17 ліпеня 2026

Беларускае нацыянальнае медыя

Урачыстасьці ў Мастаўлянах: адкрыцьцё памятных шыльдаў на месцы сядзібы Каліноўскіх (фота)

22 лістапада ў невялічкай вёсцы Мастаўляны на польска-беларускім памежжы актыўная беларуская грамада Беластоку пры падтрымцы мясцовай улады гмінаў Міхалова і Гарадок урачыста адкрыла інфармацыйныя шыльды каля месца, дзе калісьці стаяла фамільная сядзіба роду Каліноўскіх. На шыльдах змешчаныя выява сядзібы і кароткая гістарычная даведка пра яе, а таксама пра кіраўніка паўстання на Літве Вінцэнта-Канстантына (Кастуся) Каліноўскага, які нарадзіўся ў гэтай сядзібе.

Удзельнікі імпрэзы разам з ганаровай вартай, арганізаванай сябрамі рэканструктарскага клюбу “Invictus 1863”, прайшлі ад помніка паўстанцам у Мастаўлянах да ўсталяваных інфармацыйных шыльдаў.

Сам аўтар і выканаўца інфармацыйных табліцаў Януш Талуць разам з кіраўніцай Аргкамітэту па мемарыялізацыі сядзібна-паркавага ансамбля Каліноўскіх у Мастаўлянах Вольгай Сямашка здымалі покрывы з новага помнага знаку.

Ксёндз Вячаслаў Барок асьвяціў шыльды, а ў сваёй прамове выказаў думку, што Кастусь Каліноўскі ня быў пачаткам беларускай нацыі і не зьяўляецца канцом працэсу яе сьцверджаньня. Без папярэдніх пакаленьняў патрыётаў Бацькаўшчыны, сам Кастусь ня змог бы з’явіцца ў гэты сьвет, а сёняшняя дзяржава Беларусь таксама бы не існавала бяз вычыну Каліноўскага. Сьвятар нагадаў, што здаровы нацыяналізм – гэта бязьмежная любоў да свайго, а не нянавісьць да іншага. І такі нацыяналізм жыцьцёва неабходны сёньня беларусам як на Радзіме, так і за яе межамі, бо бойка за свабоду Беларусі ўсё яшчэ трывае.

Іншыя ўдзельнікі ўрачыстасьці ўзгадвалі таксама падзеі шасьцігадовай даўніны – пахаваньне адшуканых парэшткаў паўстанцаў на віленскіх могілках Росы, дзе знаходзіцца таксама сэрца Юзафа Пілсудзкага. Сымбалізм і духоўная сувязь адчуваюцца на кожным кроку, дастаткова толькі расплюшчыць вочы.

Для некаторых з удзельнікаў урачыстага адкрыцьця табліцаў нацыянальна-вызвольная вайна працягваецца і сёньня ня толькі ў словах, але ў канкрэтным гераічным дзеяньні. Колішні ваяр Палка Каліноўскага падчас імпрэзы зьвярнуўся да мясцовых уладаў з просьбай усталяваць у Мастаўлянах помнік, куды б маглі прыходзіць сваякі і пабрацімы загінулых ва Ўкраіне беларусаў, бо на Радзіме, на жаль, нават існыя помнікі паўстаньню 1863 зьнішчаюцца, а сем’і ваяроў ПКК перасьледуюцца і ня маюць магчымасьці аплакваць сваіх загінулых родных.

Сярод запрошаных на ўрачыстасьць гасьцей прысутнічалі і бралі слова таксама намесьнік бурмістра гміны Міхалова Эльжбэта Росіньска, дырэктар цэнтра культуры ў Гарадку Магдалена Лотыш, прафэсар Лявон Тарасевіч, палітык Павал Латушка, прадстаўнік цэнтру беларускай культуры ў Беластоку, прадстаўнік беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі і прадстаўнік клюбу “Invictus 1863” Васіль Калач. Вольга Сямашка зачытала ліст Уладзімера Арлова.

Апошняе

Мальвіны на трыбунах: Англія — Аргентына

15 ліпеня ў Атланце сустракаюцца зборныя, для якіх футбол...

Гэтыя людзі нясуць адказнасьць за сьмерць Алеся Пушкіна

Данос на Алеся Пушкіна напісала Вольга Бондарава. Прысуд вынесла "суддзя"...

Беларускі брэнд LSTR паведаміў пра закрыцьцё

Гэта ўжо трэці за апошні тыдзень нацыянальна арыентаваны праект,...

Глядзіце і чытайце WARTA у сацыяльных сетках: