Ігар Горкаў з пазыўным «Дандзі» — вайсковец 12-й брыгады спэцпрызначэньня «Азоў» НГУ, камандзір групы Наземных робатызаваных комплексаў.
Горкаў наведаў MSPO — Міжнародную выставу абароннай прамысловасьці ў Кельцах (Польшча), адну з найбуйнейшых абаронных выставаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. У ёй удзельнічалі больш за 1200 кампаніяў з 43 краінаў.
Пасьля выставы Горкаў рэзка раскрытыкаваў падыходы заходняга ВПК.
«Гэта быў унікальны досьвед, які мяне адначасова натхніў і расчараваў. Калі б напалі на іх, а не на нас — мы б жылі ў іншым сьвеце».
Паводле Горкава, галоўная праблема — разрыў паміж рэальным досьведам вайны і заходнімі вайсковымі дактрынамі:
«Эўропа дагэтуль не можа перастаць чапляцца за мінулае. Не можа адаптавацца і эвалюцыянаваць у нагу з часам… Захад дагэтуль жыве ідэямі мэханізаваных штурмаў, перакананьнем, што мінамёт лепшы за разьлік FPV, што танк за мільёны даляраў — гэта ўльтыматыўная зброя».
Ён прыводзіць прыклад наземных робатызаваных комплексаў:
«З усіх прадстаўленых НРК толькі адна мела ўбудаваны Starlink».
Пры гэтым заходнія вытворцы, паводле яго, арыентуюцца на дарагую і нешматлікую тэхніку:
«Большасьць прадстаўнікоў ВПК, зь якімі я меў магчымасьць пагутарыць, плянуюць вырабляць па 200–300 НРК на год і прадаваць кожную за сотні тысяч эўра».
Горкаў таксама крытыкуе стаўку на дарагія сыстэмы замест масавага выкарыстаньня дронаў:
«У абсалютнай большасьці прадстаўнікоў ВПК Эўропы няма ўсьведамленьня, што некалькі дзясяткаў далёкабойных дронаў лепшыя за адзін унівэрсальны “Байрактар”».
І выснова:
«Праблема не ў кошце НРК ці ў баявых модулях, а ў абсалютным адрыве ад рэальнасьці. І з кожным днём гэты адрыў павялічваецца».
Паводле Горкава, Украіна ўжо мае 4,5 гады досьведу, якога Эўропе варта вучыцца цяпер, а не пасьля пачатку вялікай вайны.


