Цырымонія ўзнагароджаньня беларусаў у Кіеве выклікала спрэчкі сярод прадстаўнікоў беларускай супольнасьці ва Ўкраіне. Аднак увагу грамадзкасьці прыцягнуў ня толькі сьпіс узнагароджаных, але і форма падпалкоўніка, у якой на імпрэзе зьявіўся былы добраахвотнік Мікіта Забуга. Частка актывістаў паставіла пад сумнеў ягоны вайсковы досьвед, сьцьвярджаючы, што ён нібыта амаль не праходзіў службы.
Па камэнтар адносна сытуацыі журналісты зьвярнуліся да прадстаўніка рады камандзіраў Палка Каліноўскага Павал Шурмей. Ён заклікаў прадстаўнікоў СМІ і грамадзкасьць абапірацца выключна на афіцыйныя заявы палка.
Павал “Дзядзька” Шурмей:
“Агулам Мікіта “Аксон” Забуга праслужыў у Палку Каліноўскага 6 месяцаў і 15 дзён. Ён быў на кантракце са снежня 2024 года па чэрвень 2025 года. У гэты час уваходзіць і базавая агульная вайсковая падрыхтоўка.
22 лютага 2025 года “Аксон” трапіў у падраздзяленне БПЛА на Запарожскі напрамак. Спачатку ён выконваў абавязкі сяржанта матэрыяльнага забеспячэння, то бок адказваў за склад. Пытанняў па яго працы ў гэтай ролі не было, служыў годна.
Прыкладна з 15 траўня ён стаў кіроўцам разліку БПЛА. Яго задачай было ажыццяўлення баявой лагістыкі разліку БПЛА. Гэта адказная і небяспечная праца і Мікіта зрабіў больш за 20 выездаў. Але ўжо 20 чэрвеня Мікіта пакінуў сектар і з’ехаў у Кіеў звальняцца.
Атрымліваецца, што непасрэдна ў падраздзяленні Мікіта прабыў 4 месяцы і 3 дні. Крыху больш за месяц з якіх адпрацаваў як кіроўца баявой лагістыкі.
Пасля звальнення Мікіта хутка аформіў пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў (УБД). Гэта дае некаторыя ільготы, напрыклад, бясплатны праезд у транспарце. Разам з пасведчаннем выдаюць медаль удзельніка баявых дзеянняў. Права на яго маюць усе, хто пабыў на фронце хаця б адзін дзень.
Афіцыйнае званне Мікіты — старэйшы салдат. А пасада ў вайсковым квітку была “снайпер 1 катэгорыі”.
Тут трэба разумець адну важную рэч пра іншаземцаў ва ўкраінскім войску. Вельмі часта пасада ў дакументах увогуле не адпавядае таму, чым чалавек займаецца насамрэч. Гэта старая праблема з афармленнем замежнікаў. Многія нашы хлопцы, маючы званне “салдат” па факце выконваюць сяржанцкія і афіцэрскія абавязкі: кіруюць разлікамі, працуюць у разведцы або ў аддзелах планавання. Беларусы за гэты час прайшлі вялікі шлях праз акопы, навучанне і рэальны баявы досвед. Яны робяць вельмі складаную афіцэрскую працу, але на паперы ўсё адно застаюцца салдатамі ці максімум сержантамі.
Таму ўзнікае блытаніна. Па дакументах няма розніцы паміж кіроўцам і спецыялістам планавання. Вайскоўцы гэта выдатна ведаюць, проста звычайна не гавораць пра такое публічна. І праблемы пачынаюцца, калі гэтай блытанінай хтось спрабуе скарыстацца.
Што хачу дадаць. Як вы бачылі, апошняя цырымонія ўзнагароджання, арганізаваная пры ўдзеле Мікіты Забугі, выклікала хвалю абурэння сярод вайскоўцаў.
Рада камандзіраў прызначыла мяне часовым прадстаўніком Руху “Каліноўцы”. І мяне ўпаўнаважылі заявіць наступнае:
Полк імя Кастуся Каліноўскага не мае нічога агульнага з БВА і Мікітам Забугам.
Яшчэ ў лютым гэтага года Рада камандзіраў Палка афіцыйна заявіла, што мы не маем ніякіх стасункаў з грамадска-палітычнай арганізацыяй “Беларуская вызвольная армія” (БВА).
Сёння мы вымушаныя нагадаць пра гэта зноў. Спробы спекуляваць на нашым імені і крыві нашых пабрацімаў працягваюцца. Мы катэгарычна супраць таго, каб імя Палка выкарыстоўвалі ў палітыцы і піяр-гульнях.
Як падвержанае гэтаму:
• Пастаянныя спекуляцыі на нашым імені. Мікіта Забуга ўвесь час выкарыстоўвае назву, аўтарытэт і сімволіку Палка ў сваіх асабістых мэтах. Мы не давалі яму на гэта згоды. А ягоны тэрмін службы не дае яму такога права.
• Абясцэньванне ўзнагарод. Такія ініцыятывы ператвараюць баявыя ўзнагароды ў звычайныя сувеніры, якія раздаюць проста так. Медаль — гэта кроў і памяць пра загінулых, а не прыгожы значок на вопратцы. Для дзеючых байцоў гэта непрымальна і абразліва. Да таго ж Забуга не раз парушаў правілы ўзаемадзеяння з кіраўніцтвам Палка.
Полк Каліноўскага — баявое падраздзяленне. Яго мэта — знішчаць ворага на фронце, а не імітаваць бурную дзейнасць у тыле. Любыя словы Забугі і БВА пра нейкае “партнёрства” з Палком або працу “ў нашых інтарэсах” — гэта чыстая хлусня і маніпуляцыя.
Заклікаем журналістаў і грамадскасць абапірацца выключна на нашыя афіцыйныя заявы”.


