29 красавіка 2024

Беларускае нацыянальнае медыя

ВЫНІШЧЭНЬНЕ БУДУЧЫНІ БЕЛАРУСІ

Тут артыкул аб дзейнасьці ФСБ і  рускай 5-й калоны ў Беларусі. Апісваецца праца рускай разьведкі па русіфакаваным выхаваньні беларускай моладзі ў антынацыянальнымм духу з паглядам на барацьбу супраць беларускай свабоды. Трэба ўлічыць, што гэтая татальная праца цалкам падтрымана антыбеларускім рэжымам Лукашэнкі, які паралельна сістэмна (ад школы да турмы) вынішчае ўсё культурнае беларускае.

 Прозьвішча аўтара нам вядомае. Артыкул падпісаны псэўданімам.

(Заўвага. Пры карыстаньні тэкстам карысна зьвярнуць увагу на шматлікія спасылкі.)

Ваенна-патрыятычныя «сьлёты» моладзі – сістэмная праца БПЦ (МП)

Пачынаючы з 2006 года і дагэтуль у Беларусі адбываюцца ваенна-патрыятычныя «сьлёты» праваслаўнае моладзі. Усяго на дадзены момант адбылося 15 сьлётаў, 15-ы быў у гэтым годзе. Праводзяцца яны прыкладна ў адзін і той жа час, у чэрвені, і прымеркаваныя да гадавіны нападу гітлераўскае Нямэччыны на СССР у 1941 годзе. У 2020 і 2021 гадах сьлёты не праводзіліся, напэўна, з-за таго, што прарасейскія і пралукашэнкаўскія арганізатары былі напалоханыя пратэстамі.

Арганізуюць гэтыя сьлёты Беларусская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхата і Памежны камітэт Беларусі. Праводзячы іх, арганізатары спасылаюцца на дамову аб супрацоўніцтве паміж БПЦ (МП) і памежнымі войскамі Беларусі ад 2003 года. Але ў тэксце згаданае дамовы гаворка ідзе толькі пра вайскоўцаў, а не пра дзяцей.

На здымку – ваенна-патрыятычны сьлёт у 2022 годзе.

Непасрэдны арганізатар – настаяцель царквы ў вёсцы Тарасава Мінскага раёна протаіерэй Сяргей Кузьмянкоў. Першыя два сьлёты, ў 2006 і 2007 годзе, адбыліся менавіта ля вёсцы Тарасава. У структуры БПЦ (МП) протаіерэй Сяргей Кузьмянкоў займае пасаду старшыні Сінадальнага аддзела па ўзаемадзеяньні з Узброенымі Сіламі і іншымі воінскімі фармаваньнямі Беларусі. То бок, ваенна-патрыятычныя клубы далучаныя да “іншых воінскіх фармаваньняў”. На пачатку свайго сьвятарства Сяргей Кузьмянкоў служыў у менскім прыходзе разам з іерэем Ігарам Карасьцялёвым, які пазьней, у 2002 годзе, стаў духоўнікам адной зь дзьвюх буйных казачых груповак у Беларусі – РОО “Белорусское казачество” Мікалая Ўлаховіча.

На кожным ваенна-патрыятычным сьлёце маецца камендант. Паводле сабранае інфармацыі, камендантам большай часткі сьлётаў, а магчыма, і ўсіх, зьяўляецца протаіерэй Аркадзь Касьяненка. Ён нарадзіўся ў Валгаградскай вобласьці Расеі і скончыў Калінінградскае вышэйшае інжэнернае вучылішча інжэнерных войскаў. Пасьля яго заканчэньня, ў 1988 годзе, Касьяненку накіравалі ў Кіеў у канвойны полк унутраных войскаў на пасаду камандзіра інжэнернага ўзводу. Калі Ўкраіна здабыла незалежнасьць, ён звольніўся з унутраных войскаў, нейкі час папрацаваў ахоўнікам у прыватнай фірме, а  станам на 1993 год Аркадзь Касьяненка ўжо перабраўся ў Беларусь і пачаў навучэньне ў Жыравіцкай семінарыі. Пазьней ён стаў настаяцелем Сьвята-Владімірскае царквы ў Гародні і да 2013 года ўзначальваў у Гарадзенскае епархіі БПЦ (МП) аддзел па ўзаемадзеяньні з Узброенымі Сіламі. Аркадзь Касьяненка выйшаў у адстаўку ў званьні капітана ўнутраных войскаў, а ў траўні 2012 года стаў маёрам войскаў тэрытарыяльнае абароны.

Сын Аркадзя Касьяненкі Аляксей у 2011 годзе скончыў Пагранічны інстытут Федэральнае службы бясьпекі Расеі. 

Да арганізацыі сьлётаў мае дачыненьне яшчэ адна арганізацыя, якая ў гэтай якасьці пачала праяўляць сябе ўжо ў 2007 годзе – гэта “Дабраахвотнае таварыства садзейнічаньня арміі, авіяцыі і флоту” (ДТСААФ). ДТСААФ праводзіць частку спаборніцтваў у рамках сьлётаў (прынамсі ў  2007 і 2023 гадах), а таксама ўзаемадзейнічае зь некаторымі з ваенна-патрыятычных клубаў.

Адносна некаторых сьлётаў вядома, якія смадэліраваныя баявыя сітуацыі, “сюжэты”, арганізатары прапануюць дзецям. Падчас сьлёта 2009 года, які адбыўся ў Лідскім памежным атрадзе, такім сюжэтам стала “ўзброеная правакацыя на мяжы” – перад удзельнікамі ваенна-патрыятычных клубаў ставілася задача захапіць “дыверсантаў, якія прарваліся праз мяжу”. Падобнае адбылося і ў 2013 годзе, калі мейсцам для правядзеньня сьлёта стаўся Смаргонскі памежны атрад. Тады чальцы ваенна-патрыятычных клубаў трэнаваліся “выканаць задачу па пошуку і зьнішчэньню дыверсыйна-выведвальнае групы”.

Апрача летніх сьлётаў, тыя ж арганізатары з 2008 года праводзяць спаборніцтвы ваенна-патрыятычных клубаў яшчэ і ўвосені, пад назвай “Юный воин”. У адрозненьне ад летніх сьлётаў, якія, за малым выключэньнем, праводзяцца ў памежных атрадах, мейсцам правядзеньня гэтых зьяўляюцца часткі ўнутраных войскаў. Першыя зь іх адбываліся нават напрыканцы лістапада, ў 2010 годзе дзеці  былі вымушаныя выконваць марш-кідок і праходзіць паласу перашкодаў у завею пры мінус 15 градусах. Потым час правядзеньня усё ж сьмясьцілі на кастрычнік.

Клубы-ўдзельнікі на ваенна-патрыятычныя сьлёты заяўляюцца як епархіяльныя клубы, якія прадстаўляюць тую ці іншую епархію БПЦ (МП). І сетка гэтых клубаў ўжо больш за дзесяць гадоў ахоплівае ўсе вобласьці Беларусі.

У першым сьлёце ўдзельнічалі толькі тры клубы – “Пересвет” з Магілёва, “Витязь” з Гародні і клуб імя Даўмонта Пскоўскага зь Менску. Зь іх на дадзены момант існуе толькі “Пересвет”. У другім сьлёце, ў 2007 годзе, бралі ўдзел ўжо дзесяць ваенна-патрыятычных клубаў. У апошнія гады колькасьць клубаў, якія бралі удзел у ваенна-патрыятычных сьлётах, складала дванаццать-трынаццаць.

Некаторыя з клубаў-удзельнікаў праіснавалі нядоўга, а некаторыя, ў тым ліку тыя, што адзначыліся з самога пачатку, актыўна дзейнічаюць і дагэтуль. Гэта “Сыны Отечества” са Слоніма, “Дружина” са Шчучына, “Пересвет” з Магілева і “Русичи” з Воршы.

Ваенна-патрыятычны клуб “Пересвет” быў створаны ў 2000 годзе ў Магілеве. Заснавальнікам яго зьяўляецца протаіерэй Сяргей Лабада, кіраўнік аддзела па ўзаемадзеяньні з Узброенымі сіламі Магілеўскае епархіі. На ягонай старонцы “ўкантакце” маюцца допісы ў падтрымку расейскае ФСБ і пра нібыта  грамадзянскую вайну ва Ўкраіне. Клуб “Пересвет” неаднаразова удзельнічаў ў расейскіх турнірах па рукапашным боі, курыруе якія ФСБ Расеі. А ў траўні 2016 года ў Маскве падчас такога першынства было прыйнятае рашэньне аб аб’яднаньні ягоных удзельнікаў у “Саюз праваслаўных ваенна-патрыятычных і спартовых арганізацыяў”, у склад якога ўвайшоў і “Пересвет”.

На здымку – клуб “Пересвет” падчас сьвяткаваньня 9 траўня ў 2023 годзе.

Дакладную дату зьяўленьня ў Слоніме ваенна-патрыятычнага клуба “Сыны Отечества”, які раней называўся “Гренада”, высьвятліць складана, але вядома, што гэта адбылося не пазьней чым у 2009 годзе, калі клуб пачаў удзельнічаць у ваенна-патрыятычных сьлётах. Ягоныя карані – ў кадэцкай клясе школы нумар 9 Слоніма. Гэтая кляса адкрылася ў 1997 годзе, ёй кіраваў падпалкоўнік Віктар Пенза. У 2006 годзе ў расейскі “Фонд содействия кадетским корпусам” прыйшоў ліст ад Віктара Пензы, ў якім ён пісаў, што хацеў бы, каб беларускія кадэты былі б прызнаныя ў Расеі. Фонд абяцаў дапамагчы ў гэтым. У сьлётах выхаванцы кадэцкае клясы удзельнічалі пад назвай “Гренада”.

 У 2013 годзе Віктар Пенза пераехаў са Слоніма ў Берасьце і ўжо там зайняўся стварэньнем кадэцкае клясы. А на базе слонімскае клясы ў лютым 2014 года афіцыйна адкрыўся епархіяльны клуб “Сыны Отечества”, згодна з дамовай паміж БПЦ (МП) і дырэктарам школы нумар 9. Падчас адкрыцьця прысутнічалі прадстаўнікі прарасейскай групоўкі “Казачий Спас”, якія прадэманстравалі паказальныя выступленьні.

На дадзены момант кіраўніком клуба “Сыны Отечества”зьяўляецца падпалкоўнік ў адстаўцы Васіль Рапьевец. Ён скончыў Ленінградскае зенітна-ракетнае каманднае вучылішча, пасьля чаго быў накіраваны ў Нямеччыну камандзірам зенітна-ракетнае батарэі. Ў 1992 годзе 11-ю танкавую дывізію, ў якой ён служыў, вывялі зь Нямеччыны ў Слонім.

У траўні 2016 года кадэцкі корпус школы нумар 9 Слоніма на чале з Васілем Рапьеўцом езьдзіў у Тамбоўскую вобласьць Расеі на міжнародны фестываль кадэцкіх корпусаў. Паводле ўспамінаў Васіля Рапьеўца аб паездцы, “сотни три русских пацанов и девчонок кадет с пятнадцатью кадетами белорусскими на площади города вместе скандировали “Беларусь-Россия-Сила!!!””.

На здымку – клуб “Гренада” і Віктар Пенза падчас рэканструкцыі падзеяў Другой Сусьветнай вайны.

Ваенна-патрыятычны клуб “Русичи” заснаваны ў 1988 годзе Рыгорам Шараем, выкладчыкам прафесійна-тэхнічнага вучылішча ў Воршы ды былым дэсантнікам. Апроч таго, Рыгор Шарай зьяўляецца атаманам Аршанскага казачага аддзела ў складзе РОО “Белорусское казачество”. Нагадаю, што духоўніком гэтае казачае групоўкі зьяўляецца іерэй Ігар Карасьцялёў, разам зь якім служіў у адной царкве арганізатар ваенна-патрыятычных сьлётаў протаіерэй Сяргей Кузьмянкоў.

Прыкрыцьцём для выхаваньня з падлеткаў байцоў “русскага міра” зьяўляецца афіцыйная дзейнасьць клуба “Русичи” па пошуку парэшткаў салдатаў Другой Сусьветнай вайны.

Маецца здымак, на якім Рыгор Шарай стаіць нацапіўшы на сябе так званую “георгіеўскую стужку”, якая ўжо даўно стала сымбалем і апазнавальным знакам расейскіх акупантаў. Апроч гэтае стужкі, на ягонай грудзі бачныя ордэны і мэдалі, значная частка якіх – расейскія і зьвязаныя з дзейнасьцю клуба “Русичи”.

У 1997 годзе клуб “Русичи” быў узнагароджаны расейскім мэдалём “Маршал Советского Союза Жуков”. А ў 2018 годзе кіраўнік клуба Рыгор Шарай атрымаў ордэн “Генерал армии Маргелов”. Гэты ордэн заснаваны Саюзам дэсантнікаў Расеі і ўручаецца за “заслугі ў патрыятычным выхаваньні, падрыхтоўке трамадзянаў да вайсковае службы, актыўную грамадзянскую пазіцыю і іншыя заслугі перад грамадствам і дзяржавай”.

Што тычыцца чальцоў клуба “Русичи”, то яны таксама шматразова атрымлівалі расейскія ўзнагароды, а менавіта:

– нагрудные знакі Міністэрства абароны Расеі “За активный поиск”

– мэдалі Саюза дэсантнікаў Расеі “За верность долгу и Отечеству” і “За верность долгу. Во славу Отечества”

– мэдалі Камісіі па грамадскіх медалях і памятных знаках “За сохранение исторической памяти” і “За активную военно-патриотическую работу”

– граматы Расейскага саюзу ветэранаў.

У чэрвені 2018 года павіншаваць клуб “Русичи” з трыццацігодьдзем у Воршу прыязджалі прадстаўнікі арганізаціі “Российская ассоциация героев”. У яе уваходзяць у тым ліку тыя, хто атрымаў званьне “Герой Российской Федерации”. Станам на 2018 год як мінімум чатыры расейскія вайскоўцы атрымалі такое званьне за ўдзел ва ўзброенай агрэсіі супроць Украіны.

На здымку – Рыгор Шарай.

Ваенна-патрыятычны клуб “Дружина”, які знаходзіцца ў Шчучыне, зьявіўся ў 2007 годзе. Кіруе ім на дадзены момант маёр ў адстаўцы Генадзь Шышкін, камандзір клуба – маёр міліцыі Павел Найда, а духоўнік – іерэй БПЦ (МП) Аляксандр Пасьцярняк. Дарэчы, 1 лютага 2023 года Аляксандр Пасьцярняк прызначаны адказным за ўзаемадзеяньне са структурамі ДТСААФ на тэрыторыі Гарадзенскае епархіі.

Як мінмум двойчы, ў лістападзе 2014 года і ў сакавіку 2015 года, трэніраваць выхаванцаў клуба “Дружина” прыязджалі прадстаўнікі прарасейскае групоўкі “Казачий Спас”.

Два выхаванцы клуба “Дружина”, Дзяніс Паўчкоў і Вікторыя Маркевіч, заснавалі страйкбольны клуб “ОСН Шторм DCS”. У траўні 2022 года чальцы гэтага страйкбольнага клуба склалі дакумант накшталт статуту, ў якім сярод асноўных задачаў названа “садзейнічаньне праваахоўным ворганам і грамадскім арганізацыям”. Ня дзіўна, ўлічваючы, што клубам камандуе супрацоўнік міліцыі. На старонцы клуба “ОСН Шторм DCS” “укантакце” маецца шмат здымкаў зь іх трэніровак, дзе твары ўдзельнікаў схаваныя. Таксама на згаданай старонцы “ўкантакце” бачныя допісы з падтрымкай расейскіх акупантаў, якія ваююць ва Ўкраіне. А 25 студзеня 2023 года на іх старонцы зьявіліся тры здымкі нейкага чалавека ў ваенізаванай форме, якія суправаджаліся надпісам “Быть воином – жить вечно! Спи спокойно брат”. Гэта можа значыць, што хтосьці з удзельнікаў страйкбольнага клуба “ОСН Шторм DCS” удзельнічаў ва ўзброенай агрэсіі Расеі супроць Украіны і быў забіты.

На здымку – клуб “Дружина” падчас трэніровак.

На падставе сабранай інфармацыі можна зрабіць вывад, што стварэньне і функцыянаваньне клубаў пад куратарствам БПЦ (МП), якія бяруць удзел у ваенна-патрыятычных сьлётах – не ініцыятывы асобных людзей, а сістэмная праца, мэта якой – ахапіць усю Беларусь структурами па выхаваньні дзяцей у дусе “русскага міра” і навучэньні іх пры гэтым вайсковым навыкам. Як паказана, такая дзейнасьць вядзецца як мінімум з 2006 года. А ваенна-патрыятычныя сьлёты выступаюць у якасьці паказчыка вынікаў гэтае працы.

Пётра Петрыкевіч


Projekt dofinansowany przez Fundację Solidarności Międzynarodowej w ramach polskiej współpracy rozwojowej Ministerstwa Spraw Zagranicznych RP.

Вартае ўвагі

ТОП-18 прагнозаў Зянона Пазьняка, якія збыліся

Беларускі палітык Зянон Пазьняк, акрамя сваёй палітычнай і мастацкай...

Зянону Пазьняку ‒ 80! Цікавыя факты з біяграфіі

24 красавіка 2024 г. спаўняецца 80 год легендарнаму беларускаму палітыку Зянону Пазьняку. Сабралі для вас цікавыя і нечаканыя факты з біяграфіі дзеяча

Зянон Пазьняк: НЕКАЛЬКІ СЛОЎ НА УГОДКІ СЬМЕРЦІ ГЕНАДЗЯ КАРПЕНКІ

Да Генадзя Карпенкі я заўсёды адносіўся прыхільна і адносіны...

Апошняе

ТОП-18 прагнозаў Зянона Пазьняка, якія збыліся

Беларускі палітык Зянон Пазьняк, акрамя сваёй палітычнай і мастацкай...

Зянону Пазьняку ‒ 80! Цікавыя факты з біяграфіі

24 красавіка 2024 г. спаўняецца 80 год легендарнаму беларускаму палітыку Зянону Пазьняку. Сабралі для вас цікавыя і нечаканыя факты з біяграфіі дзеяча

Смаленская Рэспубліка стварае Канстытуцыю і вяртаецца да Беларусі (Відэа)

21 сакавіка 2024 г. Смаленскі Рэспубліканскі Цэнтр прэзентаваў праект...

Зянон Пазьняк: НЕКАЛЬКІ СЛОЎ НА УГОДКІ СЬМЕРЦІ ГЕНАДЗЯ КАРПЕНКІ

Да Генадзя Карпенкі я заўсёды адносіўся прыхільна і адносіны...

У Драгічынскім раёне затрымалі 12 беларусаў за дапамогу Ўкраіне. Аднаму прастрэлілі нагу

Аб гэтым распавялі лукашысцкія прапагандысты ў сваем відэа. Сярод затрыманых:...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: