16 мая 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Легенда “Парсіваль” на беларускай мове

“Я шукаў Бога і не знайшоў Яго. Але – сказаў пустэльнік.

– Бог – гэта не рэч, аб якой гавораць: “Я маю яе, а ты – не!”

Бог адступае перад шукаючымі Яго

і змушае іх такім чынам сьледаваць за сабой.

Нельга здабыць Бога, і хто хоча сьледаваць за Ім,

павінен быць, як Ён – ціхі і сьветлы.”

Шлях Парсіваля – гэта трансфармацыя з наіўнага дарослага дзіцяці і блазана ў моцнага духам і целам, мудрага і сьветлага рыцара. Удасканаленьне адбываецца праз выпрабаваньні, выклікі хібным уяўленьням пра жыцьцё і праз дарогу ўсьлед за пакліканьнем. Прабіваючыся праз няведаньне і юнацкую легкадумнасьць, Парсіваль паступова адкрывае для сябе сэнс абавязку і шляхетных учынкаў.

Мара Парсіваля – сустрэча з Богам. Духоўная мэта, якая ў творы ўвасабляецца праз пошук Грааля. Ні забароны, ні мацярынскія страхі не здолелі заглушыць у ім голас лёсу. Маці, траўмаваная сьмерцю мужа-рыцара, адасобіла хлопца ад сьвету, спадзеючыся ўратаваць яго ад небясьпек гэтых шляхоў. Але таго, хто пазначаны пакліканьнем, немагчыма ўтрымаць:

“Усе пакліканыя лёсам ведаюць пра такі голас, які змушае іх, пагарджаючы супакоем, бурліва ісьці праз жыцьцё, цярпець і змагацца для нейкай мэты, якую яны думаюць асягнуць. Адзін спаміж такіх людзей робіцца героем, іншы – паэтам, іншы – ваяўнічым каралём, ячшэ іншы раздумвае над сэнсам жыцьця, але ўсіх лучыць тое, што яны носяць у сабе пракляцьце неспакою, вечнага шуканьня.
Жыцьцё бывае для такіх людзей цяжкім, моцна іх шліфуе, як шліфуюць шляхетныя каменьні, пакуль яны ня зробяцца празрыстымі і бліскучымі. Такія людзі мала разумеюцца па жыцьці і мала задумваюцца над сваім шчасьцем, ці шчасьцем сваіх блізкіх, але, дзякуючы як раз гэтаму, яны могуць выконваць вялікія справы”.

Вядомы ўнутранным пакліканьнем, малады Парсіваль пакідае родны дом, маці, а потым і сваю каханую (аднак менавіта каханая – адзіная, каму быў верны Парсіваль увесь свой шлях, не спакусіўся на іншых жанчын – у канцы гісторыі ўносіць Грааль у залю з рыцарамі і ставіць яго перад Парсівалем).

Паданьне “Парсіваль” чытаецца і ўспрымаецца з натуральным захапленьнем, бо мае насычаны прыгодніцкі сюжэт, які лёгка прачытаць на адным дыханьні. Аднак падчас чытаньня чытач міжволі спыняецца, бо сустракаюцца разважаньні і мудрыя думкі, што надаюць паданьню глыбіню і прымушаюць засяродзіцца.

Асобнай гісторыяй варта адзначыць і само зьяўленьне беларускага перакладу твору. Леанід Галяк зрабіў яго ў лягеры беларускіх уцекачоў Ватэнштэт у ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. У цяжкіх умовах, на мяжы выжываньня беларусы не пераставалі падтрымліваць сваю культуру: аб’ядноўваліся, дзейнічалі, стваралі нават кніжныя выдавецтвы. Менавіта там невялікім тыражом ратапрынтам выйшаў пераклад “Парсіваля” з нямецкай на беларускую мову.

Праз многія гады гэтую рэдкасьць Зянону Пазьняку паказалі ў запыленым кнігазборы беларускае царквы ў Нью-Ёрку. Як адзначыў у прадмове Зянон Пазьняк: “Крыўдна было б дапускаць, каб праца, зробленая дзеля бацькаўшчыны беларускімі уцекачамі, зьнікла, загінула”. Справа была зроблена: у 2009 годзе “Беларускія ведамасьці” разам з “Таварыствам Беларускай культуры ў Летуве” выдалі акуратную, прыгожа аформленую кніжачку кішэннага фармату.

Тое, што, дзякуючы Леаніду Галяку, яна гучыць па-беларуску, — вялікая культурная падзея. Бо перакладзены на беларускую мову твор робіцца набыткам беларускай літаратуры.

Дзядзюля Кацярына.

Збор на багі для Беларускага Дабраахвотніцкага Корпусу

На жаль, багі, на які вы дапамагалі нам сабраць...

Павел Усаў: “Расейская прапаганда ўпадае ў ідэалагічную паніку”

Беларускі палітолаг Павел Усаў падзяліўся сваемі назіраньнямі за працэсамі...

Апошняе

Маляваныч просіць падтрымкі

Самы вядомы дзіцячы вядучы ў сваім пасце на фэйсбуку...

Справай пра атаку на беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat могуць заняцца пракуратура і ABW Польшчы

Беластоцкае ўпраўленьне Цэнтральнага бюро па барацьбе з кіберзлачыннасьцю паліцыі...

Збор на багі для Беларускага Дабраахвотніцкага Корпусу

На жаль, багі, на які вы дапамагалі нам сабраць...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: