Амэрыка
На сёньняшні дзень прэзыдэнт Трамп — гэта рэальны палітычны лідар кансэрватыўна-дэмакратычнага папулісцкага кшталту, які можа нанесьці ўдар па разбуральнай практыцы левага глабалізму. Левы (менавіта левы) глабалізм — вялікая небясьпека для дэмакратыі, для Беларусі, Украіны і атлантычнай цывілізацыі.
Найперш гэта можа быць удар па тэндэнцыях нэамарксізму, паразітнаму калектывізму і па ўсёй збочанай карумпаванай лева-лібэральнай (фактычна, марксісцкай) амаральнай практыцы грамадзкіх дачыненьняў у Амэрыцы. З такой задачай, мяркую, складана было б справіцца цяпер, напрыклад, інтэлігентнаму Рональду Рэйгану. Бо іншы час, іншае становішча, іншыя людзі. Перакуліць цяперашнюю збочаную рэчаіснасьць змог бы якраз такі нацэлена рашучы чалавек, як Дональд Трамп. Людзям са здаровым розумам варта падтрымліваць Трампа, нават калі яго асоба каму не падабаецца, бо ён запатрабаваны часам і сітуацыяй.
Лева-дэмакратычны, па сутнасьці, марксісцкі сьвет вельмі агрэсіўна, часам з шаленствам, ўспрымае «кансэрватыўную рэвалюцыю Трампа», пры тым пазьбягае маральных і светапоглядных тэмаў (адчуваючы крах), разьвівае дэмагогію па эканоміцы, палохае людзей «армагедонам» (тут тыпова лявацкае), параўноўвае, напрыклад, мытную палітыку Трампа з эпохай «вялікай дэпрэсіі» 1920-1930-х гг.
Заўвага сур“ёзная, але на сёньняшні дзень тут шмат схаластыкі. Цяпер іншы час, іншыя хуткасьці, іншыя тавары, іншыя дачыненьні, іншая Амэрыка. Гэта цяпер самая вялікая эканоміка і самы вялікі рынак у сьвеце, а даляр — сусьветная валюта. 30-я не паўторацца. У сістэме, якую прапанаваў Трамп, краінам ня выгадна павышаць мыта ў адказ (зручней нават абнуліць пошліны), што некаторыя і зробяць. Трамп гатовы да свабоднага бяспошліннага гандлю.
Трамп пайшоў, вядома, на пэўную рызыку. І рызыка тут (што мы ўжо бачым) ня столькі эканамічная, колькі палітычная. Гэта выдатна. Палітыка ёсьць мастацтва немагчымага. Інакш ня будзе руху. Небясьпека, аднак, на мой погляд, у тым, што ўсё робіцца адначасна: тарыфы, папярэджаньне Ірану (якое па логіцы трэба выканаць) і асабліва другасныя санкцыі на расейскую нафту, газ і ўран (што па логіцы таксама трэба выканаць) плюс спыненьне расейскай вайны супраць Украіны.
Трамп прапанаваў лагодны парадак павелічэньня тарыфаў — не люстраны, а палавіну мытнага балансу. Такі падыход мае магчымасьць справядлівага ўладкаваньня. Рашэньне Трампа выглядае разумным і патрэбным для Амэрыкі. Астатняе пакажа рэчаіснасьць. (ЗАЦЕМКА. Трамп хача скарыстаць мытную палітыку для направы найважнейшай палітыка-эканамічнай праблемы цяперашніх ЗША: вярнуць амэрыканскі бізнэс, вытворчасьць, прамысловасьць у Амэрыку. За часы разгулу дэмакратычнага пацыфізму, неразумных разважаньняў пра «канец гісторыі» і наіўных ўяўленьняў (пасьля краху СССР) пра мір на ўсім сьвеце амэрыканскі бізнэс і вытворчасьць перасяліліся ў тыя краіны, дзе танная рабочая сіла, меншыя падаткі і мыты. Амэрыка гэтаму спрыяла, стварала з сябе дзяржаву на гліняных нагах. Стратэгічна – асабліва на пэрыяд вайны — гэта ўразьлівае становішча для народа і для дзяржавы. Цяпер такое неабходна выпраўляць. Трамп бярэцца.)
Для калектыўнай масы людзей з марксісцкім ўспрыняцьцем грамадзтва і спажывецкім адчуваньнем свабоды здаецца, што валіцца існуючы парадак сьвету, бо Трамп перарабляе яго. Вецер у ветразі. Будзе лепшы парадак. І памятайма — вельмі важна, каб у лепшым парадку сьвету была Беларусь. Беларусь перадусім.
Эўропа
Сучасная левая Эўропа (супольнасьць Эўразьвязу) перажывае тыповы левы сістэмны крызіс дэмакратыі. Крызіс дэмакратыі – зьява небясьпечная для грамадзтва. Яно можа проста разваліцца. Павінен быць штуршок, які б вывеў Эўропу з становішча сацыяльнай і маральнай дэградацыі беспэрспэктыўнага існаваньня. Такім штуршком робіцца Трамп, ягоная жорсткая неапякунчая палітыка ў дачыненьні да Эўропы.
