У Беларусі часова спынілі рэгістрацыю новых заяўнікаў у сьпіс чаканьня на італьянскую візу. Рашэньне VFS BY прыняў у каардынацыі з амбасадай Італіі. Рэгістрацыя прыпыненая да далейшага паведамленьня.
Афіцыйная прычына не называецца. VFS паведамляе толькі, што чакае далейшых указаньняў ад італьянскага пасольства. Тыя, хто ўжо зарэгістраваўся, месца ў чарзе захоўваюць.
Рашэньне з’явілася на фоне паведамленьняў нямецкіх СМІ пра падазраванага ў падрыхтоўцы дывэрсіі ў аэрапорце Ляйпцыг/Гале. Паводле гэтых паведамленьняў, адзін з падазраваных — беларус з расейскім пашпартам — нібыта атрымаў італьянскую турыстычную візу ў Менску ў канцы красавіка. Міністар замежных спраў Італіі Антоніё Таяні паабяцаў праверыць гэтую інфармацыю.
Яшчэ ў ліпені амбасада Італіі паведамляла пра рэзкі рост колькасьці запытаў на турыстычныя візы ў Беларусі.


