31 жніўня 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Урачыстасьці ў Мастаўлянах: адкрыцьцё памятных шыльдаў на месцы сядзібы Каліноўскіх (фота)

22 лістапада ў невялічкай вёсцы Мастаўляны на польска-беларускім памежжы актыўная беларуская грамада Беластоку пры падтрымцы мясцовай улады гмінаў Міхалова і Гарадок урачыста адкрыла інфармацыйныя шыльды каля месца, дзе калісьці стаяла фамільная сядзіба роду Каліноўскіх. На шыльдах змешчаныя выява сядзібы і кароткая гістарычная даведка пра яе, а таксама пра кіраўніка паўстання на Літве Вінцэнта-Канстантына (Кастуся) Каліноўскага, які нарадзіўся ў гэтай сядзібе.

Удзельнікі імпрэзы разам з ганаровай вартай, арганізаванай сябрамі рэканструктарскага клюбу “Invictus 1863”, прайшлі ад помніка паўстанцам у Мастаўлянах да ўсталяваных інфармацыйных шыльдаў.

Сам аўтар і выканаўца інфармацыйных табліцаў Януш Талуць разам з кіраўніцай Аргкамітэту па мемарыялізацыі сядзібна-паркавага ансамбля Каліноўскіх у Мастаўлянах Вольгай Сямашка здымалі покрывы з новага помнага знаку.

Ксёндз Вячаслаў Барок асьвяціў шыльды, а ў сваёй прамове выказаў думку, што Кастусь Каліноўскі ня быў пачаткам беларускай нацыі і не зьяўляецца канцом працэсу яе сьцверджаньня. Без папярэдніх пакаленьняў патрыётаў Бацькаўшчыны, сам Кастусь ня змог бы з’явіцца ў гэты сьвет, а сёняшняя дзяржава Беларусь таксама бы не існавала бяз вычыну Каліноўскага. Сьвятар нагадаў, што здаровы нацыяналізм – гэта бязьмежная любоў да свайго, а не нянавісьць да іншага. І такі нацыяналізм жыцьцёва неабходны сёньня беларусам як на Радзіме, так і за яе межамі, бо бойка за свабоду Беларусі ўсё яшчэ трывае.

Іншыя ўдзельнікі ўрачыстасьці ўзгадвалі таксама падзеі шасьцігадовай даўніны – пахаваньне адшуканых парэшткаў паўстанцаў на віленскіх могілках Росы, дзе знаходзіцца таксама сэрца Юзафа Пілсудзкага. Сымбалізм і духоўная сувязь адчуваюцца на кожным кроку, дастаткова толькі расплюшчыць вочы.

Для некаторых з удзельнікаў урачыстага адкрыцьця табліцаў нацыянальна-вызвольная вайна працягваецца і сёньня ня толькі ў словах, але ў канкрэтным гераічным дзеяньні. Колішні ваяр Палка Каліноўскага падчас імпрэзы зьвярнуўся да мясцовых уладаў з просьбай усталяваць у Мастаўлянах помнік, куды б маглі прыходзіць сваякі і пабрацімы загінулых ва Ўкраіне беларусаў, бо на Радзіме, на жаль, нават існыя помнікі паўстаньню 1863 зьнішчаюцца, а сем’і ваяроў ПКК перасьледуюцца і ня маюць магчымасьці аплакваць сваіх загінулых родных.

Сярод запрошаных на ўрачыстасьць гасьцей прысутнічалі і бралі слова таксама намесьнік бурмістра гміны Міхалова Эльжбэта Росіньска, дырэктар цэнтра культуры ў Гарадку Магдалена Лотыш, прафэсар Лявон Тарасевіч, палітык Павал Латушка, прадстаўнік цэнтру беларускай культуры ў Беластоку, прадстаўнік беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі і прадстаўнік клюбу “Invictus 1863” Васіль Калач. Вольга Сямашка зачытала ліст Уладзімера Арлова.

35 год Незалежнасьці. Як 27 дэпутатаў зьмянілі лёс Беларусі

Зянон Пазьняк у эфіры Беларускай службы Польскага радыё. 35 гадоў...

Набліжаецца 35 гадавіна абвяшчэньня Незалежнасьці Беларусі

25 жніўня 1991 году Беларускі Народны Фронт здабыў Незалежнасьць...

Апошняе

Беларусы-добраахвотнікі ва Украіне апынуліся ў прававой пастцы

Беларускім добраахвотнікам, якія ваююць за Ўкраіну, пагражае звальненьне з...

35 год Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь

Паважаныя землякі, дарагія беларусы.  Віншуем нас усіх зь вялікім нацыянальным...

24 жніўня — Дзень Незалежнасьці Ўкраіны

35 год таму, 24 жніўня 1991 году Ўкраіна абвесьціла...

Латвія пачала публікаваць сьпіс кампаніяў, якія гандлююць з Расеяй і Беларусьсю

Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленьне Латвіі (ЦСУ) апублікавала зьвесткі пра 171...

Амбасада Беларусі ў Фінляндыі будзе закрытая з 1 верасьня

Амбасаду Беларусі ў Хэльсынкі плянуецца закрыць з 1 верасьня...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: