27 ліпеня 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

Да пытаньня аб атаках на грамадзка-эканамічную інфраструктуру Беларусі

Цяпер кожны беларус, у грудзях якога б“ецца беларускае сэрца, перажывае за будучыню Айчыны. Гледзячы на беларускую дэмакратычную супольнасьць за мяжой, на яе паводзіны і палітычныя лёзунгі, мы на пачатку павінны адказаць на адно важнае пытаньне, ці дэмакратычная супольнасьць вядзе вайну супраць рэжыму Лукашэнкі, ці супраць Беларусі і беларускага народу? Ці ставячы мэту збурыць рэжым Лукашэнкі любым коштам, трэба дзеля гэтага знішчыць Беларусь як дзяржаву, яе грамадзкія і эканамічныя інстытуты, давесьці краіну да эканамічнага і сацыяльнага банкруцтва, спадзеючыся, што рэжым калісьці аслабне і быць можа «ўпадзе»? Пры гэтым, разбураючы дзяржаву, ськідваючы яе ў бездань беднасьці санкцыямі і кібер-атакамі, ці магчыма будзе потым казаць, што гэта ўсё віна Лукашэнкі? А менавіта такія падыходы (заблакаваць, абваліць рэжым разам з краінай і народам) рэальна вынікаюць з патрабаваньняў «дэмакратычнай апазыцыі». У такім выпадку, зыходзячы з пазыцыі «любым коштам», ці ня ськідваецца віна за дзейнасьць рэжыму Лукашэнкі і ягонага апарату на ўвесь беларускі народ і ці ня робяць народ мэтай эканамічных атак і зьнешняга ўзьдзеяньня?

Мы ўпэўнены, што ў дэмакратычнай супольнасьці думаць такім чынам могуць толькі ворагі краіны, якім абыякавы лёс Беларусі і яе будучыні.

У сродках інфармацыі ўжо прыходзілася пісаць пра максімалісцкую, не да канца прадуманную дзейнасьць кіберпартызанаў пасьля таго, як ў мінулым годзе была паралізавана дзейнасьць Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсітэту ў Менску з патрабаваньнем да кіраўніцтва ўнівэрсітэту зьвярнуцца да ўладаў (гэта значыць да Лукашэнкі), каб яны выпусьцілі палітвязьняў.

Скончылася гэта тым, што ніводзін палітвязень ня быў выпушчаны, рэпрэсіі ўзмацніліся, а за год ў вязьніцах памерла некалькі чалавек. У тым ліку мастак Алесь Пушкін. У сваю чаргу Лукашэнка з чыноўнікамі прыехаў ва Унівэрсітэт і задушылі тое, што яшчэ жыло і было не задушана (у стылі парадаксу – тое чаго не дадушылі кіберы з найлепшымі намерамі). За гэты год таксама ўзмацнілася русіфікацыя і эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі (дзякуючы санкцыям). То бок, у момант калі рэжым абрынецца ўсе нашыя эканамічныя актывы будуць у руках Масквы!

Унівэрсітэт ня ёсьць ворганам улады, рашэньняў па турмах і вязьнях ён не прымае. Для гэтага існуюць спэцыяльныя дзяржаўныя ворганы і ўстановы ўлады. Універсітэт патрэбны нацыі.

Пасьля выступу ў сродках інфармацыі (артыкулу) аднаму з нас удалося паразмаўляць з прадстаўніцтвам кіберпартызанаў. Здавалася, што была дасягнута дамова, што нашыя кіберпартызаны ня будуць перашкаджаць працы ўстановам асьветы, культуры, адукацыі, медыцыны, сацыяльнага забесьпячэньня, індустрыі і эканомікі, фабрыкам і заводам, камбінатам і г. д. — усяму таму, што патрэбна грамадзтву і людзям для жыцьцядзейнасьці. Нельга абвальваць дзяржаву. Зьнішчаць трэба антынародную ўладу, г. зн. Адміністрацыю Лукашэнкі, КГБ, ГУБАЗІК, АМОН, міліцэйскцую карную сістэму, карныя суды, пракуратуру, сьледчыя камітэты, “палатку” ды “савет рэспублікі” і г. д. — усё тое, што гнобіць людзей, культуру, нацыю, кідае народ у турмы, катуе, зьбівае, здраджвае дзяржаву, маючы ўладу і паўнамоцтвы.

Як бачым, задачы простыя. І у гэтым накірунку, дзякуючы дзейнасьці «кіберпартызанаў» было зроблена шмат важнага і карыснага, хаця б узлом базы «данасіцеляў КДБ». Аднак, адначасова была зьдзейсьнена атака, ськіраваная на дэзарганізацыю працы электроннай сістэмы гродзенскага камбіната Азот. З тымі ж самымі патрабаваньнямі вызваленьня палітычных вязьняў. Але вынік будзе таксама такі ж самы: разбурэньне інфраструктуры з аднаго боку і працяг крывавых рэпрэсій зь іншага. Для Лукашэнкі лёс краіны і людзей ня мае аніякага значэньня. (Што паказаў COVID, падзеі 2020 і 2022 году.)

А можа замест гродзенскага Азота лепш было б патрэсьці расейскі Уралкалій, ці маскоўскі Газапрам – кашалёк агрэсіўнага Крамля. Вайна ж на двары, Беларусь акупавалі. А мы па сабе б“ём, ці як гэта назваць?

Часам здаецца, што некаторыя людзі (магчыма па маладосьці) не ўсьведамляюць сабе на поўніцу рэальнасьці падзей і становішча ў якім, мы беларусы цяпер жывем.

• Найперш ідзе вайна.

• Агрэсіўная Расея, выкарыстаўшы здраду Лукашэнкі, увяла свае войскі ў Беларусь і з тэрыторыі Беларусі напала на Украіну.

• Рэспубліка Беларусь стала акупаванай краінай, страціла частку палітычнага суверэнітэту і свабоду дзеяньняў ў міжнароднай палітыцы.

• Лукашысцкая ўлада, фактычна, стала заменьнікам расейскай акупацыйнай адміністрацыі.

• Пад уплывам Масквы рэжым Лукашэнкі праводзіць масавыя рэпрэсіі грамадзтва і генацыд сьведамай часткі беларусаў.

• Некаторыя апазіцыйныя дзеячы апантана агітуюць за эканамічныя санкцыі супраць рэжыму, але рэальна, атрымліваецца, што супраць дзяржавы і народу Беларусі, і тым самым разбураюць дзяржаву і ўзмацняюць яе падпарадкаванасьць Маскве. Агітуюць, не жадаючы прызнаць, што за 4 гады санкцыі ня вырашылі ніводнага стратэгічнага пытаньня. Рэпрэсіі працягваюцца, людзей забіваюць, палітычныя вязьні тысячамі знаходзяцца за кратамі ў жудасным стане, але агітацыя за эканамічныя санкцыі працягваецца.

• Масква настойліва піхае Лукашэнку да агрэсіі супраць Украіны і стараецца ўцягнуць рэжым у вайну.

Змагаючыся за волю і незалежнасьць Беларусі супраць антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі і супраць рашысцкага рэжыму пуцінскай Расеі, усім беларусам, пачынаючы ад ваяроў Палка Каліноўскага і заканчваючы тымі, хто лічыць сябе прадстаўнікамі дэмакратычнай палітыкі (перад абліччам вайны і зьнішчэньнем нацыі – усе аднолькавыя) трэба памятаць пра вырашальныя падзелы, прынцыпы і чырвоныя лініі:

– Ёсьць Беларускі народ (нацыя),

– Ёсьць Беларуская дзяржава, беларуская эканоміка і нацыянальная ўласнасьць,

– Ёсьць антынацыянальны прамаскоўскі рэжым улады Лукашэнкі.

І гэтыя ключовыя зьявы нельга абагульняць. Яны існуюць у непрымірымым канфлікце.

Беларуская дзяржава, беларуская эканоміка і нацыянальная ўласнасьць ёсьць аб“ектам улады і аб“ектам эксплуатацыі ўлады прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі.

Беларуская дзяржава, беларуская эканоміка і нацыянальная ўласнасьць ёсьць суб“ектам існаваньня і жыцьцядзейнасьці Беларускай нацыі (народа). Таму:

– У барацьбе з антынародным калабаранцкім рэжымам ўлады ўдары не наносяцца па экзыстэнцыяльных асновах жыцьцядзейнасьці народа.

– Удары не наносяцца па існаваньні нацыянальнай дзяржавы.

– Удары не наносяцца па навуковым, культурным, духоўным патэнцыяле нацыі.

– удары не наносяцца па нацыянальнай эканоміцы, па нацыянальнай уласнасьці, па асновах прыкладаньня працы людзей.

Аб“ектам прыкладаньня сілы вызваленьня мусіць быць рэжым антынароднай улады, ягоныя структуры нелегітымнай улады, карныя ўтварэньні, функцынеры і выканаўцы антынароднай палітыкі.

Мы беларусы ў гэтых складаных умовах павінны паводзіць сябе ў палітыцы так, каб дамагчыся свабоды і ліквідацыі антынароднага рэжыму Лукашэнкі і пры гэтым – зьберагчы і захаваць нашу незалежную дзяржаву, наш эканамічны патэнцыял і нацыянальную маёмасьць, нашу энэргетыку і транспарт, нашыя ўстановы, заводы і гарады, нашых спэцыялістаў, вучоных і творцаў, кваліфакаваных рабачых і адукаваную моладзь, нашу тэрыторыю і зямлю.

Нажаль у пагоні за хуткімі эфектамі (якіх няма) сціраюцца якасныя падзелы і прынцыпы ў беларускай палітыцы, і сіла энэргія дзеяньня ськіроўваецца на самазьнішчэньне нацыі. Што мы і назіраем у значнай яе частцы ў выніку страты (за часы рэжыму) нацыянальнага палітычнага класу і дэзарыентацыі замежнай палітыкі адносна падзей у Беларусі. І гэта таксама ёсьць сьледзтва расейскай гібрыднай вайны супраць нашай краіны.

Нельга дапускаць (пад відам змаганьня супраць рэжыму) прапагандысцкага самаедзтва і самазьнішчэньня дзяржавы і нацыянальнай уласнасьці.

  Пэўная частка прадстаўнікоў дэмструктур змаганьне супраць рэжыму і зразумелую нянавісьць да Лукашэнкі імкнецца ператварыць ў шкоду для беларускага народа, у разбурэньне грамадзтва, эканомікі і дзяржавы Беларусі.

Такія папулістычныя і безадказныя лёзунгі: «Татальныя санкцыі для беларускай эканомікі» (!), «Блакада транзіту праз Беларусь», «Заблакаваць чыгунку», «Удары па беларускіх МПЗ» – дыскрэдытуюць апазіцыю ў вачах заходніх партнёраў, а самае галоўнае, у вачах беларусаў. У выніку, беларускае грамадзтва падпадае пад санкцыі, дыскрымінацыю і ўсялякія абмежаваньні за мяжой, а эўрапейскі гандаль з Расеяй ідзе поўнай хадой у абыход Беларусі. Тобок, дзякуючы санкцыям супраць Беларусі ўзбагачацца сталі іншыя эканамічныя групы суседніх краін, ды і лукашэнкаўскія алігархі асабліва не пацярпелі. А вось становішча працоўных людзей згоршылася.

Усяму гэтаму трэба супроцьстаяць і розумам, і дзеяньнямі. Беларускія кіберпартызаны тут якраз на лініі барацьбы, якая дае апэратыўны вынік. Галоўнае толькі, каб добрыя намеры не абярнуліся супраць сябе самых, супраць сваёй дзяржавы.

Вартае ўвагі

Апошняе

“Лыжка дзёгцю” да юбілею Васіля Быкава

Вылілася яна ў адрас Васіля Уладзіміравіча з рук Алеся...

Выступ Зянона Пазьняка на мітынгу паняволеных народаў у Варшаве (аўдыё)

21 ліпеня ў Варшаве адбыўся мітынг паняволеных расейскай імпэрыяй...

Ганебныя выбары, параза нацыі

Цяпер рэжымны афіцыёз, дэм-агентура, "экспэрты" ўсх масьцяў (якія тады...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: