(Кароткі рэфэрат, для школьнікаў і студэнтаў)
Сёньня на Беларусі наша родная мова знаходзіцца пад рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі. Беларуская моладзь адлучана ад беларускай мовы, і ўжо сярод новага пакаленьня маладых людзей многія ня ведаюць, што яна вельмі дасканалая і старажытная, і што, трапіўшы пад расейскую акупацыю, ня раз перажывала пэрыяды забароны перасьледу, псаваньня і вынішчэньня.
У Вялікім Княстве Літоўскім, нашай сярэднявечнай дзяржаве, старажытная беларуская мова была дзяржаўнай, мовай дзяржаўных зносінаў. У тыя часы яе называлі “рускай” (“русінскай”) ці, “літоўскай”, а руская мова называлася “маскоўскай”. Дзяржаўная назва Беларусь зьявілася пазьней і мова стала называцца «беларускай».
Наша Беларуская мова – гэта наша апірышча і наша права нашай мовы быць дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь без накіданьня чужога акупацыйнага «языка». Беларуская мова мусіць мець магчымасьць свабоднага існаваньня і вольнага разьвіцья.
За часы прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі мы перажываем асабліва цяжкое становішча для нашай роднай мовы, гэта калі наша прыгожая пявучая мова зьнішчаецца акупантамі і калабарантамі. Але агульная гістарычная задача кожнага беларуса – захаваць нашу мову.
“Сёньня на пласе родная мова,
Вырваць жывую мусім з вагню!
Слова “кахаю” – слабое слова.
Мужнае слова – АБАРАНЮ, —
Так зьвярталася да суайчыньнікаў Ларыса Геніюш.
“… Радзімая зямля, — маёй душы аснова.
Ня дай памерці нам, ня дай нам анямець
Мы будзем жыць датуль, пакуль жывая мова”, —
заклікае сёньня паэт Леанід Пранчак.
Вялікі паэт Адам Міцкевіч у 19-м стагоддзі так гаварыў пра нашу мову: “На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай… гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзьнікла даўно і цудоўна распрацована. У пэрыяд незалежнасьці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі.” (Адам Міцкевіч. Собр. Соч.: В 5 т., М., 1954, т. 4, с. 325-326)
На пачатку 16 стагоддзя Францыск Скарына – першадрукар сярод усходніх славянаў — выдаў першую друкаваную кнігу “Біблія руска” на старабеларускай мове (да гэтага кнігі былі рукапісныя).
Калі Беларускія землі былі захоплены Расейскай імпэрыяй (канец ХУІІІ стагоддзя), тады акупанты спалілі шмат беларускіх рукапісаў і кніг на беларускай мове (ці як тады казалі «літоўскага пісьма»). Потым маскоўцамі было забаронена слова “Беларусь” і, адпаведна, забаронена беларуская мова. Народ гаварыў па-беларуску але пісьмовая мова і друк не разьвіваліся. Беларуская мова тады выжывала ў вуснай форме.
Пачатак 20-га стагоддзя даў магутны штуршок беларускаму Адраджэньню. Беларуская інтэлігенцыя імкнулася сцьвердзіць і ўдасканаліць беларускую літаратурную мову. Так у гісторыі нашай моўнай культуры адзначана імя і дзейнасьць Браніслава Тарашкевіча (1892 – 1938) — беларускага грамадзка-палітычнага дзеяча, мовазнаўцы, акадэміка АН БССР, публіцыста, літаратара часоў нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі.
Б. Таршкевіч вучыўся ў Пецярбургскім ўнівэрсітэтэце. Там ён трапіў у вір беларускага студэнцкага нацыянаьнага руху, пазьней стаў адным зь лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады. Падчас абвяшчэньня БНР Тарашкевіч знаходзіцца ў Менску. У 1919 – ён выкладчык беларускай і грэцкай моваў у Менскім Педінстытуце. Але з наступленьнем бальшавікоў на Менск зьязджае ў Вільню, якая ў той час была акупавана Польшчай. Працуе (1921 г.) дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, зьяўляецца адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў ТБШ. У 1922 г ён абіраецца дэпутатам у польскі сэйм (левае крыло Беларускага пасольскага клуба.) 1923 – распрацоўвае праект аўтаноміі Беларусі (які так і ня быў заслуханы ў сэйме). Паступова, рэагуючы на антыбеларускія рэпрэсіі, ён збліжаецца з левым крылом і ў 1926 уступае ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі.
Некалькі разоў яго арыштоўваюць польскія ўлады (за “спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай далучэньня Заходняй Беларусі да саветаў”, фармулёўка штучная).
У 1931 г. яго зноў арыштоўваюць польскія ўлады і суд прысуджае яму пакараньне: 8 год катаржнай турмы. Але ў 1933 г. (у выніку польска-савецкіх перамоў быў абменены на арыштаванага саветамі пісьменьніка, беларускага тэатральнага дзеяча і драматурга Францішка Аляхновіча, аўтара вядомай кнігі “У кіпцюрах ГПУ” (1935 г.), перакладаляся на італьянскую, партугальскую, украінскую мовы. У 1937 годзе годзе Галоўліт БССР сваім загадам далучыў кнігі Аляхновіча ў сьпіс да канфіскацыі і спаленьня.
Пасьля акупацыі бальшавікамі Вільні Ф. Аляхновіч знаходзіўся на нелегальным становішчы. Пра прыход савецкіх войскаў ён напісаў:
“Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнешся…”
Пад час нямецкай акупацыі ён працуе адказным рэдактарам віленскай газэты “Беларускі голас”, якую выдаваў на беларускай мове. У сакавіку 1944 г. Аляхновіча забілі ворагі Беларусі.(Хто забіў — дакладна не вядома.)
Пасьля абмену Браніслаў Тарашкевіч жыў у СССР, у Маскве пад пільным наглядам НКВД. (Жонка і сын засталіся ў Польшчы)
За сваё кароткае жыцьцё (46 гадоў) ён пакінуў не малую літаратурную спадчыну, сярод якой — пераклад на беларускую мову “Іліяды” Гамэра і «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Але, бадай, самая знакамітая сярод ягоных прац гэта “Беларуская граматыка для школ”.
Б. Тарашкевіч скончыў гісторыка-філалагічным факультэт Пецярбургскага унівэрсітэта (1916 г.). У Пецярбургу ён знаёміцца зь беларускай інтэлігенцыяй, у Вільні наведвае “Нашу Ніву” і блізка зыходзіцца з Янкам Купалам, які заахвочвае Тарашкевіча працаваць над “Граматыкай”. З 1913 г. Тарашкевіч пачынае працу па распрацоўцы нормаў беларускага правапісу.
У 1918 г. ў вядомай віленскай друкарні Марціна Кухты выходзіць з друку ягоная “Беларуская граматыка для школ” у кірылічным і лацінскім варыянтах. (Граматыка тады вытрымала 6 выданьняў у Заходняй Беларусі.) Гэта была аснова праграмаў выкладаньня беларускай мовы. Аўтар абагуліў пісьмовыя традыцыі, што склаліся ў той час у выдавецкай літаратуры, у пісьмовым друку. У аснове сваёй навуковай працы ён абапіраўся на асаблівасьці сярэднебеларускага дыялекту, найперш — цьвёрдае “р” і характэрную асаблівасьць нашай мовы –“аканьне”.
Пазьней яго “Граматыку” дапрацоўвалі Я. Лёсік і іншыя мовазнаўцы. У 1926 г. у Менску праект дапрацоўкі разглядаўся на Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу, рэформе “Граматыкі” Тарашкевіча. На канфэрэнцыі прысутнічалі мовазнаўцы ня толькі Беларусі, але і Летувісцкага, Варшаўскага, Маскоўскага, Ленінградзкага, Харкаўскага, Латвійскага ўнівэрсітэтаў.
Выехаць зь Вільні на канфэрэнцыю аўтару першай граматыкі беларускай мовы Тарашкевічу польскія ўлады не дазволілі, як і А. Луцкевічу і Я. Станкевічу.
Да сярэдзіны 1920-х гг. Беларуская мова ў БССР вольна афіцыйна ўжывалася. Гэта быў вельмі кароткі пэрыяд ў гісторыі БССР, за якім наступілі часы гвалтоўнага перасьледу мовы і курс на русіфікацыю.
Кампанія пачалася з рэпрэсіяў супраць тых культурных беларусаў, хто гаварыў на роднай мове. Гэта было галоўнае абвінавачваньне ў так званай “нацдэмаўшчыне”, да якога прымацоўвалася абвінавачаньне “ворага народа”. За саветамі гэта было цяжкае абвінавачваньне, якое выклікала жудасныя рэпрэсіі ўсяго народа. Гэты цяжкі лёс не абмінуў і Тарашкевіча. У 1937 г. ён быў арыштаваны па абвінавачаньні ў сфабрыкаванай справе як “польскі агент”, і пасьля 8 месяцаў страшных бальшавіцкіх катаваньняў у 1938 г. быў расстраляны. (Рэабілітаваны ў 1957 г. Сын Радаслаў загінуў на вайне ў 1944 г.) .
У Беларусі тым часам поўным ходам ішла кампанія русіфікацыі. Саветы праводзяць так званыя “рэформы” беларускай мовы, каб максімальна зблізіць беларускі правапіс з рускім, накладаючы правілы рускай граматыкі на беларускую, скажаючы нормы беларускай мовы.
У 1933 г. у выніку гвалтоўнай акадэмічнай “рэформы” (без грамадзкага абмеркаваньня і ўдзелу беларускіх вучоных-мовазнаўцаў) адбываецца прымусовае набліжэньне беларускай моўнай нормы да маскоўскай. Праект Палітычнай камісіі ЦК КП(б)Б і пастанова Саўнаркому БССР – гэта, фактычна, тэрор саветаў, накіраваны супраць беларускай мовы. Так зьявіліся два правапісы беларускай мовы: “наркомаўка” (афіцыйна ў саветах), і традыцыйны класічны – “лацініца” ці “тарашкевіца”.
Хоць зьмены адбыліся гвалтоўныя, яны не задаволілі кіраўніцтва СССР сваёй “маруднасьцю” і “занадтай памяркоўнасьцю”.
ЦК КПБ стварае адмысловую “Палітычную камісію для перагляду руска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы.” (У камісію не ўвайшоў ні адзін лінгвіст – у асноўноўным камуністы-палітыкі). Праект прыняты ў загадным парадку, без грамадзкага абмеркаваньня. Прывядзём толькі некалькі прыкладаў:
— зьмякчэньне зычных з, с, б, п: фанэтыка зьменена на фанетыка:
— зьмена спалучэньняў -тар, -дар на -тр, -др: цэнтар на цэнтр;
— зьмена ў залежнасьці ад рускага правапісу : міт на міф, катэдра на кафедра;
— скасавана мяккасьць зычных: сьвет на свет, сьлед на след;
— скасаваны “Ь” паміж падоўжанымі зычнымі: насеньне на насенне, гальлё на галлё;
— часьціцы “не” – не падпарадкоўваюцца правілу пераходу ў “ня” ў першым складзе перад націскам: бяз нас — на без нас, ня руш на не руш;
Вялікая шкода для беларускай культуры нанесена ў напісаньні ўласных беларускіх імёнаў у дакумантах, бо мова губляе сваю асаблівасьць, яе мілагучнасьць. Так рэглямантаваўся і правапіс уласных імёнаў : замест — Юрка, Юры, Юрась — Юрый;
У родным склоне замацоўваўся канчатак -а, замест “у”: (чаго?) – “выніка” замест “выніку”.
Рэформа правапісу 1933 г. закранула ня толькі фанэтычныя і марфалагічныя асаблівасьці, але і лексіку нашай мовы. Слоўнік С. Некрашэвіча 1928 г.: рускае “государство” – перакл-ся як дзяржава, гаспадарства, панства. Рэформа 1933 усталявала норму — толькі “дзяржава”.
1928 г.: рускае “город” перакладалася як “места”, “горад”. Рэформа 1933 г. замацавала толькі “горад” і г. д.
Рэформа – 1933 г. вельмі шмат зьмяніла ў лёсе беларускай мовы.
1953 г. “Руска-белларускі слоўнік”. На 1-е месца руская калька, на 2-е – беларускае слова.
Але і гэта ня ўсё. Зьявілася новая пастанова Савета народных камісараў аб дадатковых зьменах над “удасканаленьнем” беларускай мовы (з’есці замест зьесьці, гарадскі замест гарадзкі, калісці замест калісьці і г. д.)
А перад рэформамі праводзіліся сталінскія чысткі беларускай інтэлігенцыі.
Беларусы за межамі БССР (у першую чаргу — Заходняя Беларусь) не прынялі гэтыя разбуральныя савецкія зьмены.
Так званыя “рэформы” беларускай мовы суправаджаліся хамскімі эпітэтамі ў бок нашай мовы: “грубая”, “непрыгожая” і г.д., прыдумана параўноўвалі, напрыклад, рускае “тряпка” зь нібыта “беларускім” “трапка”, хоць беларускае слова – “ануча”. І г. д., і г. д.
Наша задача – гаварыць па-беларуску, берагчы і шанаваць нашу вялікую, магутную, мілагучную і самабытную Беларускую мову. Будзе Беларуская мова – будзе Вольная Беларусь.
Галіна Пазьняк
21 люты 2025 г.