Аб палітыцы вызваленьня палітвязьняў трэба зрабіць некалькі ўдакладненьняў. Вызваленьне палітвязьняў – гэта фармальна – пытаньне праваабарончае. НВР «Вольная Беларусь» заняўся гэтай тэмай найперш таму, што рэпрэсіі рэжыма Лукашэнкі супраць беларусаў маюць характар палітычны і выяўляюць прыкметы гібрыднага (апасродкаванага) генацыду, ськіраваныя на выдаленьне актыўных людзей нацыі, ужываюць катаваньні і забойствы ў турме, ствараюць умовы для непапраўнай страты здароўя беларусаў.
Другое ўдакладненьне ў тым, што пытаньне вызваленьня палітвязьняў і пытаньне рэпрэсій наўпрост зьвязаныя з палітыкай эканамічных санкцыяў супраць рэжыму (рэальна – супраць народу) і з эўрапейскай палітыкай ізаляцыі Беларусі ад Захаду (фактычна, выштурханьне яе пад Расею).
Нацыянальна-Вызвольны Рух зьвяртаецца (найперш, да ЗША) з пытаньнем аб магчымасьці перамоваў амэрыканскіх палітыкаў з рэжымам Лукашэнкі аб спыненьні ім рэпрэсіяў ды аб вызваленьні палітвязьняў узамен за зьняцьце эканамічных санкцыяў, узамен за ўкладаньне інвэстыцыяў у неваенную і здабываючую вытворчасьць Беларусі і інш.
Трэцяе палажэньне – гэта ўдакладненьне пазыцыі НВР, якая заключаецца ў тым, што:
1) вызваленьне палітвязьняў зьвязана, найперш, са спыненьнем рэпрэсіяў, бо рэпрэсіі – гэта першапрычына, а палітвязьні (і часткова санкцыі) – гэта вынік прычыны. Рэпрэсіі гэта дзеяньні першасныя, а вызваленьне палітвязьняў – гэта дзеяньні выніковыя. Яны ўзаемазьвязаныя. Абнуленьне выніку зьвязана з ліквідацыяй прычыны. Гуманітарны зьмест застаецца пры любым варыянце, але палітычны сэнс вымагае якраз ліквідацыі прычыны.
2) НВР лічыць, што суды былі палітычна матываваныя, і таму палітвязьні павінны быць вызваленыя ўсе, незалежна ад палітычных пазыцыяў. За кратамі знаходзяцца дзеячы нацыянальна-дэмакратычнага накірунку (напрыклад, Д. Івашын, П. Севярынец, А. Бяляцкі і іншыя) і прадстаўнікі рускамірскага накірунку, напрыклад В. Бабарыка, С. Ціханоўскі (апошняга ўжо выпусьцілі).
Аб адмене эканамічных санкцыяў і вызваленьні палітвязьняў мне прыходзілася пісаць, выступаць, казаць і зьвяртацца да структураў Эўразьвязу і ЗША, пачынаючы з 2021 года. На гэтым грунце стаяў тады Беларускі Нацыянальны Сакратарыят, а з 2023 года, з утварэньнем НВР «Вольная Беларусь» — гэта ёсьць цяпер афіцыйная пазыцыя Руху.
На практыцы НВР у пытаньні адмены санкцыяў і вызваленьня палітвязьняў стаў сумяшчаць свае дзеяньні з дзеяньнямі іншых грамадзкіх арганізацыяў, напрыклад, “Асацыяцыі сваякоў і колішніх палітвязняў” (С. Мацкевіч, Т. Хоміч), якія працуюць у справе вызваленьня палітзьняволеных.
Пасьля перамены ў амэрыканскай адміністрацыі ў пачатку 2025 года справы палепшыліся. Зьявілася зацікаўленасьць пытаньнямі Беларусі і пачаліся першыя практычныя крокі ЗША (візыт К. Кэлага ў Менск, вызваленьне 14-ці вязьняў). Назіраюцца пэрспэктывы вызваленьня палітвязьняў і надзеі на ўключэньне беларускага грамадзтва ў эўрапейскія дачыненьні.
Тым часам цяпер, насуперак нашай пазыцыі і насуперак ініцыятывам ЗША, рэзка ўзрасла рыторыка беларускіх проксі-груп палітыкі Эўразьвязу («Офіс», НАУ і інш.) аб ўзмацненьні эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Прытым характэрна, што некаторыя палітвязьні, з агульнадэмакратычнымі ўяўленьнямі, выпушчаныя Лукашэнкам якраз у выніку перамоў з К. Кэлагам, таксама падтрымалі рыторыку з заклікам да Захаду аб узмацненьні эканамічных санкцыяў і ціску на Лукашэнку.
З усяго гэтага, што адбываецца, напрошваецца некалькі высноваў:
1. Тэндэнцыя Лукашэнкі выпускаць рускаарыентаваных палітвязьняў (маюцца на ўвазе перш за ўсё палітыкі) спрацоўвае супраць яго самога. Здаецца, у Менску не разумеюць, што найбольшую небясьпеку для асабістай улады Лукашэнкі (і для яго самога) стварае ў гэтай сітуацыі якраз «рускі мір» і адэпты ягонай палітыкі, бо за імі стаіць Пуцін і ўся машына расейскай улады.
Пазыцыя НВР, заснаваная на беларускіх нацыянальных інтарэсах, імкнецца ўключыць беларускае грамадзтва ў эўрапейскія дачыненьні, зьвяртаючыся да ЗША аб правядзеньні перамоваў з Лукашэнкам пра спыненьне рэпрэсіяў, правызваленьне палітвязьняў і зьняцьцё эканамічных санкцыяў. Гэта выгадна ўсім, у тым ліку і Лукашэнку, бо дасьць яму больш шырокае поле манэўру ў Беларусі, незалежна ад ціску Расеі.
«Рускі мір» і гаспадзін Пуцін такога манэўру Лукашэнку ня дадуць. Выпускаючы, найперш, рускамірцаў, рэжым чуе ад іх, што Беларусь трэба душыць яшчэ большымі эканамічнымі санкцыямі (вязьні, што засталіся ў турме, выходзіць, хай там і застаюцца), што Лукашэнку будуць «садзіць на кол» (апэляцыя да ірацыянальных інстынктаў) і г. д. Калі тое сфармуляваць вобразна і лапідарна, то магчымасьць фізічнай неправавай ліквідацыі Лукашэнкі існуе толькі ад «рускага міра» і ад гаспадзіна Пуціна.
Беларусы рыхтуюць суд, прытым гэта будзе беларускі суд з правам на абарону. Беларусы ня варвары, якое б ні было злачынства, закон мусіць выконвацца. Прававы суд вышэй, чым расправа. Суд неабходны для нацыі. Ён дае асэнсаваную лекцыю і вопыт для ўсяго грамадзтва.
2. Другі аспэкт хутчэй асабісты, але зьвяртае на сябе ўвагу сваёй, на першы погляд, дзіўнай парадаксальнасьцю. Апошнім часам мне прышлося прыкласьці шмат намаганьняў па пытаньні вызваленьня і абмену беларускіх палітвязьняў. Найбольш цяжкімі для сябе лічу звароты асабіста да Лукашэнкі аб вызваленьні людзей (Д. Івашына, П. Мажэйкі, П. Шарэнды-Панасюк і інш.) Апэляцыя да ЗША аб дапамозе па вызваленьні палітвязьняў узамен за зьняцьцё эканамічных санкцыяў пачала даваць зрухі.
Некаторых вязьняў вызвалілі. І першае, што яны зрабілі, выйшаўшы з турмы, — зьняважылі якраз мяне і маё імя. Асабліва ўразілі спадарыні Мія Міткевіч і Паліна Шарэнда-Панасюк (пазьней таксама Сяргей Ціханоўскі). Усе яны выступілі таксама супраць адмены санкцыяў, гэта значыць рэальна і супраць вызваленьня палітвязьняў.
Такім чынам, аб“ектыўна выглядае, што наш беларускі падыход вызваляць усіх несправядліва асуджаных палітвязьняў, незалежна ад іх палітычнай пазыцыі, — дае палітычны збой. Лукашэнка вызваляе «рускамірцаў» і людзей, у якіх рэальна няма Беларусі ў сэрцы і яны адмаўляюць тую палітыку, у выніку якой самы апынуліся на волі.
Гэта не амбівалентнасьць, мяркую, што можа нават і не маральныя якасьці. Проста ў выніку нашай агульнай вызвольнай беларускай пазыцыі і ў выніку рэальнай дапамогі ЗША вызвалілі людзей, якім беларускія нацыянальныя інтарэсы не дарагія. Яны ім, па сутнасьці чужыя.
І цяпер пытаньне: што беларусам рабіць далей? Ці падтрымліваць вызваленьне ўсіх, калі рэжым гуляе (фактычна, хоць і супраць сябе), але на руку «рускамірцам» і на карысьць палітыкі ізаляцыі Беларусі? Прытым, мы ня можам уплываць на такія паводзіны рэжыму.
З гуманістычнага гледзішча, для мяне адказ ясны і адназначны: трэба падтрымліваць вызваленьне ўсіх грамадзян (і сяброў Беларусі, і не сяброў). А вось з палітычнага боку, як бачым, узьнікла праблема не ў беларускую карысьць. Ня буду нічога цяпер прапаноўваць (жыцьцё не стаіць на месцы), але вырашаць праблему прыдзецца.
13 ліпеня 2025 г.
Зянон ПАЗЬНЯК