18 снежня 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

Сяргей Навумчык: “Народ імкнуўся вызваліцца ад узурпатара, але лідэры – найперш тыя, хто уцягнуў у “выбары” – апынуліся не на ўзроўні народа”

Шаноўны Франак Вячорка напісаў, што мяне “лёгка злавіць на хлусьні”, калі я пішу пра заклік Пазьняка да байкоту выбараў ў пачатку 2020 году, і прывёў спасылкі на заявы Пазьняка, у якіх ён заклікаў падтрымаць народны пратэст у канцы траўня. Думаю, сыну выбітнага мовазнаўцы (якім бясспрэчна ёсьць Вінцук Вячорка), варта ўсё ж у палеміцы выбіраць больш карэктныя фармулёўкі, ну але сутнасьць у іншым.

Я пісаў пра заклік да байкоту, і цяпер перачытаў адпаведныя заявы Пазьняка. Як у самым пачатку 2020 заклікаў ён да байкоту выбараў, гэтак і прытрымліваўся сваёй пазыцыі, і больш таго – заклікаў кандыдатаў зьняцца.

Вось напрыклад: “На фальшывых выбарах ад людзей нічога не залежыць… Згодна закона мусяць быць новыя выбары без Лукашэнкі.

Якраз за такія пазыцыі Сяргея Ціханоўскага подлым чынам незаконна арыштавалі і трымаюць у карцары.

На жаль, нечакана для многіх Сьвятлана Ціханоўская, пасьля рэгістрацыі яе кандыдатам на прэзыдэнта, падтрымала не Сяргея Ціханоўскага, не пазыцыю народнага байкоту, а выступіла, фактычна, з падтрымкай выбарчай палітыкі Ярмошынай-Лукашэнкі і заклікае людзей ісьці на галасаваньне з мэтай, як было заяўлена, “легітымізаваць” (гэта значыць зрабіць паўнамоцнымі) фальшывыя выбары Лукашэнкі…

Ужо першыя агітацыйныя пікеты Ціханоўскай паказалі, што Масква, карыстаючы сваіх крэатур у нашым грамадзтве, у чарговы раз хоча ўехаць ў беларускую ўладу на плячах даверлівых беларусаў і кандыдатаў, што трапілі ў сеткі рэжыму. Аднак, на гэты раз, спадзяюся, нічога ў іх не атрымаецца. (На жаль, атрымалася – С.Н).

Атмасфэра салідарнай эйфарыі, зьява добрая, ўздымае дух, але спараджае ўяўленьне, што з рэжымам можна пакончыць галасаваньнем на фальшывых выбарах. Таму з боку арганізатараў выбарчага мітынгу і ад Сьвятланы Ціханоўскай рэфрэнам гучэлі заклікі прыйсьці галасаваць 9-га жніўня. Людзям паведамілі прывабны план, што Сьвятлана йдзе не на прэзыдэнта, а супраць Лукашэнкі, бо адразу як толькі яна на гэтых выбарах будзе выбрана прэзыдэнтам, Сьвятлана прызначыць новыя свабодныя выбары, дзе будуць удзельнічаць і Цапкала, і Бабарыка, і ўсе хто захоча. Такі прыгожы план. Але, нажаль, палітычна не рэальны. Заклікі ўсім ісьці галасаваць канчаюцца, як заўсёды, «элегантнай перамогай» Лукашэнкі. І што дрэннае – такія заклікі на фінішы прадугледжваюць стыхійны кафлікт, у якім рэжым будзе мець перавагу” (19 ліпеня 2020).

І праз тры дні: “Катэгарычна нельга ўдзельнічаць у галасаваньні 9-га жніўня. 9-га жніўня ня йдзіце галасаваць!” (23 ліпеня 2020).

І яшчэ праз некалькі дзён: “Навошта гнаць людзей на фальшывае галасаваньне супраць ўсіх, калі там галасоў ня лічаць?” (28 ліпеня 2020).

І там жа: “Цяпер трэба арганізавацца і дзейнічаць разумна. Лукашэнка ўжо доўга не ўтрымаецца. Але трэба не падставіцца пад разгром.

Узбуджаная маса без арганізацыі, бяз разумных палітыкаў, без уяўленьня праграмы барацьбы, без разуменьня рэальнай мэты і рэалізацыі задач, урэшце бяз ідэалаў, паднятая на адной нянавісьці да ўзурпатара і з лёзунгам «Абы ня Лукашэнка», такая маса здольная толькі на БУНТ, ЯКІ ХУТКА КАНЧАЕЦЦА, З ДРЭННЫМІ ВЫНІКАМІ ДЛЯ ГРАМАДЗТВА” (вылучэньне маё – С.Н.) (З. Пазьняк, “Неабходнасьць байкоту ў час эйфарыі”, 28 ліпеня 2020).

Мае шаноўныя апанэнты звальваюць усё да кучы, калі кажуць, што я “абясцэнтваю” народны пратэст і лідэраў. Вось у тым і справа, што я якраз – размяжоўваю народ і лідэраў.

Народ меў поўнае права на пратэст (Пазьняк якраз і падтрымаў гэтае права, ня трэба блытаць з выбарамі!), але пытаньне было ў здольнасьці лідэраў яго належным чынам арганізаваць і падрыхтаваць адпаведныя ўмовы.

Калі я ўбачыў ля ЦВК хлопчыкаў са штабу у элегантных касьцюмах, выбачаюся, — вылаяўся. Не ля ЦВК у сваіх бездакорных касьцюмчыках – гальстучках трэба было дэфіліраваць, а быць ля прахадных МТЗ, МАЗу, МЗКТ і г.д.

Паўтару, што пісаў сто разоў наконт мірнага супраціву: рэжым можна было зваліць і без чалавечых ахвяраў. Пры падрыхтоўцы агульнанацыянальнага страйку (а часу для гэтага хапала) хаця б на дзясятку бюджэтаўтворных прадпрыемствах узьнікла б кардынальна іншая сытцуацыя, Лукашэнку не ўратаваў бы нават Пуцін, бо натоўп можна расстраляць, а да кожнага з дзясяткаў тысяч рабочых, якія ня выйшлі на працу АМАПаўца ці “роснвардзейца” не прыставіш.

Але штабу ня трэба былі парады лідэра рабочага руху дэпутата Апазыцыі БНФ у ВС-12 Сяргея Антончыка, ні парады Пазьняка. “Вы ўсё прас…лі, а мы цяпер вам пакажам, як трэба рабіць рэвалюцыю!” – пра такія заявы хлопчыкаў-дзевачак са штабу прыгадвае шмат хто з тых, хто быў у дэмакратычным руху з рэжымам задоўга да 2020-га.

Паказалі…

Вось пішуць: а чаму Пазьняк не прыехаў і не ўзначаліў? На той момант абсалютным аўтарытэтам і абсалютнай верай у людзей (прычым на ўзроўні бажаства) валодала толькі “троіца” на чале з Ціханоўскай, і слухаць людзі былі згодныя толькі таго, на каго Ціханоўская, умоўна кажукчы, пакажа пальцам. Спробы Пазьняка прабіца да Ціханоўскай, як вядома, скончыліся нічым (не абвінавачаваю ў гэтым Сьвятлану: упэўнены, што ёй альбо не перадалі прапанову, альбо настойліва адравілі, што ня дзіўна: Ціханоўскую ўшчыльную атачалі прарасейскія асобы).

Калі нехта заўважыў, я чатыры гады не выказваю крытыку Ціханоўскай і яе структураў (прынцыпова не раблю гэта як прадстаўнік Рады БНР, якая ня ўмешваецца ва ўнутранапалітычны працэс) – але я яшчэ, нейкім чынам, і аўтар кніг і публікацый па найноўшай гісторыі, і аналізаваць падзеі гістрорыі пакідаю за сабой права.

Што да 2020-га, дык, на мой погляд, ён падзелены на мінімум чатыры этапы: пачатак “выбарчай” кампаніі, сама кампанія, поствыбарчыя пратэсты і сытуацыя пасьля жніўня. І лідэрства было рознае, а таму розная і адказнасьць. Так, да прыкладу, Павал Латушка ня можа несьці адказнасьці за падрыхтоўку (дакладней, яе адсутнасьць) масавых выступаў мінімум да дня галасаваньня, роўна як і Сяргей Ціханоўскі не адказвае за тое, што адбывалася пасьля ягонага арышту. Але былі і агульныя лідэры цягам усяго працэсу.

І таму аналітыкам і будучым гісторыкам трэба дыфэрэнцавана падыходзіць да пэрсанальных ацэнак.

Дык пацьверджу тое, што напісаў раней: народ мае права на пратэст і нават на паўстаньне. І больш за тое: як было зафіксавана ў легендарнай Дэклярацыі, народ нават абавязаны зрынуць уладу сілай, калі гэта – улада ўзурпатара.

Беларускі народ імкнуўся вызваліцца ад узурпатара.

Але лідэры – найперш тыя, хто уцягнуў у “выбары” — апынуліся не на ўзроўні патрабаваньняў народа.

І ў выніку пратэст – ва ўсялякім разе, на сёньняшні дзень – скончыўся разгромам ня толькі яго ўдзельнікаў, але і ўсяго нацыянальнага руху на тэрыторыі Беларусі, і татальным прарасейскім тэрорам.

Атрымаўся, словамі Пазьняка, “бунт, які хутка канчаецца, з дрэннымі вынікамі для грамадзтва”.

Ці нехта лічыць гэтыя вынікі добрымі?

Крыніца: https://t.me/Navumcyk

Вартае ўвагі

Зянон Пазьняк пра Станіслава Булак-Балаховіча і Слуцкіх паўстанцаў

Разам з Зянонам Пазьняком узгадваем легендарнага беларускага генарала Станіслава...

Апошняе

Зьявілася інтэрактыўная мапа манументальнага мастацтва Беларусі

Створаны беларускімі актывістамі вэб-сайт Monumental.by мае выгляд інтэрактыўнай мапы...

У Грузіі абралі новага прэзідэнта — Міхаіла Кавелашвілі. Апазыцыя выбары не прызнае

Упершыню выбары прайшлі па новай схеме: не наўпроставым галасаваньнем,...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: