18 кастрычніка 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

“Лыжка дзёгцю” да юбілею Васіля Быкава

Вылілася яна ў адрас Васіля Уладзіміравіча з рук Алеся Чайчыца, які апошнім часам ўзяў на сябе ролю крытыкаваць знакавых асобаў, да якіх яму ніяк інакш не дацягнуцца. Менавіта пад гэтым загалоўкам ён зьмясьціў у інтэрнэце свае сумніўныя развагі наконт асобы пісьменьніка.

Сёлета па цэлым сьвеце па ініцыятыве Рады БНР ў беларускіх асяродках шырока адзначаўся 100-гадовы юбілей Васіля Быкава. У Беларусі такой актыўнасьці не назіралася. Аднак, нават лукашэкаўскія прапагандысты не адважыліся скарыстаць юбілей для негатыўных выступаў у адрас пісьменьніка і грамадзкага дзеяча.  А вось сп. Чайчыц сьмела ўзяў на сябе гэтую ролю.

Пад выглядам “абьектыўнага  аналітыка” Алесь Чайчыц выказвае сумнеў, ці ёсьць справядліва, што імя Быкава занадта  высока і не зусім  заслужана ўсхваляецца беларускай грамадзкасьцю. Моў, служыў ён савецкай уладзе, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, атрымліваў высокія дзяржаўныя ўзнагароды з рук савецкага кіраўніцтва. Чайчыц лічыць, што літаратурная творчасьць Быкава на тэму вайны дапамагала савецкай уладзе гераізаваць Айчынную вайну. Неяк нават падумалася, ці чытаў ён Быкава ўвогуле? Не згадвае “крытык”, што падзеі  ў творах Быкава перажытыя ім самым і таму так праўдзіва апісаныя аўтарам, што якраз і адрозьнівала яго ад іншых савецкіх творцаў.

Да таго, як атрымліваць заслужаныя ўзнагароды і засядаць у Вярхоўным Савеце, Быкаў  меў за сабою цяжкі жыцьцёвы шлях – беднае вясковае дзяцінства, з 18 гадоў у войску, прайшоў праз усю вайну. Ягоная маладосьць праходзіла ў баях, у крыві, у гразі франтавых дарог. У жорсткіх умовах вайны ён застаўся чалавекам, захаваў сваю гуманнасьць і маральнасьць і з гэтых пазыцый апісаў для нас усю трагічнасьць ваенных падзей, іх несумяшчальнасьць з патрэбамі нармальнага чалавечага жыцьця. Ён заслужыў свае ўзнагароды, тыя, якія на той час існавалі. Як і ўсе мы, ён жыў  у тых савецкіх абставінах, мусіў нешта прымаць. Але, маючы такі жыцьцёвы вопыт, ён раней за многіх разумеў патрэбу ў пераменах і актыўна далучыўся да адраджэнскай дзейнасьці. Гэта быў ягоны не фальшывы, але асэнсаваны выбар.

Васіль Уладзіміравіч быў сьціплым чалавекам, не шанаваў высока матэрыяльны дабрабыт, надмерна не ганарыўся ўзнагародамі, не хадзіў па ўладных кабінетах, выбіваючы для сябе нейкія ільготы.

А цяпер пра тое, ці мае маральнае права Алесь Чайчыц выстаўляць нейкія прэтэнзіі за мінулае нашаму выдатнаму пісьменьніку, які складае гонар нашай нацыі. Які жыцьцёвы вопыт дазваляе яму гэта рабаіць?

Можа той, які набыты ім у дзяцінстве і маладосьці?  У адным са сваіх інтэрвю ён з гонарам заявіў: “ Я дзіця Масквы”. І не проста нейкай працоўнай Масквы, а маскоўскай праўладнай савецкай эліты, што кармілася ў асобных сталоўках і атрымлівала пайкі, якія ў вочы не бачылі звычайныя масквічы. Рос у сямьі савецкага дыплямата з усімі выгодамі. Ягоны бацька  Віктар Мікалаевіч Чайчыц , беларус, родам з вёскі Зьдзітава Брозаўскага раёну Берасьцейскай вобл.. Некалі паехаў вучыцца ў Маскву, скончыў знакаміты  МГІМА – Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў і працаваў у 1984-88 гадох на пасадзе рэфэрэнта, атташэ Гэнеральнага консульства СССР у Заходнім Бэрліне. Пасьля распаду СССР і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, як беларус па паходжаньні, Чайчыц працягнуў дыпляматычную службу ў амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Боне (Нямеччына), а потым  у амбасадзе РБ у Аўстрыі па 2001 год. Тут узьнікае  пытаньне, ці ўзяўся за гэтую працу з патрыятычных пачуцьцяў, ці быў накіраваны туды Масквою? Пазьней вярнуўся ў Маскву, абараніў  кандыдацкую дысертацыю ў Дыпляматычнай акадэміі Міністэрства замежных справаў Расеі па тэме, зьвязанай з Беларусьсю.

На сайце Рэгіянальнай грамадзкай арганізацыі  «Нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Масквы» ёсьць імя Віктара Мікалаевіча Чайчыца. Гэта абсалютна прапуцінская і пралукашэнкаўская арганізацыя.

Дарэчы, з той жа вёскі Зьдзітава паходзіць і яшчэ адзін Чайчыц – Віктар Іванавіч Чайчыц (нар. 24 жніўня 1960), адвакат і дзяржаўны дзеяч. З 2013 году да нядаўняга часу быў старшынём Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Беларусі, чалец Савета Рэспублікі. Не выключана, што можа быць раднёю бацькі  Алеся Чайчыца.

Сам Алесь Чайчыц скончыў элітны Фінансавы унівэрсытэт пры ўрадзе Расейскай Фэдэрацыі. А потым апынуўся ў замежжы і стаў актыўна ўлівацца ў беларускую дыяспару. Беларускія незалежныя СМІ з ахвотаю сталі браць яго ў якасьці аналітыка, на іх сайтах можна знайсьці толькі кароткую інфармацыю, што Чайчыц жыў і працаваў у Маскве і быццам па гэтай прычыне ён зьяўляецца спецыялістам па Расеі. Не ўказваецца, дзе і кім працаваў у Расеі і дзе працуе цяпер. Аднак, вядома, што пасьля Латвіі і Лёндана асталяваўся ў Мюнхене, дзе ёсьць расейскі кансулят.

Тыя закіды, якія сп. Чайчыц выстаўляе ў адрас Быкава, у поўнай меры можна суаднесьці і да ягонай біяграфіі.

Нядаўна публічны розгалас атрымаў  канфлікт сп. Чайчыца з Радаю БНР, сябрам якой стаў у Лёндане. Так, як сёньня Васіля Быкава, крытыкаваў і нават абражаў  старшыню Рады БНР  шаноўную Івонку Сурвілла, з-за чаго быў часова выдалены са складу Рады, а потым і ўвогуле адмовіўся ад сяброўства.

Ці не стане такі “крытычны” падыход да вядомых асобаў беларускага нацыянальнага руху заняткам сп. Чайчыца і надалей? Можа стацца, калі беларускае грамадзтва будзе гэта талераваць.

Ганна Сурмач

Вартае ўвагі

Стратэгія. Ці магчымы перамены?

Агульная канцэпцыя дзеяньня апазіцыі і грамадства для пераняцьця ўлады...

Пра злачынства і вызваленьне

Перад паездкай ва Украіну (21.ІХ-01.Х.2024) я зьмясьціў у ФБ...

Паездка прадстаўнікоў Вольнай Беларусі ва Украіну

Ад 21-га верасьня па 1-ы кастрычнік прадстаўнікі Нацыянальнага-Вызвольнага Руху...

Апошняе

Стратэгія. Ці магчымы перамены?

Агульная канцэпцыя дзеяньня апазіцыі і грамадства для пераняцьця ўлады...

Пра злачынства і вызваленьне

Перад паездкай ва Украіну (21.ІХ-01.Х.2024) я зьмясьціў у ФБ...

Паездка прадстаўнікоў Вольнай Беларусі ва Украіну

Ад 21-га верасьня па 1-ы кастрычнік прадстаўнікі Нацыянальнага-Вызвольнага Руху...

Маніпуляцыі і вайна са здаровым сэнсам

Даўно вядома, што адным з простых механізмаў маніпуляцый у...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: