24 лістапада 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

Зянон Пазьняк: НЕКАЛЬКІ СЛОЎ НА УГОДКІ СЬМЕРЦІ ГЕНАДЗЯ КАРПЕНКІ

Да Генадзя Карпенкі я заўсёды адносіўся прыхільна і адносіны былі ўзаемныя. У дачыненьнях ён быў чалавек надзейны, да фронтаўскай дзейнасьці адносіўся з павагай, меў адказнасьць, быў адчынены для беларушчыны, меў пачуцьцё грамадзкага абавязку. Што важна — яго не цікавілі пытаньні асабістай матэрыяльнай выгады. У палітыцы гэта істотна. Грамадзкае беларускае дабро мела для яго значэньне, і ён гатовы быў дзейнічаць. Ідэя падняць горад Маладэчна і зрабіць яго ўзорным горадам была выдатнай. У яго пачало атрымлівацца. Але Масква сыграла тут у “Валета”, і ўсе пэрспэктывы зачыніліся.

Намэнклятура лічыла Карпенку чужым. На прэзыдэнцкія выбары 1994 года яго “акуратна” не пусьцілі. У гэты час у мяне была размова з Карпенкам, простая і нешматслоўная. Генадзь прапанаваў мне падтрымку і гатовасьць увайсьці ў Фронтаўскі Ценявы кабінэт, але каб я ў выпадку перамогі на выбарах меў на ўвазе для яго пасаду прэм’ер-міністра. Для мяне, між іншым, гэта мог быць выхад, бо я бачыў, што аб’яўлены наш будучы прэм’ер Уладзімер Заблоцкі прэм’ерства не пацягне. Карпенка б пацягнуў. Бянтэжыла мяне толькі яго даверлівасьць да маскоўскіх палітыкаў. Я тады сказаў, што ўваходзіць у Кабінэт ня трэба (каб не ствараць нечаканую сітуацыю), але я буду арыентавацца на ягоны ўдзел у камандзе і на яго прапанову. (Трэцяй кандыдатурай на прэм’ера у мяне быў Юры Адамавіч Беленькі.)

Карпенка быў чалавек амбіцыйны, але часам крыху наіўны. Пасьля таго, як я выехаў у эміграцыю, Масква праз сваю АГП агучыла ідэю выбару нацыянальнага лідэра (выступаў Лябедзька-“Раймон”). Маўляў, лідэра ў нас ужо няма, Пазьняк “сбежал”, давайце аб’явім дастойнага чалавека нацыянальным лідарам і будзем яго лічыць лідарам. Прапанавалі тое Карпенку, і ён пагадзіўся. (Нешта падобнае — пры ўдзеле таго ж АГП і “Раймона” — створана цяпер з Ціханоўскай, толькі бавіцца ў гэтую гульню найбольш Эўразьвяз.)

Увогуле, выбар быў прыстойны. Карпенку пачалі сьвяціць у “дэмсмі”, ён зачасьціў у Маскву і г. д. Зразумела было, што яно дабром ня скончыцца. Усе, хто “гуляў” з Масквой і спадзяваўся нечага дасягнуць у палітыцы дзеля Беларусі, — канчалі фіяскам. Арду скарыстаць немагчыма, калі ня будзеш ёй служыць. Дакладна кепска атрымалася і з Карпенкам. Нават сумняваюся, што ён тое зразумеў.

У 1999 годзе, калі Масква (пры ўдзеле Ганса Віка) задумала так званыя “альтэрнатыўныя” выбары і разгром Народнага Фронту, стаўку зрабілі на Міхаіла Чыгіра і на Віктара Ганчара (які, мякка кажучы, перад гэтым “кінуў” Карпенку ў справе ідэальнага горада Маладэчна).

Разграміць Фронт Маскве не ўдалося (рашаючы крок залежыў ад мяне, і я ня даў ім шансаў нас зьнішчыць). Аднак арганізацыю раскалолі. Удар быў моцны.

Пасьля правалу маскоўскай афёры Чыгіра выкінулі на маргінэс, Ганчара забілі. (Тут умяшаўся яшчэ і Лукашэнка, і, магчыма, сыграла ролю помста за вялікія грошы, дадзеныя Ганчару, і змарнаваныя для Масквы; у крымінала яно так)

Афёра з альтэрнатыўнымі выбарамі вельмі абурыла Карпенку, асабліва тое, што яго пакінулі за бортам падзей. На справе гэта было добра і для яго, і для нас, фронтаўцаў, бо Карпенку не ўцягнулі ў маскоўскую задуму і не сутыкнулі з намі.

Ня буду гадаць пра подлыя маскоўскія планы, але ў канцы сакавіка Карпенка пазваніў мне ў Варшаву і сказаў, што хацеў бы прыехаць і пагаварыць. Гаворка адбылася адкрытая і ад душы. Карпенка прапанаваў падтрымаць мяне і Беларускі Народны Фронт у агульнай публічнай заяве. Вырашылі, што 31 сакавіка дзеля гэтага мы адмыслова зьбіраем Сойм БНФ, на якім будзе прысутнічаць Карпенка і на якім будзе агучана сумесная заява аб супрацы з БНФ. Для Масквы, для беларусажэрцаў і маскоўскіх халуёў гэта быў бы ўдар, якога яны не чакалі.

Усё дзеялася хутка. Але на Сойм Карпенка не зьявіўся. Я зразумеў, што нешта здарылася. Званіў у Менск і даведаўся, што Карпенка ў шпіталі ў вельмі цяжкім стане. Праз некалькі дзён ён памёр.

Дэталі арганізацыі ягонай сьмерці цяпер мне вядомыя. (Ня буду пра іх казаць, бо сьледзтва не праводзілася і доказнай базы не існуе.) Карпенка меў сур’ёзныя праблемы са здароўем. Зь ім часта здаралоіся моцныя гіпертанічныя крызы. Гэта скарысталі забойцы.

У палітыцы здароўе — гэта зброя. Невыпадкова ў ЗША інфармацыя аб здароўі (хваробах) ахоўваецца законам.

Магу толькі сказаць са словаў сьведак і дасьведчаных людзей, што ў падрыхтоўцы сьмерці Карпенкі прымалі ўдзел людзі, якія былі з асяроддзя асобы, што была да распаду СССР рэзыдэнтам савецкага КГБ у ГДР. Пасьля распаду СССР гэтая асоба стала галоўным рэдактарам афіцыёзнай газэты ў Рэспубліцы Беларусь (крайне непрыемны тып). Мяркуецца, што Карпенка выпіў рэчыва, якое выклікала рэзкі прыступ і кровазьліцьцё ў галаву.

Што яшчэ мяне ўразіла (хаця што тут ужо магло ўражваць) – гэта, як мне паведамілі, абыякавыя адносіны да хворага Карпенкі ў так званым “2-м савецкім” шпіталі. Быццам бы не сьпяшаліся аказваць яму тэрміновай дапамогі. (На колькі усё ж заржавела тады гэтае насьледдзе СССР.)

Калі больш канкрэтна, то медыцынскае забойства Карпенкі выглядала так, як паведамілі мне непасрэдныя сьведкі здарэньня, медыцынскія супрацоўнікі ў галіне нэйрахірургіі. Загадчык катэдры нэйрахірургіі 9-га клінічнага шпіталю знакаміты акадэмік Хведар Васільевіч Аляшкевіч зьбіраўся тэрмінова рабіць апэрацыю Карпенку. (Пры гемаррагічным інсульце нэйрахірургічная апэрацыя – адзіны шанц выжыць. Яе трэба рабіць хутка.) У гэты час Аляшкевічу пазванілі і параілі «не спешить». Акадэмік паслухаўся і сьпяшацца ня стаў. Карпенка памёр, а Аляшкевіч тут жа, у 2000-м годзе стаў сенатарам Савета Рэспублікі ў лукашысцкай імітацыі парляманту.

(У 2008 годзе Аляшкевіч таксама памёр на дачы і, як мяркуюць, таксама «пры дапамозе».)

Падобнае вапрабаваньне шпіталём, як з Карпенкам, было і зь Някляевым у 2010 годзе. Толькі даверлівы Някляеў, дзякуй Богу, тады выжыў.

Пад ударамі маскоўскай гібрыднай вайны самае кепскае для беларуса — быць сьляпым. Канчаецца гэта фатальна. Альбо нават, як было ў нашай гісторыі, — няўцямным пытаньнем “за што?” на беразе настралянай трупамі Курапацкай ямы.

Цяпер, калі ўспамінаю Генадзя Карпенку, сьціскаецца сэрца. Зь ім можна было супрацоўнічаць дзеля Беларусі. Ён ішоў да яе, але, як шмат хто зь беларусаў, быў неабачліва адчынены да арды, бо гаварылі на яе мове.Толькі вечна так ня будзе. Скончыцца і арда. І ні адна зь беларускіх ахвяраў ня будзе забыта.

Вартае ўвагі

АБ ВЫЗВАЛЕНЬНІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ У БЕЛАРУСІ (Р Э Л І З)

Праблема вызваленьня беларускіх палітвязьняў застаецца самым вострым пытаньнем на...

Расейская праваслаўная царква — пагроза нацыянальнай бясьпецы Швэцыі

Пабудаваная ў 2017 годзе расейская праваслаўная царква на ўскраіне...

НЕЛЬГА ГАЛАСАВАЦЬ НА ПСЭЎДАВЫБАРАХ ДЫКТАТУРЫ

Кіраўніцтва Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" перасьцерагае беларусаў аб тым, каб не далі сябе ашукаць і скарыстаць дзеля прапаганды фальшывай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.

Па сутнасьці

Мушу адказаць на адно палітычна значымае пытаньне, якое часам...

Апошняе

АБ ВЫЗВАЛЕНЬНІ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ У БЕЛАРУСІ (Р Э Л І З)

Праблема вызваленьня беларускіх палітвязьняў застаецца самым вострым пытаньнем на...

Расейская праваслаўная царква — пагроза нацыянальнай бясьпецы Швэцыі

Пабудаваная ў 2017 годзе расейская праваслаўная царква на ўскраіне...

НЕЛЬГА ГАЛАСАВАЦЬ НА ПСЭЎДАВЫБАРАХ ДЫКТАТУРЫ

Кіраўніцтва Нацыянальна-Вызвольнага Руху "Вольная Беларусь" перасьцерагае беларусаў аб тым, каб не далі сябе ашукаць і скарыстаць дзеля прапаганды фальшывай легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.

Па сутнасьці

Мушу адказаць на адно палітычна значымае пытаньне, якое часам...

Стратэгія. Ці магчымы перамены?

Агульная канцэпцыя дзеяньня апазіцыі і грамадства для пераняцьця ўлады...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: