На сёньняшні дзень пытаньне аб выжываньні і адраджэньні Беларускай нацыі ёсьць агульнай тэмай, якая стаіць перад цэлым пакаленьнем. З 1994 года ў краіне існуе прамаскоўская ўнутраная акупацыя, якая ў 2020 годзе прывяла да частковай страты палітычнага суверэнітэту Беларусі і стварыла поўную энэргетычную залежнасьць ад Расеі.
Цяпер мы маем, фактычна таталітарны антыбеларускі прамаскоўскі рэжым, які ўжо пяты год праводзіць масавыя антынацыянальныя рэпрэсіі ў форме гібрыднага генацыду з выкарыстаньнем пенітэнцыярнай сістэмы. Дзясяткі тысячаў беларусаў знаходзяцца за кратамі, зь іх больш за паўтары тысячы палітвязьняў. Цяпер у выніку частковага вызваленьня за кратамі яшчэ пакутуе больш за 1100 беларусаў.
Судовая сістэма паралізаваная бяспраўем і падпарадкаваная палітыцы рэжыму. Прыдуманыя законы і тэрміналёгія пад магчымасьці правядзеньня бяспраўных рэпрэсій.
Адвакацкая дзейнасьць абмежаваная. Адвакаты, што абараняюць палітычна абвінавачаных людзей, могуць быць пазбаўлены ліцэнзіі альбо трапіць за краты.
КГБ і міліцэйскія структуры атрымалі неабмежаваную ўладу над грамадзянамі і поўную безадказнасьць за злоўжываньне становішчам і за любыя дзеяньні. Вобшукі і ператрусы сталі рэгулярнай справай гэтых ворганаў. Пад час вобшуку забіраюць знойдзеныя грошы і каштоўныя рэчы, не даючы ніякіх расьпісак. Грошы і рэчы не вяртаюць. Пры гэтым часта людзей зьбіваюць, забіраюць у пастарунак, там таксама зьбіваюць і пасьля кароткага суду кідаюць за краты, дзе зьдзекі працягваюцца.
Прадпрыймальнікаў і невялікія бізнэсы, якія яшчэ крыху існуюць, рэгулярна наведваюць гэтыя кагэбоўска-мянтоўскія банды і робяць паборы, пакуль бізнэс ня падае альбо пакуль прадпрыймальніка за недастатковую аддачу ня садзяць у турму, прыдумаўшы прычыну, якой у рэальнасьці не было.
Беларускую школу рэжым, фактычна, зьнішчыў. Засталося каля сямі адсоткаў беларускіх школаў, якія таксама ўжо напалову не беларускія. Акупацыйная русіфікацыя набывае ў школах пачварныя формы. Кожны дзень пачынаецца з пастройваньня дзяцей у шарэнгу і прымушэньне ўсіх сьпяваць лукашысцкі гімн. Пры гэтым, дырэктар сядзіць у кабінеце і па відэа-манітору (у школе задзейнічана дзясяткі відэа-камэр) назірае, хто сьпявае, а хто не. Да тых, хто не сьпяваў, альбо толькі варушыў вуснамі і прыкідваўся, што сьпяваў, прымяняюць меры ўзьдзеяньня. Дырэктара, які не сачыў за сьпяваньнем гімну, тут жа, па даносу калег, звальняюць з пасады.
Шэфамі і наглядчыкамі ў беларускіх школах афіцыйна прызначаны міліцыянеры. У некаторых школах дзяцей апранаюць у расейскае ваеннае ўбраньне дзеля розных афіцыйных мерапрыемстваў. Ёсьць школы, дзе дзяцей апранаюць у форму мытнікаў і рыхтуюць да мытнай службы, мінаючы абавязковыя прадметы навучаньня. (Гэта ўсё канкрэтная неафіцыйная інфармацыя, перадаю са слоў бацькоў зь Беларусі.)
Беларуская гісторыя выкінута з падручнікаў. Таксама ліквідавана вывучэньне твораў вядомых беларускіх пісьменьнікаў. Некаторыя класікі беларускай літаратуры 19-га стагоддзя аб“яўлены экстрэмістамі і забароненыя. Чытаньне, напрыклад, Дуніна-Марцінкевіча, якога выкінулі зь літаратуры, цягне крымінальны перасьлед і абвінавачваньне ў экстрэмізме.
Гэта выглядае, як у Паўночнай Карэі. Але тут ужо даўно не да гумару. Усё беларускае выкідваецца, прадумана, мэтадычна і няспынна. Зрабілі сьпіс больш за сотню сучасных і клясычных беларускіх аўтараў, якія забароненыя для чытаньня і выкінуты з публічных бібліятэк. Ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Беларускі літфонд, адабраны ў пісьменьнікаў Дом пісьменьнікаў. Зачыненыя беларускія літаратурныя і дзіцячыя часопісы; зачыненыя беларускія выдавецтвы, у тым ліку дзіцячай літаратуры.
Уся беларуская фундамэнтальная навука і шмат якаія гуманітарныя акадэмічныя інстытуты (напрыклад, мовазнаўства), практычна, разгромлены. Ажыцьцяўляецца мэтадычны кадравы пагром унівэрсітэтаў, ліквідавана Гродзенская ўнівэрсітэцкая гістарычная школа. Вучоныя-гісторыкі выгнаныя за мяжу альбо загнаныя ў турму. Разгромлена дробнае прадпрыймальніцтва. Забароненыя ўсе не прарэжымныя партыі. Зьнішчана дарэшты ўся без разбору беларуская грамадзянская супольнасьць, больш за дзьве з паловай тысячы арганізацый (і «філатэлісты», і «Птушкі Бацькаўшчыны», і «Таварыства Беларускай Мовы» і г. д.).
Мэтанакіравана праз прадуманую сацыяльную і кадравую палітыку дабіваюць беларускю вёску – аснову беларускага этнасу. Зьнішчэньне вёскі пачалі яшчэ рускія бальшавікі ў 1920-1930-х гадах праз рабаваньне сялян (прадразвёрстка), потым раскулачваньне, потым калектывізацыя, потым у 1960-1970-я – ліквідацыя «непэрспэктыўных» вёсак, затым, ужо пры прамаскоўскім рэжыме Лукашэнкі (як працяг машэраўшчыны), стварэньне так званых «аграгарадкоў».
Зьнішчэньне вёскі – гэта, бадай што, самае страшнае (побач з расстрэламі сялян у 1930-х), гэта самае страшнае, што рабілі (і ўжо амаль што зрабілі) рускія камуністы, машэраўцы і злачынцы лукашысцкага рэжыму. За часы русіфікатара Машэрава, (які зачыніў усе беларускія школы ў беларускіхт гарадах) было заплянавана зьнішчыць 74 адсоткі беларускіх вёсак. (Канкрэтна, у 1960-х у Беларусі было 34 тысячы вёсак. Машэраў плянаваў зьнішчыць 25 тысяч і пакінуць 9 тысяч.) Такі быў плян этнацыду за саветамі. Тады ён цалкам не ажыцьцявіўся, бо ў саветаў не хапіла на гэта вялікіх грошай.
Затое пры гэтым жа Машэраве амаль цалкам было зьнішчана прыроднае Палесьсе шляхам міліарацыі. Гэта прывяло да рэзкай зьмены лякальнага клімату ў Беларусі. Таксама (а тут ужо ўвогуле без патрэбы) былі выпрастаныя (і гэтым зьнішчаныя) бальшыня малых рэчак у Беларусі. Потым лукашысты пачалі зьнішчаць прысады і старыя дрэвы па гарадах, мястэчках, на дарогах і па ўсёй Беларусі. (У сістэме вынішчэньня народа такое дзеяньне называецца «псаваньнем вобразу краю». Гэта нацыянальнае злачынства.)
Заканчваючы гэтае паведамленьне, адзначу, чым жахлівым ёсьць для беларускага этнасу зьнішчэньне вёскі. Страшнае яно тым, што зьнішчанае не аднаўляецца, і ў сістэме русіфікацыі беларуская мова губляе натуральныя этнічныя карані.
Хачу, аднак, супакоіць – гэта яшчэ не катастрофа, але моцны ўдар па нацыі і культуры, для нанясеньня якога (між іншым) хапіла аднаго каснаязычнага, малаадукаванага здрадніка. Вось вам, як казалі марксісцкія мудрацы, і «роль личности в истории». І такая роля яшчэ не закончана.
Гаворачы, што гэта не катастрофа, зазначу, што мова можа адраджацца таксама з тэксту і з літаратуры, тое, што цяпер таксама нішчаць у Беларусі маскавіты праз свайго ўзурпатара.
Важнасьць моўнага пытаньня для беларускай нацыі ў тым, што, па вялікаму кошту, беларуская мова і ёсьць беларуская нацыя. Няма беларускай мовы – і беларуская нацыя перастае існаваць. Бо сітуацыя тут выключная, побач Расея – сьмяртэльны вораг беларускай нацыі і беларускай мовы. Пры страце беларускай мовы, існуючы побач з Расеяй, – гэта будзе азначаць толькі русіфіккацыю. І тады ніякая нацыянальная сьвядомасьць ужо не ўзьнікне, бо няма ніякай іншай агульнай аб“яднаўчай нацыянальнай апоры, акрамя мовы. У ірляндцаў ці харватаў, напрыклад, такой нацыянальнай апорай ёсьць рэлігія, у габрэяў – гэта рэлігія, злучаная з гісторыяй і этнагенэзам, у армян – гэта таксама рэлігія, і г. д. У Беларусі цяпер такога няма.
Беларускія адраджэнцы і айцы нацыі (Багушэвіч, напрыклад) выдатна разумелі сітуацыю, у якой адраджалася Беларусь, ведалі ролю беларускай мовы, якая была ў тых умовах зьместам нацыянальнага адраджэньня.
Ва ўсіх шасьці абласьцях Беларусі існуюць цяпер прафэсійныя маскоўскія даносчыкі (у асноўным — даносчыцы), парадыгма даносаў якіх пабудавана на адным правіле – заўважаць, дзе ёсьць надпісы па-беларуску, дзе існуюць беларускія помнікі і дзе афіцыйна гучыць беларуская мова, і шляхам даносаў ва ўладу паведамляць «просьбу грамадзкасьці» аб неабходнасьці зьліквідаваць беларускі надпіс, эпітафію ці сьпеўны гурт, што сьпявае па-беларуску. Улада аб гэтым ужо папярэджана і чакае такіх лістоў «ад грамадзкасьці», каб ліквідаваць беларушчыну і не засьведчыць сваю ініцыятыву.
Фактаў гібрыднага генацыду беларусаў шмат, але каб лепш убачыць сістэму расейскага вынішчэньня, зьвернемся яшчэ да гісторыі.
Пасьля ўпадку вялікай Мангольскай імпэрыі і выхаду Масквы з-пад Арды ў канцы 15-га стагоддзя, агрэсія Масквы ператварылася ў дзяржаўную ідэалёгію зьнішчэньня Вялікага Княства Літоўскага. Найбольш выразна яна праявілася ў час так званага «Патопу» — вайны Масковіі супроць Літвы ў 1654-1667 гг. Гэтую вайну маскоўцы доўга рыхтавалі. Стаяла задача зьнішчыць усё Вялікае Княства, спаліць гарады і забіць насельніцтва. Большасьць гарадоў, сарпраўды, разбурылі і забілі большую палову насельніцтва Беларусі. Ва ўсходніх ваяводзтвах (Магілеўшчына, Віцебшчына) зьнішчылі каля 70 адсоткаў людзей. Вайна скончылася паразай маскоўцаў, але разбурэньні былі такія вялікія, што Вялікае Княства ўжо, практычна, не паднялося і ранейшага не адрадзіла.
Наглядным чынам, дарэчы, гэта адлюстравала наша зямля. Калі робіш археалягічныя раскопкі беларускіх гарадоў, то да сярэдзіны 17-га стагоддзя ідзе культурны пласт, насычаны разнастайнымі знаходкамі, сьведчаньнямі высокай інтэнсіўнай матэрыяльнай культуры Беларусі. Потым ідзе праслойка пажарышча і вышэй, у 18-м стагодзі, пачынаецца амаль пусты пласт зямлі з рэдкімі прымітыўнымі знаходкамі. Зямля адлюстравала культурную катастрофу.
Парадыгма зьнішчэньня Беларусі ідэалягічна аформленая ў 17-м стагоддзі пры расейскім цары Аляксею Міхайлавічу («Цішайшым»), рэалізоўвалася маскоўцамі рознымі спосабамі ўвесь час і выконваецца па сёньняшні дзень пры таталітарнай прамаскоўскай уладзе лукашызму.
Этап мэтадычнага дабіваньня культуры і народа пад акупацыяй пачаўся пасьля падзелу Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай паміж немцамі і маcкоўцамі. У гэты час (18-е стагоддзе) расейская дэспотыя перажыла вялікую нямецкую мадэрнізацыю, дзякуючы нямецка-рускай імператрыцы Ангальт-Цэрбст-Дорнбург – Кацярыны-2-й, творцы сістэмнага фізічнага і культурнага генацыду беларускага народу, заснавальныцы шавіністычнай канцэпцыі «заходнерусізму».
Адразу, ужо ў 1772 годзе (у час першага падзелу) Кацярына Дорнбург выдае ўказ, каб усе афіцыйныя паперы і стасункі ў Беларусі вяліся толькі на расейскай мове, адпаведна і ў царкве. Вынішчэньне Беларусі пры Кацярыне вялося пастаянна і паступова, крок за крокам. Спачатку забаранілі назву «Літва» і прапанавалі «Беларусь». Потым, ужо ў 1840-м годзе, пры Мікалаю-1 была забаронена назва Беларусь. Усё, што было напісана па-беларуску, зьнішчалі. Архівы, бібліятэкі часткова вывозілі ў Расею, але агулам – спальвалі.
Беларуская мова і высокая беларуская культура выклікала ў маскоўцаў унутраны комплекс непаўнавартаснасьці і даводзіла іх да шаленства. Прывяду, як прыклад, словы з выступу расейскага кіраўніка Менскай епархіі Урадавага Сіноду Расейскай імпэрыі пры Кацярыне 2-й. Ён пагражаў беларускім праваслаўным сьвятарам у Слуцку карай за выкарыстаньне беларускай мовы. Цытата: «Я вас искореню, уничтожу, чтоб и языка не было вашего проклятого Литовского, и вас самих. Я вас в ссылки порассылаю или в солдаты поотдаю, а своих из-за кордона понавожу!»
У 1773 годзе быў скасаваны ордэн езуітаў. У 1832 годзе зачынілі Віленскі ўнівэрсітэт.У 1795 г. скасавалі ўсе ўніяцкія епархіі (акрамя Полацкай). Быў скасаваны Базылянскі ордэн (на той час – крыніца духоўнай Беларушчыны). У1830-31-м зачыненыя ўсе базылянскія кляштары. У 1839 годзе забаронена і скасавана ўніяцкая царква (нагадаю, што на той час 80 адсоткаў беларускага насельніцтва былі ўніятамі). Паўсюдна ў дварах цэркваў спальвалі ўніяцкія абразы, скульптуры і кнігі. Па зьвестках Адама Мальдзіса, вядома каля пяці тысячаў беларускіх друкаў і кніг таго часу, ад якіх засталіся толькі назовы. Усё было спалена.
Ужо ў канцы 18-га стагоддзя ў Расеі была створана спэцыяльная «Каменная камісія» па перабудове беларускіх гарадоў і храмаў пад расейскі ранжыр. Расейцы разумелі, што беларуская архітэктура готыкі і барока, ратушы і замкі сьведчаць пра краіну Эўропы, а не пра адсталую Расею. Таму пастанавілі гэтую культуру зьнішчыць, каб наблізіць Беларусь да расейскага ўзроўню.
Вучоны-краязнаўца і дасьледчык генерал Без-Карніловіч (беларус) прыводзіць факты, што толькі ва ўсходняй частцы Беларусі было перароблена пад рускі выгляд дзьве тысячы беларускіх цэркваў. Такую ж самую лічбу ў сваіх працах адзначае расейскі вучоны Пампей Бацюшкаў, які пасьля задушэньня паўстаньня Каліноўскага ўзначальваў царкоўна-будаўнічы камітэт па перабудове архітэктуры «Паўночна-заходняга краю» пад расейскі выгляд.
Варварства, якое цяжка ўкладваецца ў галаве. Шмат дзе былі зьнішчаныя альбо перабудаваныя ў пажарную «каланчу» ратушы ў беларускіх гарадах (у тым ліку ў Менску).
Расейская палітыка ў дэмаграфіі заключалася ў прывозе расейскіх чыноўнікаў і папоў з Расеі ў Беларусь, у раздачы земляў беларускіх земляўласьнікаў для рускіх памешчыкаў.
У краіне было забаронена адчыняць вышэйшыя навучальныя ўстановы, спрыяць разьвіцьцю мануфактуры і прамысловасьці. У Беларусі пачалі масава будаваць бровары. Спойваньне беларускага насельніцтва стала палітыкай. Гарэлку развозілі па вёсках, раздавалі задарма і прымушалі піць. Да прыходу расейцаў у Беларусі не было п’янства.
І вядома ж, найвялікшую ролю ў зьнішчэньні Беларусі адыгрывала руская школа і зьвязаны зь ёй рускі поп, дзе зь беларускага дзіцяці імкнуліся выбіць усё свойскае культурнае і беларускае.
Страшэнны ўдар быў нанесены па дробнай беларускай шляхце, якую масава запісвалі ў сялянства. Гэта дэстабілізавала беларускае грамадзтва.
Такім чынам, мы бачым, што, пачынаючы ад захопу Вялікага Княства Літоўскага ў канцы 18-га стагодзя, палітыка Расеі супраць беларускага народа характарызавалася вырабленым сацыяльным дэмаграфічным і культурным генацыдам. Гэтая палітыка існавала ўвесь час і працягваецца сёньня.
Усьведамляючы і ведаючы пра зьнішчэньні, якія адбыліся за апошнія 200 гадоў пад Расеяй, зьдзіўляешся, як гэта беларускі народ яшчэ застаўся жывы і як гэта ў беларускай культуры яшчэ нешта засталося. І сапраўды, чаму беларускі народ яшчэ застаўся жывы і некалькі разоў адраджаў сваю дзяржаву і культуру? Як ён увогуле выжыў, калі ўжо ў 19- стагоддзі страціў амаль усё: дзяржаву, свабоду, народны набілітэт (эліту, вышэйшыя класы), інтэлігенцыю, рэлігію, адукацыю, дзяржаўнае і пісьмовае ўжываньне мовы, нават назву сваю згубіў і ня ведаў, хто ён ёсьць. І тым ня менш, Беларусь зноў жыве. І зноў па-ранейшаму яе нішчаць расейскія варвары.
Схема простая, якую адзначылі адраджэнцы пачатку 20-га стагоддзя. Беларуская нацыя абавязана сваёй жывучасьцю сацыяльным нізам грамадзтва. Найперш, сялянству, кансэрватызму сялянскага жыцьця. Там, перш за ўсё, зьбераглі мову і народную культуру.
Але адраджэньне нацыі пайшло якраз ад дзейнасьці адукаваных людзей, ад ацалелых асяродкаў шляхты, якая мела магчымасьць абаперціся на сялян і зьвязвала з асьветай сялянства надзеі нацыянальнага разьвіцьця і адраджэньня.
Шляхецкі супраціў акупацыі быў увесь час. Ён быў рацыянальна ўсьвядомлены. Але, практычна, ніколі ня меў шырокай падтрымкі сялянскага народа. Прычыны зразумелыя. У выніку татальнага і асаблівага для беларусаў рэпрэсіўнага гнёту расейскай дэспотыі не адбылося масавага нацыянальнага асьветніцтва, неабходнага для грамадзкіх пераўтварэньняў.
Сялянскія пратэсты часам насілі наіўны характар. Вядомы апісаны факт беларускага народнага супраціву расейскаму зьнішчэньню Вуніі і гвалтоўнаму пераводу ў праваслаўе. Людзі зь вёскі выйшлі насустрач карнаму расейскаму атраду і, каб не дапусьціць яго да царквы, ляглі ўпоперак дарогі, разумеючы. Што коні па людзях ня пойдуць. Аднак маскалі, як ехалі на конях, гэтак па людзях і пагарцавалі.
Неразуменьне мэнтальнасьці расейскіх варвараў сьведчыць, што сяляне ўвогуле ня надта ведалі, што робіцца ў краіне і як сябе паводзіць з ворагамі народу.
Аналягічную сітуацыю мы бачылі ў 2020 годзе ў час пратэстаў, калі дзіўныя асобы дарылі кветкі і абымалі амонаўскіх бандытаў. Калі гэта (хутчэй за ўсё) ні прыдумка расейскіх спэцслужбаў, то сьведчаньне поўнага неразуменьня падзей і таго, што робіцца ў краіне, доказ нізкай нацыянальнай сьведамасьці (хутчэй яе адсутнасьці).
У 19-м стагоддзі кожнае паўстаньне шляхты падымала дух. Але паражэньне выклікала яшчэ мацнейшы пагром культуры, высяленьне людзей і рэпрэсіі. У змаганьні з сьмяртэльным ворагам важныя ёсьць веды, матэрыяльна-тэхнічныя магчымасьці, потым воля і дух. Прытым найважнейшым ёсьць воля і дух. Бо калі ёсьць дзьве першыя якасьці, але няма волі і духу змаганьня, то перамагчы не магчыма.
Працяг народнага існаваньня забясьпечваў традыцыйны кансэрватызм беларускага сялянства і потым – асьветніцкая праца нешматлікай нацыянальнай інтэлігенцыі ў беларускіх гарадах. Калабарацыя з царскімі ўладамі і чыноўнікамі ў беларускіх інтарэсах была, практычна, немагчымай, бо разглядалася маскоўцамі як антырасейская дзейнасьць. Гісторыя пад акупацыяй паказала, што для разьвіцьця становішча свабоды неабходна дамагчыся хаця б элемэнтарнай лібэралізацыі грамадзтва, каб зьявілася магчымасьць нацыянальнага друку і нацыянальных арганізацыяў. Але беларусаў у Расеі не прызнавалі. Дзейнічаў закон выдуманы яшчэ сумнавядомай Цэрбст-Дорнбург-Кацярынай 2-й, што ня існуе такога народа як белрусы і мовы такой няма, і краіны такой няма. Маўляў гэта ўсё Расея і расейцы. (Аналагічная матрыца прымерана маскоўцамі да Украіны).
Магчымасьці зьявіліся толькі ў пачатку ХХ-га стагоддзя ў сувязі з крызісам і аслабленьнем Расейскай імпэрыі. І вось тут беларуская нацыянальная сутнасьць выйшла з кансэрвацыйнага існаваньня на шлях ідэйнага, культурнага і палітычнага змаганьня за беларускія інтарэсы. Зьявіўся беларускі друк, тэатр, палітычныя партыі і культурна-асьветныя арганізацыі. Пайшоў працэс нацыянальнага адраджэньня.
Падсумоўваючы наш пабежны агляд, трэба сказаць, што сістэма расейскага вынішчэньня Беларусі і нацыянальнага генацыду значна лепш асэнсаваная, чым рэальнасьць беларускага выжываньня і супраціву. Кансэрватыўна сацыяльны элемэнт самазахаваньня народу вельмі важны пры адсутнасьці ўсіх магчымасьцяў свабоды і калектыўнай ініцыятывы. (Цяпер нацыя перажывае падобную сітуацыю.)
Тым часам нацыянальнае адраджэньне магчымае толькі як калектыўнае дзеяньне, якое прыводзіць да стварэньня і дзейнасьці грамадзкіх інстытутаў. На сёньняшні дзень зьяўленьне вызвольных непадкантрольных акупацыйнаму рэжыму арганізацыяў, практычна, выключаецца. Важным элемэнтам зьяўляецца кансэрвацыя народнага існаваньня.
Другім элемэнтам кансэрватыўнай актыўнасьці можа быць нелегальная асьветніцкая і любая іншая ініцыятыва, пабудаваная па прынцыпу кантактнага бесканечнага ланцуга, дзе пазнавальны кантакт маюць толькі два чалавекі (выпрабавана ў 1960-х).
Трэцім элемэнтам і таксама карысным (але складаным і небясьпечным) можа быць калабарацыя з акупацыйным рэжымам на шляху «дазволеных» рэжымам мінімальных культурных магчымасьцяў. Такі падыход выкарыстоўваўся за часы акупацыі СССР. Але ў Беларусі, з прычыны нацыянальна-ідэйнай неразьвітасьці грамадзян, ваявіўся слаба. Тым часам у краінах Прыбалтыкі і Каўказу — даволі эфектыўна.
У сітуацыі генацыду, рэпрэсіяў і акупацыі значную ролю павінна адыгрываць беларуская эміграцыя. На жаль, новая эміграцыя, што ўцякла ад лукашызма, ў нацыянальным сэнсе слабая. У яе асяроддзі шмат людзей, далёкіх ад нацыянальнага змаганьня і нават ад нацыянальнага думаньня. Шмат тых, што існуюць пад уплывам прарасейскай рыторыкі. Таму важна пазьбегнуць зьмяшаньня несумяшчальнага (бо яно разбуральнае) і вызначыць баланс перавагі нацыянальнай пазыцыі.
Для беларускай эміграцыі важна арганізаваць падтрымку змагарнай Украіне. Тут агульная справа. Неабходна падтрымліваць Полк Каліноўскага і беларускія ваенныя фармаваньні, якія змагаюцца супраць рускіх агрэсараў ва Украіне.
Таксама неабходна ствараць і разьвіваць культурна-асьветніцкія і інфармацыйныя арганізацыі.
Наступны аспэкт – стварэньне арганізацыяў выхаваўчай апекі над беларускімі дзяцьмі (школьнае беларускае навучаньне).
Важна каб былі беларускія палітычныя арганізацыі, якія б трымалі сувязь з палітыкай краіны знаходжаньня і з палітычнай Амэрыкай.
Цяжкая для выкананьня, але неабходная задача за мяжой – стварэньне мілітарнай падрыхтоўкі для беларусаў. У ідэале – стварэньне беларускіх вайсковых адзінак у арміях іншых краін, дзе жыве беларуская эміграцыя. Трэба разумець, што йдзе жорсткая вынішчальная вайна за нашае нацыянальнае існаваньне. Лёс Беларусі і Украіны вырашаецца ва Украіне, у яе паветры і на яе палях бітвы. Украіна сплывае крывёй за сябе і за нас усіх. Слава ўкраінцам і гонар тым беларусам, якія пайшлі ваяваць супраць расейскага мордара за вашу і нашу свабоду!
Мірным шляхам у час вайны мы свабоды не здабудзем і антынародны рэжым не пераможам, бо за ім Масква. Трэба ўключацца ў мілітарную барацьбу і, перш за ўсё, дапамагаць Украіне і ваяваць там супраць агульнага ворага нашага існаваньня.
Для Беларускай эміграцыі вельмі важная ёсьць апора на Амэрыку, якая цяпер на ўздыме, дзякуючы пасьпяховаму Прэзыдэнту Трампу. Пакуль што ЗША — адзіная краіна, якая можа дапамагчы Беларусі. З Амэрыкай трэба наладжваць і падтрымліваць добрыя сувязі ўсім беларусам (на Бацькаўшчыне і за мяжой).
Для рэалізацыі гэтай неабходнасьці трэба ўлічваць, што Эўразьвяз, які падтрымлівае дэмакратыю ў Беларусі, тым ня менш, праводзіць палітыку ізаляцыі Беларусі ад Заходняга сьвету і спрабуе ўплываць у гэтым на Амэрыку. Згаданая палітыка ў геапалітычным і цывілізацыйным сэнсе ёсьць на справе антыбеларуская, яна цалкам адпавядае агрэсіўным інтарэсам Расеі і ідэалёгіі «русского мира».
Галоўнай прычынай такой эўра-пазыцыі зьяўляецца расейская нафта і расейскі газ, на пэрспэктыву таннага выкарыстаньня якога пасьля завяршэньня расейска-украінскай вайны спадзяецца Эўропа. (Прычыны паводзінаў Эўропы заўсёды, на жаль, былі простыя, матэрыяльныя і прагматычныя.) Беларусь яны ўспрымаюць тут хутчэй як перашкоду сваёй прагматыцы, не разумеючы глыбока расейскай агрэсіўнасьці і сапраўдных геапалітычных мэтаў гэтай таталітарнай дзяржавы.
Асноўным мэтадам разбурэньня дзяржаўнасьці Беларусі з боку Эўразьвязу сталі татальныя эканамічныя санкцаі; рэальна — супраць народу Беларусі, але пад выглядам блакаваньня тэрарыстычнага рэжыму Лукашэнкі як саюзьніка Пуціна ва ўкраінска-расейскай вайне. Санкцыі мала пауплывалі на ўладу рэжыму Лукашэнкі, бо поўнасьцю штурхнулі яго пад Расею, і беларуская эканоміка пайшла туды ж. Але народу стала горай.
Прапагандысцкая асаблівасьць такой антыбеларускай палітыкі Эўразьвязу і бескантактнае суладдзе з пуцінскай палітыкай у тым, што Эўразьвяз поўнасьцю ўзяў на сваё ўтрыманьне беларуска-прарасейскую апазыцыю, якую падрыхтавала Масква ў 2020 годзе пры дапамозе ФСБ і Газпрама — свайго фінансавага прадстаўніцтва ў Беларусі. Гэтая «апазыцыя» («Офіс Ціханоўскай», ОЦ) абапіраецца на фальшывую прапаганду быццам бы аб выбраньні ў 2020 годзе кандыдатуры Сьвятланы Ціханоўскай на прэзыдэнта Беларусі, што зьяўляецца поўнай няпраўдай і не пацьверджана нічым, ніякімі дакумантамі, акрамя прапагандысцкіх домыслаў (да таго ж гэтае састарэлае сцьвярджэньне ўжо не актуальнае).
Эўразьвяз павінен быць добра інфармаваны пра такі стан рэчаў. Але, тым ня менш, працягваецца эўрапейская гульня ў «беларускую» проксі-апазыцыю, якую цяпер актыўна выкарыстоўваюць у палітыцы эканамічных санкцыяў і спадзяюцца скарыстаць на будучыню ў час магчымых перамен (толькі з гэткіх спадзеваў, мушу зазначыць, нічога не атрымаецца).
Беларусам за мяжой, перш за ўсё, трэба дбаць пра працяг беларускай ідэнтычнасьці, беларускай мовы, беларускай культуры, ведаў пра беларускую гісторыю і перадачу ўсяго наступным пакаленьням, гэта значыць сваім дзецям. У гэтым ёсьць найважнейшы зьмест існаваньня ў эміграцыі за мяжой. Эстафета не павінна спыняцца. Тут у вольным сьвеце ёсьць магчымасьці нацыянальна адукавацца самым і падрыхтаваць лепшую нацыю, чым пад дзікім прарасейскім рэпрэсіўным рэжымам. Усе арганізацыі і ўсе актыўныя беларусы павінны быць падрыхтаваныя ў адпаведны час вярнуцца ў Беларусь.
Ідэалам, сымвалам і зьместам беларускага нацыянальнага адраджэньня павінна, як некалі, стаць само слова — «Адраджэньне». Няхай яно гучыць пазнавальным шыбалетам для ўсіх беларусаў. Без нацыянальнага адраджэньня Беларускай нацыі немагчама ні дэмаратыя, ні свабода. Слава Айчыне!
Зянон Пазьняк, палітычны лідар нацыянальна-вызвольнага руху “Вольная Беларусь”, мастацтвазанаўца.
Канфэрэнцыя “Беларусь: выжываньне і адраджэньне нацыі”, Варшава, 29.06.25
Відэа выступу: