У Беларускім Доме ў Варшаве адбылася прэс-канфэрэнцыя з нагоды дня палітвязьняў.
21 траўня – дзень салідарнасьці з палітзьняволенымі ў Беларусі. Менавіта у гэты дзень ініцыятыва “Палітвязынка” у супрацы з Беларускім Домам запрасіла журналістаў на прэс-канферэнцыю, каб паслухаць і задаць пытаньні жанчынам, што адбылі тэрміны ў вязьніцы па палітычных матывах.
Прамоўцамі сустрэчы былі:
Міа Міткевіч – былая палітзняволеная, асуджаная на 3 гады калоніі. Цалкам адбыла тэрмін. Выйшла на волю восенню 2023 года.
Дарья Афанасьева – былая палітзняволеная, асуджаная на 2,5 гады калоніі. Цалкам адбыла тэрмін, вызвалілася 30 сакавіка 2024 года.
Аляксандар Лойка (сувязь па зуму) – муж палітзьняволенай Ірыны Слаўнікавай, асуджанай на пяць гадоў калоніі. Ірына Слаўнікава – журналістка, працавала на польскім тэлебачаньні. На гэты момант адбывае тэрмін у Гомельскай жаночай калоніі.
Вольга Скрашчук — былая палітзьняволеная, асуджаная на 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па артыкулах “Абраза прадстаўніка ўлады” і “Распальваньне варожасці ці варажнечы”. Вызвалілася 28 студзеня 2023г.
Яўгенія Доўгая – прадстаўніца ініцыятывы “Палітвязынка”, якая займаецца дапамогай і падтрымкай палітзьняволеным жанчынам пад час адбываньня тэрміну і рэабілітацыяй пасьля вызваленьня.
Максім Палавінка — юрыст, эксперт праэкта “Права на абарону”.
Алесь Зарэмбюк – прадстаўнік Беларускага Дому ў Варшаве.
На пачатку размовы былыя палітзьняволеныя Дар’я Афанасьева і Міа Міткевіч прадэманстравалі залі сукенкі, якія яны насілі ў калоніі. Сукенкі ружовага колеру — сімвал няволі жанчыны ў вязьніцы, на ёй абавязкова прымацаваны цэтлік з імём, прозьвішчам, імём па бацьку зьняволенай, артыкул затрыманьня, пачатак і канец тэрміну, нумар брыгады. На рукаве – жоўты трохкутнік, а калі жанчына “злосная парушальніца”, яго на сукенцы няма (як тое было з Міяй Міткевіч). Дар’я Афанасьева падзялілася успамінамі, што, нават калі зьняволенай трэба нешта падправіць ў сукенцы, трэба пытаць дазволу ў апэрытыўнага куратара. Часам такое “дастасаваньне” было зусім дробязнае, таму Дар’я зрабіла яго без дазволу, бо было даволі цяжка зразумець і успрыняць псіхалагічна неабходнасьць згоды апэратыўніка. Таксама Дар’я дазволіла сабе “вольнасьць” — зрабіць латкі ў форме сардэчак – схаваны маленькі сімвал пратэсту.
Дар’я Афанасьева і Мія Міткевіч даволі разгорнута падзяліліся сваімі ўспамінамі пра настроі у калоніі, дачыненьнямі паміж зьняволенымі, прыгадвалі Паліну Шарэнду-Панасюк, Вольгу Маёраву, Кацярыну Бахвалаву, Тацьцяну Канеўскую ды іншых. Шмат было сказана пра надзеі на паратунак, прагу зьняваленных жанчын да як мага хутчэйшага вызваленьня.
Мія Міткевіч: “ Мы на той момант у 21 годзе размаўлялі аб тым, што нас будуць ратаваць. Канеўская, Паліна і іншыя ўдзельніцы, таксама Каця Бахвалава — ўсе шчыра верылі, што нас будуць ратаваць, што нам трэба крыху пратрымацца і нас абавязкова выратуюць” — узгадала спадарыня Мія размовы з зьняволенымі жанчынамі. “Мы размаўлялі пра тое, што, апроч санкцыяў, трэба прыдумаць нешта яшчэ, каб канкрэтна нас вызваліць, бо знаходзіцца ў калоніі немагчыма. Таму што кожны дзень ты прачынаешся з думкай, што можаш да вечара не дажыць”.
Мія Міткевіч (у цэнтры фота)
“Кожны дзень ты прачынаешся з думкай , што можаш да вечара не дажыць“
“Я цяпер расказваю канкрэтна пра 21 год – канец 21 года. На той момант людзі яшчэ нейкім чынам трымаліся. Аднак, уласна кажучы, усе нашы надзеі не зьдзейсьніліся, у выніку кожнай прыйшлося ратаваць сябе самой. Ужо ў пачатку 2022 года многія пачалі пісаць памілаваньне” – дадала Мія Міткевіч.
Падобна апісала настроі ў жаночай калоніі і Дар’я Афанасьвева: “Настрой там такі: ты трымаешся выключна надзеяй, ты ўвесь час круціш у сябе ў галаве: “ну а раптам”, “ну а можа…”. Пастаянна чакаеш выратаваньня адкуль заўгодна: “а можа быць тут”, ” можа быць там будзе, нарэшце”. Я думаю, мы, практычна, ўсё пісалі на памілаваньне, трымалі гэтыя дакумэнты недзе ў сябе ў скрынках – а раптам спатрэбяцца, а раптам нас уначы вывезуць кудысьці, каб мы падпісалі той дакумэнт і кудысьці з’ехалі. Мне гэта сьнілася! Мне сьнілася, як мяне заводзяць у штаб, як я падпісваю нейкія дакументы, бакавым зрокам бачу, як Іра Шчасная там ідзе міма і таксама штось падпісвае. Я ёй расказваю: «Ты ўяўляеш, гэта ж зь чацьвярга на пятніцу, ты разумееш – гэта не супадзеньне. Гэта значыць, там ужо пачынаеш верыць хоць бы у Вангу: яна маўляў казала такога-то чысла будуць зьмены! Бо толькі за гэта і трымаешся”.
Дарья Афанасьева – былая палітзьняволеная.
“Калі я выйшла з калоніі і пачула, якія мы тамака змагары. Мы не змагаемся там. У калоніі ты выжываеш. Ты спрабуеш выратаваць сябе, выратаваць усё што ў цябе тут (паказвае на сэрца –рэд.), па магчымасьці выратаваць усё што ў цябе тут (паказвае на галаву- рэд.), пра фізічнае здароўе я ўжо проста не кажу – ты яго проста ўжо не можаш выратаваць” — дадала Дар’я.
“У маім уяўленьні, што ў кабінета, што ва ўсіх астатніх , якія знаходзяцца тут, на волі, павінна стаяць адна адзіная задача – выратаваць і выцягнуць палітычных зьняволеных з турмы і рабіць гэта любымі даступнымі і недаступнымі спосабамі: дамаўляцца, ісьці на саступкі і , Калі гэта будуць называць продажам, калі ласка, купіце палітвязьняў, калі гэта магчыма!”.
“Ва ўсіх (палітзьняволеных – рэд.) пытаюцца: “Што рабіць?” — Даставаць! Даставайце! Там ніхто не змагаецца! Мы ўсе хочам выйсьці” — эмацыйна дадала Д.Афанасьева.
Былая палітзьняволеная Вольга Скрашчук распавяла пра турэмны досьвед 14 жанчын, якія праходзяць па “справе Зельцера”, некаторыя з якіх пакуль не прызнаныя палітзьняволенымі, пра тых жанчын, пра якіх мало хто ведае, бо інфармацыю засакрэціла КДБ. З тымі жанчынамі спадарыня Вольга пазнаёмілася пад час зьняволеньня. Вольга Скрашчук назвала імёны і прозьвішчы, факты катаваньня і гвалту над жанчынамі.
Былая палітзьняволеная Вольга Скрашчук.
Максім Палавінка — юрыст, экспэрт праэкта “Права на абарону” — распавёў пра стан з адвакатурай у Беларусі. З яго словаў, адвакат палітзьняволенага – гэта не толькі “пасылка/ліст у СІЗА”, але і маральная падтрымка зьняволенаму, яго саюзьнік. Але станам на зараз гэта вельмі моцна пагаршаецца, зьмяняецца: “У 2021 годзе было заяўлена, што адвакат – гэта дзяржаўны чыноўнік і на 2024 год – гэта перабудова цалкам адбылася. Людзі, што прыцягваюцца па палітычным артыкулам, індыфікуюцца як людзі, што ідуць супраць дзяржавы”. Максім задаўся пытаньнем: “Як адвакат, што прыходзіць у школы і рассказвае дзецям пра тое, што экстрымізм – гэта дрэнна, потым будзе абараняць “палітычнага” кліента?”.
Па мяркаваньню М.Палавінкі, вяршыняй дзяржаўнага наратыву стала тое, што
“9 траўня 2023 года менская гарадская калегія адвакатаў пайшла ўскладаць кветкі да помніка летчыку Акрэсьціна. Гэта трэба было здагадацца зрабіць!”
Напрыканцы сустрэчы Яўгенія Доўгая – прадстаўніца ініцыятывы “Палітвязынка”, якая займаецца дапамогай і падтрымкай палітзьняволеным жанчынам пад час адбываньня тэрміну і рэабілітацыяй пасьля вызваленьня, зьвярнулася да донараў фондаў, якія дапамагаюць палітвязьням, з просьбай сачыць за выказваньнямі, працай, якасьцю працы, абавязкова пытаць зваротную сувязь ад людзей,што атрымліваюць тую дапамогу, так як, па мяркаваньню Яўгеніі, фонды і ініцыятыва дапамогі палітвязьняў заходзяць у крызіс.