19 жніўня 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Зянон Пазьняк: “На перамовах аб міры павінны быць прадстаўнікі, якія адлюстроўваюць нацыянальныя інтарэсы Беларускага народа”

Цяпер, пасьля абраньня Трампа на прэзыдэнта ЗША, узьнікла пастаянная тэма пра перамовы аб міры паміж ваюючымі бакамі — Расеяй і Украінай.Зянон Пазьняк: “На перамовах пра мір павінны быць прадстаўнікі, якія адлюстроўваюць нацыянальныя інтарэсы Беларускага народа”

Нягледзячы на заявы Трампа, размовы пра мір могуць быць адкладзены, зыходзячы з простай логікі: у цяперашняй сітуацыі ўсялякі мір з Расеяй пры захаваньні статус-кво будзе азначаць у міжнародным плане перамогу Расеі над Украінай і паразу Амэрыкі.

Але неабходнасьць перамоваў аб заканчэньні вайны ўсяроўна ўзьнікне. Верагоднасьць пагадненьняў пра мір абмяркоўваюць ужо цяпер. Гэта сур’ёзная тэма.

Першае пытаньне — аб прадстаўніцтве. Адразу мушу сказаць. Якое б ні было прадстаўніцтва — на перамовах мусяць быць прадстаўнікі Беларусі. Гэта зьвязана з тым, што Беларусь, як і Украіна, стала аб’ектам націску і акупацыі з боку Расеі. Толькі ў Беларусі зроблена ўсё іншымі мэтадамі, шляхам гібрыднай вайны цераз здрадніцтва Лукашэнкі, што дазволіла Маскве ў 2022 годзе скарыстаць тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну.

Антыбеларускі нелегітымны рэжым Лукашэнкі, скарыстаны Масквой у выглядзе саюзьніка, які адобрыў агрэсіўныя дзеяньні Масквы супраць Украіны.

У перамовах пра мір могуць узьнікнуць розныя пытаньні абмену, прэстыжнай кампэнсацыі, разьмеркаваньня сфэраў уплыву і т.п. Расея прэтэндуе на пашырэньне свайго ўплыву на Беларусь і зь яе падачы можа ўзьнікнуць нечаканая сытуацыя, а інтарэсы Беларусі ня будзе каму нават патлумачыць. Прысутнасьць прадстаўніцтва Беларусі на магчымых перамовах аб міры ёсьць рэч бясспрэчная і абавязковая.

На перамовах павінны быць палітычныя прадстаўнікі, якія адлюстроўваюць нацыянальныя інтарэсы Беларускага народа. Рэальным палітычным прадстаўніком нацыянальных інтарэсаў народа зьяўляецца цяпер Нацыянальна-Вызвольны Рух “Вольная Беларусь”. Яго палітыкі павінны прысутнічаць на перамовах і прадстаўляць беларускія пазыцыі. (У рамках дыскусіі ўжо названа маё прозьвішча. Я таксама лічу, што ў дэлегацыі павінен быць доктар Павел Усаў)

Рэальным палітычным прадстаўніком нацыянальных інтарэсаў народа зьяўляецца цяпер Нацыянальна-Вызвольны Рух “Вольная Беларусь”

Узьнікне пытаньне пра Лукашэнку (запатрабуе Расея і Нямеччына). Ягоная прысутнасьць ня выключана (магчыма, з адметным статусам).

Паўтаруся. Сітуацыя, калі Беларусь ня будзе прадстаўлена нікім, недапушчальная. Калі б такое здарылася, то яно ўсімі беларусамі мусіць быць аспрэчана і апратэставана.

Мушу асобна растлумачыць, чаму Беларусь і Беларускі народ ня могуць прадстаўляць на перамовах падстаўныя ўтварэньні палітычнай імітацыі, якіх фінансуюць і на якіх робяць сваю палітыку іншыя дзяржавы. Маюцца на ўвазе так званыя “ОСЦ” (Офіс Сьвятланы Ціханоўскай), “НАУ” (Народнае Антыкрызіснае Упраўленьне), утварэньні тыпу “Пераходны кабінет” і т.п.

Як і рэжым Лукашэнкі, яны нелегітымныя з прыдуманым значэньнем і з прыдуманымі прэтэнзіямі. Фармальная перавага рэжыму Лукашэнкі, аднак, у тым, што ён уяўляе рэальную ўладу ў краіне і фінансава самадастатковы (фінансуецца са свайго дзяржаўнага бюджэту). Гэтая перавага існуе па факту, які ў палітычных адносінах прыходзіцца ўлічваць, незалежна ад характару ўлады.

Паводзіны “ОСЦ” і “НАУ” ёсьць палітычная калабарацыя, дэманстратыўная падтрымка чужой антыбеларускай палітыкі (эканамічныя санкцыі рэальна супраць Беларускага Народа, закліканьне, каб беларусы йшлі галасаваць на антыдэмакратычныя псэўдавыбары Лукашэнкі, адмаўленьне кантактаў з рэжымам дзеля вызваленьня палітвязьняў, якія гінуць ў лукашысцкай турме, адсутнасьць дапамогі Палку Каліноўскага пры шалёным шматмільённым фінансвым уліваньні ад заходніх утрымальнікаў і т.п.), і пры гэтым — утварэньні існуюць на сродкі тых, хто прапануе, замаўляе і аплочвае такую “палітыку”. Усё гэта нядобра характарызуе імітаваныя дачыненьні, нават на маральным узроўні.

Магчыма, пры пэўных абставінах эўраструктуры паспрабуюць прасунуць сваіх офісных выканаўцаў з ОСЦ і НАУ ў перамоўны працэс. Вынік можа стацца горшы, чым з Лукашэнкам. Сатрап прадае Беларусь за сваю ўладу, гэтыя — прададуць за камфорт і панюшку табакі.

На жаль, пасьля расейска-нямецкага распалавіньваньня БНФ (1999 г.) і стварэньня немцамі падстаўной “дэмакратычнай” апазыцыі ў Беларусі гэтая опцыя імітацыйнай палітыкі стала звыклай зьявай у грамадзтве. Але, у вольнай Беларусі, вызваленай з-пад маскоўскага ціску і з-пад антыбеларускага рэжыму, прафанацыі больш ня будзе. Вольны народ адбудуе вольную краіну, дзе разьбяруцца і з рэжымам, і з Лукашэнкам, і з імітатарамі.

26 сьнежань 2024 г.
Зянон Пазьняк

Апошняе

Беларускія спартсмэнкі, выгнаныя з Радзімы, цяпер прыносяць перамогі і мэдалі Польшчы

Беларускія спартсмэнкі, якія цяпер прадстаўляюць Польшчу, Крысціна Ціманоўская і...

Набліжаецца 35 гадавіна абвяшчэньня Незалежнасьці Беларусі

25 жніўня 1991 году Беларускі Народны Фронт здабыў Незалежнасьць...

Як рэжым унутранай акупацыі разбурае Беларусь

Прыклад: "Млын Каліноўскага". Яшчэ 10 год таму меў выдатна-захаваны...

Склад Wіldberrіes і яшчэ адзін лягістычны комплекс гараць у Расеі

У Каледзіне зьнішчылі склад Wіldberrіes плошай больш за 250...

Расея і Ўкраіна правялі ў Беларусі абмен грамадзянскімі асобамі

13 жніўня 2026 году Расея і Ўкраіна правялі гуманітарны...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: