10 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуд палітзьняволенай кіраўніцы творчай прасторы «Парасон» Інзе Казючыц. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
60-гадовую жанчыну асудзілі да пяці гадоў калёніі агульнага рэжыму і штрафу ў 2000 базавых велічыняў (90 тысяч рублёў).
Афіцыйнае абвінавачваньне: ч.3 арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч.1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі), ч. 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), а таксама ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
«Парасон» — незалежная творчая і культурна-асьветніцкая прастора ў Менску, якая займалася папулярызацыяй беларускай культуры і мовы. Там праводзілі курсы народных рамёстваў, лекцыі пра беларускую гісторыю, кіно і тэатар, майстар-клясы, квізы і сустрэчы, прысьвечаныя беларускім традыцыям і фальклёру.


