На 36-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Нью-Ёрку ўдзельнікі прапанавалі пачаць працу над стварэньнем Сусьветнага Беларускага Кангрэсу (СБК). У сустрэчы ўдзельнічалі каля 100 прадстаўнікоў Беларусі, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі і Польшчы.
Гаворка пакуль не пра стварэньне новай арганізацыі, а пра запуск працэсу шырокага абмеркаваньня. Як адзначаецца ў матэрыялах сустрэчы: «Эпізадычнае супрацоўніцтва больш не адказвае сучасным патрэбам. Патрэбны сталы мэханізм камунікацыі і каардынацыі».
Алесь Кот, Старшыня Канадыйскага сэктару Рады БНР: «Сасьпела патрэба ў сусьветнай Беларускай каардынуюча-прадстаўнічай структуры».
Ганна Сурмач, заступніца старшыні Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня: «Мы маем разгледзець пытаньне аб закладаньні Сусьветнага Беларускага Кангрэсу».
Пры гэтым падкрэсьліваецца, што СБК ня мусіць падпарадкоўваць сабе існыя арганізацыі, а павінен захаваць іх аўтаномію. Пытаньні структуры, прадстаўніцтва, паўнамоцтваў і фінансаваньня яшчэ трэба вырашыць.
Ідэю пракаментаваў Зянон Пазьняк:
«Гэта высакародная і неабходная справа ў час, калі ворагі чалавецтва вынішчаюць беларускую культуру і нацыю».
Пазьняк заклікаў беларусаў на ўсіх кантынэнтах далучыцца да гэтай справы і адзначыў: «Гэта добрая задума, якая павінна ўмацаваць нашую нацыянальную еднасьць у цяжкі для Бацькаўшчыны час».


