30 мая 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

«Курапаты – дарога сьмерці» – праўда, што абудзіла нацыю

“Здарылася неверагоднае. У ЦК прамаргалі. Трэцяга чэрвеня артыкул быў надрукаваны” – так успамінае дзень выхаду артыкула „ Курапаты – дарога сьмерці”  Зянон Пазьняк.

І, сапраўды, гэта была невагодная падзея, якую можна назваць Божым цудам. Публікацыя артыкулу 3 чэрвеня 1988 года падштурхунула расьсьледаваньні эпізодаў савецкіх злачынстваў на афіцыйныым узроўне. Выкрытая праўда абудзіла беларусаў, стала сапраўдным каталізатарам нацыянальнага адраджэньня Беларусі.

Пра забойствы ў Курапатах Зянон Пазьняк ведаў ячшэ з 1974 года. Свае веды Пазьняк грунтаваў на сьведчаньнях людзей, што бачылі апэрацыі па масавых расстрэлах. З.Пазьняк падзяліўся тайнай страшнай трагэдыі толькі са сваімі сябрамі Яўгенам Шмыгалёвым і Міколам Купавай. Яны дамовіліся, што пра гэта ніхто не павінен ведаць да спрыяльнага моманту ў гісторыі.

Спрыяльны момант наступіў ў 1988 годзе, калі “страна была, — як пісалі тады савецкія газэты, — в предверии». Савецкі Саюз дыхаў на ладан, прыгнечаныя народы абуджаліся з нацыянальнага беспамяцтва і адзін за адным падымалі галаву.

Артыкул „ Курапаты – дарога сьмерці” быў напісаны Зянонам Пазьняком і ўдакладнены зь Яўгенам Шмыгалёвым за два дні, і тут жа аднесены ў рэдакцыю „ Літаратура і мастацтва”. Рэдактар Анатоль Вярцінскі адсутнічаў, бо знаходзіўся ў доўгай замежнай камандыроўцы. Намесьнік рэдактара Мікола Гіль адразу вырашыў артыкул друкаваць і зьвярнуўся да Васіля Быкава з прапановай напісаць прадмову. Ён шукаў падтрымкі перад ЦК КПБ, бо газэта цэнзуравалася ў ЦК. Там праглядалі зьмест кожнага нумару „ ЛІМа” і маглі цэнзураваць ці забараніць любы матэрыял. Адразу пачаўся шалёны ціск на рэдактараў. Патрабавалі зьняць артыкул, але рэдакцыя, супраціўлялася. Упершыню за ўсю гісторыю газэты ўзбунтавалася рэдакцыя „ ЛІМа”: на агульным сходзе абмеркавалі сытуацыю, выказалі абурэньне і падтрымалі рашэньне друкаваць артыкул.

“Рэакцыя на артыкул была такой, якой я і спадзяваўся. Крытычны настрой супраць КПСС быў тады на ўздыме – і балота завагалася, завухкала і заёхкала. Дзе-нідзе газэту зачытвалі да дзірак. Інфармацыя ўразіла шмат каго. Але найбольшае ўражаньне і пераацэнкі яна выклікала сярод інтэлігенцыі, моладзі, рабочых і тых, хто пацярпеў ад камуністаў” – успамінае ў кнізе “Абарона Курапатаў. Народны Мэмарыял.” Зянон Пазьняк.

Хіба б не зьявіўся на сьвет той рэзанансны артыкул без уступнага слова да яго народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.

Тагачасны галоўны рэдактар “Літаратуры і Мастацтва” Анатоль Вярцінскі так тлумачыў выбар аўтара прадмовы: «Каб адчуваць сябе больш упэўнена, калі раптам умяшаюцца Галоўліт або хтосьці з супрацоўнікаў ЦК, трэба падстрахавацца і заручыцца падтрымкай сапраўднага аўтарытэту. Мы папрасілі Васіля Ўладзімеравіча Быкава напісаць прадмову. Ён на той час ужо быў ляўрэатам Ленінскай прэміі і Героем сацыялістычнай працы».

Урывак з прадмовы Васіля Ўладзімеравіча да артыкулу “Курапаты – дарога сьмерці”:

“Шмат год у краіне дзейнічалі сілы (яны дзейнічаюць і цяпер, хіба што іншымі мэтодамі), вельмі зацікаўленыя схаваць даўнія справы пад завесу «сакрэтнасьці», утаіць ад народу свае крывавыя сьляды. Толькі, як даўно вядома, злачынствы кепска ўжываюцца з самай найсакрэтнай сакрэтнасьцю, раней ці пазьней яны вылягаюць на сьвет божы, каб лішняга разу закляйміць зло і засьведчыць неабходнасьць пільнасьці.

У нас ёсьць нямала велічных помнікаў ахвярам нямецкага фашызму, сьведчаньне гераізму беларускага народу ў барацьбе з гэтым заклятым ворагам чалавецтва. Але нішто яшчэ ў нас не напамінае пакаленьням пра ахвяры сталіншчыны. Тое няправільна й недаравальна! Мы павінны памятаць пра іх — не героях, а бязьвінных ахвярах тырана — спрацаваных рабочых, галодных калгасьніках, першых народных інтэлігентах, мужчынах і жанчынах, — якія з куляю ў патыліцы клаліся ў самімі ж выкапаныя ямы, вымаўляючы не праклёны, не пратэст, а адзінае, марнае й трагічнае слова: «Завошта?»

Яны ўжо ніколі не пачуюць адказ на тое свае пытаньне, затое адказ на яго маем павінны зразумець мы”.

“Завошта?” – Толькі за тое, што мы Беларусы.

Артыкул, напісаны тры дзесяцігодзьдзі таму, не губляе сваёй актуальнасьці й значнасьці сёньня, бо савецкі генацыд беларускага народу дагэтуль не засуджаны, у Беларусі дагэтуль пануе акупацыйны прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі, тысячы людзей сядзяць у турмах, сотні тысяч вымушана пакінулі сваю Бацькаўшчыну. Актуальны заклік  Васіля Быкава адказаць сабе на пытаньне “Завошта?”.

Мусім адказаць на гэтае пытаньне, бо барацьба і супраціўленьне немагчымыя без разуменьня, хто твой вораг і што ад яго мусім бараніць.

«Асобная тэма — пра дараваньне й пакараньне, няхай чытач пра гэта падумае сам. Мы мяркуем, што няма дараваньня за генацыд. Для тых, што рабілі такое, ня мае дзейнічаць тэрмін даўніны. Калі трапляеш у глыбокую й халодную трохмэтровую яміну, усланую трупамі, бярэш у рукі сьлізкую падэшву ад маленькай, ня больш за 34 памер жаночай пантофлі, — разумееш гэта адназначна.

…А яны яшчэ спрабуюць казаць пра нейкія «прынцыпы». (Зянон Пазьняк, Яўген Шмыгалёў, “Літаратура і мастацтва”, №23, 3 чэрвеня 1988 г.)

Зорку алімпіяд са Светлагорска асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

31‑гадовая Дар'я Калінава ў юнацкія гады была гонарам Светлагорска...

ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСАЎ ВАРШАВЫ

Шаноўнае  спадарства! Запрашаем 23 траўня (субота), а 14-й гадзіне, на...

Замежныя дабраахвотнікі ва Ўкраіне атрымалі права на легалізацыю службы

Дзякуючы супольным намаганьням БДК, РДК, профільных групаў, прадстаўнікоў Офісу...

Апошняе

Зорку алімпіяд са Светлагорска асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

31‑гадовая Дар'я Калінава ў юнацкія гады была гонарам Светлагорска...

21 траўня — пяць гадоў з дня сьмерці Вітольда Ашурка

21 траўня спаўняецца пяць гадоў з дня трагічнай гібелі...

ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСАЎ ВАРШАВЫ

Шаноўнае  спадарства! Запрашаем 23 траўня (субота), а 14-й гадзіне, на...

Беларускамоўнага выкладчыка Медуніверсітэта асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Аляксею Сасноўскаму 32 гады, ён спецыялізуецца на радыяцыйнай медыцыне. З...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: