13 кастрычніка 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Зянон Пазьняк: Некалькі слоў пра беларускае пісьменства ў замежжы і літаратурны альманах «БЕЛАРУС»

У беларускай нацыянальнай эміграцыі была сваістая культурная асаблівасьць. Там, дзе зьбіраліся хоць некалькі беларусаў, – адразу пачыналі выпускаць часопісы, альманахі, зборнікі, «лісткі», словам – друкі. І калі не было ніякіх матар“яльных і вытворчых магчымасьцяў, то пісалі рукапісныя часопісы. Гэта найбольш мяне ўразіла, калі я ў Штатах упершыню пазнаёміўся з такім самвыданьнем.

А быў ў Нью-Ёрку такі вядомы беларус Аляксандар Міцкевіч – пляменьнік Якуба Коласа. Мы былі зь ім у вельмі добрых адносінах. Ён, будучы ўжо на пэнсіі, сам выпускаў беларускі пэрыядычны інфармацыйны часопіс «Весткі і паведамленьні», перадрукоўваў на ксэраксе розныя беларускія матар’ялы, пісаў зацемкі і рассылаў свой часопіс у канвэрце па пошце ў дзясяткі беларускіх адрасоў па ўсім сьвеце вядомым яму беларусам. Так спадар Аляксандар памнажаў беларускую асьвету ў даінтэрнэтны час, і нават на пачатку Інтэрнэту.

Яго друкаваную справу ведалі і чыталі (у мяне засталося шмат асобнікаў). Пазьней, калі спадар Аляксандар ужо ня жыў, тады іншы асьветнік і патрыёт Марат Клакоцкі працягнуў яго справу і на працягу больш 10-ці гадоў па-валанцёрску друкаваў «Весткі і паведамленьні», рэгулярна, раз у месяц, на крэйдавай паперы з каляровым друкам.

Але я тут хачу сказаць пра іншую асаблівасьць, якая здаўна ёсьць традыцыяй беларускага Адраджэньня. У 2007 годзе Марат Клакоцкі пры спрыяньні газэты «Беларус» заснаваў і пачаў выпускаць у Нью-Ёрку літаратурны альманах «Беларус». У прадмове напісана: «Альманах «Беларус» быў задуманы для таго, каб даць магчымасьць беларускім творцам, і ужо вядомым, і, што вельмі важна, толькі пачынаючым, якія жывуць у замежжы і ня маюць магчымасьці друкавацца на Бацькаўшчыне, пазнаёміць чытачоў са сваімі літаратурнымі спробамі. Спадзяюся, што гэтае прызначэньне альманах выканае і адкрые дарогу ў вялікую літаратуру не аднаму таленту.»

Падыход такі: можа друкавацца кожны беларус, што жыве за мяжой. Прытым у альманаху друкуюць так, як напісаў аўтар. Літаратурная рэдактура ня робіцца, толькі граматычная карэктура. Такой свабоды друку, відаць, няма ў сьвеце нідзе (хоць рэдактура часам патрэбная).

Альманах выходзіць раз на год аб“ёмам у 450-480 старонак. Тут друкуюцца дзясяткі аўтараў. Прытым, дзякуючы альманаху, некаторыя беларусы пачалі творча пісаць упершыню ў жыцьці. І вельмі цікава і сьвежа ўсё ў іх пайшло. Тут і вершы, і апавяданьні, аповесьці і ўспаміны, эсэ, інтэрв“ю, замалёўкі, п“есы і драмы. Як паглядзіш – дык якія здольныя нашы беларусы! І галоўнае – усё пішацца прыстойна, адказна, сур“ёзна, патрыятычна і добра па-чалавечы. Выдрукавана ўжо ў простым і прыгожым афармленьні 19 гадавікоў. У канцы гэтага года будзе 20-ы асобнік.

Ёсьць шмат пастаянных аўтараў, і кожны раз зьяўляюцца новыя. Усіх не пералічыш, але «наўськідку» адзначу такіх ужо літаратурна вядомых асобаў як Сяргей Сокалаў-Воюш, Пётра Мурзёнак, Макс Шчур, Сяргей Панізьнік, Юры Шамецька, Якуб Лапатка, Віталь Зайка, Віктар Едзіновіч, Анхэля Эсьпіноза Руіз, Алег Мінкін, Алег Аблажэй, Іна Снарская, Алесь Тарановіч, Васіль Філіпенка, Сяргей Капытка, Сьвятлана Кабанава, Алесь Хацкевіч, Воля Бромэн, Максім Шэвехман, Алесь Пазьняк, Галіна Пазьняк і дзясяткі іншых. (Альманах дае сьпіс сваіх аўтараў, іх больш васьмідзесяці.)

Бяда, аднак, у тым, што цяпер за мяжой мы, беларусы, ня маем сваіх літаратурна-дасьледчых інстытуцый і, на жаль, — літаратурнай крытыкі. Аўтары пішуць добрыя тэксты, але літаратурна асэнсаваць іх, апісаць пра творчасьць беларусаў за мяжой, практычна, няма каму. Тым часам у акупаванай праз лукашысцкі рэжым Беларусі тое што добрае беларускае літаратурнае — разбурана, забаронена і працягвае разбурацца.

Літаратура без літаратурнай тэорыі і без літаратурнай крытыкі, практычна, невядомая і ня можа плённа разьвівацца, нават калі б існавалі масавыя чытачы. А іх таксама (тых, што чытаюць) за мяжой ня шмат, бо й наклад літаратурнага друку таксама не вялікі. А тым часам творы ў альманаху добрыя, узроўневыя, літаратурна цікавыя і галоўнае – беларускія.

Тут хачу падкрэсьліць яшчэ адзін важны фэнамэн гэтай карыснай беларускай працы. Альманах «Беларус», як я ўжо адзначыў, заснаваў і вось ужо 20 гадоў рыхтуе, зьбірае творы, кампануе і якасна выдае адзін чалавек – Марат Клакоцкі. Большай часткай ён працуе вахтавым мэтадам у моры, на караблі, і там, часта начамі, стварае гэты альманах. Тут вялікая, пастаянная і сістэмная шматгадовая праца, прытым – валанцёрская, на грамадзкіх пачатках, якая дае добры плён. Спадар Марат ёсьць, як кажуць, тыповым беларусам. Сьціпласьць і стрыманасьць – асноўная рыса. Ён не рэклямуе сябе, не выстаўляе гучна сваю працу і не дае сабе завышаную ацэнку. Іншым беларусам таксама няма часу пра тое казаць. І гэта не дакор. Бо мусілі б быць інстытуцыі.

Альманах «Беларус», які ўжо 20 гадоў выдае спадар Клакоцкі, — гэта вялікі ўклад у Беларушчыну, у Беларускую літаратуру і ў Беларускае пісьменства ў цяжкім для Бацькаўшчыны часе. Хвала такім беларусам і такім справам, якія рэальныя – і даюць плён!

Зянон ПАЗЬНЯК

13.10 2026.

Апошняе

У Менску могуць закрыць яшчэ і Кальварыйскі касьцёл

З 1 сьнежня 2026 году плянуюць пачаць рэканструкцыю касьцёла...

Францыя перахапіла танкер расейскага ценявога флёту ў Індыйскім акіяне

12 кастрычніка францускія вайскова-марскія сілы перахапілі нафтавы танкер DF...

На Балі ўзьнік дэфіцыт паліва: большасьць АЗС засталіся без бэнзіну

На інданэзійскім востраве Балі праз раптоўнае вычарпаньне запасаў бэнзіну...

Беларускаму ваяру патрэбная дапамога

Падчас апэрацыі «Vivaldi» наш баец страціў канцавіну. Цяпер яму...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: