У ноч на 15 кастрычніка Ваенна-марскія сілы Ўзброеных сілаў Украіны ўдарылі ракетным комплексам «Няптун» па вайсковым аэрадроме «Барысаглебск» у Варонескай вобласьці Расеі.
Паводле ўкраінскіх ВМС, у выніку ўдару былі зьнішчаныя шэсьць бамбавікоў Су-34М. Таксама пацярпела тэхнічнае абсталяваньне для забесьпячэньня палётаў. На тэрыторыі аэрадрому зафіксавалі паўторныя дэтанацыі і пажар. Інфармацыя ўдакладняецца.
Ацэначны кошт аднаго Су-34 складае каля 35–50 мільёнаў даляраў. Такім чынам, шэсьць самалётаў могуць каштаваць прыкладна 210–300 мільёнаў даляраў.
Су-34М — адзін з асноўных носьбітаў расейскіх кіраваных авіябомбаў (КАБаў), у тым ліку плянуючых бомбаў ФАБ. Расея выкарыстоўвае іх для масіраваных удараў па ўкраінскіх пазыцыях, умацаваньнях і прыфрантавых населеных пунктах. Баявая частка такіх бомбаў можа важыць ад сотняў кіляграмаў да некалькіх тон.
Паражэньне самалётаў такога тыпу можа аслабіць магчымасьці расейскай тактычнай авіяцыі і ўскладніць нанясеньне ўдараў КАБамі на адпаведных участках фронту.


