13 студзеня 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Рупары фальшывай палітыкі

Вызваленьне з турмы Паліны Шарэнды-Панасюк стала сьветлай падзеяй для вольных беларусаў. Тым больш, што жанчыне ўдалося выехаць за мяжу і ўзьяднацца з сям’ёй у Летуве. Вядома, што ў грамадзтве кароткая памяць, і нямногія адзначылі важны факт. Вызваленьне Шарэнды-Панасюк і дзесяткаў іншых палітвязьняў фармальна адбылося пасьля звароту Зянона Пазьняка да дыктатара Лукашэнкі. Пасьля таго, як Зянон Пазьняк заклікаў да выратаваньня чалавечых жыцьцяў праз перамовы з дыктатурай, праз адмену антыбеларускіх санкцый ў абмен на выйсьце палітычных зьняволеных на волю (дарэчы, канкрэтна было сказана пра вызваленьне сп. Шарэнды-Панасюк). У выніку дыктатура дала знак, што перамовы на такіх умовах магчымыя.      

Тут дададзім, што Лукашэнка прымае рашэньні сам і нікога ніколі ня слухае. Але назіраньні паказваюць – ён не прапускае міма вушэй таго, што кажа ягоны палітычны праціўнік Пазьняк. Прытым прапаганда рэгулярна маніпулюе  выказваньнямі Пазьняка. Мы ўжо ня кажам пра тое, што каб зьвярнуцца з просьбай да дыктатара, які планаваў яго забіць, палітыку трэба было пераступіць праз сябе.

Таксама цяпер мы бачым, што пазыцыя НВР “Вольная Беларусь” аб тым, што вызваліць беларускіх закладнікаў у гэтых умовах можна толькі праз перамовы з тэрарыстычным рэжымам, ёсьць правільнай і дае вынікі.

Толькі што ў выніку перамоваў  прадстаўнікоў амэрыканскай адміністрацыі з рэжымам Лукашэнкі былі вызваленыя тры закладнікі – журналіст Андрэй Кузьнечык, актывістка Алена Маўшук і амэрыканскі грамадзянін. Калі Эўразьвяз не прыслухаецца да прапановаў НВР “Вольная Беларусь” аб вызваленьні закладнікаў праз перамовы з тэрарыстамі, то зьвяртацца трэба будзе, відаць, да Злучаных Штатаў і да адміністрацыі Прэзыдэнта Трампа, спадзеючыся на добрую волю Амэрыкі.

Але вернемся да вызваленьня Паліны Шарэнды-Панасюк. У першым жа публічным выступе ў Вільні П. Шарэнда-Панасюк заявіла, што “за чатыры гады ня вызвалілі ніводнага вязьня”, маючы на ўвазе правал стратэгіі санкцый і так званага “міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі”. Аднак ужо ў наступных прамовах пад уплывам, як было відаць, Н. Радзінай і іншых асобаў з «Хартыі-97», яна зьмяніла рыторыку і аргумэнтацыю ды пачала заклікаць да “санкцый і ціску”. Забыўшыся, што свайму вызваленьню яна абавязана якраз тактыцы сваіх перамоваў з тэрарыстамі, якія трымаюць у палоне беларускіх закладнікаў.

Цяпер П. Шарэнда-Панасюк, гэтак жа як і Н. Радзіна, пачала рэзка выступаць супраць якіх-кольвечы перамоваў з рэжымам. Аднак у яе разважаньнях няма логікі. Сама яна якраз уступала ў перамовы з прадстаўнікамі рэжыму (з тэрарыстамі). Нават падпісвала паперы аб супрацоўніцтве са спэцслужбамі КГБ (яна прызналася ў гэтым публічна, з мэтай дэзавуяваць вярбоўку). Значыць, каб выратаваць сваё жыцьцё і выйсьці на волю, можна пайсьці на кампраміс і ўступіць у перамовы з тэрарыстамі. А потым, ужо на волі, можна адмаўляць іншым ў магчымасьці перамоваў з рэжымам, каб вызваляць закладнікаў, што засталіся ў турме.

Адкуль такая мякка кажучы непасьлядоўнасьць? Можна патлумачыць такія паводзіны і рыторыку асобы перажытым стрэсам, “паветрам свабоды, якое ўдарыла ў галаву”. Магчыма, што ўсё гэта мае месца ў такой сытуацыі для жанчыны, якая перажыла зьдзекі і катаваньні ў лукашысцкай турме.

Але ёсьць яшчэ адзін важны чыньнік у псіхалягічнай карціне падзей. П. Шарэнда-Панасюк сустрэла ня толькі сям’ю і шчырых людзей, якія перажывалі за яе лёс. На прэс-канфэрэнцыі, дадзенай спадарыняй Палінай неўзабеве пасьля свайго вызваленьня, (не пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, а пад штучнай сымволікай Эўразьвязу) побач зь ёю знаходзіцца ў якасьці мэнтара ўпамянутая намі Натальля Радзіна, дзеячка “Хартыі-97” – палітычнага фантома, які дэманструе доўгажыхарства, дзякуючы брусэльскім грантам і падтрымцы з боку чужой вырабленай  дзейнасьці. Гэта ёсьць тая самая Натальля Радзіна, якая рэгулярна заклікае бамбаваць Беларусь, горад Мазыр, душыць эканоміку нашай краіны санкцыямі – усё ў імя “высакароднай мэты”: ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі. Калі ў двух словах: маўляў, трэба разбурыць Беларусь, каб не было дыктатуры (дакладней, зьнішчыць дыктатуру разам зь Беларусяй). А таксама трэба не спыняцца і  душыць Беларусь агульнымі эканамічнымі санкцыямі, каб рэжым выпусьціў палітвязьняў. (Пяць гадоў душаць, загналі беларускую эканоміку і гандаль ў Расею, а палітвязьняў толькі большае і катаваньні працягваюцца.)

Разважаць пра бамбаваньне беларускай тэрыторыі і эканамічныя санкцыі супраць народу Беларусі Н. Радзінай лёгка. Яна з калегамі па палітбізнэсу не ў турме і не пад бомбамі, існуе на брусэльскія ўліваньні і на працу ня ходзіць. Безумоўна, П. Шарэнда-Панасюк апынулася пад уплывам гэтай асобы і яе атачэньня ды пачала агучваць іхнія “ідэалагемы”.

Маладзейшыя беларусы хутчэй за ўсё ня ведаюць пра “паліт. шлях” Н. Радзінай. Справа ў тым, што ў «смі» створаны ідэалізаваны партрэт, які не супадае з гістарычнай рэальнасьцю.

Нагадаем некаторыя факты. У 2010 годзе, а менавіта ў крывавую нядзелю 19 сьнежня, Н. Радзіна брала ўдзел у шматтысячным шэсьці на Цэнтрвыбаркам у Менску, якое скончылася міліцэйскім пагромам і далейшымі рэпрэсіямі. Н. Радзіна была арыштавана і ськіравана ў родны Кобрын пад міліцэйскі дагляд. У сакавіку 2011 года ёй удалося ўцячы зь Беларусі і апынуцца ў Маскве (!). Ня маючы пры гэтым дакумантаў. Нагадваем, што перасоўвацца па Расейскай Фэдэрацыі ўжо тады без пашпарта было немагчыма: у Расеі тады і дагэтуль квіткі на праезд не прадаюць без прад’яўленьня пашпарта. З гэтага робім дапушчэньне, што пад Н. Радзіну, магчыма, невядома кім была арганізавана лакальная апэрацыя.

Давайце меркаваць паводле далейшых падзей. У Маскве яе гасьцінна сустрэлі расейскія таварышы. Н. Радзінай апекавалася Сьвятлана Ганнушкіна, член Савета пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі па садзейнічаньні разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека. С. Ганнушкіна зьвязалася з Крамлём. І ня проста з Крамлём, а з важнейшым тады чалавекам у Крамлі Уладзіславам Сурковым, намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Яго называюць распрацоўшчыкам ідэалёгіі пуцінізма, аўтарам «глубінного народа» і «русского свету». Гэты “ідэёлаг” важная фігура ў пуцінскіх спэцслужбах. Праз некалькі гадоў, у лютым 2014 года, ён будзе накіраваны ў камандзіроўку ў Кіеў. Там ён будзе камандаваць расстрэламі ўкраінскіх патрыётаў на Майдане. 

З гэтым “ідэёлагам” (які на той час ўжо быў віцэ-прэм’ерам ураду Расеі) Сьвятлана Ганнушкіна арганізавала  Н. Радзінай спатканьне. Перамовы з высокапастаўленым службістам атрымаліся выдатна. Ул. Суркоў дапамог Н. Радзінай атрымаць часовы пашпарт адной з краінаў Эўразьвязу і, заручыўшыся падтрымкай прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева на выдачу замежнай візы Радзінай, накіраваў яе (“ахвяру рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі”) на эміграцыю ў Нідэрлянды. (Верым, што безкарысна і без вярбоўкі.) Пазьней яна апынулася ў Летуве, затым у Польшчы.

Мяркуеце, што пра гэтыя прыгоды апэратыўна паведамілі нам тады “незалежныя беларускія СМІ”? Не, яны маўчалі. Першы расповед пра падарожжы і пераўтварэньні кобрынскай Папялушкі апублікавала праз паўгода пасьля падзей аўтарытэтная французкая газэта “Фігаро” (Le Figaro. 17.10.2012). Праз месяц пасьля гэтага азваліся «Наша ніва» (20-ХІ-2012) і радыё Свабода (20-ХІ-2012), апошняя з пераказам радзінскай метамарфозы пад кур’ёзным тытулам «Расея спужалася Радзінай».

Калі б  такое пра Маскву-Крэмль і пра такога  «палітыка» стала вядома, скажам, у Польшчы, то гэтая асоба перастала б існаваць у польскай палітыцы. Зьявіліся б фэльетоны пра крамлёўскага пратэжэ, з гэтага сьмяяліся б. А у нас хоць бы што. «Ксіва з Крамля» толькі дадае большага фасону журналістцы “Хартыі”.

Такім чынам, рупарамі палітыкі пад знакам “ніякіх перамоваў з рэжымам Лукашэнкі” і “задушэньня Беларусі эканамічнымі санкцыямі” выступаюць асобы, якія, каб вырашыць свае асабастыя праблемы, і ў перамовы ўступалі, і паперы падпісвалі, і пра санкцыі на пэўны час забываліся.

Можна меркаваць, што цяпер Паліну Шарэнду-Панасюк разам з Натальляй Радзінай будуць вазіць па Эўразьвязе і выкарыстоўваць як “гуманітарны рэсурс” у антыбеларускай палітычнай гульні Брусэля. Практыка паказала, што ні дыктатуру Лукашэнкі нельга ліквідаваць такім чынам, ні палітвязьняў вызваліць. Тысячы нашых людзей застануцца за кратамі у пакутах і катаваньнях.  Рэжым яшчэ мацней будзе прывязвацца да Масквы.

Але перамены будуць. Гуманістычная вызвольная пазыцыя пераможа. Будуць вольнымі ня толькі беларускія вязьні рэжыму, але і ўся Беларусь.

13 люты 2025 г.

Уладзімер Маеўскі

          

Урад Нікарагуа вызваляе палітвязьняў пад ціскам ЗША

Урад Нікарагуа абвясьціў у суботу, што вызваляе дзясяткі зьняволеных...

Грузія далучаецца да паляваньня на расейскі “ценявы флот” ?

У тэрытарыяльных водах Грузіі за парушэньне правілаў суднаходзтва быў...

Апошняе

85 гадоў таму нарадзіўся Ўладзімер Мулявін

12 студзеня 1941 году нарадзіўся Ўладзімер Мулявін.  Уладзімер Мулявін унёс...

Урад Нікарагуа вызваляе палітвязьняў пад ціскам ЗША

Урад Нікарагуа абвясьціў у суботу, што вызваляе дзясяткі зьняволеных...

Грузія далучаецца да паляваньня на расейскі “ценявы флот” ?

У тэрытарыяльных водах Грузіі за парушэньне правілаў суднаходзтва быў...

❄️ Другі «Хаўер»: цыклён «Уллі» засыпае Беларусь сьнегам

Беларусь сутыкнулася з наступствамі магутнага цыклёну «Уллі», які ўжо...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: