1 кастрычніка 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

У Вільні затрымалі падлетка, які маляваў надпісы “Вільня наша”. Ён размаўляе па-літоўску без акцэнту

Паліцыя ў цэнтры Вільні ў сераду раніцай затрымала непаўналетняга, які на набярэжнай Нярыса фарбай кірыліцай напісаў «Вільня наша». Высьветлілася, што парушальніка затрымаў мінак — ён расказаў падрабязнасьці.

Паводле словаў Паўлюса (сапраўднае імя вядомае рэдакцыі), незвычайную сытуацыю ён заўважыў раніцай, калі ішоў на працу.

«Я ўбачыў, што чалавек прысядае, нешта робіць. Спачатку не зьвярнуў увагі, але калі падышоў бліжэй, заўважыў, што чалавек у капюшоне, апрануты ў чорнае, нешта фатаграфуе», — сказаў ён.

Тады ён убачыў, што той фатаграфуе надпіс кірыліцай. Паўлюс ужо чуў пра падобныя надпісы ў Вільні і ведаў, што, паводле падазрэньняў праваахоўных і выведкі, яны прызначаныя для распальваньня варожасьці ў Літве, а іх зьяўленьне арганізуюць расейскія і беларускія службы.

Апошнім часам падобныя графіці зьяўляліся ў розных сымбалічных месцах Вільні, напрыклад, каля ўраду і беларускай школы. У перакладзе гэта азначае «Вільня наша».

«Я спытаў: “Што ты тут робіш?” Ён зразумеў, што яго злавілі, і пачаў уцякаць», — успамінае Паўлюс.

Ён кінуўся даганяць. Калі хлопец дабег да праспэкту Гедыміна, Паўлюс пачаў крычаць, каб мінакі дапамаглі яго затрымаць. Той спатыкнуўся, упаў, і мужчына прыціснуў яго да зямлі.

Паводле Паўлюса, затрыманы сказаў, што яму толькі 14 гадоў, заплакаў і пачаў прасіць прабачэньня.

«Ён сказаў, што не хацеў нічога маляваць, але яго прымусілі: пагражалі, што калі не намалюе і не сфатаграфуе, спаляць яго дом», — дадаў ён.

Паліцыя, якая прыбыла на месца, адзначыла, што гэты падлетак ім ужо вядомы. Таксама Паўлюса зьдзівіла, што хлопец размаўляў па-літоўску без акцэнту.

Паўлюс адзначыў, што вырашыў затрымаць парушальніка, бо належыць да Саюзу стралкоў і ведае пра правакацыі, зьвязаныя з Расеяй. Ён лічыць, што гэта сыстэмная дзейнасьць.

«Гэта не нянавісьць, а, хутчэй за ўсё, сам гэты чалавек — ахвяра. Хтосьці сыстэмна імі маніпулюе. Але ў час вайны такія людзі могуць выдаваць пазыцыі або карэктаваць артылерыю. Гэта страшна», — сказаў ён.

Паліцыя Вільні паведаміла, што затрыманы нарадзіўся ў 2011 годзе, але іншых падрабязнасьцяў не раскрывае, бо вядзецца расьсьледаваньне і справа датычыць непаўналетняга.


Крыніца: https://www.lrt.lt/naujienos/lietuvoje/2/2879156/provokacijas-rengianti-nepilnameti-vilniuje-sulaike-praeivis-tokie-dalykai-baisus

У Беларусі вызвалілі 15 асуджаных, сярод якіх 13 «экстрэмістаў»

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 15 асуджаных, паведаміла...

Творы Алаізы Пашкевіч выдадуць лацінкай, як пры яе жыцьці

Выдавецтва Skaryna Press выпускае ў «Віленскай сэрыі» творы Алаізы...

Апошняе

У Грузіі затрымалі беларуса, які пяць гадоў чакае палітычнага прытулку

У Грузіі затрымалі беларуса Льва Міхеева, які чакае палітычнага...

У Беларусі вызвалілі 15 асуджаных, сярод якіх 13 «экстрэмістаў»

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 15 асуджаных, паведаміла...

Больш за 3,5 млн беларусаў жывуць за межамі Беларусі — гэта амаль 30% усяго народу

Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак заявіў,...

Сойм Летувы зрабіў крок да адмены забароны на ядзерную зброю

Сойм Летувы ў першым чытаньні падтрымаў (99 — «за»,...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: