13 кастрычніка 2025

Беларускае нацыянальнае медыя

Татальная залежнасьць Беларусі ад Расеі

Зьнешні гандаль, энэргетыка, транзіт, фіскальная сфэра, манэтарная палітыка, зьнешні доўг, тэхналагічная забясьпечанасьць — усё гэта за апошнія тры гады аказалася амаль цалкам завязанае на Расею.

Эканаміст Дзьмітры Крук падзяліўся сваім бачаньнем эканамічнай сытуацыі ў Беларусі:

Рывок у росьце, які адбыўся пасьля пачатку вайны, выявіўся вельмі спэцыфічным. Беларускія прадпрыемствы займалі нішы, што вызваліліся ў Расеі, плюс у Расеі зьявіліся сэгмэнты новага попыту. Сюды ж наклалася і структурная праблема з працоўнай сілай у Расеі.

Другі год выкарыстоўваю для апісаньня гэтага стану тэрмін «татальная залежнасьць», ён нават прыжыўся ў публічнай прасторы. Тут маю на ўвазе тое, што па такіх верхнеўзроўневых эканамічных індыкатарах, як рост ВУП, інфляцыя, мы па сутнасьці цягнемся за Расеяй.

Такі стан мае, на жаль, вельмі трывалую аснову. У зьнешнім гандлі мы традыцыйна моцна залежалі ад Расеі. Але цяпер гэтая залежнасьць стала радыкальна большай, чым да пачатку вайны.

Да зьнешняга гандлю дадалася яшчэ шмат сфэраў, дзе без Расеі функцыянаваньне эканомікі будзе праблемным. Дыпляматычна кажучы — будзе схільным да шокаў. Сюды я б аднёс энэргетыку, транзіт, фіскальную сфэру, манэтарную палітыку, зьнешні доўг, тэхналагічную аснашчанасьць.

Усе гэтыя рэчы за апошнія тры гады аказаліся амаль цалкам завязанымі на Расею.

У выніку нашыя макраэканамічныя індыкатары амаль пад кальку дублююць тое, што адбываецца ў Расеі.

Сярод заходніх эканамістаў, якія займаюцца прагнозамі па краінах Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, ходзіць такі жарт: навошта напружвацца і спрабаваць прагназаваць, што будзе адбывацца з эканомікай Беларусі? Можна проста паглядзець на гатовыя прагнозы па расейскай эканоміцы і паставіць тыя ж лічбы. Дык вось, у апошнія год-два гэта ўжо не зусім жарт, такі падыход часта спрацоўвае.

Аднаўленьне ІТ за кошт пераарыентацыі на расейскі рынак вельмі падобнае да таго, як у 2022–2023 гг. прамысловыя кампаніі займалі вызваленыя нішы на расейскім рынку і думалі, што гэта можа працягвацца бясконца. Але гэта рынак, па-першае, з дрэннымі пэрспэктывамі росту. А па-другое, ён адстае ў тэхналагічным пляне. Таму для кампаніяў гэта можа аказацца дрэнным выбарам з гледзішча доўгатэрміновай канкурэнтаздольнасьці, устойлівасьці і пэрспэктываў па-за межамі двух-трох бліжэйшых гадоў.

Тэхналагічнае адасабленьне Расеі і яе адыход у паралельную рэальнасьць ад разьвітага сьвету робяць яе дрэнным месцам для цеснага збліжэньня. Па сутнасьці, абраўшы варыянт такога збліжэньня, ты разам зь ёй сыходзіш у нейкую паралельную рэальнасьць, дзе існуюць зусім іншыя правілы вядзеньня бізнэсу і канкурэнцыі. Ці зможаш ты вярнуцца пасьля гэтага ў «нармальную» рэальнасьць?

Тое, што Расея ня зможа стварыць свой уласны альтэрнатыўны ІТ-свет, для мяне амаль відавочна. Вядома, яны будуць спрабаваць. Але калі беларуская кампанія стане канкурэнтаздольнай там, гэта будзе азначаць, што вярнуцца ў больш маштабную заходнюю ІТ-рэальнасьць і зноў стаць канкурэнтаздольнай там для яе будзе ўжо немагчыма.

Што будуць рабіць улады? Будуць спрабаваць нейк «за вушы» эканоміку з гэтага балота выцягнуць. Напрыклад, крыптавалютамі. Ніякай працоўнай стратэгіі я не бачу. Важна і тое, што гэты сцэнар цалкам прывязаны да Расеі і адбываецца пры вельмі аслабленым мэханізьме эканамічнай палітыкі, дзе зашкальвае ўплыў палітычнага валюнтарызму.

Росту амаль ня будзе, а верагоднасьць шокаў, рэцэсіі, спадаў і росту інфляцыі будзе даволі вялікай. Любыя зьнешнія пагрозы, зьвязаныя і з Беларусьсю, і, што яшчэ важней, з Расеяй, імгненна будуць уплываць на Беларусь. Бо ў такой ступені прывязкі нашай эканомікі ўсе праблемы Расеі, на жаль, практычна напэўна робяцца і нашымі праблемамі.

Крыніца: https://devby.io/be/news/otskok-dohloi-koshki-by

Аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў

У лукашысцкай катавальнай турме (рэжым зрабіў адмысловую катоўню для...

Апошняе

Аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў

У лукашысцкай катавальнай турме (рэжым зрабіў адмысловую катоўню для...

Актывістку Сьвятлану Каваленка асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі»

Актывістку Святлану Каваленка, якая пратэставала супраць інтэграцыі Беларусі ў...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: