Два фотаздымкі — два падыходы да гарадзкой прасторы.
У Менску ліпы на праспэкце Незалежнасьці паставілі ў кадкі. Улады тлумачаць гэта складанымі ўмовамі: пад праспэктам праходзяць цеплавыя камунікацыі, папярэднія дрэвы загінулі, а соль і рэагенты дадаткова ўскладняюць жыцьцё расьлінам.
У Варшаве пасьля рэканструкцыі ўвесь цэнтр патанае ў зелені. Дрэвы растуць у зямлі — разам з кустамі, газонамі, кветкамі ды іншай расьліннасьцю. Горад пасьлядоўна рэалізуе прынцып «zieleń zamiast betonu» — «зеляніна заместа бетону».
І гэта ня толькі пра экалёгію. Азеляненьне робіць вуліцу прыемнейшай, дае цень, стварае камфортны мікраклімат і фармуе асяродзьдзе для людзей. Тут можна ісьці пешшу, ехаць на ровары, спыніцца, адпачыць — вуліца працуе на чалавека.
У Менску ж дрэвы аказваюцца ў кадках пасярод вялікай бетоннай прасторы. Гэта стварае хутчэй мёртвую бетонную зону, чым паўнавартасную гарадзкую зялёную прастору.
Два гарады — два розных стаўленьня да чалавека і прасторы, у якой ён жыве.


