20 лютага ў Беларускім доме ў Варшаве адбылася канфэрэнцыя былых беларускіх палітвязьняў і сваякоў палітвязьняў для эўрапейскіх дыпляматаў і СМІ. Арганізатарам мерапрыемства выступіў рух “Вольная Беларусь”.
Асноўнай мэтай канфэрэнцыі стала асьвячэньне тэмы рэпрэсій у Беларусі і заклік да Эўропы выкарыстоўваць “гуманістычны падыход” дзеля вызваленьня людзей з турмаў. Асобна падкрэсьлівалася, што палітыка татальных санкцый супраць усяго насельніцтва Беларусі прадэманстравала сваю неэфектыўнасьць за апошнія 5 год.
На канфэрэнцыі выступілі з прамовамі былыя палітзьняволеныя Ірына Шчасная і Віктар Пархімчык, прадстаўніца “Асацыяцыя сваякоў і колішніх палітвязьняў” Сьвятлана Мацкевіч, жонка палітвязьня Дзяніса Івашына Вольга Івашына, беларускі адвакат, які непасрэдна працаваў з палітвязьнямі, а таксама лідар Руху “Вольная Беларусь” Зянон Пазьняк.
Былі прыведзеныя шматлікія факты катаваньняў у беларускіх турмах, якія можна расцэньваць як форму генацыду супраць беларускага народу. Агучаныя факты перасьледу за выкарыстаньне беларускай мовы ў турмах, а таксама навязваньне “рускага міру” вязьням. Цэнтральным тэзісам стаў заклік да Эўропы “дапамагчы Беларусі”, ратаваць чалавечыя жыцьця шляхам кантактаў і перамоваў, не штурхаць Беларусь у абдымкі Расеі санкцыямі.
На канфэрэнцыі прысутнічалі дыпляматы з Канады, Бельгіі, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Францыі, Румыніі, Чэхіі, Латвіі, Літвы, а таксама шэраг польскіх СМІ.
Арганізатары выпусьцілі наступны прэс-рэліз:
АБ ВЫЗВАЛЕНЬНІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ У БЕЛАРУСІ
(Р Э Л І З)
Праблема беларускіх палітычных зьняволеных зьяўляецца галоўным гуманітарным пытаньнем, якое патрабуе неадкладнага вырашэньня. На сёньняшні дзень ў вязьніцах рэжыму Лукашэнкі знаходзяцца тысячы людзей, асуджаных па сфабрыкаваных абвінавачаньнях.
На падставе сьведчаньняў і зьвестак, якімі мы валодаем, мы сцьвярджаем, што беларускія палітвязьні зьяўляюцца на справе палітычнымі палоннымі і закладнікамі прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі, які стварыў адмысловы тып турмы для палітзьняволеных. Лукашысцкая турма ўключае ў сябе вырабленыя фізічныя і псіхічныя катаваньні людзей, пазбаўленьне іх здароўя і жыцьця. (Некаторыя вязьні былі забітыя альбо памерлі ў турме ад пабояў.) Прытым палітыка рэпрэсій працягваецца ўвесь час, арышты адбываюцца кожны дзень. Створана сістэма схаванага генацыду беларусаў.
У аснове палітыкі па вызваленьні палітвязьняў павінен быць гуманістычны прынцып прыярытэту жыцьця чалавека. Чалавек ёсьць найвышэйшай жыцьцёвай каштоўнасьцю. Мы настойваем на выратаваньні беларускіх палітвязьняў усімі даступнымі спосабамі. Неабходны двухбаковы кантакт і перамовы эўрапейскіх палітыкаў са злачынным рэжымам Лукашэнкі аб вызваленьні турэмных закладнікаў і аб спыненьні масавых рэпрэсій.
На сёньняшні дзень зьяднаная Эўропа не прадэманстравала механізмаў для вызваленьня турэмных закладнікаў рэжыму Лукашэнкі.
Але апошнім часам тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі падае знакі гатоўнасьці да перамоваў з Эўразьвязам аб эканамічных санкцыях і закладніках і пачаў выпускаць вязьняў асобнымі групамі. Не прыняць гэтага сігнала ў такіх абставінах было б недаравальным працягам тупіковай палітыкі, адмаўленьнем ад эмпатыі і здаровага сэнсу.
Тым больш што эканамічныя санкцыі, якія рэалізоўвалася на працягу амаль пяці гадоў, не паўплывалі на ўладу рэжыму Лукашэнкі, але пагоршылі жыцьцё народа, спрыялі расейскай акупацыйнай дамінацыі над Беларусяй, выклікалі паварот нацыянальнай эканомікі, гандлю і настрояў грамадзтва ў бок Расеі і былі карысныя Пуціну, аслабілі дэмакратычныя праэўрапейскія прыхільнасьці людзей, сталі вынікам непрадуманай палітыкі, якая не ў стане вырашыць праблемы палітычных зьняволенных. Палітыка эканамічных санкцыяў супраць Беларусі вымагае грунтоўнай карэкцыі.
Цяпер зьявілася магчымасьць рэальна выцягнуць закладнікаў-беларусаў з турэмнай катоўні, уратаваць іхняе здароўе і жыцьці.
Мы зьвяртаемся да эўрапейскіх уладаў, палітыкаў і структур. Дапамажыце скарыстаць магчымасьць, просім вынікова дзейнічаць, уступаць у перамовы з тэрарыстамі аб вызваленьні турэмных закладнікаў. Нам патрэбны не дэкларацыі, а жывыя людзі на свабодзе, дзеля будучыні і дэмакратыі вольнай Беларусі.
7 люты 2025 г.
Беларускі Нацыянальны Сакратарыят Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь”.
Заява “Асацыяцыі сваякоў і колішніх палітвязьняў:
Асацыяцыя родных і былых палітвязьняў захоўвае сваю пазіцыю па запуску гуманітарнага трэка вызваленьня палітвязьняў праз перамовы.
Вызваленьне палітвязьняў неабходнае і магчымае, і патрабуе аб’яднання і пашырэньня намаганьняў усіх палітычных актараў.
Мы працягваем прытрымлівацца наступных прынцыпаў:
- Людзі перадусім — наш прыярытэт — выратаваньне жыцьцяў. Нам трэба, каб людзі вярталіся дадому жывымі, а не гераічна паміралі ў турме. Неадкладныя дзеяньні дзеля іх выратаваньня павінны быць вышэйшымі за доўгатэрміновыя палітычныя мэты.
- Канструктыўны дыялог дзеля дасягненьня адчувальнага прагрэсу, які прывядзе да вызваленьня ўсіх палітвязьняў і поўнага спыненьня рэпрэсій.
- Уступкі ў залежнасці ад вызваленьня — ніякіх выгод для рэжыму без вызвалення палітвязняў. Заходнія палітыкі не павінны адмаўляцца ад рычагоў уздзеяння без адчувальных гуманітарных крокаў у адказ.
- Паэтапныя і пашыральныя дзеяньні — вызваленне пачалося з невялікіх груп і павінна распаўсюдзіцца на больш шырокія групы, пакуль не будзе вызвалены кожны палітвязень.
Мы адзначаем, што за два гады з пачатку нашых заяваў і дзеянняў па разгортваньні гуманітарнага трэка, насуперак сьцвярджэньням пра ціск, відавочны пэўны прагрэс у вызваленні палітвязьняў праз перамовы, што дэманструюць амэрыканскія партнёры і іншыя палітыкі. Усё, што раней лічылася нерэальным, становіцца рэальнасцю.
Мы канстатуем, што палітычны кантэкст для дасягненьня задачы вызваленьня істотна зьмяніўся: гуманітарны трэк уключаецца ў шырокі працэс перамоў па Украіне і становіцца нагодай для далучэньня іншых актараў. Ключавымі палітычнымі гульцамі вызначаецца фармат перамоў па вайне ва Украіне, удакладняецца парадак дня. Паралельна падымаецца пытаньне аб вызваленьні палітвязьняў і ваеннапалонных ва Украіне і Расеі. Неабходнасьць захаваньня рамак правоў чалавека і дэмакратыі, гуманітарных і маральных аспектаў у гэтых перамовах становіцца асабліва вострай.
Мы лічым, што пытанне вызваленьня беларускіх палітвязьняў павінна разглядацца праз уключэньне Беларусі ў парадак дня перамоў з удзелам беларускіх палітыкаў.
Мы вітаем намаганьні амэрыканскага боку ў гэтым кірунку і спадзяёмся, што да працэсу актыўна далучацца эўрапейскія партнёры і каардынуюць свае дзеяньні.
Мы заклікаем усе палітычныя сілы з беларускага боку максімальна сканцэнтравацца на задачы вызваленьня палітвязьняў, зьнізіць канфліктнасьць і празмерную катэгарычнасьць з-за палітычных разыходжанняў, асабістых і групавых інтарэсаў, шукаць кропкі кампрамісу паміж сабой і прытрымлівацца ўстаноўкі на рэалізм і дасягненьне гуманітарных мэтаў.
Працэс вызваленьня палітвязьняў павінен быць працягнуты, рэпрэсіі павінны быць спынены. Прынцып «не нашкодзь» павінен стаць ключавым ва ўзаемадзеяньні ўсіх бакоў: не нашкодзь тым, хто яшчэ знаходзіцца за кратамі, не нашкодзь іх родным і блізкім, не нашкодзь Беларусі, сваім суграмадзянам і тым, хто дзейнічае і актыўна прасоўвае працэс вызваленьня ўсіх несправядліва асуджаных.
20.02.2025





