17 кастрычніка ў швайцарскім Золятурне адкрылі адрэстаўраваны помнік Тадэвушу Касьцюшку. Яго падмурак зрабілі зь беларускага валуна вагой амаль тону, які прывезьлі зь Беларусі. Побач паклалі беларускую брукаванку.
Кіраўнік фонду Марыі Магдалены Радзівіл Алесь Сапега расказаў, што дастаўка каменя празь некалькі краінаў суправаджалася складанасьцямі, але арганізатары хацелі, каб ён быў менавіта беларускі.
«Хацелася, каб камень быў беларускі, каб ён быў сапраўды з беларускіх палёў», — сказаў Сапега.
Паводле яго, беларусам важна захоўваць памяць пра Касьцюшку, які жыў і памёр у Золятурне, і вяртаць яго постаць у беларускую гістарычную памяць.
«Дзе б нашы беларускія героі ні былі, іх трэба там падтрымліваць і памятаць», — адзначыў ён.


