У канцы сьнежня 2024 года валанцёрскай Фундацыі “Вольная Беларусь” споўнілася роўна два гады працы і ахвярнага служэньня беларускай справе. Галоўныя мэты дзейнасьці — падтрымка Палка Каліноўскага і беларускіх дабраахвотных фармаваньняў на франтах Украіны, спрыяньне разьвіцьцю беларускай культуры і асьветы за мяжой, стварэньне і падтрымка беларускіх інфармацыйных рэсурсаў, падтрымка выданьняў беларускіх кніжак і друку, спрыяньне беларускай нацыянальна-культурнай дзейнасьці.
Цяпер, азіраючыся ўстыч, часам зьдзіўляешся, як ўдалося столькі шмат зрабіць на энтузіязьме некалькіх чалавек. Як і трэба было чакаць у такім выпадку, самым пасьпяхавым быў першы 2023 год. Энтузіязм тады панаваў яшчэ ў беларускім асяроддзі, ва Украіне і на фронце. Усе імкнуліся дапамагчы адзін аднаму супраць агрэсіўнага маскоўскага мордара і чакалі перамогі. Сродкі, ахвяраваньні, якія прысылалі людзі на канкрэтныя мэты, тут жа выкарыстоўваліся на дапамогу ваярам.
Не хапала вопыту, што часам ўскладняла простыя задачы, але, тым ня менш, у 2023 годзе набылі і пераправілі ў Полк міні-вэн “Фольксваген, чатыры аўтамабілі-пікапы (прытым самы перараблялі на пікапы міні вэны “Фольксваген”), купілі і перадалі ваярам вельмі патрэбны ім аўтобус “Мерсэдэс” на 33 мейсцы, вялікі баявы дрон “Кажан Е 630” за дванаццаць з паловай тысячаў даляраў, прадукты, абутак, лякарствы, жгуты, турнікеты і інш.
Усе гэтыя дзеяньні паведамлялі ў інфармацыі на нашых рэсурсах, “Вольная Беларусь” (юцюб), “Беларускі Нацыянальны Сакратарыят “Вольная Беларусь”, КААРДЫНУЮЧАЯ УПРАВА НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ “ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ” (у Фэйсбуку, у тэлеграм-каналах і інш.), у “Беларускіх нацыянальных мэдыях ВАРТА”.
На Мэдыі ВАРТА, якія плянаваліся з пэрспэктывай, было патрачана шмат энтузіязму, працы і сродкаў. Рэсурс створаны, рэгулярна дзейнічае пакуль што на валанцёрскіх умовах, стварае добры нацыянальна адраджэнскі інфармацыйны зьмест.
2024 год засьведчыў агульнае стамленьне ў Эўропе і Амэрыцы ад працягу Украінска-Расейскай вайны. Гэта звычайная, але нядобрая зьява (асабліва для ўкраінцаў і беларусаў, якія церпяць ад агрэсіі і акупацыі маскоўцаў).
Сітуацыя адбілася таксама і на Фундацыі. Рынак патрыманых аўтамабіляў у Польшчы моцна змалеў (вычарпаны дзеля ваенных патрэбаў Украіны). Фундацыя набывала на сродкі ахвярадаўцаў і перадавала ваярам іншы рыштунак: магутныя бінакуляры начнога бачаньня (шэсьць з паловац тысячаў даляраў), дроны, апоны, прадукты і інш.). На Каляды Фундацыя сабрала для Палка Каліноўскага на падарункі дзеткам-сіротам загінулых на ўкраінскім фронце беларускіх ваяроў больш сямі тысячаў эўра. Пра сірот нашых герояў грамадзтва мусіць памятаць доўга.
Таксама Фундацыя сканцэнтравалася на выданьні і аплаце беларускага друку (напрыклад, паўторна выдадзена “Народная праграма “ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ”, аддрукаваны вельмі патрэбны для беларускіх дзетак сьпеўнік зь вершамі беларускіх паэтаў і нотамі Тацьцяны Грыневіч-Матафонавай — “Гэй ты, братка Новы Годзе!” і інш. выданьні). Больш падрабязна можна прачытаць пра ўсё на нашых інфармацыйных рэсурсах.
Трэба адзначыць, што Фундацыя матэр’яльна падтрымлівае нацыянальна-асьветніцкую дзейнасьць НВР “Вольная Беларусь”, гэта значыць, імпрэзы, мітынгі, пікеты, спэктаклі, выезды ў іншыя гарады зь лекцыямі і выступамі, транспартныя сродкі і інш.
Не зважаючы на розныя настроі людзей, якія стамілася ад эміграцыі, рэпрэсіяў і вайны, Нацыянальна-Вызвольны Рух “Вольная Беларусь” і Фундацыя, заснаваная ім, не губляюць веры і энтузіязму. Маем вопыт. Не такое перажываў наш народ, ступаючы па гадзючым полі (фальклёр).
Цяпер ужо ўтварылася і плённа працуе ў НВР (ізноў жа, бескаштоўна, на патрыятычным энтузіязме) “Супольнасьць тэхнічнай творчасьці” ў дапамогу змагарам ва Украіне. Ёсьць вынікі, якія будуць павялічвацца.
Праца Фундацыі, яе аддача і дзейнасьць, аднак, фактычна цалкам залежыць ад беларусаў, якія ахвяруюць сродкі на беларускую справу. Другіх крыніцаў няма. Праўда, у рэальнасьці яны існуюць (розныя дапамаговыя інвестыцыі), але, практычна, для Фундацыі амаль не даступныя (найчасьцей з палітычных прычын). Мы шукаем, аднак, і такія магчымасьці, але паўтараем, рэальная надзея ў нас на сваіх людзей, на беларусаў, на свой народ, які здольны дапамагаць сабе.
Тут яшчэ крышку пра “гадзючае поле”. У Беларусі доўжыцца антынародны рэжым прарасейскай улады, акупацыя, адбываюцца масавыя рэпрэсіі супраць актыўных беларусаў, тысячы людзей у турме. Вал расейскай прапаганды і хлусьні коціцца па Беларусі і ў замежжы, куды дацягваюцца маскоўскія шчупальцы. І зразумела, гэта накатваецца на “Вольную Беларусь”. Мы не зважаем, бо ня маем часу на тое зважаць. Добрыя справы дзеля Айчыны і добрыя весьці чакаюць нас.
Ніжэй нашыя рэквізіты для сяброў-беларусаў. Дапамагайма сабе.
NIP: 9522236025
REGON: 524 099 665
numer KRS: 0001011730
НАЗВА БАНКА: mBank
Адрас банка: ul. Prosta 18,
00-850 Warszawa.
ІМЯ: FUNDACJA WOLNA BIAŁORUŚ
(лацініцай: FUNDACJA WOLNA BIALORUS)
PLN: PL 75 1140 2004 0000 3402 8329 8472
USD: PL 70 1140 2004 0000 3612 1824 8290
EUR : PL 80 1140 2004 0000 3812 1824 8303
SWIFT: BREXPLPWMBK
НАЗВА ПЕРАВОДУ: DAROWIZNY DOBROWOLNE
(лацініцай: DAROWIZNY DOBROWOLNE)
Грашовыя пераводы STRIPE:
данат PLN – https://donate.stripe.com/14k4hP6SC4SFgpi5kk
данат USD – https://donate.stripe.com/4gwg0x4Kucl75KEeUV
данат EUR – https://donate.stripe.com/7sI15D0uegBn1uobIK
УВАГА!!! З тэрыторыі Беларусі ахвяраваньні праз банкаўскі перавод НЕБЯСЬПЕЧНЫЯ!
Ад ахвяраваньняў праз банк з тэрыторыі Беларусі просім устрымацца.