Справа Зьміцера Зары і вайсковых служачых у Мачулішчах хутчэй за ўсе вынік, не толькі дзеяньняў КДБ, але агульнага «працэсу расчараваньня» і думак пра «вяртаньне» на радзіму сярод беларускай эміграцыі.
Псіхалагічны надлом, з’яўляецца вынікам згубленых надзей і адсутнасьці перспэктываў для вялікай колькасьці кваліфікаваных працаўнікоў вайскоўцаў, афіцэраў розных службаў.
У 2020 годзе сапраўды адбыўся крызіс сыстэмы, калі немалая колькасьць функцыянэраў дзяржавы перайшлі на бок пратэсту, адмовіліся ад службы, страцілі пасады, даробак свайго жыцьця, а некаторыя свабоду. Шмат зь йх апынуліся за мяжой.
Я ўвесь час узгадваю Дзяніса Урада, афіцэра Гэнэральнага Штабу ВС РБ, які перадаў апазыцыйным СМІ тайную дырэктыву і паплаціўся свабодай.
На што спадзяваліся гэтыя людзі:
1. На тое, што рэжым вельмі хутка разбурыцца і, што іх ахвяраваньні недарэмныя. Прынамсі так дэкляравала і заяўляла апазыцыя ў 2020 і 2021;
2. Вера ў тое, апазыцыя – лепшыя людзі ў маральным і палітычным сэнсе, гэта рэальная альтэрнатыва, яна змагаецца за слушную справу;
3. У эміграцыі будзе сфарміравана як антысыстэма з уключэньнем у працу і дзейнасьць прафэсіяналаў, сышоўшых з сыстэмы (Урад у выгнаньні, сілавыя цэнтры, уласная сыстэма бясьпекі;
4. Будзе арганізавана сталая падтрымка для вайскоўцаў, міліцыянтаў, спецслужбістам, якія адмовіліся працаваць у сыстэме. (Стыпендыі, добрая праца, запатрабаванасьць). Менавіта да сыходу заклікаў офіс Ціханоўскай і яе атачэньне. «Сыходзьце, далучайцеся, мы хутка пераможам».
Сотні людзей гэта зрабілі: людзей, якія сваімі высілкамі дасягнулі шмат чаго па жыцьці і былі гатовыя рызыкаваць.
А што ў выніку?
Поўнае палітычнае банкруцтва, расчараванасьць, разгубленасьць і што найгоршае – адсутнасьць пэрспектываў.
А вельмі часта можна пачуць, «ну вы самі зрабілі свой выбар, ніхто вам нічога не абавязаны даваць!»
Фонам гэтага ідуць працяглыя скандалы ў апазыцыі, унутраныя разборкі, карупцыя, зьлівы, маральны расклад, які паказвае, што ў палітычным сэнсе апазыцыя не такая ўжо і лепшая.
У офісе, АПК, КР па сутнасьці няма прафесіяналаў-дзяржаўнікаў, там з большага «прафэсійныя апазіцыянеры», якія ніколі не мелі дачыненьне да дзяржаўнага кіраваньня.
Ніводнага прафэсійнага дарадцы-дзяржаўніка! Толькі сьпецыялісты па грантах і фондах, па сэмінарах канфэрэнцыях.
Спроба стварыць нешта больш якаснае, кваліфікаванае разьбілася і ператварылася ў пыл, у грантавыя гульні тыпу: крыжыкі-нолікі, галасаваньні.
А што з тымі хто сышоў? Толькі некаторыя змаглі распачаць сваю справу ў замежжы. Большасьць была выкінутае на палітычны сьметнік: працуе кіроўцамі, на будоўлях ці гандлёвых цэнтрах. Качуюць са здымных кватэр на здымныя кватэры, з краіны ў краіну, з горада ў горад, у пошуках лепшай працы. Змагаюцца з праблемай легалізацыі. А некаторыя апынуліся пад пагрозай дэпартацыі (справа Верамейчыка).
Вайскова-сілавы-адміністрацыйны рэсурс аказаўся нікому непатрэбны, і стаў нават пагрозай для бясьпекі ў некаторых краінах!
(Хаця часткова ён быў выкарыстаны на першым этапе вайны ва Украіне і фарміраваньні ПКК і кабінету).
Але зараз мы маем дачыненьне з поўнай намінацыяй старой кадравай апазыцыі ў так званых дэмакратычных сілах.
Ва ўмовах такога надлому і напэўна сталага псіхалагічнага ціску, адчуваючы сябе здраджанымі тымі, хто заклікаў далучацца (на фоне камфортнага жыцьця апазыцыйнай арыстакратыі) гэтыя людзі сапраўды думаюць пра магчымасьці вярнуцца. Канешне гэта адбываецца за пэўную плату – інфармацыя, ці ўдзел у адмысловых сьпецаперацыях КДБ. Адным з прыкладаў як раз можа быць А.Мельнікава, другім Зара.
Пры гэтым кэйс Мельнікавай павінен мець ключавое псіхалагічнае значэньне і ясны пасыл: вяртайцеся і вы зможаце тут жыць добра, вам дапамогуць.
Думаю, што будзе нямала тых, хто пойдзе, альбо ўжо пайшлі на пэўную супрацу, бо ніякай рэальнай альтэрнатывы людзі ўжо не бачаць. Адчай. Разуменьне, што яны нікому не патрэбныя
Менавіта так сталася з белай эміграцыяй пасьля рэвалюцыі ў Расеі і нават з часткай беларускай інтэлектуальнай супольнасьцю, якая пачала вяртацца ў савецкую Беларусь, на сваю бяду.
Крыніца: Павал Вусаў


