У вёсцы Чэхаўшчына ўлады вырашылі зьнесьці восем пабудоваў былой шляхецкай сядзібы. На гэтыя працы з бюджэту выдаткавана больш за 14 тысяч рублёў.
Пад знос трапяць два жылыя дамы, бензасклад, стайня, склады, лядоўня і кармакухня. Працы будуць праводзіцца мэханізаваным разбурэньнем, пасьля чаго тэрыторыю мусяць «вызваліць ад сьмецьця».
Асабліва каштоўная камяніца-лядоўня 1855 году. Дасьледчык Анатоль Федарук апісваў яе як арыгінальны квадратны будынак 8×8 мэтраў з бутавага каменю. Над уваходам захавалася аўтэнтычная перамычка з датай «Roku 1855».
Паралельна чыноўнікі спрабуюць прадаць з аўкцыёну сам драўляны сядзібны дом плошчай 433 м², збудаваны ў 1849 годзе. Аднак у дакумэнтах ён чамусьці значыцца як «гаспадарчы корпус 1957 году пабудовы».
Пакупніку прапануюць альбо рэканструяваць будынак, альбо поўнасьцю яго зьнесьці і пабудаваць новы.
Так паступова зьнікае цэлы гістарычны ансамбль: замест захаваньня аўтэнтычных пабудоваў XIX стагодзьдзя — бульдозэр, «добраўпарадкаваньне» і ўчастак пад новую забудову.
Працягваецца зьнішчэньне Беларусі акупацыйным рэжымам.


