25 сакавіка мы клічам Днём Волі, і ён ёсьць нашым вялікім Нацыянальным Сьвятам!
Наш Дзень Волі мае пад сабою глыбокі гістарычны грунт, пра які варта нагадаць усім нам і, найперш, дыктатарскаму рэжыму ў Беларусі, які сёньня залічыў Раду БНР да экстрэмісцкіх арганізацый.
Напрыканцы 1917 году, скарыстаўшы сытуацыю, што склалася ў Расейскай імпэрыі пасьля кастрычніцкага перавароту, Вялікая Беларуская Рада – аб’яднаўчы цэнтр усіх Беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў, зарганізавала правядзеньне ў сьнежні 1917 года ў Менску Першага Усебеларускага Кангрэсу, на якім былі прысутнымі 1872 дэлегаты.
Кангрэс абраў Раду, як свой выканаўчы ворган, што павінен быў спаўняць дзяржаўную ўладу і прывесьці да стварэньня незалежнай Беларускай дзяржавы.
21 лютага 1918г. Рада выдала свой заканадаўчы акт – 1-ю Устаўную грамату, дзе абвяшчала сябе тымчасоваю ўладаю ў Беларусі.
9 сакавіка 1918г. Рада выдала 2-ю Устаўную грамату, дзе галоўным пунктам запісана: ”Беларусь у рубяжох разсяленьня і лічэбнай перавагі Беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.”
І нарэшце, 25 сакавіка 1918 году была прынятая 3-я Ўстаўная грамата, ад якой пачынаецца новы адлік Беларускай нацыянальнай гісторыі.
Вось гэтыя найважнейшыя словы:
”… Мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны край.
Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржаваю.”
Акт 25 сакавіка 1918 года стаўся пачаткам дзяржаватворчага працэса ў найноўшай гісторыі Беларусі, падмуркам якога была гісторыя Вялікага Княства Літоўскага- нашай старажытнай дзяржавы.
Поўнавартасны працяг гэтага працэсу ў адпаведнасьці з ідэаламі БНР быў перапынены наступам бальшавікоў і наследнай акупацыяй тэрыторыі БНР Чырвонай Арміяй.
Аднак, з бальшавіцкай акупацыяй БНР не зьнікла, не зыйшла ў мінулае, не стала гістарычным артэфактам. Яна засталася жыць у новым вымушаным на той час абліччы.
Захапіўшы тэрыторыю, але пры наяўнасьці дзейснага ўраду БНР у выгнаньні, бальшавікі ўжо не маглі цалкам адрынуць ідэю наданьня нашаму краю статусу дзяржаўнасьці і мусілі стварыць квазірэспубліку – БССР. Безумоўна, без абвяшчэньня БНР не была б створаная БССР.
Пры гэтым бальшавікі заявілі пра стварэньне не Паўночна-Заходняй, а менавіта Беларускай рэспублікі, замяніўшы ў назве БНР дэфініцыю ”народная” на словазлучэньне ”савецкая сацыялістычная”.
Вызначальнае слова “Беларускі” было прысутным паўсюдна – у назвах дзяржаўных структураў, культурных установаў, розных арганізацый. Яно фармавала і замацоўвала безумоўнае вызначэньне нацыянальнай індэнтыфікацыі БССР.
Беларуская Рэспубліка, хаця і ў складзе СССР, зьявілася на мапе з дакладна акрэсьленымі межамі, з адміністратыўным дзяленьнем і сталіцаю Менскам.
БССР не будавалася на ідэалах БНР, не была незалежнаю і дэмакратычнаю, не сталася нацыянальна-адроджанаю.
Але, дзеля станаўленьня дзяржаўнасьці ў першую чаргу патрэбны тэрыторыя і насельніцтва, якое ўсьведамляе сябе прыналежным да гэтай тэрыторыі. Гэтыя асноўныя складнікі надаюцца гісторыяй і менавіта яны стваралі пераемнасьць паміж БНР і БССР. А незалежнасьць і дэмакратыя мусяць быць здабытымі. Многія краіны страчвалі дзяржаўную незалежнасьць, перажывалі перыяды дыктатуры і аднаўлялі ў змаганьні свабоду.
Беларускі народ захоўваў сваё імкненьне да незалежнасьці і волі ва ўмовах жорсткага савецкага рэжыму, які нішчыў усялякія праявы нацыянальнага жыцьці, бязьлітасна распраўляўся з прадстаўнікамі беларускай палітычнай і інтэлектуальнай эліты. Аднак, у Беларусі вырасла і cфармавалася на на ідэях БНР новае пакаленьне беларускіх палітыкаў, якія здолелі дасягнуць абвяшчэньня незалежнасьці нашае краіны 25 жніўня 1991 году ў новым абліччы – Рэспублікі Беларусь.
Абвяшчэньне незалежнасьці БНР, стварэньне БССР, аднаўленьне незалежнасьці і зьяўленьне на мапе сьвету Рэспублікі Беларусь – гэта адзіны дзяржаватворчы працэс, як адбываўся на адной і той жа асноўнай этнаграфічнай тэрыторыі і з тым жа этнічна абьяднаным народам. Гэта працэс нараджэньня і разьвіцьця БНР, якая не стала гісторыяй, але жыве і да сёньня.
Жывое сэрца БНР бьецца ў сёньняшняй Беларусі, яно надае энэргію змагарнаму духу беларусаў.
Беларускі народ ізноў вымушаны змагаецца за сваю незалежнасьць і свабоду, за сваю будучыню, якая апынулася пад пагрозаю з-за антыбеларускай палітыкі дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі.
Найбольш яскравым доказам таго, што існаваньне БНР не скончылася пасьля ўсталяваньня савецкай улады, ёсьць той факт, што ейны асноўны дзяржаўны ворган – Рада БНР, захавалася й да сёньня.
Бальшавіцкая акупацыя вымусіла Раду БНР пакінуць краіну і выехаць у эміграцыю, але і на чужыне яна не спыніла сваю дзейнасьць. На выгнаньні Рада БНР не мела магчымасьці рэалізаваць сваю дзяржаўную місыю будаўніцтва незалежнай дэмакратычнай Беларусі.
Але, яна ўвесь час працавала і працуе дзеля Беларусі –
– інфармуе заходні сьвет пра паняволены Беларускі народ,
– здабывае падтрымку і дапамогу для Беларусаў,
– рэпрэзэнтуе Беларускі народ у розных дэмакратычных рухах і арганізацыях,
– аб’ядноўвае Беларускую эміграцыю ў сьвеце.
Рада БНР захоўвае ідэалы БНР і да сёньня трымае мандаты дзяржаўнаe ўлады, атрыманыя ад Першага Усебеларускага Кангрэса.
Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе перад Радаю адкрылася магчымасьць перадаць свае паўнамоцтвы дэмакратычнаму ўраду, які стаў бы будаваць краіну у адпаведнасьці з ідэаламі БНР. Аднак, гэтая надзея не спраўдзілася.
У сувязі з гэтым Рада БНР павінна і надалей выконваць сваю ранейшую ролю – захоўваць ідэалы БНР і сымбалі дзяржаўнай улады.
Наш дзяржаватворчы працэс, распачаты ў 1918 годзе, дасягнуў у сваім разьвіцьці плённага выніку – Рэспубліка Беларусь дэ-юрэ існуе на мапе сьвету. Аднак, гэты працэс дзяржаўнага будаўніцтва не завершаны.
Абавязак сёньняшніх беларускіх дэмакратычных сілаў завяршыць гэты працэс і зрабіць яго незваротным.
Перад намі стаяць тры галоўныя мэты:
– захаваць нашу дзяржаўную незалежнасьць,
– пазбавіцца ад дыктарскага рэжыму
– распачаць будаўніцтва дэмакратычнай структуры краіны на грунце нацыянальнага адраджэньня.
Толькі так мы можам захаваць нашу дзяржаву і збудаваць яе ў адпаведнасьці з ідэаламі БНР, пра якую марылі нашыя папярэднікі, хто абвесьцілі Акт 25 сакавіка 1918 году.
Жыве Беларусь!
Ганна Сурмач, сябра Рады БНР, магістар гісторыі