Тым часам Трамп ёсьць і застанецца палітычным саюзьнікам Эўропы. Тут узаемныя інтарэсы. Праўда, мала шансаў, каб Эўропе, якой яна цяпер ёсьць, без маральных і цывілізацыйных ідэалаў, нешта магло б дапамагчы пасьля яе палітыкі культурнага суіцыду (адмаўленьне ад хрысьціянскай веры і хрысьціянскай маралі, засяленьне цывілізацыйна чужых адсталых масаў людзей з Афрыкі і Азіі.)
Акупацыя без вайны йдзе поўным ходам, і галоўным рэсурсам паўзучай заваёвы тэрыторыі Эўропы становіцца азіяцкая і афрыканская неразбэшчаная жанчына (што народжвае па 10-12 дзяцей і ня робіць абортаў). Калі нічога ня зьменіцца, то вырашыць усё дэмаграфія. Сучасная Эўропа недзеяздольная. Яшчэ 30-35 гадоў геданістычнага бязвольнага эўра-існаваньня і тыя эўрапейцы, што застануцца, будуць жыць ў халіфаце па законах шарыята. Астатнія, якія пасьпеюць уцячы, асядуць, магчыма, дзе-небудзь у паўднёвай Амэрыцы (альбо на Грэнляндыі). Тут сарказм, але разумным на заметку.
Вывад Эўропы са становішча маральнай энтрапіі, сацыяльнага тупіка, панаваньня бюракратыі і фальшывай ідэалогіі левізны, умацаваньне абароназдольнасьці эўрапейскіх краін (калі б тое ўдалося) спрыяла б партнёрскім дачыненьням з Амэрыкай. Гэта неабходна таксама для будучыні Беларусі, бо пашырыць сфэру свабоды і павялічыць шанс пазбавіцца ад антынароднага рэжыму Лукашэнкі і ад расейскай залежнасьці.
Пэрспэктава для Беларусі цяпер магла б палепшыцца, калі б ўдалося навязаць патрэбныя (перш за ўсё эканамічныя) дачыненьні з Амэрыкай. Механізмы ёсьць. (Удакладняю, справа йдзе пра антынародны нелегітымны рэжым Лукашэнкі, бо іншай рэальнай улады не існуе.)
(ЗАЦЕМКА. Наконт антынароднага рэжыму. Паўтараю відавочнае. Галоўны сэнс барацьбы — ліквідаваць антыбеларускі рэжым Лукашэнкі і збавіцца ад расейскай пагрозы. Але становішча настолькі нядобрае, што цяпер усім беларусам (па-над падзеламі), усёй нацыі трэба дбаць, як захаваць дзяржаву Беларусь ад магчымай ліквідацыі варожымі сіламі.
Палітыка Масквы і рэальная палітыка Эўразьвязу (апошняя найбольш выяўлена ў пазыцыі эканамічных санкцыяў) накіравана на тое, каб уключыць Беларусь у сфэру ўплыву Расеі як геапалітычную тэрыторыю.
Палітыку выштурханьня Беларусі ў сфэру Расеі, фактычна, падтрымлівае таксама так званая гібрыдная (агентурная) эўра-грантавая антылукашысцкая апазыцыя за мяжой, якая ярасна выступае за эўразьвязаўскую палітыку эканамічных санкцыяў супраць беларускага народа.
Тым часам зьберажэньне незалежнай беларускай дзяржавы ў сытуацыі расейска-украінскай вайны і яе магчымых вынікаў ёсьць нацыянальны інтэрас для ўсёй беларускай нацыі. У нацыянальным інтарэсе беларусаў ёсьць таксама патрэба наладзіць дачыненьні Беларусі з Амэрыкай, каб адцягнуць краіну з расейскай пасткі ў бок вольнага сьвету.)
Сітуацыя можа адчувальна перамяніцца не ў карысьць Расеі, калі ЗША ўвядуць (магчыма) другасныя санкцыі супраць расейскай нафты, газу і ўрану (пагражаюць павысіць мыта да 500%). Гэта жорсткая мера, якая закране ня толькі Расею, але Індыю, Кітай, Эўразьвяз і інш. Тут усё ня проста. Другасныя санкцыі, калі б яны ўдаліся, магчыма, маглі б прымусіць Пуціна (як мяркуе, відаць, Трамп) спыніць ваенныя дзеяньні і пагадзіцца на перамовы аб міры.
Праўда, аднак, такая, што ў створанай сітуацыі наўрад ці Масква дасьць у тыл і згодзіцца на мір не на сваіх умовах. Спатрэбяцца нейкія надзвычайныя захады, каб давесьці мірны план да завяршэньня ў становішчы, калі ўсё можа вырашыцца толькі збройнай сілай.
Зянон Пазьняк.