25 лютага 2025

Беларускае нацыянальнае медыя

Стратэгія беларусаў у пэрыяд заканчэньня вайны ва Ўкраіне

Паважаныя спадарыні і спадары, паважаны спадар міністар Сікорскі, шаноўныя прысутныя.
Польшча пераняла на паўгады старшынства ў Эўразьвязе, і мы, беларусы, спадзяемся, што яно будзе пасьпяховым для Польшчы, для ўсёй Эўропы і для міжнароднай палітыкі. Я з задавальненьнем хачу адзначыць, што Польшча на сёньняшні дзень зьяўляецца найбольш спрыяльнай для чалавека дэмакратыяй ў Эўропе і найбольш нармальнай краінай ў сэнсе ўзроўню і этыкі грамадзкага стану.

Польшча найбольш адпаведна разумее пагрозы і выклікі агрэсіі з боку Расеі. Ад часу вызваленьня з-пад савецкай акупацыі і ўпадку ўлады камуністаў Польшча і польскае грамадзтва зрабіла моцны палітычны, эканамічны і мэнтальны зрух наперад. Нам радасна гэта назіраць, бачачы разуменьне палякамі нашых беларускіх праблем і падтрымку свабоды.

Няглядзячы на складанасьці дачыненьняў з антынародным недэмакратычным рэжымам Лукашэнкі, Польшча ставіцца прыхільна да народа Беларусі, які церпіць пад рэпрэсіямі антынароднай улады і пад прыгнётам маскоўскай акупацыйнай палітыкі. Аб рэпрэсіях, палітвязьнях і эканамічных санкцыях адносна рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі і аб пэрспэктывах адносінаў я хацеў бы сказаць сваё слова.

Будучыня пасьля Лукашэнкі і пасьля вайны нас, беларусаў, непакоіць, бо мы, народ эўрапейскай гісторыі і культуры, ня хочам быць уцягнутымі ў геасфэру Усходу, у дачыненьні чужога нам “рускага сьвету”, дзе вымушаны будзем змагацца за народнае і фізічнае выжываньне. Наша нацыянальная ідэя — незалежная вольная дзяржава Беларусь.

Умовы нашай свабоды — гэта наша воля, а таксама дачыненьні і падтрымка з боку эўрапейскай дэмакратыі, Злучаных Штатаў Амэрыкі і ўсяго Заходняга сьвету. Нашым рэальным прыярытэтам у гэтай карціне сьвету ёсьць Злучаныя Штаты Амэрыкі, Польшча і дычыненьні з польскай дэмакратыяй. Дэмакратычная Польшча можа быць нашай палітычнай апорай у змаганьні за волю, самастойнасьць і моц супраць пагрозы маскоўскага імпэрыялізму. Бо мы, у Беларусі і ў Польшчы, разумеем агульную небясьпеку ўсходняй пагрозы і неабходнасьць існаваньня дэмакратычнага беларускага дзяржаўнага авангарда для польскай дзяржавы на ўсход ад польскай мяжы.

У гэтай сувязі мы хацелі б данесьці суровую праўду, якая зразумелая, магчыма, ня ўсім польскім палітыкам. Гібрыдная вайна і агрэсіўная палітыка Масквы супраць Беларусі (уключаючы выкарыстаньне марыянэткі Лукашэнкі) накіравана ня толькі на падпарадкаваньне беларускай улады Маскве, ня толькі на захоп эканомікі, на выкарыстаньне тэрыторыі, на вынарадаваньне беларусаў, але ў канечным сэнсе на зьнішчэньне беларускай дзяржавы і на ліквідацыю беларускай нацыі. Згодна расейскай імпэрскай ідэалёгіі, Беларусі як дзяржавы і беларусаў як народа не павінна быць.

Мы ня маем выразнай веды, як да гэтага (калі зразумеюць) аднясуцца краіны Эўропы і ўвесь заходні дэмакратычны сьвет. Але мы ўсьведамляем сітуацыю, што Польшча з тым не пагодзіцца і, разумеючы пагрозу, стане саюзьнікам нашага беларускага існаваньня і нашай свабоды. І таму мы шчыра зацікаўлены ў добрых дачыненьнях і гатовыя дапамагаць ва ўмацаваньні польскай дэмакратыі і ролі польскай дзяржавы ў дэмакратычнай Эўропе.

Тым часам мы бачым, што палітыка Эўразьвязу ў дычыненьні да Беларусі, справядліва накіраваная на непрызнаньне антынароднай улады Лукашэнкі, але аднабока сканцэнтраваныя на санкцыйным блакаваньні эканомікі краіны і супярэчыць у гэтай частцы нашым беларускім нацыянальным інтарэсам.
Такая палітыка выклікала франтальны паварот беларускай вытворчасьці, гандлю, фінансавых адносін, капіталу і палітычных дачыненьняў у бок агрэсіўнай Расеі. Беларуская эканоміка і гандаль і нават міжлюдзкія дачыненьні ськіраваліся на Маскву. Прытым вымушана амаль цалкам спыніліся гандлёвыя, міжлюдзкія і культурніцкія адносіны з Эўразьвязам.
Агульныя без канкрэтызацыі і разбору эканамічныя санкцыі ўдарылі па сацыяльным і матэрыяльным жыцьці беларускіх людзей, але не пахіснуілі (і нават ўмацавалі) ўладу рэжыму Лукашэнкі, загналі яе цалкам пад расейскі мілітарны парасон.
Гледзячы з пэрспэктывы будучыні, і разумеючы агрэсіўную пазыцыю Расеі, такая агульная санкцыйная палітыка супроць рэжыму Лукашэнкі, дзяржавы і народа — гэта катастрафа, якая ўдарыць перш за ўсё па Беларусі, потым па Польшчы і ў канечным сэнсе — па ўсёй Эўропе. Гэта памылковая палітыка.
Думаючы пра пэрспэктыву дэмакратычнай бясьпечнай Эўропы, і, улічваючы стан вайны і пагружанасьць Расеі ў вайне, палітыкам Эўразьвязу лагічна было б шукаць магчымасьці і мэтады адрываць Беларусь ад Расеі, а Лукашэнку ад Пуціна і ад Масквы, завязваць міжлюдзкія адносіны, арыентаваць беларускі транспарт, бізнэс і гандаль на дачыненьні з Эўразьвязам.
Тым часам робіцца наадварот: дэманструецца паказное непрыняцьце дыктатуры, але выяўляецца нежаданьне ўступаць у складаныя кантакты з тэрарыстычным рэжымам і праводзіць цяжкую але неабходную (для самой жа Эўропы) палітыку вяртаньня Беларусі і яе народа ў сьвет эўрапейскіх дачыненьняў. Самы беларусы ў быльшыні гатовыя да гэтага.

Асабліва дрэнна адбіваецца такая палітыка агульнага эканамічнага ціску, дыстансаваньня ад кантактаў і ад практычных дзеяньняў на тысячах беларускіх палітвязьняў, якіх трымаюць катуюць і забіваюць ў турмах Лукашэнкі. Жорсткія масавыя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ўжо пяты год. Беларусаў хапаюць па прыдуманых неіснуючых прычынах. Суды судзяць па абсурдных законах і па неіснуючых зьявах. У турмах ствараюць невыносныя ўмовы для палітвязьнаў, даводзяць да страты здароўя, калечаць і забіваюць. Адбываецца скрыты другасны генацыд Беларускай нацыі.

Чалавек ёсьць найвышэйшай жыцьцёвай каштоўнасьцю, і я, ад імя Дэпутатаў Незалежнасьці Беларусі, настойваю на неабходнасьці вызваленьня беларускіх палітвязьняў усімі даступнымі спосабамі і сродкамі.
Гэта значыць, што ў аснове палітыкі па вызваленьні палітвязьнязў павінен быць гуманістычны прынцып прыярытэту жыцьця чалавека і правіла збліжэньня народных інтарэсаў. Патрэбныя рэальныя дамовы з тэрарыстычным рэжымам аб вызваленьні турэмных закладнікаў.

Калі няма магчымасьцяў ліквідаваць тэрарыстаў, то адзіным спосабам па вызваленьні закладнікаў, якімі зьяўляюцца палітвязьні рэжыму Лукашэнкі, мусяць быць дамоўленасьці з тэрарыстамі.

Дзеля жыцьця, здароўя, свабоды і вызваленьня людзей з турмы ад калецтваў і катаваньняў было б па-чалавечаму годна і ўдзячна, каб ўзьніклі кантакты і перамовы эўрапейскіх структураў са злачынным рэжымам Лукашэнкі, па розных аспэктах абмену і дзеяньні па выратаваньні вязьняў. У тым ліку мусяць быць дамоўленасьці на выпушчэньне палітзьняволеных у абмен на зьняцьцё вызначаных (дамоўленых) эканамічных санкцыяў. Тым больш, што эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі (а фактычна — супраць дзяржавы і Беларускага народа) не апраўдалі сябе.

Мне прышлося зьвяртацца асабіста з пасланьнем да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць палітвязьняў, спыніць арышты і рэпрэсіі супраць беларусаў. Вязьняў пачалі выпускаць групамі. А нядаўна (толькі што) выпусьцілі знакавую асобу, аб якой я асабіста прасіў, — Паліну Шарэнду-Панасюк, якую ў турме мэтанакіравана катавалі і штурхалі ў магілу. Цяпер яна на свабодзе.

З боку Лукашэнкі павольнае выпусканьне вязьняў, і асабліва Паліны Шарэнды-Панасюк, гэта гучнае сьведчаньне аб гатоўнасьці да перамоваў з Эўразьвязам па пытаньні вызваленьня палітвязьняў у абмен на спыненьне эканамічных санкцыяў. Не прыняць гэтага сігнала ў такіх абставінах, мне здаецца, было б недаравальным працягам тупіковай палітыкі, адмаўленьнем ад эмпатыі і здаровага сэнсу. Асабліва калі разумець, што разблакаваньне чыгункі, наладжваньне руху цягнікоў ды аднаўленьне авіяпалётаў кампаніі “БЕЛАВІЯ”, не ўплывае ні на існаваньне рэжыму Лукашэнкі, ні на агрэсію Пуціна. Гэта было б зручна найперш беларускім людзям, таксама потым палякам, чэхам, і іншым.
З усёй адказнасьцю прамаўляю тут гэтыя словы, спадзеючыся на падтрымку польскіх палітыкаў, польскай дыпляматыі, якія, як ніхто іншы, ведаюць менскага дыктатара, разумеюць расейскую палітыку і цяжкасьці дачыненьняў з аўтарытарным рэжымам. Але тое было б патрэбна дзеля агульных інтарэсаў сьветлай, свабоднай, сяброўскай будучыні нашых краін. Дзякую за слуханьне.

3.02. 2025.

Зянон ПАЗЬНЯК
— Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Парляманцкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, Палітычны лідар Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь”, доктар мастацтвазнаўства.

Вартае ўвагі

21 лютага – міжнародны дзень роднай (Беларускай) мовы

(Кароткі рэфэрат, для школьнікаў і студэнтаў) Сёньня на Беларусі наша...

Заява “Асацыяцыі сваякоў і колішніх палітвязьняў”

Вызваленьне палітвязьняў неабходнае і магчымае, і патрабуе аб’яднання і пашырэньня намаганьняў усіх палітычных актараў

Аналіз маніпуляцый і прапаганды ў дэмакратычных СМІ

Што такое прапаганда? Паводле Валерыя Пісарка, прапаганда – гэта сістэматычнае...

Апошняе

21 лютага – міжнародны дзень роднай (Беларускай) мовы

(Кароткі рэфэрат, для школьнікаў і студэнтаў) Сёньня на Беларусі наша...

Канферэнцыя палітвязьняў у Варшаве (відэа)

20 лютага 2025 г. у Беларускім доме ў Варшаве...

Заява “Асацыяцыі сваякоў і колішніх палітвязьняў”

Вызваленьне палітвязьняў неабходнае і магчымае, і патрабуе аб’яднання і пашырэньня намаганьняў усіх палітычных актараў

Аналіз маніпуляцый і прапаганды ў дэмакратычных СМІ

Што такое прапаганда? Паводле Валерыя Пісарка, прапаганда – гэта сістэматычнае...

Рупары фальшывай палітыкі

Вызваленьне з турмы Паліны Шарэнды-Панасюк стала сьветлай падзеяй для...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: