Уначы беспілётнікі, паводле маніторынгавых каналаў, атакавалі дата-цэнтар «Яндэксу» ў Уладзімерскай вобласьці Расеі. Аб’ект мае магутнасьць 50 МВт і разьлічаны на 2880 IT-стоек.
Кампанія паведаміла пра маштабныя збоі ў працы сваіх сэрвісаў, у тым ліку музычнага стрымінгу, ШІ-асістэнта і сыстэмы разумнага дому. Пра праблемы з доступам да сэрвісаў паведамляюць таксама карыстальнікі ў Беларусі.
Пры гэтым прычыну збояў і сувязь паміж атакай на дата-цэнтар і праблемамі ў працы сэрвісаў у Беларусі яшчэ трэба пацьвердзіць.
Таксама паведамляецца пра выбухі ў Сочы. Паводле папярэдніх зьвестак, там магла быць зьнішчаная ўстаноўка С-300.


