19 ліпеня 2025

Беларускае нацыянальнае медыя

Ідэалёгія рускага міру, антыбеларуская прапаганда і барацьба зь ёй

У сучасным сьвеце ідэалогіі становяцца не менш магутнай зброяй, чым ракеты ці танкі. Асабліва, калі гаворка ідзе пра так званы рускі мір— ідэалагічны канцэпт, які Расея актыўна прасоўвае ў якасьці культурна-гістарычнага абгрунтавання сваёй палітычнай экспансіі. Для Беларусі гэтая ідэалёгія нясе не толькі сымбалічную, але і цалкам практычную пагрозу — пагрозу страты суб’ектнасьці, мовы і гістарычнай памяці.

Структура ідэалогіі рускага міру: чатыры кампаненты

Рускі мір — гэта не проста ідэя аб “агульнай цывілізацыі”. Гэта сфармаваная сыстэма ідэалагічнага ўплыву, якая мае дакладную структуру і працуе як палітычны інструмэнт. Ён спалучае чатыры асноўныя кампаненты: моўна-культурны, гістарычны, рэлігійны і геапалітычны. Разгледзім кожны з іх больш дэталёва.

1. Культурна-моўны кампанент. Расейская мова ў межах ідэалёгіі рускага міру разглядаецца не як адзін зь эўрапейскіх этнакультурных інструментаў, а як універсальны сродак цывілізацыйнай прыналежнасьці. Усе, хто гавораць па-расейску (па-руску), аўтаматычна ўспрымаюцца як частка рускага міра, нягледзячы на дзяржаўную або нацыянальную прыналежнасьць. У такім сэнсе мова становіцца зброяй палітычнага ўплыву і асновай для геапалітычных прэтэнзій. У беларускай сытуацыі гэта азначае, што выцясненьне беларускай мовы і татальная русіфікацыя спрыяюць замацаванню рускага міру ў масавай свядомасьці.

2. Гістарычны кампанент. У цэнтры стаіць міф пра адзінства ўсходнеславянскіх народаў — расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў — як нашчадкаў адзінага Кіеўскага княства (Старажытна рускай дзяржавы) і рускай цывілізацыі. Паводле гэтай версіі гісторыі, Кіеў быў калыскай, Масква — пераемніцай, а Беларусь — мост паміж імі.

Такі гістарычны наратыў ігнаруе незалежнае развіцьцё беларускіх дзяржаўных фармацый (Полацкае княства, ВКЛ, БНР) і выкарыстоўваецца для абгрунтавання ідэі, што беларусы ніколі не былі асобным народам — што зьяўляецца адкрытым фальсіфікатам.

3. Рэлігійны кампанент. Расейская Праваслаўная Царква (РПЦ), а таксама яе філіялы, уключаючы Беларускі экзархат, прадстаўляюцца як духоўны цэнтр рускага міру. У ідэалагічнай сістэме рускі мір — гэта не толькі моўна-культурная прастора, але і адзіная духоўна-маральная цывілізацыя, у якой РПЦ мае сакральную і палітычную ролю.

Пры гэтым аўтакефальнасць іншых цэркваў (напрыклад, Праваслаўнай Царквы Украіны або ініцыятыў аўтакефаліі ў Беларусі) паказваюцца як злачынства супраць еднасьці.

4. Геапалітычны кампанент. Нарэшце, найбольш адкрыты кампанент — геапалітычны. Рускі мір — гэта платформа гібрыднай экспансіі Расеі, якая абгрунтоўвае:

  • ваенныя аперацыі (як ва Украіне ці Грузіі);
  • інфармацыйныя ўварваньні;
  • падтрымку прарасейскіх палітычных сіл у іншых краінах;
  • уцягненне дзяржаў у Саюзную дзяржаву, АДКБ, Эўразійскую інтэграцыю.

У гэтым кантэксьце суверэнная Беларусь успрымаецца як прабел, які трэба запоўніць, а не як партнёр. І менавіта таму любая спроба Беларусі адстаяць сваю самастойнасьць выклікае не проста раздражненьне Крамля, а актыўнае супрацьдзеяньне праз усе наяўныя механізмы — ад прапаганды да палітычнага шантажу.

Што такое рускі мір?

На паверхні — гэта нібыта культурная супольнасьць, агульная мова, гісторыя, духоўнасьць. Але ў рэальнасьці — гэта дакладна структураваная ідэалагічная дактрына, якая з 2000-х гадоў фарміруецца як інструмэнт зьнешняй палітыкі Расейскай Федэрацыі.

Пачатак яе афіцыйнага фармаваньня зьвязаны з законам “Аб палітыцы ў дачыненьні да суайчыннікаў за мяжой” (1999), дзе ўпершыню зафіксавана “права” Расеі на абарону і ўплыў у дачыненьні да расейскамоўнага насельніцтва за межамі сваёй тэрыторыі.

У 2007 годзе Пуцін абвяшчае рускі мір прыярытэтам зьнешняй палітыкі Расеі. З гэтага моманту мы назіраем імклівую інстытуцыяналізацыю ідэалёгіі праз стварэньне адпаведных фондаў, каналаў распаўсюду, медыяструктур, царквы, адукацыі.

Ключавы дакумент — Стратэгія нацыянальнай бясьпекі РФ (2015). Упершыню рускі мір замацоўваецца як аб’ект абароны дзяржавай. У дакумэнце сказана, што забеспячэньне абароны суайчыннікаў, падтрымка расейскай мовы і культуры за мяжой зьяўляецца элементам стратэгіі нацыянальнай бясьпекі.

Такім чынам, мы гаворым не пра культурную зьяву. Мы маем справу з палітычна-ідэалагічнай зброяй, прызначанай для дэзынтэграцыі суседніх дзяржаў, разбуральнага ўплыву на іх нацыянальную ідэнтычнасьць і легітымацыі гібрыдных захопаў.

Механізмы распаўсюджваньня рускага міру ў Беларусі

Ідэалогія рускага міру не зьяўляецца знешняй ці абстрактнай пагрозай для Беларусі. Яна — рэальна існуючая інфармацыйна-палітычная прысутнасьць у нашай краіне, якая праяўляецца ва ўсіх сфэрах — ад адукацыі і СМІ да рэлігіі і мовы.

Гэта стратэгічна спланаваная палітыка, якая працуе на:

  1. размываньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці,
  2. дэлегітымізацыю беларускай дзяржаўнасьці,
  3. стварэнне ўмоваў для палітычнай залежнасьці ад Расеі.

У Беларусі ідэалогія рускага міру ўжо шмат гадоў пранікае праз шэраг каналаў. Першы зь іх — палітычны. На дзяржаўным узроўні ўвесь час узмацняецца міф пра “адзін народ” — беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў. Гэтую ідэю адкрыта транслююць і беларускія, і расейскія ўлады. Увесь праект Саюзнай дзяржавы, удзел Беларусі ў ЕАЭС і АДКБ — гэта інстытуцыяналізаваныя формы гэтага ідэалагічнага падпарадкаваньня.

Другі канал — адукацыя і гісторыя. З беларускіх падручнікаў сістэмна зьнікаюць важныя элементы нацыянальнай гісторыі — Вялікае Княства Літоўскае, паўстаньне Каліноўскага, БНР. Ім на зьмену прыходзяць узвялічаныя сюжэты “агульнай савецкай перамогі”, “інтэрнацыянальнай дружбы народаў”, “вызваленьня Беларусі Чырвонай арміяй”. Фармуецца гістарычная свядомасьць, у якой беларускасьць — нешта дробнае, а сапраўдны “цэнтр” знаходзіцца ў Маскве.

Трэці элемент — рэлігійны. Беларуская Праваслаўная Царква знаходзіцца ў падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхата і фактычна зьяўляецца часткай ідэалагічнай машыны Крамля. Сьвятары часта адкрыта транслююць ідэі рускага міру, называюць вайну супраць Украіны “сьвяшчэннай”, а незалежнасьць беларускай царквы — “раскольніцтвам”. У сьвятынях выкарыстоўваецца расейская мова, беларускія малітоўнікі амаль не выдаюцца.

Чацьвёрты канал — моўны. Пасля рэферэндуму 1995 года беларуская мова паступова выцясняецца з усіх сфер грамадскага жыцьця. Колькасць школ з навучаньнем на беларускай мове ў Менску скарацілася амаль у 20 разоў. Беларуская мова існуе як элемент апазіцыйнай ідэнтычнасьці, але не як натуральны выбар дзяржаўных і грамадскіх інстытуцый. Гэтая дынаміка цалкам адпавядае мэце рускага міру — зрабіць расейскую мову дамінуючай і адзінай поўнавартаснай.

Пяты канал — інфармацыйны. У Беларусі адкрыта транслююцца расейскія дзяржаўныя каналы: ОРТ, РТР, НТВ. Праз YouTube, Telegram і сацсеткі распаўсюджваюцца інфармацыйныя ўкіды пра “нацыстаў” ва Украіне, “захоп Захадам”, “дегенератаў” у Эўропе. Падчас крызісу 2020 года беларускія дзяржаўныя каналы былі часткова заменены расейскімі журналістамі, якія выбудоўвалі інфармацыйную палітыку з улікам інтарэсаў Крамля.

Як працуе прапаганда і як ёй супрацьстаяць

Польскі даследчык Ян Пісарэк у сваіх працах вызначае прапаганду як форму мэтанакіраванага інфармацыйнага ўздзеяньня, якая скіравана не на дыскусію, а на падпарадкаваньне. Прапаганда не пераконвае — яна навязвае. Яна працуе праз паўтарэньне, эмацыйныя вобразы, выкарыстаньне аўтарытэтаў і стварэнне штучных дыяметрычных супрацьпастаўленьняў: мы — яны, добрае — злое, рускі сьвет — захад сатаны.

Супрацьстаяць прапагандзе можна толькі праз контрпрапаганду — але гэта не азначае хлусьню ў адказ. Гэта азначае выкарыстанне тых жа механізмаў — паўтор, сімволіка, эмацыйны аповед — але ў інтарэсах праўды і самапазнаньня.

Як змагацца з прапагандай рускага міру?

Сённяшнія дасьледчыкі заклікаюць не толькі супрацьстаяць ідэалагічнаму ціску, але і актыўна фарміраваць уласны, самастойны наратыў — культурны, інфармацыйны і гістарычны. У адказ на чужыя канцэпцыі экспансіі павінна зьявіцца — канцэпцыя беларускага свету.

Гаворка ідзе пра нешта значна большае за абарону. Абарона — гэта рэакцыя. Нам патрэбна ініцыятыва. Патрэбна сістэмная праца над адбудовай уласнай візіі: як выглядае Беларусь як цывілізацыйны суб’ект? Якія каштоўнасьці яна прапануе? Што яднае беларусаў ва ўсім сьвеце?

Асноўныя прынцыпы барацьбы з прапагандай:

1. Не хапае толькі інфармацыі — патрэбен сэнс. Інфармацыя без сэнсавай рамкі не працуе. Калі расійская прапаганда кажа: “Беларусы — частка рускага міру”, то недастаткова адказаць: “Не, мы асобны народ”. Трэба прапанаваць альтэрнатыўны, насычаны вобразам і эмоцыяй наратыў, напрыклад: “Беларусы — народ, які 500 гадоў змагаўся за свабоду і застаўся сабой нават пад ціскам трох імперый. Мы не частка імперыі — мы яе ахвяра, і наш лёс — пра супраціў і годнасьць”.

2. Прапаганда працуе праз паўторы, контрпрапаганда таксама павінна быць сістэмнай. Нельга абмяжоўвацца адной акцыяй, адным допісам, адным выступам: прапаганда працуе толькі праз рэгулярнасьць і масавасьць. Контрпрапаганда таксама павінна быць пастаянным фонам, які прысутнічае:

  • у адукацыі,
  • у кліпах і фільмах,
  • у Telegram-каналах і рэкламных слоганах,
  • у словах настаўніка, сьвятара, бацькі, блогера.

3. Вобраз героя — ключавы элемент. Рускі мір прапануе сваіх герояў: Жукоў, Пушкін, Пуцін, “вялікі расійскі народ”. Беларуская контрпрапаганда павінна супрацьпаставіць сваю галерэю герояў, у якой ёсць не менш магутныя сімвалы, але з іншага парадку каштоўнасьцяў — свабоды, справядлівасьці, самастойнасьці і чалавечай годнасьці.

Кастусь Каліноўскі — не польскі радыкал, а змагар за вольнасьць народаў, чалавек, які першым назваў беларусаў нацыяй, які пайшоў на сьмерць з крыкам “Хай жыве Беларусь!”.

Вітаўт — дзяржаўны кіраўнік, які не толькі аб’яднаў і ўзмацніў Вялікае Княства Літоўскае, але і стварыў умовы для першай геапалітычнай альтэрнатывы Маскве на ўсходнееўрапейскіх землях. Пры ім Беларусь была суб’ектам эўрапейскай гісторыі, а не яе ценем.

Ларыса Геніюш — сімвал беларускай незалежнай сьвядомасці, якая адмовілася прыняць савецкае грамадзянства нават цаной турмы. Яе паэзія — прыклад непахіснасьці.

Васіль Быкаў — пісьменнік, які разбураў савецкі культ вайны знутры. Яго героі — не героі з парадамі, а людзі, што перажылі маральны выбар, трагічны і балючы. Быкаў у пасьлясавецкі час стаў адным з нямногіх нацыянальных аўтарытэтаў, хто адкрыта казаў пра небясьпеку імпэрскага адраджэньня.

Рускі мір стварае культ сьмерці за імперыю. Мы супрацьпастаўляем культ годнага жыцьця за сваю зямлю і праўду. Герой — гэта не толькі гістарычны персанаж. Гэта вобраз, які натхняе, які ўвасабляе сьвет, за які варта трымацца. Без героя няма нацыянальнай самасвядомасьці, і менавіта таму беларуская контрпрапаганда павінна вяртаць і ўзмацняць сваіх герояў.

4. Сучасныя героі: беларусы, што змагаюцца супраць рускага міру з зброяй у руках. Прапаганда рускага міра хоча паказаць, што ўсе беларусы — нягледзячы на рыторыку ўласных уладаў — “іхнія”, “адзіны народ”. Але сёньняшняя гісторыя Беларусь пішацца не толькі словамі, а кулямі, і пішацца — супраць гэтай самай ідэалогіі.

Беларускія добраахвотнікі, якія змагаюцца на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі, — гэта нашыя жывыя нацыянальныя героі, годныя працягальнікі справы Каліноўскага.

Полк імя Кастуся Каліноўскага — ваеннае злучэньне, якое не толькі носіць імя героя паўстаньня, але прадстаўляе працяг беларускай антыімпэрскай традыцыі. Гэта не проста салдаты — гэта палітычна сьвядомыя беларусы, якія разумеюць: свабодная Беларусь пачынаецца са свабоднай Украіны і паразы імпэрыі.

Зянон Пазьняк называе гэтых людзей кветкамі новай нацыі — бо яны не толькі ваююць, але створаюць міфалогію сучаснага беларускага героя, чалавека адказнага, сьмелага, гатовага памерці за чужую зямлю дзеля таго, каб аднавіць сваю.

Сярод загінулых беларускіх добраахвотнікаў — Аляксей Скобля, Эдуард Лобаў, Ілля Хрэнаў, Іван Марчук, Марыя Зайцава, Міраслаў Лазоўскі — людзі розных прафесій, светапоглядаў, узросту. Аднак усіх іх аб’ядноўвала супольная каштоўнасная платформа: адмаўленьне імперскай справядлівасьці, імкненьне да палітычнай і маральнай суб’ектнасці Беларусі, а таксама гатоўнасьць дзейнічаць, а не толькі сьведчыць. Іх сьмерць становіцца падставай для фарміраваньня новага сегмента нацыянальнай традыцыі — Пантэону Волі — дзе падзеі XXI стагоддзя перамагаюць гістарычную амнезію і ідэалагічную інэрцыю.

Там, дзе рускі мір прыходзіць з танкамі — беларусы адказваюць не прамовамі, а стрэламі. Уключэнне гэтых ваяроў у нацыянальны наратыў — не толькі акт гістарычнай справядлівасьці. Гэта стратэгічны элемент контрпрапаганды, які паказвае:

  • Беларусь — не частка рускага міра, а яго актыўны вораг;
  • нацыя жыве, калі за яе гінуць;
  • сённяшнія героі маюць твары, гісторыі, сяброў, а не толькі партрэты на сцяне.

5. Мова як ідэнтыфікатар сваёй цывілізацыі: стратэгічная роля і шлях да папулярнасьці. Мова — гэта не проста сродак камунікацыі. У кантэксце інфармацыйнай вайны, якой зьяўляецца рускі мір, мова — гэта палітычны выбар, грамадзянская пазіцыя і зброя цывілізацыйнай самаабароны. Бо ў любой прапагандысцкай сістэме моўная норма — гэта аснова фарміраваньня ідэнтычнасці.

Рускі мір настойвае на тым, што расейская мова — нібыта нейтральная, глабальная і цывілізацыйная. На справе ж — гэта інструмэнт акупацыі, асіміляцыі і разбурэньня нацыянальнай самасвядомасьці.

