Калі народ (палітыкі) не разумее сваей гістарычнай каштоўнасьці, місіі, то ен памерлы, загінуўшы народ.
Здольнасьць эліт разумець і акрэсьліць нацыянальныя інтарэсы – есьць прыклад жыцьцевай, творчай сілы Народу. Стваральнай сілы – калі гаворка вядзецца пра пабудаваньне незалежнасьці і Разбуральнай – калі гэта вядзе да імпэрыялізму і вынішчэньня іншых народаў.
Калі палітыкі, нацыянальныя эліты не фарміруюць і не артыкулююць нацыянальныя інтарэсы і інтарэсы нацыі, то яны заўсёды будуць абслугоўваць інтарэсы іншых народаў. Такім чынам гэта не нацыянальныя эліты (пашпарт не акрэсьлівае прыналежнасьць да нацыянальнага духу).
Стваральны дух бярэцца з глыбіннай памяці, гісторыі народу, якім надхняецца і ганарыцца нацыянальная эліта, перарабляючы гэтую гісторыю ў палітычнае дзеяньне і мысьленьне сучаснасьці.
Тыя, хто не ведае сваей гісторыі, мовы (базавых культурных і ментальных кодаў) не зможа дайсьці да разуменьня нацыянальных інтарэсаў, не зможа йх фарміраваць, асабліва калі ўсе жыцьце вучыўся ў сістэме іншых кодаў.
Мы жывем у ХХІ стагоддзі і пакуль ніводная нацыя не адмовілася ад сваіх нацыянальных прыярытэтаў і жыцьцёвых інтарэсаў.
Толькі чамусьці часта гучаць заклікі да беларусаў адмовіцца ад сваіх інтарэсаў (нават пра гэта не думаць), заставацца ў сьферы (ментальнай, культурнай, эканамічнай) – іншых.
Большая частка палітыкаў (і старых і новых), культурных элітаў, баяцца ўслых і гучна казаць пра сутнасьць нацыянальных інтарэсаў, пра тое, што яны ёсьць у гісторыі і сучаснай палітыкі.
Горш таго, так выглядае, што тыя людзі, якія называюць сябе “беларускімі палітыкамі” не ведаюць у чым жа “нацыянальны інтарэс” Беларусі. Нават ніколі пра гэта не думалі.
Такім чынам, яны (палітыкі) застаюцца на ўзроўні перэферыі і правінцыяльнага мысьленьня чужой прасторы і філасофіі, і ў сваю чаргу, не маюць магчымасьці і сілы фарміраваць сьветапогляд грамадства, вяртацца беларусам ў сваю гістарычнасьць.
Павал Усаў