Міністэрства юстыцыі ЗША паведаміла пра раскрыцьцё сеткі, якая, паводле амэрыканскіх уладаў, дзейнічала на заданьне расейскіх спэцслужбаў.
Абвінавачаньні прад’яўленыя пяці асобам, сярод іх — былы расейскі палкоўнік Юры Храмееў і ягоны сын, супрацоўнік ФСБ Кірыл Храмееў, а таксама грамадзяне Кубы і Вэнэсуэлы.
Паводле Мінюсту ЗША, сетка шукала выканаўцаў для забойства як мінімум двух расейскіх апазыцыянэраў, якія жывуць у ЗША і Літве.
У 2026 годзе, паводле сьледзтва, завербаванага ў ЗША чалавека спачатку папрасілі сачыць за адным з апазыцыянэраў і перадаваць фота і відэа. Пазьней яму прапанавалі 40 тысяч даляраў за забойства.
У іншым выпадку, у 2025 годзе, за забойства апазыцыянэра ў Літве прапаноўвалі 25 тысяч даляраў. Калі выканаўца адмовіўся, яму прапанавалі іншую працу — падпаліць склад або кінуць бутэльку з бэнзінам у электрападстанцыю.
Паводле матэрыялаў справы, сетка таксама была зьвязаная з дывэрсіямі ў Эўропе. У 2024 годзе сярод мэтаў называліся склады ў Польшчы, аўтобусны парк у Чэхіі, прадпрыемства па перапрацоўцы адходаў у Румыніі і абсталяваньне літоўскай вытворчасьці, прызначанае для Ўкраіны.
Крамлёўскі прэс-сакратар Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Расея ня будзе камэнтаваць справу без «зразумелых доказаў».
Усе пяць фігурантаў, паводле Мінюсту ЗША, пакуль застаюцца на волі. Абвінавачаньні не зьяўляюцца прысудамі.


