ДА 4-га ГОДУ ПОЎНАМАШТАБНАЙ АГРЭСІІ РАСЕІ СУПРАЦЬ УКРАІНЫ
24-га лютага спаўняецца чатыры гады ад пачатку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны і разьвязваньня поўнамаштабнай вайны супраць Украінскай нацыі. Агрэсія Расеі мае характар татальнай вайны, што выяўляецца ў мэтанакіраваным вынішчэньні ўкраінскіх гарадоў, мірнага ўкраінскага насельніцтва.
Улады Расеі не хаваюць сваёй асноўнай мэты: ліквідацыю незалежнай Украінскай дзяржавы. Расейская агрэсія і характар расейскіх ваенных дзеяньняў супраць Украіны — расстрэлы, катаваньні, масавыя забойствы — зьяўляюцца злачынствамі супраць чалавецтва. Гібрыдная палітыка Расеі не спыняецца і ўжо перарасла у пагрозу для ўсёй эўрапейскай супольнасьці.
Гэтая пагроза вымагае салідарнасьці і ўзаемадзеяньня дэмакратычных дзяржаваў.
Узгадваючы пачатак крывавай вайны, якая працягваецца ўжо 4 гады, мы адзначаем гераізм і стойкасьць вялікага Украінскага народу і яго войска, якія, ня гледзячы на цяжкасьці, мужна супраціўляюцца ворагу. Слава Украіне!
Мы адзначаем мужнасьць і стойкасьць палітычнага кіраўніцтва Украіны, найперш — прэзыдэнта Уладзімера Зяленскага, які 24-га лютага 2022 года змог вытрымаць палітычны і псіхалагічны ціск і зрабіць усё магчымае для палітычнай і вайсковай мабілізацыі ўкраінскага народу для таго, каб спыніць агрэсара.
Мы з жалем адзначаем нерашучасьць і няўпэўненасьць Заходняга сьвету ў справе арганізацыі маштабнай і актыўнай вайсковай дапамогі Украіне (асабліва ў першыя два гады агрэсіі), што прывяло да велізарных страт мірнага насельніцтва Украіны. Гэтая нерашучасьць выяўляецца ў адсутнасьці стратэгіі па аслабленьню і разбурэньню рэжыма Пуціна, без чаго заканчэньне вайны немагчымае.
Мы падтрымліваем беларускіх дабраахвотнікаў-ваяроў, якія побач з украінцамі змагаюцца за вольную Украіну ў беларускіх аддзелах супраць расейскіх акупантаў (Полк Каліноўскага і іншыя вайсковыя дабраахвотніцкія адзінкі).
Мы, прадстаўнікі беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў, асуджаем рэжым А. Лукашэнкі і найперш асабіста А. Лукашэнку, які нясе адказнасьць за спрыяньне агрэсіўнай палітыцы Расеі супраць Украіны і за прадстаўленьне, насуперак волі беларусаў, тэрыторыі краіны расейскім агрэсарам дзеля нападу на Кіеў у 2022 годзе.
Мы зьвяртаем увагу ўкраінцаў на антыбеларускі характар рэжыму Лукашэнкі, які зьяўляецца марыянэткай Масквы, праводзіць рэпрэсіі і палітыку гібрыднага генацыду супраць беларускага перадавога насельніцтва.
У сувязі з гэтым мы ўспрымаем барацьбу ўкраінцаў супраць маскоўскіх агрэсараў таксама і як нашу беларускую барацьбу і заклікаем усіх беларусаў добрай волі у сьвеце дапамагаць украінцам усімі магчымымі сродкамі: ад ахвяраваньняў і матэрыяльнай падтрымкі да асабістага ўдзелу ў ваенных дзеяньнях.
Зыходзячы з ацэнкі існуючай сітуацыі, агульнай палітыкі Расеі, мы зазначаем, што толькі перамога Украіны ў вайне (вызваленьне ўсіх акупаваных тэрыторыяў) можа спрыяць міру і бясьпецы ў Эўропе.
Мы лічым, што такая магчымасьць ёсьць і можа быць дасягнута пры энэргічнай, ёмкай і адначаснай падтрымцы Украіны з боку ўсяго Заходняга сьвету, і, перш за ўсё, — ЗША.
Мы зыходзім з гістарычнага досьведу і ўсьведамляем, што пакуль будзе існаваць агрэсіўная, дыктатарская, імпэрыялістычная па характару Расея, датуль будзе існаваць пагроза як для Украіны і Беларусі, так і для ўсёй Эўропы.
У гэтай вайне палітыка беларускіх нацыянальна-вызвольных сілаў накіравана на падтрымку Украіны і на вызваленьне Беларусі ад прамаскоўскага акупанцкага рэжыму.
Неабходным застаецца згуртаваньне беларускіх ваяроў і беларускіх аддзелаў, што ваююць на франтах Украіны супраць Масквы, у больш структураваную і асобную вайсковую і палітычную адзінку, якая стала б асновай будучага вызваленьня Беларусі.
Рэалізацыя такой магчымасьці стала б асновай агульнай ідэёвай перамогі над ворагам ва Украіне і Беларусі, довадам адзінства сілы нашых народаў ва Усходняй Эўропе і асновай міру ў пасьляваенным сьвеце.
Слава Украіне! Героям Слава!
Жыве Беларусь! Жыве вечна!
24 люты 2026 г.
Ад Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь”
Зянон ПАЗЬНЯК
Павел УСАЎ