6. Перамога праз эмоцыю і супольнасць. Галоўны эфект прапаганды — стварэньне пачуцьця прыналежнасьці: ты не адзін, ты частка рускага міру. Таму контрпрапаганда павінна дзейнічаць на эмацыйным і сацыяльным узроўні: ты — беларус, ты не адзін, ты частка нацыі, супольнасьці, свету, які мае свой твар.

7. Візуальнасць і простая мова. Візуальныя вобразы і простыя пасылы маюць мацнейшы ўплыў, чым складаныя тэксты. Таму беларуская контрпрапаганда павінна ствараць:

  • інфаграфікі, карціны, мемы, кліпы;
  • простыя лозунгі: “Мова — гэта мы”, “Свабода — у нас у крывім, “Мы — з роду Каліноўскага”;
  • эстэтычна прывабныя матэрыялы, якія хочацца перасылаць сябрам.

Беларуская контрпрапаганда: як яе практычна будаваць.

Супрацьстаяньне ідэалогіі рускага міру патрабуе не толькі крытыкі і дэмантажу яе міфаў, але і пазітыўнай, актыўнай стратэгіі. Беларусь павінна прапанаваць сваю сістэму сэнсаў, вобразаў і каштоўнасьцей. Іншымі словамі — выбудаваць уласны культурны шчыт і меч. Асновай гэтага стануць пяць слупоў беларускай контрпрапаганды:

  • Нацыянальная адукацыя — дзе вучаць думаць як беларус, не толькі ведаць факты.
  • Сучасныя медыя і фарматы — дзе гісторыя і культура падаюцца не як абавязак, а як гонар.
  • Культурныя прадукты — фільмы, музыка, літаратура, TikTok, стэндап.
  • Жывое беларускамоўнае асяроддзе — не для «моўных акцый», а як частка жыцьця.
  • Свой пантэон герояў — рэальных, эмацыйна блізкіх, беларускіх.

Што мы можам і мусім рабіць за мяжой?

I. Падтрымліваць і пашыраць беларускую мову.

  • Размаўляць па-беларуску ў сваёй сям’і, з дзецьмі, з сябрамі — ствараць беларускамоўнае асяроддзе нават у эміграцыі.
  • Ствараць гурткі, курсы, школы, лагеры — для дзяцей і дарослых.
  • Выкарыстоўваць беларускую мову ў Instagram, TikTok, Telegram, на YouTube — бо менавіта мы цяпер з’яўляемся голасам вольнай Беларусі.
  • Перакладаць, пісаць, выдаваць: кнігі, гульні, праграмы — па-беларуску.

II. Ствараць беларускую супольнасць з выразнай ідэнтычнасьцю

  • Беларуская супольнасьць — гэта не група бежанцаў, а нацыянальная дыяспара з культурай, мовай і сымболікай.
  • Арганізоўваць імпрэзы, чытанні, кінапаказы, выставы, набажэнствы, у тым ліку на беларускай мове і з беларускім зьместам.
  • Ствараць і падтрымліваць арганізацыі і праекты: напрыклад, Беларуская школа ў Варшаве, Беларуская бібліятэка ў Беластоку, культурныя суполкі ў Берліне, Празе, Парыжы, Вільні.

III. Вядома і эфектыўна прадстаўляць беларускі інтарэс на міжнародным узроўні

  • Прасоўваць беларускую праблему ў эўрапейскіх парламентах, універсітэтах, медыя.
  • Арганізоўваць антыімперскія акцыі: супраць вайны, супраць рускага міру, у абарону Украіны і Беларусі.
  • Супрацоўнічаць з украінцамі, літоўцамі, палякамі, латышамі, чэхамі — ствараючы агульны фронт супраць рэваншысцкай Расіі.

IV. Ствараць беларускі культурны прадукт

  • Фільмы, мультфільмы, серыялы, кліпы, песьні, коміксы, мемы, гульні — усё гэта сёньня можна рабіць нават з аднаго ноўтбука.
  • Трэба рабіць модную, прыгожую, якасную Беларусь — такую, якой хочацца ганарыцца.
  • Менавіта мы — у вольным сьвеце — маем доступ да рэсурсаў, тэхналогій, аўдыторыі і свабоды.

V. Падтрымліваць тых, хто ў Беларусі

  • Матэрыяльна — праз дыяспары, падпольныя сеткі, дабрачыннасьць.
  • Інфармацыйна — распаўсюджваць кантэнт, дапамагчы абыходзіць цэнзуру, перакладаць.
  • Псіхалагічна — пісаць словы падтрымкі, захоўваць сувязь, не забывацца, што яны трымаюць фронт, а мы — тыл.

 

Заключэньне

Ідэалёгія рускага міру зьяўляецца адной з найбольш складаных формаў гібрыднай пагрозы для нацыянальнай бясьпекі Беларусі. Яна абапіраецца не толькі на сілу зброі, але і на сілу слова, сімвала, гістарычнага міфа, культурнай асыміляцыі. Пад яе ўплывам адбываецца сыстэмнае разбурэньне беларускай ідэнтычнасьці: ад перапісваньня гісторыі да выцясненьня мовы, ад стварэньня ілжывых вобразаў мінулага да праектаваньня жаданай палітычнай будучыні з цэнтрам у Маскве.

Беларусь у гэтай канцэпцыі выступае не як роўны суб’ект, а як аб’ект — як тэрыторыя, якая мусіць быць вярнута праз моўную, рэлігійную, інфармацыйную і палітычную інкарпарацыю.

Аднак, як паказвае досьвед не толькі Беларусі, але і Украіны, Літвы, Польшчы, эфектыўная супрацьдзеяньне такім пагрозам магчымая. Яна патрабуе не толькі абароны, але і ініцыятывы. Не толькі апраўданьня сваёй адметнасьці, але яе актыўнага сьцвярджэньня ва ўсіх сфэрах жыцьця — мове, адукацыі, культуры, інфармацыі, міжнародных адносінах.

Прапаганду можна перамагчы толькі сыстэмнай контрпрапагандай, скіраванай не на тое, каб перамагчы ў спрэчцы, а каб сфармаваць альтэрнатыўнае сэнсавое поле — сваё, аўтэнтычнае, эмацыйна і інтэлектуальна насычанае.

Беларуская дыяспара, асабліва ў сучасных умовах, мае ўнікальны рэсурс: свабоду дзеяньня, доступ да медыярэсурсаў, магчымасць культурнай творчасьці і адукацыйнага развіцьця. Ад нас залежыць, ці стане гэтая свабода асновай новай беларускай культурнай прасторы, ці застанецца толькі спосабам індывідуальнага выратаваньня.

Змаганне з рускім мірам — гэта не толькі змаганьне з ідэалогіяй. Гэта доўгатэрміновая стратэгія па вяртаньні сабе саміх: сваёй гісторыі, мовы, памяці, суб’ектнасьці. Гэта праект нацыянальнага адраджэньня, які пачынаецца не з указу, а з разуменьня і дзеяньня.

Жыве Беларусь — не як лозунг, а як адказнасьць.

Наталія Крывашэй, медыя аналітык, дактарант Беластоцкага ўніверсітэту.

Відэа выступу:

Зянон Пазьняк: Рэпрэсіі і палітвязьні

Аб палітыцы вызваленьня палітвязьняў трэба зрабіць некалькі ўдакладненьняў. Вызваленьне...

Чарнобыльскае змаганьне

Калі 26 красавіка 1986 г. адбылася вялікая катастрофа на...

Расейская мэтадалёгія зьнішчэньня Беларусі

На сёньняшні дзень пытаньне аб выжываньні і адраджэньні Беларускай...

Апошняе

Зянон Пазьняк: Рэпрэсіі і палітвязьні

Аб палітыцы вызваленьня палітвязьняў трэба зрабіць некалькі ўдакладненьняў. Вызваленьне...

Чарнобыльскае змаганьне

Калі 26 красавіка 1986 г. адбылася вялікая катастрофа на...

Расейская мэтадалёгія зьнішчэньня Беларусі

На сёньняшні дзень пытаньне аб выжываньні і адраджэньні Беларускай...

Выкарыстаньне псэўдапраўных палажэньняў у палітыцы расейскага генацыду беларусаў

Больш за 200 гадоў Расея праводзіць мэтанакіраванае зьнішчэньне нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці, перапісвае гісторыю, аказвае палітычны, эканамічны і ваенны ціск. Усё гэта спосабы паглынаньня Расеяй беларускай нацыі, якія ўжо прывялі да пераўтварэньня Беларусі ў залежную ад Расеі тэрыторыю без суб’ектнасьці.

Палітыка маскоўскай русіфікацыі ў беларускай тапаніміцы, геаграфіі і краязнаўстве

Назвы сваім парадкам маюць сваю гісторыю, вельмі багаты, разнастайны і цікавы пласт гістарычнай і культурнай спадчыны, асабліва, калі мець на ўвазе духоўны досьвед народу, які ніколі выпадковымі словамі нічога не называў.

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: