Паважаныя землякі, дарагія беларусы.
Віншуем нас усіх зь вялікім нацыянальным і гістарычным сьвятам 25-м Жніўня — Днём Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
25-га Жніўня 1991 года, дзякуючы, перш за ўсё, вызвольнай палітыцы Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і найперш гераічнаму і разумнаму змаганьню Дэпутацкай Апазыцыі БНФ і дэмакратычных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, Беларусь стала незалежнай краінай праз наданьне сілы канстытуцыйнага закона Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.
Беларусь аб’явіла аб сваёй самастойнасьці, аб палітычнай і юрыдачнай незалежнасьці. Утварылася рэальная незалежная Беларуская дзяржава, прызнаная ўсім сьветам з усімі інстытутамі суверэннай ўлады і атрыбутамі незалежнай дзяржавы.
Шлях да гэтага вялікага гістарычнага дня — гэта шлях барацьбы з імпэрскай Расеяй, які расьцягнуйся на ўсё ХХ-е стагоддзе і адлюстраваў тры этапы змаганьня і дасягненьня.
Першы этап гістарычна вызначальны — гэта 25 Сакавік 1918 года — Дзень аб’яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 Сакавік аб’явіў на ўвесь сьвет пра зьяўленьне новай беларускай нацыі і пра стварэньне дзяржавы пад назовам Беларусь, якая ўтварылася на грунце Вялікага Княства Літоўскага і засьведчыла перамогу Беларускай нацыянальнай ідэі.
Беларускай Народнай Рэспубліцы перашкодзіла рэалізавацца акупацыя Беларусі бальшавіцкай Расеяй, якая ўтапіла ў крыві цэлае пакаленьне беларусаў і здабыткі вялікай беларускай культуры.
Другі этап адбыўся 27 ліпеня 1990 года, калі ў выніку зьбегу палітычных абставінаў дэпутатам Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ўдалося правесьці праз Вярхоўны Савет зьмястоўны тэкст Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, якая была актам дзяржаўнай улады і паспрыяла хуткай нацыянальнай асьвеце насельніцтва ў разуменьні важнасьці існаваньня незалежнай краіны.
Дэклярацыя аб дзяржаўным суверэнітэце стала крокам на шляху да праўнай самастойнасьці і свабоды Беларусі, дапамагла ў палітычным і праўным афармленьні Незалежнасьці 25-га Жніўня 1991 года, на завяршальным трэцім выніковым этапе, калі быў усталяваны рэальны незалежны дзяржаўны статус суверэннай Беларусі.
Акт аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі 25-га Жніўня 1991 года і акт аб дзяржаўнай незалежнасьці Украіны 24-га Жніўня 1991 года засьведчылі юрыдычна-праўную ліквідацыю дагавора аб стварэньні СССР ад 30 сьнежня 1922 года.
(Нагадаю даговор аб СССР быў заключаны і падпісаны паміж чатырма суб’ектамі — Беларусяй, Украінай, Расеяй і ЗСФСР. У такіх абставінах для ліквідацыі дагавора дастаткова, каб зь яго выйшаў адзін суб’ект права. Вайшлі Украіна і Беларусь, а Закаўказкай Федэрацыі ад 1936 года ўжо не існавала. Пазьнейшыя “савецкія рэспублікі” былі “далучаны” і дагавор 1922-га не падпісвалі).
Такім чынам 24 і 25 жнівень 1991 года абазначаў таксама канец СССР. Наступныя падзеі (“Белавежскія пагадненьні” і інш.) у прававым сэнсе мелі толькі фармальна-палітычнае значэньне, дзеля афармленьня факта спыненьня існаваньня Савецкага Саюза” як геапалітычнай рэальнасьці” ды каб адзначыць тут быццам бы “важную” ролю Расеі. Але праўда ёсьць такая, якая ёсьць. Савецкі Саюз быў ліквідаваны актамі аб незалежнасьці Украіны і Беларусі.
Віншуем наш добры разумны і вялікі Беларускі народ са сьвятам Незалежнасьці. Жыве Беларусь! Слава Айчыне!.
Зянон Пазьняк.
25 Жнівень 2026 год


