Брыдкі канфлікт, які навязаны для прагляду беларусам у Сеціве, не зьяўляецца сямейным канфліктам Ціханоўскіх. Гэта метадалагічна сістэмнае зьнішчэньне палітычнага вобразу С. Ціханоўскай і элемэнтаў беларушчыны з боку «рускага міру» ў адмыслова прымітыўнай, грубай і зьневажальнай манеры.
Тут істотна тое, што «рускаму міру» не патрэбныя ў пэрспэктыве ні на палову прарасейская Ціханоўская, ні агентурны «Офіс Ціханоўскай». Гэтак жа, як не патрэбны будзе і Лукашэнка (там толькі пытаньне часу).
Офіс Ціханоўскай, апанаваны прамаскоўскай агентурай, ёсьць залежным грантавым «проксі» брусэльскай палітыкі. Група стварылася пры арыентацыі на пуцінскую Маскву, яна варожая палітыцы Беларускага Адраджэньня і гісторыі Беларускага Адраджэньня 1980-1990-х гадоў, падтрымлівае расейскую русіфікатарскую сістэму «двуязычія», называе прарасейскі антыбеларускі рэжым Лукашэнкі «беларускім рэжымам», ухваляе эканамічныя санкцыі супраць народу Беларусі і адначасна выступае супраць дыктатуры Лукашэнкі, карыстаецца фінансаваньнем Эўразьвязу, здольная да супрацоўніцтва з Масквой па сутнасьці, але зьнешне выяўляе нацыянальную рыторыку, карыстаецца з большага беларускай мовай і аб’ектыўна сьведчыць свёй імітацыяй дзейнасьці пра існаваньне Беларусі ў міжнароднай прысутнасьці.
«Рускі мір» у прынцыпе не дапускае нічога беларускага ні па зьместу, ні па форме. Асабліва гэта добра відаць на відэа ў «Юцюбе», якое разьмежавана на тры часткі. Пасярэдзіне зьмешчаныя кадры агрэсіўнага інтэрв’ю Ціханоўскага ў пытаньнях да Ціханоўскай, а зьлева і зправа ў кадры два рускамірцы беларускага паходжаньня (адзін у вобразе камэнтатара, другі ў вобразе мужа), якія пацяшаюцца адзін з аднаго і зьдзекуюцца з Ціханоўскай ды зь яе беларускай мовы, на якой добра гаворыць Ціханоўская.
(Дарэчы, устаноўка нападу на беларускую мову штучна прыдуманая, бачна антымоўная зададзенасьць. Мяркую, што гэтую тэму рашысты будуць працягваць.)
Крытыка супраць Ціханоўскай з агрэсіўнай пазыцыі «рус-міра» – гэта зьява антыбеларускага паходжаньня. Базавыя асновы нацыі (тое, што датычыць існаваньня ўсіх) – гэта нацыянальная мова, нацыянальная дзяржава, нацыянальная незалежнасьць. Супраць гэтых асноў вольных народаў у першую чаргу накіравана агрэсія рускага міра і ў цэлым Расеі.
Шануючы Беларускі Народ, Беларускую мову, нацыю і нацыянальныя інтарэсы, НВР «Вольная Беларусь» стаіць за ліквідацыю антыбеларускай палітыкі ў любой форме – у рэжымнай антыбеларускай (Лукашэнка), у апазыцыйнай прабрусэльскай (ОСЦ) і ў прамаскоўскай антыбеларускай («рус-мір» і рашызм). Беларускі нацыянальны рух – гэта ідэя і дзеяньні, якія разьвіваюцца, бо накіраваныя на зьберажэньне нацыі, свабоды і дзяржавы, на стварэньне ўмоў дзеля вяртаньня нацыянальнай улады.
Зянон Пазьняк
22 лістапад 2026 г.


