14 сакавіка 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Апошняе слова на судзе галоўнага рэдактара “Рэгіянальнай газэты” Аляксандра Манцэвіча

З лістапада Аляксандру Манцэвічу прысудзілі чатыры гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 400 базавых велічынь (14800 рублёў). Дачка Аляксандра, Аўгінія Манцэвіч, апублікавала яго апошняе слова ў судзе перад вынясеньнем прысуду на сваёй старонцы у Фэйсбук. Ніжэй прыводзім перадрук тэкста прамовы:

“У верасьні Беларусь шырока адзначыла Дзень народнага адзінства, дзень аб’яднаньня беларускага народа ў адзінай сям’і ў верасьні 1939 года. Дваццаць дзявятага кастрычніка 1939 года ў Беластоку была прынята на народным сходзе Заходняй Беларусі дэклярацыя аб уваходжаньні Заходняй Беларусі у БССР, чытай у Беларусь. Гэтаму папярэднічала два асноўных даклады. Адзін з дакладаў аб характары ўлады ў Заходняй Беларусі чытаў Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, на вуліцы імя якога у Маладзечне сёньня месьціцца Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Другі даклад па пытаньні ўваходжаньня Заходняй Беларусі ў склад БССР чытаў настаўнік з Дзісеншчыны (гэта сёньняшняя Віцебшчына) Флор Данатавіч Манцэвіч. Флор Данатавіч Манцэвіч – настаўнік, фалькларыст, першы настаўнік славутага Генадзя Іванавіча Цітовіча, народнага артыста СССР, арганізатара і кіраўніка Беларускага акадэмічнага нацыянальнага народнага хора, быў карэспандэнтам першай беларускай газеты “Наша Ніва”, а ў 1939 годзе выступаў з гэтым дакладам на Народным сходзе. У 1941 годзе яго расстралялі гітлераўскія акупанты ў Полацку менавіта за патрыятычную дзейнасьць. Я не ацэньваю пакта Рыбентропа-Молатава, як гэта часта робіцца ў сувязі з падзеямі 39-га года, я кажу толькі пра тое, што ўнука беларускага настаўніка, які агучыў на ўвесь сьвет у 39-м годзе памкненьні мільёнаў беларусаў, і не толькі беларусаў, жыць у адзінай сям’і, сёньня ў гэтай залі судзяць за дыскрэдытацыю Беларусі.

Перш за ўсё хачу падзякаваць маёй сям’і, родным і блізкім, сябрам і калегам, якія ўвесь гэты складаны час былі разам са мной, падтрымлівалі мяне фізічна і маральна, а разам з тым маю ўпэўненасьць у маёй праваце. “Рэгіянальная газета” – адзінае ў Беларусі масавае рэгулярна выдаванае мясцовае недзяржаўнае выданььне цалкам на беларускай мове ўпершыню выйшла ў 1995 годзе і такім заставалася да апошняга часу, сумленна выконваючы сваю місію.

І ў 2020 годзе, у годзе прэзідэнцкіх выбараў і наступных падзей, мы прытрымліваліся галоўнага журналісцкага прынцыпу – паказваць жыцьцё такім, якім яно ёсць, не даючы яму ўласных ацэнак. Дарэчы, у нашай місіі, дакуменце, прынятым рэдакцыяй, падкрэслена, што газэта не можа быць выказнікам пазіцыі інтарэсаў якой бы то ні было партыі, якога б то ні было грамадскага руху, або якой бы то ні было канфесіі. І мы гэтых прынцыпаў, гэтых правілаў трымаліся ўвесь час. З гэтай прычыны і немагчыма ў нас было знайсьці нейкіх заклікаў да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў, як гэта прыпісваецца мне і нашай газеце. Можа таму пракурор Шукрынаў у сваёй даведцы аб даследаваньні ютуб канала “Навіны Маладзечна. Рэгіянальная газета” піша: “Авторами завуалировано размещены призывы к участию в несанкционированных массовых мероприятиях, поощряется их проведение и участие в них». Або «…изучением распространенной информации установлено: на указанном ресурсе распространяется мнение, что на территории Республики Беларусь осуществляются репрессии в отношении определенных групп лиц, пропагандируется мысль о репрессивных методах».

Ні тады, ні цяпер не ўказана ніводнага факту. Атрыкул 369-1 Крымінальнага Кодэксу гаворыць аб распаўсюджваньні “заведомо ложных сведений”. Рэдакцыйная ж палітыка “Рэгіянальнай газеты” будавалася на паказе фактаў, а не іх інтэрпрэтацый. Мы не распаўсюджвалі заведама ілжывыя зьвесткі. А права на свабоду меркаваньняў даецца артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Рэспубліка Беларусь. Адбылося восем судоў па прызнаньні публікацый ці саміх рэсурсаў “Рэгіянальнай газеты” экстрэмістскімі матэрыяламі. З матэрыяламі апошняга, на жаль, я не знаёмы. Нашу з маім абаронцам просьбу далучыць гэтыя матэрыялы да справы не задаволілі. Але я хачу падкрэсліць, што ў сямі іншых рашэньнях розных судоў з рознымі судзьдзямі прысутнічае адна і тая ж фармулёўка: “Суд не усматривает оснований для назначения экспертных исследований для оценки материалов, поскольку данные материалы носят очевидно экстремистский характер, и для их оценки не требуется спецальных познаний”. Ну, гэта проста нейкая казуістыка.

Між тым у матэрыялах справы ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што ў нас не было ніякіх заклікаў. Гэта міліцэйскія матэрыялы, але я больш таго скажу, яны рабіліся на падставе меркаваньня экспертаў: “В представленных текстах фонограммы видеороликов «Пратэсты ў Маладзечне. Частка 1. Як усё пачыналася. 9 жніўня», і «Пратэсты ў Маладзечне. Частка 2. Дзень другі. 10 жніўня», не имеется высказываний побудительного характера, призывающих к насильственным действиям одной группы лиц по отношению к другой группе лиц, объединенных по признаку принадлежности к сотрудникам правоохранительных органов, государственным служащим Республики Беларусь. В представленных текстах фонограмм из видеороликов не имеется высказываний, содержащих негативную оценку лица или группы лиц, объединенных по признаку принадлежности к сотрудникам правоохранительных органов государственным служащим Республики Беларусь”. Калі дзяржаўны абвінаваўца ведае, што такія дакументы ў справе існуюць, то чаму б яму не запатрабаваць экспертызы тых матэрыялаў, якія пералічаны ў абвінавачаньні. Ці хаця б пагадзіцца на тое, каб матэрыялы спраў, пра якія піша газета, былі далучаны да справы. І тады б абсалютна відавочна стала тое, што ў маіх дзеяньнях складу злачынства сапраўды няма.

Сямнаццатага сакавіка 2023 года пасля шэрагу судоў мне выносіцца першае абвінавачаньне ў зьдзяйсненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 369-1. З абвінавачаньня ў абвінавачанне (іх было чатыры), пераходзіць тое, што я «являюсь приверженцем политического движения, поддерживаю делинквентную позицию…», «проявлял безнравственный интерес к экстремистской деятельности…», «при отягчающих обстоятельствах совершения преступления по мотивам политической и идеологической вражды». Адкуль гэта ўзялося? Я гаварыў гэта і на сьледстве ў часе майго допыту, што нідзе ніколі ні публічна, ні прыватна не паказваў сваіх палітычных ці нейкіх грамадскіх прыхільнасьцяў, ні ў якую царкву я хаджу ці не хаджу. Гэта я лічыў не тое, што непатрэбным, а шкодным для журналіста, для выдаўца газеты. І таму знайсьці, што я «являлся приверженцем какого-то политического движения» проста немагчыма.

У Крымінальна працэсуальным кодэксе артыкул 16 і артыкул 356 гаворыцца «приговор не может быть основан на предположениях». Лічу, што прызнанне шэрагу рэсурсаў і публікацый “Рэгіянальнай газеты”, на базе чаго пабудавана мая крымінальная справа, экстрэмісцкімі, у адсутнасьці належнай экспертызы, зьяўляецца тым самым предположением, дапушчэньнем. Гэта раз. Другое — сьцвярджэньне, што я выказваў «безнравственный интерес к экстремистской деятельности, являясь её сторонником», з’яўляецца такім самым дапушчэннем, предположением. І трэцяе — тое, што ў мяне былі матывы политической и идеологической вражды, – таксама дапушчэнььне. І тут наступае прэзумпцыя невінаватасьці. І адсутнічае склад злачынства.

Ну, а тое, што я “дзейнічаў у групе асоб” – зразумела, я ж кіраваў рэдакцыяй, вядома, я працаваў з людзьмі. Рэдакцыя – гэта людзі. І толькі дзякуючы калектыву, “Рэгіянальная газета” за 28 гадоў свайго існаваньня стала вядомым, пазнавальным, аўтарытэтным і паважаным выданьнем. Гэтаму ёсьць шмат сьведчаньняў і прыкладаў, але вазьміце сёньня выйдзіце на вуліцу і правядзіце апытаньне сярод простых людзей, сярод мінакоў — і вы знойдзеце пацьвярджэньне таму, што я цяпер гавару. Хто ж яны, гэтыя людзі “РГ”?

Ніна Манцэвіч, намесніца дырэктара, галоўны бухгалтар, мая падтрымка ва ўсім, мая спадарожніца жыцьця, яна шмат зрабіла для “Рэгіянальнай газеты” і без яе “Рэгіянальнай газеты” не было б ніколі. Яна ведае, што я нішто нідзе ніколі не парушыў, хіба што перавёў яе з хворымі нагамі не на пераходзе, за што мне вынесена адміністрацыйнае папярэджаньне. Зоя Хруцкая, намесніца галоўнага рэдактара, аўтарка шматлікіх ідэй і праектаў, публікацый, кіраўніца творчага журналісцкага калектыву, зьбіральніца людскіх гісторый і лёсаў, якая ніколі не парушала журналістскіх стандартаў і навучала ім іншых.

Марыя Браніславаўна Бераснева – стыльрэдактар, адна з найстарэйшых работніц рэдакцыі, яна вучыла маладых, як правільна пісаць, побач з ёй маладыя работнікі атрымлівалі каштоўны досьвед, вучыліся разумець сэнс і вагу кожнага слова. Гэта таксама чалавек, які стаяў на варце інтарэсаў таго, што мы гаворым і пра што мы гаворым, і якая таксама ніколі б не дапусьціла ў нашых матэрыялах ні экстрэмізму, ні заклікаў да чаго-небудзь дэструктыўнага. Аксана Ярашонак, карэспандэнт, пісьменьніца, паэтка, перакладчыца, умее і любіць пісаць пра культуру, гісторыю, людскія лёсы. Разам з чытачом са Смаргоншчыны Жылкам яна раскрыла для чытачоў “Рэгіянальнай газэты”, і не толькі, вярнула для Беларусі з небыцьця дзесяткі імён беларусаў, беларускіх сыноў, якія загінулі на тэрыторыі Польшчы ў 1939 годзе, першымі у Еўропе прыняўшыя ўдары гітлераўскіх войск на сябе, і былі пахаваныя ў горадзе Пётркуве-Трыбунальскім. Родныя не ведалі, дзе падзеліся іх блізкія. Я ведаю сам адну сям’ю па прозвішчу Сцебурака, дзе брат знайшоў свайго брата. Праз год брата ў Беларусі, каторы дачакаўся гэтай весткі, не стала. Але наколькі спакойным ён адыйшоў у небыццё, пасля таго, як даведаўся, дзе ж дзеўся ягоны брат, якога ён праводзіў на вайну? І да апошняга дня Аксана заставалася разам з чытачом.

Ігар Палынскі, пра якога тут згадвалі, – гэта тэхнічны рэдактар, паэт, музыка, журналіст, мультыінструменталіст, калі так можна сказаць, настолькі шматфункцыянальны, што можа зрабіць амаль усё ў журналістскай прафесіі і ў тэхнічнай яе рэалізацыі. Таму па пасадзе ён быў тэхнічны рэдактар, хаця і пісаў, і здымаў, і гаварыў, і ствараў добрыя журналісцкія матэрыялы.

Настасься Уткіна – самая маладая ўдзельніца нашай каманды, любіць спорт і любіць пісаць пра спорт, любіць фатаграфію. Менавіта фотарэпартажы Настассі Уткінай, Зоі Хруцкай, відэа і тэксты Зоі Хруцкай і Ігара Палынскага зафіксавалі тое, што адбывалася ў 20-ым годзе, прытрымліваючыся высокіх прафесійных стандартаў. Жанна Горбань, спецыяліст па рэкламе, сумленны чалавек, педантычны ў лепшым сэнсе, бо скурпулёзнасць і педантычнасць патрабуецца пры зборы рэкламы і грошай.

Яна працавала з рэкламай, з грашыма, і можна было абсалютна спакойным быць за касу прадпрыемства, бо з касай працавала Жанна. На жаль, сёння каса пустая, усе рэсурсы “РГ” прызнаныя экстрэмісцкімі, людзі засталіся без працы, а галоўны рэдактар абвінавачваецца ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Я ганаруся, што працаваў з гэтымі людзьмі ў адной камандзе, камандзе прафесіяналаў з вялікай літары, для якіх праўда была вышэйшая за ўтульнасць. Яны маглі спакойна спаць пасля кожнай сваёй публікацыі, бо пісалі толькі праўду. Таксама спакойна мог спаць і я, таму што не перажываў за тое, што мы нібыта пішам хлусню ці на кагосьці ўзвялі паклёп. І зразумела, наш калектыў не займаўся экстрэмізмам.

Я меў шчасьце за сваё журналістскае жыццё сустракацца з рознымі людзьмі. Быць знаёмым з Генадзем Аляксандравічам Каханоўскім, Адамам Восіпавічам Мальдзісам, Анатолем Валянцінавічам Рогачам, Уладзімірам Содалем, Янкам Саламевічам, Міколам Капыловічам, Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім, Канстанцінам Іванавічам Харашэвічам, якія, вядома, не дапусцілі б у кола сваіх знаёмых, а ў некаторых выпадках, я б сказаў і сяброў, людзей неразборлівых у адносінах да Беларусі.

Я і сёньня чую іхныя галасы, галасы тых асоб, якія разам з маімі продкамі далі мне дакладныя арыентыры ў жыцьці. Вучылі жыць па прынцыпе “ніколі не здраджвай сваёй Бацькаўшчыне”. І для мяне Бацькаўшчына – не толькі крыніца ля вёскі Малая Кавалеўшчына на Мёршчыне, якую да гэтага часу завуць Флоравай крыніцай, таму што яе расчысьціў са свамім вучнямі настаўнік, мой дзед, Флор Данатавіч Манцэвіч, і яна сёння бруіць; не толькі студня ў Іказні на Браслаўшчыне, якую завуць Манцэвічавай студняй, таму што мой дзед будаваў сабе хату, — сорак першы год не даў дабудаваць — а студня засталася; але і мой народ, мая Беларусь, служэньню якім я паклаў сваё жыцьцё. Год таму не стала майго бацькі, журналіста і пісьменьніка Барыса Флоравіча Манцэвіча, якому я не змог да гадавіны паставіць помнік, бо з-за кратаў гэта не робіцца.

Аляксандар Манцэвіч. Фота: “Радыё Свабода”

Але помнікам для пісьменьнікаў становяцца іх кнігі. Апошняя яго прыжыцьцёвая кніга 21-га года выданьня, прысьвечаная аднакашніку па філалагічным факультэце, з якім яны разам вучыліся і сябравалі, Нілу Сымонавічу Гілевічу носіць сімвалічную назву “Беларушчына”. Сёньня сына аўтара гэтай кнігі судзяць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, не знайшоўшы для абвінавачаньня, і мы з маім абаронцам паказалі гэта, ніводнага факту дыскрэдытацыі, якога б нельга было абвергнуць.

Я не летуценьнік, але тое, што праз нейкі час у Маладзечне, ці ў Вілейцы, у Мядзелі ці Свіры, а можа ў маленькай вёсачцы Верхнія Друі на Маладзечаншчыне, з’явіцца вуліца імя “Рэгіянальнай газеты” – гэта мара можа быць цалкам рэальная і рэалізаваная.

Нягледзячы на тое, што напаткала “Рэгіянальную газету”, яна ўпісала яскравы і варты радок у гісторыю сучаснай Беларусі. Газеты, якая насамрэч мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, давала людзям праўдзівае слова на блізкай ім мове, заўсёды жыла клопатамі і праблемамі сваіх чытачоў і іх суседзяў.

У падручніках па гісторыі беларускай журналістыкі тыя, хто будуць яе вывучаць, а такія заўсёды знаходзяцца, бо журналістыка адна з самых старажытных прафесій, абавязкова будуць апісаньні лепшых прыкладаў працы каманды “Рэгіянальнай газэты”, якая заклікала і была пакліканая пісаць толькі праўду – пра што сёньня гэты працэс.

Я не бачу сваёй віны ні ў чым. У першыя ж дні затрыманьня мне гаварылі апэратыўныя работнікі: “Аляксандр Барысавіч, ваш лёс вырашаецца не ў судзе, а тут, цяпер”, — хлусячы пра тое, што мая жонка з сардэчным прыступам трапіла ў бальніцу. — “Прызнайцеся ў сваёй віне і ўсё будзе добра”.

Толькі ў чым мая віна? Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў, грамадзянін дзяржаўны абвінаваўца? Паглядзіце мне ў вочы. Ніколі. Шкада толькі блізкіх, хворую жонку, унука Даната, якога я думаў вучыць новым словам, а яго мама вымушаная цяпер шукаць словы, як патлумачыць дзіцёнку тое, за што яго дзед сядзіць у турме, дзе месца сапраўдным злачынцам, і толькі злачынцам. Я думаю, што яна знойдзе правільныя словы, а ў мяне застанецца сумленьне чыстым, унуку ж не будзе сорамна за дзедава імя.

Шкада праэктаў, якія я відавочна ўжо не рэалізую, бо не хопіць гэтых 4х гадоў, а ў тое жыцьцё я не веру, шкада “Рэгіянальнай газеты”, сваіх супрацоўнікаў і чытачоў, што засталіся без шчырага сябра “РГ”. Падзеі пасля лета 21-га года вакол “Рэгіянальнай газэты” знішчылі найцудоўны праект, які працаваў для Беларусі, у імя Беларусі. Віны сваёй я не прызнаЮ і не прызнАю.

Дзякуй яшчэ раз усім за падтрымку мяне. Бясконцы дзякуй маёй сям’і, сябрам і калегам, усім тым, хто прыходзіў усе гэтыя 7 дзён на пасяджэнні, хто не прыходзілі, і перажывалі за мяне, хто пісаў мне пісьмы ў Жодзіна, хто дасылаў пасылачкі і не толькі, дзякуй усім. Дзякуй, Рыгор Фёдаравіч, за нашу сумесную працу. Дзякуй, высокі суд, за магчымасьць прамовіць апошняе слова.

Дзякуй усім іншым удзельнікам і ўдзельніцам працэсу, усім прысутным. А тэзісы майго выступу прашу высокі суд далучыць да матэрыялаў судовага працэсу, бо напісанае застаецца”.

Апошняе

ЗША дазволілі закупкі расейскай нафты, загружанай на судны да 12 сакавіка

Міністэрства фінансаў ЗША выдала спэцыяльную ліцэнзію, якая дазваляе завяршыць...

Міністар адукацыі заявіў пра жаданьне пашыраць і папулярызаваць расейскую мову

Маскве на канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі па расейскай мове. «Беларусь у...

Польскі палітычны шторм вакол SAFE і што ён нясе беларусам

Канфлікт вакол праграмы SAFE у Польшчы сапраўды часта называюць...

ЗСУ зьнішчылі ракетамі Storm Shadow завод «Крэмній ЭЛ» у Бранску

Як паведамілі ў Генштабе ЗСУ, у межах сыстэмнага зьніжэньня...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках:

Папярэдні артыкул
Наступны артыкул