Заместа дапамогі жанчыне ў складанай жыцьцёвай сітуацыі, антынародныя ўлады пагражалі ёй адабраньнем дзіцяці. Дапамаглі простыя беларусы.
Дзякуючы неабыякавым людзям маленькі хлопчык, які нарадзіўся раней за тэрмін, застанецца з маці.
Амаль тыдзень таму беларуска Алена Мартыненка распавяла ў сацсетках пра складаную сытуацыю, у якую трапіла маладая маці Настасься.
Настасьсі 22 гады, яна вырасла ў дзіцячым доме (і не зусім прыстасаваная да жыцьця ў звычайным сьвеце), мае інваліднасьць па зроку.
Дзяўчына зацяжарыла, але бацька дзіцяці зьнік, калі даведаўся пра гэта. Нарадзіла яна раней за належны тэрмін. Хлопчык зьявіўся на сьвет вагой 2,6 кіляграма і ростам 49 сантымэтраў.
Усё адбылося настолькі нечакана, што Настасься апынулася ў 5-м радзільным доме Менску без неабходных рэчаў для сябе і немаўляці. Алена праз сацсеткі знайшла шмат людзей, якія дапамаглі і прывезьлі ўсё неабходнае ў бальніцу.
Сытуацыю ўскладняла тое, што Настасься жыла ў інтэрнаце — у адным пакоі з суседкай. Умовы там былі не найлепшыя, асабліва для дзіцяці. Існавала рызыка, што хлопчыка не дазволяць забраць туды і адправяць у дзіцячы дом.
Да вырашэньня праблемы далучыліся неабыякавыя беларусы. За два дні яны зрабілі амаль немагчымае: дамагліся перасяленьня суседкі, арганізавалі яе пераезд, выклікалі клінінг, выкінулі старую канапу і набылі новую, паставілі дзіцячы ложак і камоду са спавівальным столікам, павесілі новыя шторы, пасьцялілі дыван, прывезьлі коўдры і падушкі. Таксама ўсталявалі мікрахвалёўку, перагладзілі дзіцячае адзеньне і памылі дзіцячы вазок.
Алена называе гэта сапраўдным цудам. Чакаецца, што неўзабаве органы апекі прымуць пакой, і тады лекары змогуць выпісаць маці з сынам дадому.
Цяпер валянтэры думаюць, як дапамагчы Настасьсі адаптавацца да ролі маці, бо важна, каб жанчына, якая сама вырасла ў дзіцячым доме, навучылася браць адказнасьць за сваё жыцьцё.
“Беларус беларусу беларус”


