13 студзеня 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Тэатральная студыя “Купалінка” запрашае адзначыць закрыцьцё сезону праглядам адразу трох прэм’ер

Беларуская тэатральная студыя для дзяцей і дарослых у Варшаве “Купалінка” хутка завяршае чарговы, чацьвёрты, сезон. З гэтай нагоды 5 чэрвеня “Купалінка” запрашае гледачоў на паказ трох спэктакляў у Мазавецкім інстытуце культуры.

Напярэдадні прэм’ерных паказаў, Warta сустрэлася з рэжысёркай тэатральнай студыі “Купалінка” Натальляй Локіць.

Якія вынікі падводзіць студыя “Купалінка”? Як адзначыць завяршэньне сезону? Далейшыя планы і бягучыя праблемы “Купалінкі”.

Warta: “Купалінка” запрашае гледачоў 5 чэрвеня адразу на тры прэм’еры. Скажыце, калі ласка, Натальля, якая нагода такой маштабнай сустрэчы?

Натальля Локіць(далей – Н.Л.): Справа ў тым, што маштабнасьць зьявілася крыху раней, калі цягам году пасьля летнікаў, дзе у нас “пракруцілася” каля сямідзесяці дзетак, з’явілася ад верасьня ужо пяць груп, а цяпер іх шэсьць. Шэсьць груп – гэта вельмі шмат людзей. І ужо ты іх у адзін спэктакаль не памесьціш, як бы ты не хацеў. А, вядома, што, калі людзі цэлы год займаюцца творчасьцю, то яны хочуць і самі пазьней паказаць гэтую творчасьць, ну і іншым таксама варта гэтую творчасьць прадставіць, каб было бачна — вось плён нашых гадавых заняткаў. Таму атрымалася так, што мы падзялілі іх нават не на ўзроставыя катэгорыі, а проста на тры розныя цэльныя спэктаклі, якія патрабуюць розных актораў рознага ўзросту. То бок, у нас усё перамешана, напрыклад, самыя маленькія з самымі вялікімі. Але гэта мы ужо заходзім за кулісы крыху… Спэктаклі проста адлюстроўваюць наш маштаб на сёньня –  гэта больш за 50 падапечных “Купалінкі” .

Warta: Але, можа, крыху прыадчынім кулісы. Калі можна рассказаць вельмі коратка пра самі спэкталі, іх змест, назвы.

Н.Л.: Па-першае, гэта, перадусім, п’есы беларускіх сучасных аўтараў. Адна зь іх – гэта абсалютная сусветная прэм’ера — п’еса Сяргея Кавалёва “Сьляза Волата”. Яна ні разу не ставілася – гэта для нас важна. І п’еса Ігара Сідарука «Кветкі пад залевай», каторая распавядае пра кветак, якім цяжка выстаяць, асабліва, калі іх перасаджваюць на новае месца. І гэта такая простая і, адначасова, такая ёмістая метафара, што нават дзеці яе добра разумеюць і выдатна абыгрываюць. Тым болей, што, на вялікі жаль, гэта метафара проста па жыцьці гэтых дзяцей прайшла. Таму яны часам проста іграюць свае эмоцыі, свае перажываньні. Гэта не арт-тэрапія, канешне, але гэта п’еса і спэктакаль пабудаваныя на іх перажываньнях і, канешне, на тым, як з гэтым можна не проста справіцца, а выйсьці моцным.

І трэці спэктакаль – таксама прэм’ера, але крышачку на гледачах апрабаваная. Называецца яна  “Мой шлях”, бяруць удзел у ёй падлеткі і дарослыя. Гэты спэктакаль дакумэнтальнага характару, ён паўстаў пры дапамозе Фонда “Ashoka” і зьяўляецца на сёньня адзіным суфінансаваным праэктам. З дакумэнтальных гісторый падлеткаў мы сьплялі гісторыю мігранта, які пераехаў, неспадзявана для сябе аказаўся ў новай краіне без сяброў, без мовы, без магчымасьцяў адчуваць сябе там “ каралём свайго двара”, без магчымасьці прытуліцца да бабулі, пазнаёміцца з дзяўчынай і г.д.

Гэтыя праблемы шырокія у цяперашняй сітуацыі, але падлеткі – гэта падвойна уражлівая група. Яны падрастаюць, у іх вельмі многа праблемаў, комплексаў. Ім хочацца праўды, ім хочацца быць вельмі важнымі, хочацца быць пачутымі. Таму гэта праца была пабудвана зноў-такі не на арт-тэрапіі, а на пара-псіхалогіі: моладзь спачатку рассказвала адзін аднаму, рэжысёру і псіхолагу свае гісторыі і свае перажываньні, а потым ужо рэжысеры плялі з гэтага гісторыю, якая аказалася вельмі кранальнай і, што характэрна, яна добра адгукаецца польскім дзецям. Як я ўжо згадала, гэты спэктакаль («Мой шлях» – рэд.) ужо паказваўся у польскіх ліцэях. Моладзь проста глядзіць, і такое уражаньне, што не дыхае – так ім гэта цікава. Для ніх гэта нова, яны тут жывуць, яны ніколі не выходзілі з зоны камфорта і раптам бачаць сваіх аднагодкаў, якія, у прынцыпе, ужо па-польску добра гавораць, але яны рассказваюць, што трапілася ў іх жыцьці: “падаюць бомбы”, “згубілі свае валізкі”, “мама губляла мяне”, “мы не маглі ускочыць у цягнік”… Пасьля кожнага спэктаклю адбываецца дыскусія, моладзь не выходзіць, цікавіцца, задае пытаньні. Гэта чароўны спэктакаль, які мы рэкамендуем паглядзець усім беларусам.

Warta: Сустрэча  5 чэрвеня – гэта ячшэ закрыцьцё 4 сезону тэатральнай студыі. Будзе перапынак, напэўна, а потым 5 сезон. Якія планы?

Н.Л.: Пакой нам толькі сьніцца. Перапынку не будзе ніякага, таму што проста са сцэны, з прэм’еры, мы пераходзім да падрыхтоўкі Купальля. Мы рыхтуем, як заўжды, ужо трэці год, Купальле на беразе Віслы. Там будзе вялікая інтэрактыўная праграма: шмат танцаў, народных гульняў. Будзе надана шмат увагі гледачу, бо хочацца, каб яны адчулі сябе ўдзельнікамі сьвята, а не пасіўнымі гледачамі. Таму будзе даволі шмат інтэрактыву, у якім будуць занятыя наша моладзь і акторы ў якасьці аніматараў. Мы за адно хочам іх крышачку “пракачваць” у функцыях працоўных. То бок, нашыя гадаванцы будуць праводзіць майстар-класы, будуць хостэсамі, будуць арганізоўваць дзіцячую зону і г.д.

Так што з 5 чэрвеня мы наўпрост рушым у Купальле. 22 чэрвеня, у самую кароткую ноч, будзем пускаць вянкі і лічыць на тое, што нашыя самыя адважныя і патрэбныя нам мары зьдзейсьняцца.

Warta: А далей якія планы?

Н.Л.: А далей проста з Купальля мы уваходзім у летнікі. Будзе чатыры выдатных летніка запар. Адзін з іх зроблены з польскім Тэатральным Інстытутам, які нас падтрымаў. Будзе вялікі летнік у будынку тэатра Ochota для 24 дзетак. Тэатральны, цікавы, глыбокі летнік цягам двух тыдняў.

А ўжо ад канца ліпеня, пачнуцца яшчэ тры летнікі, якія мы традыцыйна, ужо другі год, ладзім з віленскай адукацыйнай платформай “Васьміног”, якая падтрымала тры летнікі для беларускіх дзетак у Варшаве. Вось такое у нас будзе лета! Кувырком і кубарам – а потым у восень! Але будзе весела.

Warta: A што у верасьні?

Н.Л.:  А ў верасьні мы сутыкнемся з самай галоўнай праблемай, таму што пасьля летнікаў прыходзяць новыя дзеці, прыходзіць заўжды больш людзей. А ісьці нам няма куды!  І вось будзе праблема, калі дзеці прыйдуць і захочуць быць з намі, а памяшканьня няма. Адзінае, што абмяжоўвае наша разьвіцьцё – гэта адсутнасьць памяшканьня. Нам цудоўна дапамагае Мазавецкі інстытут культуры, але дае нам памяшканьне толькі на вызначаныя гадзіны.

Warta: То бок, дагэтуль актуальна праблема адсутнасьці сталага памяшчканьня для рэпетыцый і выступаў тэатральнай студыі “Купалінка”?

Н.Л.: Так. Ведаеце, калі б яно у нас было… у нас проста столькі ідэяў, мы фантаніруем ідэямі. Мне здаецца, што мы б тое памяшканьне проста б засыпалі ідэямі, людзьмі, праэктамі, паказамі, майстар-класамі, сустрэчамі і ўсім тым, што вельмі патрэбна і дзецям і дарослым беларускім, таксама і украінскіх мігрантам. Не забывайма, што ў нас і ўкраінцы ёсьць – для нас гэта вельмі важны і істотны кампанент “Купалінкі”. Але памяшканьня пакуль што няма. На жаль, у гэтым нічога не зьмянілася.

Warta: Спадзяемся, што гэтае пытаньне, вельмі істотнае і важнае, вырашыцца. Усёй рэдакцыяй жадаем вам як мага хутчэйшага вырашэньня. Дзякуй вялікі за гутарку і да сустрэчы на прэм’еры!

Урад Нікарагуа вызваляе палітвязьняў пад ціскам ЗША

Урад Нікарагуа абвясьціў у суботу, што вызваляе дзясяткі зьняволеных...

Грузія далучаецца да паляваньня на расейскі “ценявы флот” ?

У тэрытарыяльных водах Грузіі за парушэньне правілаў суднаходзтва быў...

Апошняе

85 гадоў таму нарадзіўся Ўладзімер Мулявін

12 студзеня 1941 году нарадзіўся Ўладзімер Мулявін.  Уладзімер Мулявін унёс...

Урад Нікарагуа вызваляе палітвязьняў пад ціскам ЗША

Урад Нікарагуа абвясьціў у суботу, што вызваляе дзясяткі зьняволеных...

Грузія далучаецца да паляваньня на расейскі “ценявы флот” ?

У тэрытарыяльных водах Грузіі за парушэньне правілаў суднаходзтва быў...

❄️ Другі «Хаўер»: цыклён «Уллі» засыпае Беларусь сьнегам

Беларусь сутыкнулася з наступствамі магутнага цыклёну «Уллі», які ўжо...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: