнасці на адной падзеі, а ўзмацняе наратыў аб іх “падазронай” сувязі, што адпавядае класічнаму прапагандысцкаму прыёму вінаватасці праз асацыяцыю.

Акрамя таго, выкарыстаны прынцып эмацыянальнай афарбоўкі, дзе Пазняк падаецца не як канструктыўны палітык, а як “зацяты крытык”. Гэта азначае, што ён не прапануе альтэрнатыву, а толькі “атакуе” іншых лідараў апазіцыі. У прыватнасці, ягоная крытыка Святланы Ціханоўскай апісваецца не ў форме палітычнага аналізу, а як бескарысная і неканструктыўная барацьба, што аўтаматычна ставіць яго ў апазіцыю не толькі да яе, але і да ўсёй “правільнай” апазіцыйнай супольнасці.

Таксама важна адзначыць, што ў артыкуле няма аналізу пазіцыі Пазняка або тлумачэння яго поглядаў. Ён згадваецца толькі ў негатыўным кантэксце, без магчымасці растлумачыць або аргументаваць свае палітычныя рашэнні. Гэта адпавядае прапагандысцкаму прынцыпу асіметрычнага падавання інфармацыі, дзе адны асобы (напрыклад, Ціханоўская) прадстаўлены выключна ў пазітыўным святле, а іншыя (напрыклад, Пазняк) з’яўляюцца толькі як “праблемныя” або “непатрэбныя” элементы палітычнага працэсу.

Яшчэ адзін механізм прапаганды, які выкарыстаны ў дадзеным матэрыяле, – дэкантэкстуалізацыя. Пазняк не згадваецца як гістарычны лідар беларускага нацыянальнага руху, заснавальнік БНФ або чалавек, які мае выразную палітычную платформу. У артыкуле ён прадстаўлены як апанент правільнага парадку рэчаў, які не мае дастатковай падтрымкі, але ўсё роўна спрабуе канфліктаваць з галоўным лідарам апазіцыі.

Такім чынам, уся канструкцыя артыкула пабудавана так, каб сфарміраваць вобраз Пазняка як ізаляванай і радыкальнай фігуры, чыя дзейнасць не мае істотнага ўплыву, а яго крытыка іншых апазіцыйных дзеячаў успрымаецца як дэструктыўная. Гэта адпавядае класічным прапагандысцкім прынцыпам, дзе супернік атакуецца не наўпрост, але праз маргіналізацыю, аслабленне яго палітычнай вагі і асацыяцыю з непажаданымі асобамі.

У артыкуле сцвярджаецца, што Яўген Дудкін быў адным з суарганізатараў акцыі ў Варшаве, праведзенай у супрацьвагу маршу беларусаў супраць фальсіфікацыі выбараў, у якім удзельнічалі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка. Аднак, паводле даступнай інфармацыі, Дудкін прысутнічаў на гэтай акцыі ў якасці журналіста, а не арганізатара.

Паводле аналізу прапагандысцкіх прыёмаў, у гэтых артыкулах выкарыстоўваюцца метады стварэння кантрасту паміж «сваімі» і «чужымі». Марш з удзелам Ціханоўскай прадстаўлены як асноўная падзея, якая аб’ядноўвае беларусаў, у той час як акцыя Пазняка падаецца як маргінальная і менш значная. Такі падыход фармуе ў чытача ўражанне, што асноўная маса беларусаў падтрымлівае Ціханоўскую, а прыхільнікі Пазняка знаходзяцца ў меншасці.

Акрамя таго, спасылка на акцыю ў Варшаве можа ўспрымацца як супрацьпастаўленне паміж «сапраўднымі» беларусамі і прыхільнікамі Пазняка, што можа наводзіць на думку, што тыя, хто падтрымлівае Пазняка, не з’яўляюцца часткай асноўнага беларускага руху. Гэта адпавядае прапагандысцкаму прыёму маргіналізацыі апанентаў праз падкрэсліванне іх адасобленасці ад асноўнай групы.

Выснова: адчыненным застаецца пытанне аб чым быў артыкул? Аб тым што з’явілася інфармацыя, што Дудкін з’яўляецца агентам КГБ,  ці аб тым, што Святлана Ціханоўская адзіны лідар беларускай апазіцыі? Артыкул фармуе адназначную карціну свету, дзе ёсць “правільныя” сілы, а ўсе іншыя альбо ворагі, альбо нязначныя гульцы. Гэта адпавядае класічным прапагандысцкім прыёмам маніпуляцыі грамадскай думкай. Пры гэтым на момант публікацыі артыкулу не была яшчэ апублікавана афіцыйная заява БХД, а сам Дудкін не прызнаецца у супрыцы з КДБ .

Аўтар артыкула Наталля Крывашэй – гісторык, медыяаналітык

Наталля Крывашэй – доктарантка Школы доктарскай Універсітэта ў Беластоку, даследуе гісторыю і медыяпрастору.

Скончыла Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне па спецыяльнасці “Dziennikarstwo i komunikacja społeczna” (журналістыка і сацыяльная камунікацыя) са спецыялізацыяй “рэдактар”. Асноўныя напрамкі навуковых і прафесійных інтарэсаў – стварэнне вобразаў у СМІ, механізмы маніпуляцыі і прапаганды.

Вартае ўвагі

21 лютага – міжнародны дзень роднай (Беларускай) мовы

(Кароткі рэфэрат, для школьнікаў і студэнтаў) Сёньня на Беларусі наша...

Заява “Асацыяцыі сваякоў і колішніх палітвязьняў”

Вызваленьне палітвязьняў неабходнае і магчымае, і патрабуе аб’яднання і пашырэньня намаганьняў усіх палітычных актараў

Рупары фальшывай палітыкі

Вызваленьне з турмы Паліны Шарэнды-Панасюк стала сьветлай падзеяй для...

Апошняе

21 лютага – міжнародны дзень роднай (Беларускай) мовы

(Кароткі рэфэрат, для школьнікаў і студэнтаў) Сёньня на Беларусі наша...

Канферэнцыя палітвязьняў у Варшаве (відэа)

20 лютага 2025 г. у Беларускім доме ў Варшаве...

Заява “Асацыяцыі сваякоў і колішніх палітвязьняў”

Вызваленьне палітвязьняў неабходнае і магчымае, і патрабуе аб’яднання і пашырэньня намаганьняў усіх палітычных актараў

Рупары фальшывай палітыкі

Вызваленьне з турмы Паліны Шарэнды-Панасюк стала сьветлай падзеяй для...

Стратэгія беларусаў у пэрыяд заканчэньня вайны ва Ўкраіне

Паважаныя спадарыні і спадары, паважаны спадар міністар Сікорскі, шаноўныя...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: