13 лістапада 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Акадэмія навук запусьціла ўнікальны партал беларускіх казак — іх можна чытаць і слухаць у арыгінальных запісах

Мы прывыклі ўспрымаць казкі як тэксты ў дзіцячых кніжках, але іх сапраўдная прырода — у жывым голасе апавядальніка, які, здавалася, быў страчаны. Аднак Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук стварыў унікальны партал, дзе сабраныя ня толькі тэксты, але і аўдыязапісы беларускіх казак з 1960-х гадоў. Гэта сапраўдны лічбавы помнік вуснай традыцыі.

Гук, літара і піксэльны арнамэнт

Партал створаны ў межах праекту «Беларускія народныя казкі: сюжэтная шматстайнасьць, каталягізацыя, сучасныя інтэрпрэтацыі» і стаў вынікам вялікай працы 2023–2025 гадоў.

Кіраўніцай праекту выступіла фальклярыстка Тацьцяна Валодзіна. Мэта — не проста сабраць казкі, а зрабіць іх часткай сучаснай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Сайт адразу ўражвае дызайнам: мінімалізм, белы фон, чорна-чырвоная гама, графічныя матывы беларускай культуры. Загалоўкі выкананыя шрыфтам Skaryna 2017 Title.

Галоўнае — жывы голас

Кожную казку можна не толькі прачытаць, але і паслухаць у арыгінальным запісе. У аснове — архіў аўдыязапісаў, зробленых этнографамі з канца 1960-х да 2000-х гадоў.

Кожны запіс суправаджаецца расшыфроўкай і пашпартам: хто, дзе і калі распавёў казку. Гэта фактычна «капсулы часу» з жывымі галасамі мінулага.

Ад Чачота да сучаснасьці

Праект уключае і рукапісы XIX стагодзьдзя, знойдзеныя ў архівах Беларусі, Масквы і Санкт-Пецярбургу.

Ён працягвае традыцыю такіх дасьледнікаў, як Ян Чачот, Павал Шэйн, Еўдакім Раманаў. Раней беларускія казкі часта выдаваліся як «рускія» або «польскія», і толькі дзякуючы фалькларыстам ім вярнулі сапраўднае імя.

Плянуецца таксама выданьне трох тамоў анталёгіі «Беларускія народныя казкі».

Ня проста казкі, а сыстэма

Партал пабудаваны на строгай навуковай клясыфікацыі (сыстэма Аарнэ—Томпсана—Утэра і СУС).

Казкі падзеленыя на шэсьць жанраў:

пра жывёл (ліса, воўк і інш.),
кумулятыўныя («Калабок», «Рэпка»),
чарадзейныя (Пакацігарошак, Кашчэй),
легендарныя (рэлігійныя сюжэты),
сацыяльна-бытавыя,
небыліцы.

Кожны разьдзел мае тлумачэньні, што дазваляе лепш зразумець культурны сэнс.

Чаму гэта важна

Філёзаф Уладзімер Конан называў казку «карнавалам», дзе ўсё пераварочваецца і ўсталёўваецца справядлівасьць. Цяпер гэты «карнавал» можна ня толькі чытаць, але і чуць.

У час, калі культурныя сувязі часта губляюцца, такі партал становіцца важным якаром памяці. Ён паказвае, што беларускія казкі — гэта не проста дзіцячыя гісторыі, а глыбокі культурны код, які фармаваў народ стагодзьдзямі.

Чытаем разам: https://bnkorpus.info/kazki/

Крыніца: https://nashaniva.com/390909

Разьвіталіся з беларускім героем Віталем “Вітушкам” Трыгубавым

Развітаньне прайшло 30 кастрычніка. Відэа з'явілася на канале Беларускага...

Кнігу пра Усебеларускі зьезд 1917 году прызналі “экстрэмісцкай”

Міністэрства інфармацыі Беларусі абнавіла сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», дадаўшы ў...

Апошняе

Арменію пазбавілі права голасу ў АДКБ

Пра гэта заявіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў. Паводле ягоных...

Іран нанёс удар па востраве Дыдамар у Амане

Паводле паведамленьняў, іранскія ракеты ўдарылі па востраве Дыдамар у...

Разьвіталіся з беларускім героем Віталем “Вітушкам” Трыгубавым

Развітаньне прайшло 30 кастрычніка. Відэа з'явілася на канале Беларускага...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: