30 мая 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Барбара Налэнч-Нянеўска: Беларусы маюць такое ж права на І Рэч Паспалітую, як і палякі

Эўропа зазвычай ня чуе крыкі беларусаў. Захад адварочваецца і ўпарта затыкае вушы. Нічога не зьмянілася ні пасьля масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2020 г., ні пасьля таго, як выбухнула вайна ва Украіне. Беларусь – гэта ключавая дзяржава на гэапалітычнай шахматнай дошцы нашых часоў. Але ўяўленьне пра яе і веданьне пра беларусаў у Польшчы спрошчаныя і павярхоўныя. Настаў час гэта зьмяніць. Тым больш, што мы маем так шмат агульнага.

Упершыню я паехала на Усход, у Беларусь і Расею, у 2000 годзе. Тады Расея мяне вабіла больш, а Беларусь здавалася нуднай, надта мала расейскай.

Цяпер я задаволена, што Беларусь, нягледзячы на тое, што была часткай СССР і знаходзіцца ў коле расейскай мовы і культуры, аднак не належыць цалкам да русского міра. Яна мае сваю асаблівую, эўрапейскую тоеснасьць, якая паходзіць са спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Але я даведалася пра гэта пазьней.

Вернемся да маіх уражаньняў падчас побыту ў Расеі. Было гэта ў 2000, 2006 і 2011 гг. Падчас размоваў з расейцамі, асабліва пад алкаголь, праз пэўны час ставала непрыемна. Заўжды наставаў момант, калі яны пыталіся: “Чаму вы, палякі, такія няўдзячныя? Чаму нас так ненавідзіце? А мы ж вас вызвалілі”.

Як я магла ім тое растлумачыць? Распавесьці, што вырабляла Чырвоная армія ў 1939 г.? Альбо патлумачыць, што ў выніку вайны паўстала Польская Народная Рэспубліка – навязаная ўлада, якой мы не хацелі, і сістэма, якая не дазваляла нам разьвівацца?

Я не забудуся на начную размову пад гарэлку падчас кінафэстываля, калі адзін расейскі рэжысёр запрапанаваў выпіць за жаўнераў Чырвонай Арміі. Мяне гэта абурыла, і я адмовідася. Ён разьюшыўся. Як гэта я наважылася адмовіцца, калі ягоны дзед усё жыцьцё піў праз саломку, бо быў цяжка паранены падчас вызваленьня Польшчы?!

Што можна тут сказаць? Ніякія тлумачэньні не пераканаюць асобу з такімі ўяўленьнямі. Урэшце рэшт рэжысёр пайшоў з гулянкі абражаны. Міналі гады, і маё захапленье Расеяй блякла, а цяжар зацікаўленасьці перасоўваўся ўсё больш на захад ад Масквы, у бок Буга, у Беларусь.

“Адпольшчыць” І Рэч Паспалітую

У 2003 г., падчас майго другога побыту ў Беларусі, я папрасіла стрыечнага брата, каб ён параіў мне найлепшы беларускі гурт. Я купіла запіс групы НРМ, тамашняй легенды рока, якая стварала песьні на беларускай мове, сьпявала пра тугу па нармальнасьці, пра жыцьцё ў краіне без аўтарытарнага рэжыму.

Падчас гэтага побыту я даведалася, што дзяржаўнай мовай у краіне ёсьць беларуская, што назовы вуліц пішуць у гэтай мове, што ёсьць адзін тэлеканал па-беларуску, дзеці вывучаюць беларускую ў школе, але ўсе размаляюць па-расейску. Толькі заангажаваныя апазыцыянэры перайшлі на беларускую мову.

Падчас гэтай паездкі я выбралася таксама ў замак у Нясьвіжы – старадаўнюю сядзібу Радзівілаў, якая была тады на рэканструкцыі. Пабачыла мэмарыяльныя шыльды па-польску. Уразіла мяне, што ў гэтай краіне можна знайсьці столькі сьлядоў польскасьці. Вярнуўшыся ў Польшчу, я распавяла пра гэта калегу, які паходзіць з Беларусі, а менавіта сыну леташняга ляўрэата Нобэлеўскай Прэміі Алеся Бяляцкага.

Ягоны адказ ўразіў мяне. Ён сказаў, што Беларусь – гэта спадчына Вялікага Княства Літоўскага

Усе вялікія роды, такія, як Радзівілы ці Сапегі, — гэта літоўскія роды, якія валодалі сваімі галоўнымі воласьцямі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Што Пагоня – гэрб Літвы – гэта таксама гэрб вольнай Беларусі, які быў афіцыйным у 1991-95 гг., а цяпер ён сымвал беларускай апазыцыі. Нагадаў таксама, што літоўскія Статуты, то бок збор законаў Вялікага Княства, былі напісаны па-беларуску.

Я пачала цікавіцца пунктам гледжаньня беларусаў і хутка яго зразумела. Яны проста нашмат лепш разумеюць шматкультурнасьць Рэчы Паспалітай. І Рэч Паспалітая выразна ня была толькі этнічна польскай. Цяпер маёй місіяй ёсьць распаўсюд гэтых ведаў сярод палякаў. Бо зазвычай я сустракалася з думкай, што беларусы “нахабна крадуць нашу гісторыю, бо ня маюць уласнай!”

Праблема ў тым, што нажаль мы ёсьць польскацэнтрычнымі. Кажам, што колькі стагоддзяў таму Польшча сягала ажно да Смаленска. Але ж тое ня была проста Польшча, а Рэч Паспалітая Абодвух Народаў, створаная з дзьвюх дзяржаў – Кароны Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. У гэтых краінах было значна больш народаў, чым два.

Апошнім разам я наведала Беларусь у 2019 г. і тады зноў паехала ў Нясьвіж, які быў выдатна адрэстаўраваны і нават значна рэканструяваны. Быў тады ўжо найвядомейшым пунктам на турыстычнай мапе Беларусі.

Аднаўленьне маёнтку Рэйтана, які знаходзіцца ў Беларусі, закончыцца сёлета. Колькі гадоў таму быў адноўлены маёнтак у Марачоўшчыне, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюка, які лічыцца таксама й нацыянальным героем Беларусі. У 2015 г., на 250-я ўгодкі кампазытара і дыплямата Міхала Клеафаса Агінскага адкрылі ягоны музэй у маёнтку, дзе ён некалі жыў – у Залесьсі каля Маладэчна.

У год адкрыцьця музэю ў Залесьсі быў выдадзены багата ілюстраваны альбом пра Міхала Клеафаса Агінскага па-беларуску пад тытулам “Ліцьвін, патрыёт, мастак”. Першае слова гэтага тытула сьведчыць, што беларусы асацыююць сябе з гістарычнай Літвой. Мы ўжо забыліся пра шматнацыянальнасьць Рэчы Паспалітай і ня можам зразумець, якая была мяшанка тоеснасьцяў, што характарызавала людзецй тых часоў і тых земляў. Можна было называцца літвінам альбо называць Літву сваёй айчынай, але размаўляць і пісаць па-польску.

Дасканалым прыкладам рэчпаспалітаўскай тоеснасьці беларусаў ёсць полк імя Кастуся Каліноўскага – дабраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне супраць Рсаеі. Яны назвалі сваё падраздзяленьне імем камандіра студзеньскага паўстаньня ў Літве, які ваяваў за правы беларускіх сялян і абуджаў у іх пачуцьце тоеснасьці. На эмблеме на іхніх мундзірах адлюстраваны 1863-2022 гады і гэрб Пагоня.

Гістарычная палітыка, заснаваная на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, пачала кшталтавацца ў вольнай Беларусі ў 1991 г. Тагачасныя гісторыкі і палітыкі хацелі паказаць грамадзтву, што гісторыя Беларусі – гэта ня толькі гісторыя Саветаў. Упершыню тады пачалі ўголас казаць пра сталінскія і бальшавіцкія злачынствы. У першай палове 90-х нават нацыянальныя сымбалі былі заснаваны на гісторыі вялікай Літвы.

Беларуская эміграцыя мае сваю спэцыфіку. Гэта людзі зазвычай алукаваныя, сьведамыя сваёй нацыянальнай тоеснасьці і адрознасьці, а таксама таго, што народ можа быць палітычным і сам вырашаць свой лёс. Польшча для ніх ёсьць пакуль што недасягальным ідэалам эканамічнага і грамадзянскага разьвіцьця. Беларусы тут, паміж намі, назіраюць, набіраюцца досьведу. Усе яны кажуць, што вераць у вяртаньне на радзіму вольную, дэмакратычную, без рэжыму. Набытыя веды яны выкарыстаюць у краіне, каб будаваць новую Беларусь.

Польшча павінна абудзіцца

Я лічу, што ёсьць недахоп большай інтэграцыі палякаў і беларусаў. Улічваючы іхнюю рэчпаспалітаўскую тоеснасьць мы маем зь імі шмат агульнага. Нас, здаецца, не падзяляюць гістарычныя канфлікты і беды, як да апошняга часу гэта было ў нас з летувісамі або ўкраінцамі. Прысутнасьць беларусаў у Польшчы ёсьць беспрыцыдэнтным шансам пазнаць іх і ўмацаваць сувязі.

Упадак рэжыму, дэмакратычныя перамены і вяртаньне Беларусі ў бок Эўропы ёсьць неабходнасьцю. Гэта элемэнт нашай бяспекі і пабудовы моцнага рэгіёна. Умацаваньне сувязяў з Беларусьсю аддаліла б нас ад Расеі. Нашым жыцьцёвым інтарэсам ёсьць падтрымка беларусаў у іхным змаганьні за вольную краіну, у якой яны маглі б самастойна разьвівацца.

Цяперашняя дынамічная геапалітычная сытуацыя можа прысьпешыць гэты працэс. Калі Расея прайграе вайну, магчыма, што настане канец і Лукашэнку. Беларусы – гэта народ, зь якім нам лёгка было б знайсьць агульную мову. Мы павінны спачатку заўважыць іх, а перш за ўсё атаясамліваць народ з рэжымам.

Арыгінальны артыкул на польскай:

https://klubjagiellonski.pl/2023/10/05/bialorusini-maja-takie-samo-prawo-do-historii-i-rp-jak-polacy/

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

Зорку алімпіяд са Светлагорска асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

31‑гадовая Дар'я Калінава ў юнацкія гады была гонарам Светлагорска...

ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСАЎ ВАРШАВЫ

Шаноўнае  спадарства! Запрашаем 23 траўня (субота), а 14-й гадзіне, на...

Замежныя дабраахвотнікі ва Ўкраіне атрымалі права на легалізацыю службы

Дзякуючы супольным намаганьням БДК, РДК, профільных групаў, прадстаўнікоў Офісу...

Апошняе

Зорку алімпіяд са Светлагорска асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

31‑гадовая Дар'я Калінава ў юнацкія гады была гонарам Светлагорска...

21 траўня — пяць гадоў з дня сьмерці Вітольда Ашурка

21 траўня спаўняецца пяць гадоў з дня трагічнай гібелі...

ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСАЎ ВАРШАВЫ

Шаноўнае  спадарства! Запрашаем 23 траўня (субота), а 14-й гадзіне, на...

Беларускамоўнага выкладчыка Медуніверсітэта асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

Аляксею Сасноўскаму 32 гады, ён спецыялізуецца на радыяцыйнай медыцыне. З...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: